Вы тут

Агляд літаратурных часопісаў


 «Кліч вышыні, нябачнай у смузе...»

Вераснёўскі нумар «Полымя» адкрываецца паэтычнай падборкай пад назвай «Колы часу». Аўтарскі адметны стыль Віктара Гардзея беспамылкова пазнаецца! Многім творам уласцівая своеасаблівая карціна рыфмоўкі (па пяць радкоў у страфе, паміж сабой спалучаюцца 1, 3 і 4, а таксама 2 і апошні), тэма філасофскага асэнсавання (з пэўнай доляй іроніі) вечных пытанняў быцця чалавека ў свеце з прывязкай да сваёй зямлі, побыту, штодзённых клопатаў... Да свайго кута, за межы якога лірычны герой нават не імкнецца — яму гэта без патрэбы, бо ён злучаны з Сусветам праз космас... Ён знаходзіцца ў пастаянным руху, пераадоленні, супрацьстаянні, нават калі аддаецца ўспамінам ці сузіранню прыроды:

Кліч вышыні, нябачнай у смузе,

Абрынецца, дык грукат ад камення.

Пакутамі сумленне загрызе,

І думы не пакінуць — балазе,

Шчыміць душа і просіць разумення.

Паэт настолькі ярка перадае прыгажосць навакольных краявідаў, што з’яўляецца адчуванне лёгкага дыскамфорту, калі выходзіш з прасторы тэксту (верш «Золата Мамоны»)...

Вартыя ўвагі і іншыя аўтары, прадстаўленыя ў паэзіі. Гэта Генрых Тарасевіч з падборкай інтымнай лірыкі «Надзеі суцяшальны знак» (але хацелася б глыбейшага псіхалагізму і менш агульных фраз у вершах: «Навошта мне штосьці чужое, / Калі, як анёл, побач ты. / Пяшчотна бярэ за жывое / Цяпло тваіх рук залатых»); Віктар Куц з падборкай «Напой з нябеснага каўша» (у перакладзе з рускай мовы Дзмітрыя Пятровіча, Міколы Шабовіча і Андрэя Цяўлоўскага). Галіна Загурская выступае з нізкай вершаў «Дол антонаўкай прапах». Найлепшыя радкі — не тыя, дзе паэтэса аддае даніну «зямліцы роднай», продкам ды гістарычным асобам — «...Даўмонта князя мошчы», выкарыстоўваючы звыклы беларускі канструктар, — а тыя, дзе яна слухае і «піша» сябе: «Пахмурны ранак: / сонца не выходзіць / І праз аблокі / цэдзіць ледзь святло. / Бярозавай прысадай / нехта ходзіць — / Шукае тое, / чаго мо й не было». І нават памылкова ўжытая «прысада» — слова выкарыстоўваецца толькі ў множным ліку — не надта псуе агульную карціну (а ў аўтара яшчэ ёсць магчымасць выправіць гэтую хібу, пакуль твор трапіць пад вокладку яе чарговага зборніка).

Проза, прадстаўленая на старонках часопіса, вельмі разнапланавая. Лірычныя мініяцюры Казіміра Камейшы «Паміж кубкам і вуснамі» пабудаваныя на назіраннях за навакольным светам, нечаканых высновах, іранічных каламбурах, успамінах чагосьці незвычайнага. Кожны чытач знойдзе тут нешта сваё, сугучнае. «Міф пра героя і здрадніка» Ганны Навасельцавай мае мэтай пераасэнсаванне старажытнагрэцкіх паданняў. Рэфлексуючы, аўтар нібы звяртаецца да ўласнага «я»: «Мы не здагадваемся тады, калі прыкутыя моцнымі ланцугамі. Да сваёй таемнай надзеі, што хаваем ад саміх сябе, як таямніцу ў змрочным падзямеллі. Дзеля чаго не расскажам? Дзеля чаго хоць самі з сабою не будзем шчырымі? Той, хто хавае, той і губляе». Бачанне гісторыі тытана Праметэя ў чымсьці арыгінальнае, але, магчыма, было б яшчэ больш змястоўным, калі б аўтар перанесла гэты сюжэт на глебу айчыннай міфалогіі. А так нават імя бога, перастворанае па-беларуску, гучыць нязвыкла: «Зявесе»... У цэнтры апавядання Андрэя Сідарэйкі «Надломленае дрэва» — няпростыя сямейныя стасункі. Галоўны герой — малады муж і бацька, пададзены як станоўчы, без ніводнага недахопу (чаго не скажаш пра яго жонку). Але калі чытаеш радкі: «Каб не сынок, то, мабыць, Сяргей паслухаў бы маці і разышоўся з Кацяй. Было б прасцей і лягчэй», — адразу знікаюць усе сімпатыі да яго (альбо аўтар наўмысна падаў яго як псіхалагічна няспелага, калі той дапускае адпаведныя парады ў сваё жыццё). Як узнагарода для чытача — дынамічныя, інтрыгоўныя апавяданні Сяргея Календы, якія з першых радкоў задаюць тон напружанага чакання і маюць непрадказальны фінал: «Чорны Нашывілімас» і «Пустая выспа».

Яна БУДОВІЧ


Шчаслівы час мінулага года

Вершы паэтычнай падборкі Фёдара Гурыновіча «Сачу засмучана за апошняй чарадой» («Слежу печально за последней стаей»), надрукаванай у «Нёмане», нягледзячы на імкненне аўтара да вобразнасці ды іншасказальнасці, напоўненыя бытам і будзённасцю, перш за ўсё з-за тэматыкі. Гэта традыцыйныя разважанні пра сталасць і новае пакаленне, пра маці, якую не паважае сын і патрабуе аддаць пенсію... Узнікае адчуванне, што аўтар — ідэаліст, таму на ўсе праявы жорсткасці жыцця рэагуе амаль па-дзіцячы: «Но пьяный конюх сивку бьет по морде, / А я ведь в сказку странствовал на ней». Але ўвогуле пра агульны сэнс вершаў можна адразу здагадацца па назве. Таму чаканні апраўданыя: характэрныя разважанні, напрасткі звязаныя з адчуваннем прыроды, традыцыйна набываюць належны пафас:

Под небосводом жалобным стою,

Но вряд ли я утешить птиц сумею.

Доверил лиру мне Господь свою,

Пока учусь я пользоваться ею.

Да падобных прыёмаў схільны і наступны аўтар. Паэтычная падборка Міхаіла Баранчыка «Такія простыя імгненні» пачынаецца з верша «Малітва», у якім аўтар выказваецца і як асоба, і як паэт.

Господи, спасибо за стихи,

Что приходят и зимой, и летом.

Господи, прости мои грехи —

То, что возомнил себя поэтом.

І хоць далей аўтар сцвярджае, што вершы трэба «правяраць вышэйшай пробай», яго творы даволі трывіяльныя.

Нізка вершаў Таццяны Лейкі «Над цёмнай прорваю зямной» («Над тёмной пропастью земной») — гэта хутчэй любоўная лірыка, традыцыйная па форме і не напружлівая па змесце, хоць гаворка ідзе і пра жарсць, і пра рыданне, і пра рай, і нават пра апёкі кахання. Лірычная гераіня, як правіла, разважае пра расставанне, таму і звароты яе — наўздагон:

До свиданья, я и ты!

Темной ночью обняты,

ярким светом осиянны,

неразрывны, неслиянны,

во грехе своем — чисты.

Толькі ці не губляецца раз за разам каштоўнасць такіх зваротаў?

Апавяданне Цімура Вычужаніна «Чалавечнасць» прысвечана адваротнаму боку развіцця прагрэсу. У творы выказана думка, быццам усім знаёмая і зразумелая, але якая дагэтуль застаецца без увагі: той, хто здольны змяніць свет сваімі адкрыццямі, ненаўмысна ці знарок можа ў шмат разоў прымножыць заганы гэтага свету. Прыўнесці ў чалавечае жыццё нешта новае і стварыць штосьці патрэбнае людзям — гэта ўсё ж не адно і тое ж. Аўтар, даўшы твору трагічнае і лагічнае завяршэнне, прадказвае чалавеку страту самага галоўнага...

«Дарога да Беларусі» Віктара Шніпа (пераклад Алега Пушкіна) — завяршэнне нататак, што пачалі публікавацца ў мінулым нумары. Гэта ланцужок жыццёвых назіранняў праз прызму паэзіі: дзесьці паўнацэнныя гісторыі, дзесьці нататкі на палях, хоць сэнсава розныя, але настраёва аднародныя. Аўтар не толькі дзеліцца думкамі і пачуццямі, але і распавядае пра свет літаратуры, які бывае вельмі розны: у ім сустракаюцца і людзі, якія могуць заявіць: «Калі не выдадзіце кнігу ў найбліжэйшы час, памру!» Віктар Шніп не хавае за прыгожымі словамі свайго сапраўднага стаўлення да многіх падзей і з’яў, але робіць гэта далікатна. Так ён згадвае вечарыну, прысвечаную юбілею аднаго з мэтраў літаратуры: было шмат выступоўцаў, і на працягу дзвюх гадзін шмат гасцей сышло. Гэта і прымусіла ўзнікнуць злому пытанню: «Калі ўжо нашы старыя паважаныя пісьменнікі і літаратуразнаўцы зразумеюць, што чым даўжэй яны гавораць, тым менш іх слухаюць?» Нягледзячы на цвярозае стаўленне да рэчаіснасці, Віктар Шніп ускладае надзеі на будучыню, намякаючы на свае мары і спадзяванні: паэту хочацца, каб дубку, пасаджанаму ім на радзіме Якуба Коласа, калісьці споўнілася тысяча гадоў.

Аповесць Андрэя Федарэнкі «Ксю» (пераклад Наталлі Казапалянскай) не патрабуе адмысловага прадстаўлення. Здаецца, твор павінен быць прачытаны ў правільным узросце, але які ён, той правільны ўзрост, ніхто не падкажа. Быццам бы і сюжэт даволі знаёмы, і тэма не новая, і ідэя ды яе ўвасабленне традыцыйныя, але ўвесь твор, асабліва дыялогі, прымушае спачуваць, абвінавачваць, шукаць, губляць сябе, тануць разам з героямі. І міжвольна звяртацца да твораў папярэднікаў: «…мне кожны год здаецца, што я быў шчаслівы акурат у такі ж час у мінулым годзе. Я калі-нікалі спрабую зафіксаваць гэта, хачу замарозіць адчуванні, спыніць імгненне, ухапіць нюхам, зрокам, рукамі ўсе незлічоныя дэталькі, каб яны не сплывалі так хутка, так непазбежна...»

Яўгенія ШЫЦЬКА


Поруч з адзінарогамі і пегасамі

Паэзія «Маладосці» прадстаўлена ў вераснёўскім нумары трыма аўтарамі. Вартасць вершаў Мікіты Варанцова (паэтычная падборка «Гляджу наверх») — у трапных вобразах-асацыяцыях, што, нібы прываблівыя кінакадры, прымушаюць прыдумваць перадгісторыі і працяг. Аснову падборкі складаюць хайку, у большасці сваёй жыццесцвярджальныя, хоць аўтара прыцягвае і тэма небыцця:

З цемры раніца

Выразае мне труну.

Шматпавярховік.

Выдзяляецца з паэтычнага блоку падборка Дзмітрыя Рубіна «Дыскрымінуючы словы». У вершах паэта не адразу можна знайсці сэнс — калі ён ёсць і калі ўвогуле патрэбны. Таму часам гэта надзвычай складана, бо ледзь не кожны радок — безліч вобразаў і адчуванняў, у якіх знойдзеш нешта сваё, у тым ліку рамантычнае: «Калі ты ўцячэш / І я ўцяку / У супрацьлеглы бок / Насустрач табе».

Нізка вершаў Алёны Беланожкі з характэрнай назвай «вершы» запрашае ў чароўны пачуццёвы свет лірычнай гераіні, спакойнай і цвёрдай у сваіх перакананнях. Перш-наперш творы аўтара прывабліваюць адсутнасцю гульні, хованак з чытачом. Сапраўды верыш, што ў доме насупраць злуецца гітара, чэрвень на вуліцы расхрыстаны і босы, а ў дыме садоў і зеляніне гаёў чакае вясновае шчасце. І ўсё ж найболей дасціпны верш — «Не напрошваюся ў куміры…», своеасаблівы выклік рэчаіснасці:

…На вуліцах — людзі, на людзях — цэннікі.

На дарогах — фуры з небяспечнымі грузамі.

Жыццё кіпіць! А бываюць жывыя пісьменнікі?

Яны ж на аблоках, балююць з музамі,

Яны ж у лясах, з фаўнамі ды сатырамі,

З адзінарогамі ды пегасамі —

Пагражаюць капытным залачонымі лірамі,

Паскудзяць паперу збітымі фразамі…

Апавяданне Андрэя Андрыеўскага «Нявыдуманыя гісторыі з жыцця Серабронкса (Серабранкі)» нагадвае цікавае мастацкае ўвасабленне тэлеперадачы антыалкагольнай скіраванасці, як бы дзіўна гэта ні гучала. Гісторыя пачынаецца з аповеду пра падлетка, які ўвайшоў у групу тых, каму праводзіць экскурсію па раёне былы наркаман. Ім патрэбна наведаць забойцу, алкаголіка, вар’ята і іншых: нібы для прафілактыкі, нібы для таго, каб наўпрост падрыхтаваліся да таго, што іх чакае. Ці спрацуе жахлівы прыклад? Наўрад ці. Але, якім бы гэта неверагодным ні здавалася, часам толькі чалавек на мяжы жыцця і смерці можа дапамагчы іншаму адчуць сябе жывым. Апавяданне пакідае ўражанне, што быць залежным ад таго ці іншага наркотыка часцей можа чалавек, выхаваны ў атмасферы, непрыдатнай для нармальнага існавання чалавека. На жаль, усё складаней.

Такое ж гнятлівае пачуццё пасля сябе пакідае і твор Сяргея Календы «Лісты ў бутэльцы». Аўтар вырашыў напісаць апавяданне, калі зразумеў, што шмат не распавёў і што шмат важных момантаў не пражыў разам з маці, якая яшчэ была побач. Твор — нібы сімвал прабачэння за тое, якімі жорсткімі ў сваіх словах і ўчынках могуць быць дзеці, і наўрад ці спадабаецца аматарам выразнай структуры і рэалістычнага сюжэта. Яго прытчавы характар у большай ступені скіроўвае да роздумаў і абагульненняў, чым да засяроджвання на канкрэтнай гісторыі. Невыпадкова твор мае менавіта такую назву, хутчэй метафарычную, чым прадметную.

Дарэчы, у нумары змешчаны і пераклады: проза Оскара Паніцы (урывак з «Дзённіка сабакі», пераствораны па-беларуску Валерыяй Майсейчык), а таксама верш Юджына Лі-Гамільтана «Таямніца Бузента», пераствораны Ганнай Янкутай.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.