04 снежня, пятніца

Вы тут

Шукаем інфармацыю пра лёсы ахвяр канцлагераў


Раней «Звязда» ўжо друкавала спісы ахвяр, знішчаных на расстрэльным полі Хебертсгаўзен, якое знаходзіцца за два кіламетры ад канцлагера Дахау. Адгукнулася некалькі беларускіх сем'яў, якія знайшлі ў спісах прозвішчы сваіх родных, дзве з іх змаглі з'ездзіць у Германію і ўскласці кветкі на магілы родных. А цяпер у рэдакцыю прыйшоў новы запыт. 


Генеральнае консульства Рэспублікі Беларусь у горадзе Мюнхене шукае інфармацыю, якая магла б праліць святло на лёсы паходзячых з Беларусі вязняў канцэнтрацыйных лагераў, ваеннапалонных і людзей, вывезеных на прымусовыя работы, якія загінулі на тэрыторыі Германіі ў гады Другой сусветнай вайны. Адным з месцаў, дзе маглі быць пахаваны грамадзяне Беларусі, з'яўляюцца Мюнхенскія могілкі «Ам Перлахер Форст», на якіх знаходзяцца тры мемарыялы часоў Другой сусветнай вайны. Першы мемарыял з абагуленай назвай «Перамешчаныя асобы» з'яўляецца месцам пахавання ахвяр, вывезеных у Германію на прымусовыя работы, а таксама іншых перамешчаных асоб і бежанцаў. Усяго ў гэтым месцы пахаваны 1192 чалавекі — з Савецкага Саюза, Польшчы, Балгарыі, Венгрыі, Румыніі, Грэцыі, Турцыі, Францыі, Бельгіі і Нідэрландаў. Другі мемарыял — месца памяці аб ахвярах канцэнтрацыйных лагераў. Тут пахаваны урны з прахам 4092 вязняў. У 1950 годзе кіраўніцтва Мюнхена прыняло рашэнне перанесці сюды урны з прахам ахвяр канцлагераў з іншых гарадскіх могілак і заснаваць мемарыял. Тут пахаваны жыхары Савецкага Саюза, Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Польшчы, Францыі і Нідэрландаў. Трэці мемарыял прысвечаны 94 вязням турмы «Штадэльхайм» горада Мюнхена, якія былі пакараны смерцю па палітычных матывах.

Па запыце Генконсульства ад кіраўніцтва могілак «АМ Перлахер Форст» былі атрыманы спісы пахаваных ахвяр. Сярод іх шэраг імёнаў асоб, якія нарадзіліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Звяртаем вашу ўвагу, што інфармацыя ў спісах няпоўная, прозвішчы некаторых ахвяр за ваенным часам маглі скажацца. Калі вы знойдзеце тут сваіх блізкіх, просьба звязацца з рэдакцыяй. Важна вярнуць памяць пра гэтых людзей — каштоўныя любыя звесткі, у тым ліку ўспаміны пра ахвяр, фатаграфіі, дакументы. Сёння даследчыкам цікавы не толькі імёны, але і лёсы людзей.

  1. Дудкіна Клаўдзія (дата і месца нараджэння: 24.12.1916. Podbudsіe (Рагачоўскі раён?).
  2. Грыгарэнка Дзмітрый (45 гадоў. Гомель).
  3. Грынчанка Уладзімір (21.12.1923. Гарадзішча (Баранавіцкі, Мінскі раён?).
  4. Ілінскіс Антонія (19.05.1891. Мінск).
  5. Koltumjuk Anastas (Калтумюк Анастас) (1883. Камянец).
  6. Кавалёнак Іван (27.05.1929. Рагачоў).
  7. Кузніцкі Тэадор (Фёдар?) (01.06.1923. Навасады).
  8. Панас Яўген (10.01.1924. Ваўкавыск).
  9. Пахворын Максім (11.11.1905(?). Камянец).
  10. Покшыц Дзмітрый (15.08.1927. Мінск).
  11. Панурк Мікола (02.10.1924. Gorodіtchі (Гародзічы, Калінкавіцкі раён?).
  12. Самсон Надзя (26.07.1926. Пінск).
  13. Збрусінскі Адам (30.09.1884(?). Магілёў).
  14. Селявончук Мікалай (83 гады. Slonіn (Слонім?).
  15. Вінаградава Кесіма (57 гадоў. Шувры, Віцебск).
  16. Шаткоўскі Антон (05.11.1921. Масты).
  17. Славінскі Георг (23.04.1896. Чэрыкаў).
  18. Надзейка Мячыслаў (27.08.1911. Гродна).
  19. Ліпіна Віктар (27.11.1904. Руда (Навагрудскі раён?).
  20. Кубінскі Станіслаў (19.04.1888. Канстанцінава (Мядзельскі раён?).
  21. Glowackі Mіerzіsl (Главацкі Мячыслаў?) (23.11.1889. Астравец).
  22. Фяльчынскі Андрэй (10.11.1922. Падлессе (Стаўбцоўскі, Жабінкаўскі, Быхавіцкі, Ляхавіцкі раён).
  23. Дуберм Пётр (22.05.1902. Волька (Івацэвіцкі раён?).
  24. Чэчуковіч Казімір (05.01.1900. Іванкі (Брагінскі раён?).
  25. Байка Міхаіл (17.09.1912. Паўловічы (Круглянскі раён?).

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Прэв'ю: thelocal.de

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная хвароба». Прастытуцыя ў БССР у часы НЭПа

«Сацыяльная хвароба». Прастытуцыя ў БССР у часы НЭПа

Сярод прыхільнікаў тэорыі вольнага кахання было шмат высокапастаўленых бальшавікоў і бальшавічак.

Грамадства

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Ежа як лякарства. Што з'есці, каб стаць здаравейшым?

Мы вырашылі распытаць спецыяліста.  

Грамадства

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Міністр ЖКГ Андрэй Хмель: Спажыўца паслугі трэба пачуць і зразумець

Аб за­крыц­ці па­лі­го­наў, уплы­ве ка­ра­на­ві­ру­са, за­клі­ках да не­пла­ця­жу за ка­му­наль­ныя па­слу­гі і най­блі­жэй­шых перс­пек­ты­вах.

Грамадства

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

У Гродне завяршаецца першы этап рэстаўрацыi Старога замка

Стары замак нiколi не меў завершанага выгляду. Яго неаднаразова аднаўлялi i рэканструявалi, таму яго архiтэктура ўтрымлiвае ў сабе стылi некалькiх эпох.