Вы тут

У чаканні… Цімура


 «УЛАДЗIМІР. Я думаў, гэта ён.

ЭСТРАГОН. Хто?

УЛАДЗIМІР. Гадо».

С. Бэкет «У чаканні Гадо»


Пра што можа апавядаць пісьменнік? Вядома, пра сябе: пра ўнутраны свет, атачэнне, пра тое, што яго хвалюе, непакоіць, бянтэжыць, злуе. У першую чаргу ён  — эмпат, здольны адгукацца на праявы быцця. Але ж эмоцыя і рацыя — паняцці супярэчлівыя. Паэту прасцей: у абмен на энергетыку тэксту яму прабачаюцца і відавочныя нелагічнасці, і бурапеннасць фантазіі, і нават моўныя хібы. Празаік  — апрыёры матэматык, архітэктар. Падмурак у выглядзе дасканалай кампазіцыі, прадуманага сюжэта, апраўданых матывацый герояў абавязковы: без яго канструкцыя немінуча пачынае развальвацца як картачны домік. Бо ў цукерцы галоўнае ўсё-ткі начынне, а не абгортка.

Кніга, пра якую пойдзе зараз гаворка, паспела ўжо займець славу галоўнай сенсацыі мінулай восені, атрымаць прэтэнцыёзныя характарыстыкі: «псіхадэлічная паэма», «дынамічны шпіёнскі трылер»... Прагучала нават думка, што гэты твор — найлепшае, створанае ў беларускай літаратуры за апошнюю чвэрць стагоддзя. Што ж, паспрабуем разабрацца, што гэта за з’ява  — «Песня пра Цімура» (Мінск, «Выдавец А. М. Янушкевіч», 2019).

Андрэй Адамовіч у літаратуры не навічок. Нягледзячы на тое, што пачынаў як паэт і нават выдаў адметную кнігу вершаў «Дзень паэзіі смерці дзень», усё-ткі першую сур’ёзную ўвагу на сябе звярнуў менавіта як празаік  — дзякуючы аповесці-навеле «Таўсціла і лешч», якая ўзяла трэцяе месца ў прэстыжнай прэміі Гедройца (2016). Тады ж рэцэнзенты і адзначылі асноўныя рысы, уласцівыя яго тэкстам: «…спалучэнне рэальнасці, прапісанай да самых нязначных дробязей, з […] фантасмагорыяй» (В. Гапееў), згадалі «…пра абсурд і пра гратэск, постмадэрнісцкую іронію і інтэртэкстуальнасць» (Н. Кудасава). Твор сапраўды прыемна здзіўляе, з першых старонак ствараючы своеасаблівую неарэалістычную атмасферу, а за немудрагелістым на першы погляд сюжэтам хаваюцца сур’ёзныя роздумы над важнымі пытаннямі чалавечага быцця.

Нечага падобнага ўсе чакалі і ад новай кнігі. Але аўтар вырашыў пазбягаць кан’юнктуры і не падладжвацца пад капрызлівую публіку  — у свежаспечаным рамане амаль фізічна адчуваецца непрыхаванае пацвельванне не столькі з калег-літаратараў, колькі з чытачоў, маўляў: вось вам дулю пад нос, а не Цімура!..

Твор мае падзагаловак: «Carmen de statura feritate ac venatione Timurus», тым самым наўпрост адсылаючы да «Песні пра зубра» Міколы Гусоўскага. Гэта невыпадкова: такім чынам аўтар праводзіць паралель, падкрэслівае, што ў твора ёсць перадгісторыя. Знакамітую паэму Гусоўскаму замаўляў Папа Леў X Медычы. Адамовіча ж натхніла польская праграма «Gaude Polonia», праз удзел у якой апавядальнік (чытай: сам аўтар) прагне «завязаць» з ненавісным заняткам  — гандлем арматурай (якая невыпадкова рыфмуецца з літаратурай):

« — Пра што пісаць раман, Партайгеносэ? — у лоб пытаю я Хадановіча.

— Напішы пра нацыянальную ідэнтычнасць усходніх і цэнтральных еўрапейцаў на прыкладзе эмігрантаў з краінаў былога Савецкага Саюза ў Польшчы, якія трапілі туды як у дзевяностыя, так і ў апошнія гады. Перапляці іх лёсы, як драты ад навушнікаў, раскрый характары, як тры пачкі макаронаў».

Адамовіч сумленна адпрацоўвае інструкцыю: ён насяляе Варшаву суайчыннікамі  — калегамі-літаратарамі і прадстаўнікамі іншых творчых прафесій. Так на старонках твора з’яўляюцца паэтрэпер Віталь Рыжкоў, празаік Сяргей Календа (ён жа А. І. Бацкель), Марыя Пушкіна, Андрусь Горват, Кірыл Стаселька, рэжысёр-дакументаліст Андрэй Куціла, мастачка Ліза Лянкевіч і, вядома, сам аўтар  — Андрэй Адамовіч. Іх жыццё ў сталіцы суседняй дзяржавы нельга назваць разнастайным: збольшага яны цягаюцца па гасцях і рэстарацыях, не ў меру выпіваюць, «закідваюцца» рэчывамі, вядуць бязладнае жыццё, час ад часу распавядаючы дзівакаватаму капітану КДБ Паўлу Капейкіну біяграфію напаўміфічнага паэта-марксіста Цімура Хоміча  — гэткага беларускага літаратурнага месіі, другога прышэсця якога яны ўсе чакаюць і чый вобраз на працягу аповеду абрастае шматлікімі легендамі і неверагоднымі гісторыямі. Праўда, у чым «геніяльнасць» апальнага вершапісца, аўтар так і не тлумачыць, робячы акцэнт адно на бязглуздых учынках, кшталту эпічнай бойкі паэта з шэф-кухаркай рэстарана «Казачны замак» Віктараўнай… Затое не прамінае магчымасці добра-такі паздзекавацца з калег па пяры, напрыклад, з Андруся Горвата: «…збоку яго проза падавалася пуставатай. Аднак калі чытач знаходзіў у сабе першасныя сілы пасмяяцца з аднаго і таго ж жарту пяцьсот разоў ды знайсці ў гэтым анекдоце тонкі гумар і разнастайнасць думак, знайсці ў гэтай забаўцы адгалоскі антычнага тэатра і пачаць задаволена падхіхікваць […], такі чытач пераўтвараўся ў фаната і мог з памадай на вуснах пераконваць у геніяльнасці Горвата, яго недаацэненасці…» Альбо: «…сярод беларускіх пісьменнікаў нават узнік выраз “даць календы” — то-бок хутка напісаць вялікую бессэнсоўную кнігу і нагаварыць два інтэрв’ю пра тое, што цябе ігнаруюць крытыкі і не ведюць чытачы». Зрэшты, Адамовіч і не хавае свайго саркастычнага стаўлення, прамаўляючы праз аднаго з персанажаў : «Што ні кажы, а выставіць кагосьці дурнем — адзін з самых прыемных заняткаў».

Пытанне ж, навошта спецслужбам спатрэбіўся забыты паэт-эмігрант, застаецца адкрытым. Праўда, Адамовіч часам спрабуе ашукаць свайго мастацкага кіраўніка, а заадно і чытача, падсоўваючы версіі накшталт: «…Выявіцца, што капітан Капейкін ніякі не агент КДБ, а проста дробны махляр і збіраецца ўсіх тупа кінуць на грошы…» Улічваючы гогалеўскае прозвішча агента, версія заслугоўвае ўвагі, але працягу не мае. Падаецца, што разгадка ляжыць на паверхні, і Цімур Хоміч — падманны пратаганіст, уведзены ў якасці прынады для даверлівага чытача (варта згадаць абазнанасць аўтара ў рыбалоўнай справе). А сюжэт тут калі і прысутнічае, то вельмі слабы, калі не сказаць бездапаможны. Гэта якраз той выпадак, калі аўтар фактычна распісваецца ва ўласнай паразе, у няздольнасці выснаваць больш-менш уцямную фабулу, выбудаваць захапляльную драматургію, стварыць яркія запамінальныя вобразы. Абяцанай «дынамікай» тут і не пахне. «Песня пра Цімура»  — прыклад, ці, дакладней, антыпрыклад — чаго трэба пазбягаць, пішучы «на замову», каб літаратурная творчасць, справа надзвычай тонкая ды інтымная, не ператварылася ў самапародыю пад самапрымусам.

Раман не выратоўваюць ні нагрувашчванне жартаў  — дасціпных і трапных, але цяжказразумелых для тых, хто «не ў тэме», ні адсылкі да шумерскага эпасу, ні апакрыфічныя байкі кшталту «Дванаццаці каленаў Вітаўта», ні нават канцоўка, дзе аўтар рэзка мяняе танальнасць і спрабуе «разруліць» сюжэт з дапамогай узвышана-сімвалічнага дыялогу паміж Хомічам і А. І. Бацкелем, выпраўленым аўтарам у Краіну мёртвых па Чароўны Барабан, прататыпам якога паслужыў, няйначай, знакаміты «бумбамлітаўскі» Тазік Беларускі з часоў ваяўнічага правакацыйнага хуліганства ранніх перформансаў. Але сучасныя «цімураўцы» Адамовіча  — бляклая пародыя на літаратурную багему. Небаракам пры ўсіх іх экзальтаваных замашках не стае галоўнага, а менавіта арыгінальнасці, шчырасці. Персанажы застаюцца трафарэтнымі, невыразнымі, увагу на сябе яны звяртаюць, бадай, толькі калі ўжываюць абсцэнную лескіку.

Дык няўжо, спытаеце вы, усё так дрэнна? Не, ёсць у кніжцы і станоўчыя бакі. Па-першае, «Песня пра Цімура»  — неблагі зборнік анекдотаў і баек, але ж найчасцей кітчавых, з разраду «пасмяяліся — і разышліся». Па-другое, гэта сапраўды «песня», бо стыль тэксту — надзвычай паэтычны і вобразны, метафары і сэнсы пераліваюцца ўсімі гранямі, не раўнуючы, як у паэме «Масква-Петушкі», альбо, на скрайні выпадак, як у «Песні пра Буравесніка». І трэцяе — самае галоўнае — самакрытычнасць аўтара, яго здольнасць смяяцца з самога сябе, імкненне весці з чытачом інтэлектуальную гульню, у аснове якой — слёзы скрозь смех.

Але падчас чытання не пакідала пытанне: навошта Андрэю Адамовічу, носьбіту немалога таленту, эрудыту, неўтаймоўнаму міфатворцу, усё гэта? Не хацелася б думаць, што яму не даюць спакою лаўры іншых славутых Адамовічаў. Бо пры агульнай немагчымасці параўнання ён — прэтэндэнт на першае месца па ступені эпатажнасці ў тэкстах, жаданні здзівіць і шакіраваць чытача любой цаной...

Янка ЛАЙКОЎ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.