Вы тут

Асабістыя планеты. Шпацыр па садзе Марыі Вайцяшонак


 «Альбом для цёткі Марылі» Марыі Вайцяшонак, што летась пабачыў свет у выдавецтве «Логвінаў», пачынаецца «Гісторыяй аднаго дзяцінства»  — аўтабіяграфічным маналогам з кнігі Святланы Алексіевіч «Час Second Hand». Мы даведваемся, што М. Вайцяшонак не ведае дня свайго нараджэння, але памятае, чаму яе першымі гукамі былі не «ма», «мама», а  «ме» (бо маленькай дзяўчынкай спала не ў цёплай хаце, а з дзвюма козачкамі). Гэтым тлумачыцца і непарыўная повязь з прыродным светам, які для аўтара даражэйшы за ўсё, што будзе прасочвацца ледзь не ў кожным творы. З  аповеду пра горкае дзяцінства можна вылучыць адно выказванне пра верагоднасць згубіць сябе, прайшоўшы праз боль і страты: «Узяць пакуту ў свае рукі, валодаць ёй цалкам і выйсці з яе, штосьці адтуль вынесці. Гэта такая перамога, толькі ў гэтым ёсць сэнс. Ты не з пустымі рукамі… А інакш навошта было спускацца ў пекла?»


Ключом для ўспрымання творчасці становіцца біяграфічнае — тое, што звязана з высылкай сям’і беларускай сялянкі і польскага афіцэра-асадніка ў 1940 годзе на Алтай. Там будучая пісьменніца страціла бацькоў, і яе з сястрой Уладзяй вярнула да сябе ў вёску Грыдзькі, што на Пастаўшчыне, цётка па маці Марыля. Таму залежнасць ад цяжкіх выпрабаванняў ужо на пачатку жыццёвага шляху тлумачыць і зместавае напаўненне, і эмацыянальны складнік зборніка (у першую чаргу трыпціх «Дом на захадзе сонца», «Дом над лесам», «Дом вокнамі ў сад»).

Апавяданні прысвечаны чалавеку  — такому недасканаламу, дзіўнаму, непатрэбнаму, але ў той жа час моцнаму, смеламу, непаўторнаму. У большасці сваёй гэтыя людзі ў нечым душэўна неўладкаваныя, незразуметыя. І мы ведаем, але не знаходзім часу і жадання падумаць пра іх. М. Вайцяшонак прапануе гэты шанц, распавядаючы пра даволі розных герояў нават у межах аднаго невялічкага апавядання. Напрыклад, у апавяданні «На плывуне» і ў навеле «Восень мая доўгая...» аўтар знарок зводзіць дзвюх гераінь, цалкам супрацьлеглых па натуры: адна з іх усё жыццё здраджвае мужу, шукаючы таго, хто будзе бачыць у ёй багіню. Другая існуе як абслуга для мужчыны. Разважаючы пра выпадак, калі за адным сталом незнарок сутыкаюцца і  жонка, і  каханка, гераіня прамаўляе: «І  чуўся іншы голас, ціхі, малітоўны, каб нехта з людзей ці з  багоў усё-ткі жорстка апраўдаў яе побач з немаладой, у  чорнай нямоднай швэдры жонкай мастака. І  дараваў ёй». Сапраўдную роспач гераіні аўтар паказвае праз даволі простыя дзеянні, прымушаючы зведаць гэтае пачуццё непатрэбнасці і адчужанасці: «Раптам — тэлефонны званок. Ён збіраецца, ідзе да дзвярэй. І сама пачынаеш мітусіцца, спяшацца, быццам і табе трэба ісці, з’ехаць з гэтага месца, адкуль увесь час з’язджаюць». Іншым разам хочацца паглядзець на тыя ці іншыя падзеі з гумарам, звярнуцца да нейкіх аксіём жыццёвай мудрасці. Але варта толькі ўявіць сябе на месцы жанчыны, якой мужчына кажа, што, маўляў, праз пару гадоў стане старым дзедам і таму хоча пабыць шчаслівым з маладой, — паўстае справядлівае пытанне: што застаецца рабіць ёй, каб не назаляць сваім існаваннем і таксама адчуць сябе маладой і шчаслівай?

Можна меркаваць, што адзінокая жанчына (нават у шлюбе) — галоўны герой кнігі. Некаторыя з іх усё жыццё трымаліся асобна, як, напрыклад, Барбара («Каціўся пярсцёнак»), якая ніколі ні ў кога не спытала пра жыццё ці здароўе: «Лепей не ведаць, а то яшчэ прыйдзецца спагадаць ці пазычаць». «Выключаныя» са свету і Аліна («Месячная камея»), якая імкнецца зарабіць як мага больш грошай для дзяцей, і Зоська («Сад нявіннасці»), якая з дзяцінства, што прыйшлося на вайну, цуралася мужчын. Але некаторыя самотнасць не выбіралі. Часам тую ж Зоську напрыканцы жыцця цягне да людзей, і яна звяртаецца да аднавяскоўкі: «Хай бы ты да мяне зайшлася, я хоць бы сваё гора табе расказала, га?» Амаль усіх гераінь зборніка цяжка назваць шчаслівымі ў агульнапрынятым сэнсе, але што б яны самі адказалі на пытанне пра асабістае шчасце і права кожнага на яго?

Любоў аўтара да ўсіх, нават непадобных, цалкам супрацьлеглых сабе, уражвае і нават прымушае ўнутрана баставаць. Бо здрада, помста, нянавісць нікуды не зніклі, ім хочацца супраціўляцца. Але ў творах М. Вайцяшонак іх роля, як падаецца, нібыта стала меншая. Напрыклад, частыя героі твораў — гарадскія людзі, якія ўмеюць працаваць на зямлі не горш за вясковых жыхароў. Аднак іх руплівасць злуе мясцовых, гараджане застаюцца незразуметымі. М. Вайцяшонак не параўноўвае — яна ўраўноўвае іх, даючы кожнаму права на «сваю праўду», якую нельга адабраць і змяніць ні пры якіх абставінах.

Асноўная прастора апавяданняў М. Вайцяшонак — вёска, якую неабходна адчуць і пачуць, што пад сілу не кожнаму. Бездакорнае веданне аўтарам жыцця вёскі — інструмент, скіраваны не на тое, каб здзівіць гарадскога чытача (маўляў, вось як бывае) ці нават добра знаёмага з вёскай (вось як пра гэта можна расказаць!). У кожным апавяданні вёска паўстае як цэласны свет, па-за якім існаванне амаль не мае значэння. Між тым у творы «Кола» аўтар адлюстроўвае погляд пэўнага пласта грамадства, з якім неабходна лічыцца: вёска не хоча мяняцца нават у  дробязях, з пагардай паглядаючы на горад. Так, пляменніца гераіні ў парыве эмоцый згадвае: «…жыве вёска без аніякіх высілак, намаганняў духу. Толькі пільная работа наўмя: бульба, буракі, скаціна! Ты быццам увесь свой век пацеры мовіш, маўляў, душа павінна быць высокай, а жаль скіраваны ўніз, да простага чалавека. А ад іх трэба ратавацца, абараняць свой свет, трымацца на адлегласці, каб вочы не зацерушылі сваімі прымхамі! Не баішся іхняй прастаты, сама апранаешся, каб хаця не выдзяляцца, а  вёска мысліць катэгорыямі беднасці ці поспеху і скарэй зняважыць цябе за тваё скаромнае». Можа, і катэгарычна, але прымушае звярнуць увагу на рэаліі вёскі ў час, калі яна малюецца ў ідылічна-пастаральнай ці брудна-жывёльнай афарбоўцы.

Нельга сказаць, што аўтар раўнадушна ставіцца і да горада. Тут таксама своеасаблівы, але зразумелы погляд, скіраваны на шчыльнасць горада: на адной пляцоўцы ў розных кватэрах адначасова могуць быць і гора, і шчасце. А займаюць яны вялікую прастору, якую не абмежаваць сценамі. Адсюль і адчужанасць, імкненне зрабіць выгляд, што жывеш далёка адзін ад аднаго і не ведаеш суседа.

 Адметны стыль, цікавая аўтарская мова разам з народнай, зварот адначасова і да традыцый, і да рэлігіі, даволі «нязручны» стыль аповеду (калі не ведаеш, куды паверне думка апавядальніка нават у межах аднаго абзаца), нешматлікасць падзей у творах, — усё гарманічна суіснуе ў сусвеце М. Вайцяшонак. Найбольш выразна гэтыя дэталі гучаць у вершах, якія склалі другую палову зборніка, удала дапоўніўшы празаічную частку. Пераважна аднаслоўныя радкі, складзеныя з яркіх эпітэтаў і метафар, напоўненыя верай у надчалавечае, паўстаюць над паўсядзённасцю, адчыняючы дзверы ў асаблівы сусвет. Пісьменніца нібы шэптам прамаўляе: ты жывеш не сярод людзей, будынкаў, дарог, а сярод кветак, дрэў і  птушак, на асабістай планеце. Вядома, кожны з нас уладкоўвае яе па сваім вырашэнні. Але ў М. Вайцяшонак гэта сад і, калі пашчасціць (гаворка ўжо пра ідэалы), дом, поўны родных.

Сад — адзін з галоўных канцэптаў зборніка — адсылае нас да рэлігіі і да сусветнай літаратуры, і ў вялікай ступені да творчасці Чэхава (дзе сад у розных выпадках выступае як сімвал эпохі, сімвал жыцця і зямнога шчасця, сімвал блізкасці да прыроды, сімвал веры ў  звышнатуральнае). Сад можна разглядаць як спосаб адгарадзіцца ад свету, і некаторыя, магчыма, успрымуць гэта як жаночую слабасць ці бездапаможнасць (хоць жыццёвы шлях аўтара такое цалкам абвяргае). Вырашаць вам!

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.