Вы тут

Прэзідэнт: У людзей ужо выпрацаваўся імунітэт і да гэтай балбатні ў інтэрнеце


На нарадзе ў Палацы Незалежнасці ўздымаліся праблемныя пытанні, звязаныя з вяртаннем беларускіх грамадзян з паўднёваазіяцкіх краін, а таксама тэма распаўсюджвання фэйкаў пра смерці з-за каранавіруса.


Фота БЕЛТА.

Гэтыя праблемы, напрыклад, з вяртаннем дамоў суайчыннікаў, якія адпачывалі ў Індыі, кіраўнік дзяржавы назваў «дзіўнымі і ўзніклымі на роўным месцы». Асабліва ўлічваючы інфармацыю Міністэрства замежных спраў, што заходнія суседкі нашмат больш пайшлі нам насустрач. Ды і сам лідар Беларусі запатрабаваў, каб з нашага боку не было перашкод для вяртання расіян дамоў. Таму ў гэтай сітуацыі дзяржава чакае ўзаемаразумення і падтрымкі ад галоўнага партнёра.

«Нашы беларусы ўзялі білеты на зваротны рэйс на расійскія самалёты, але іх проста выпіхаюць з салона самалёта, не бяруць на борт», — абурыўся Прэзідэнт.

Ён заклікаў адказных асоб не спрашчаць рашэнне праблемы да падыходу кшталту «даслаць чартар, забраць людзей». Калі ў чалавека ёсць білет, да пункта прызначэння яго і трэба даставіць, паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

«Там білеты да Масквы. Ну а з Масквы мы ўжо будзем думаць, як забіраць нашых людзей. Так, мы можам забраць іх і з Індыі — але хто будзе кампенсаваць потым страты людзям за гэтыя білеты і чартары, якія мы туды пашлем? Не трэба тут таксама панікі, трэба спакойна разбірацца, юрыдычна выверана, па ўсіх пытаннях», — запатрабаваў кіраўнік краіны.

«Пасля 75 гадоў няма чаго ўвогуле сноўдацца па вуліцы»

Па тэме каранавіруса Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што ў Мінску за суткі праведзена тысяча тэстаў, ніводнага станоўчага не выяўлена.

«Гэта добра, але расслабляцца нельга. Яшчэ раз трэба звярнуць увагу на старых. Трэба мабілізаваць усіх, але трэба абараніць старых. Пасля 75 гадоў няма чаго ўвогуле сноўдацца па вуліцы — ну выйшаў, на лавачцы пасядзеў. Пажадана, каб ужо дзеці паесці прынеслі, лекі і гэтак далей... Да 75 гадоў гэта яшчэ цярпіма. А ў 80 гадоў (таму што па свеце аналіз рабілі, 80–81 год у асноўным гінуць людзі) — гэтым увогуле на вуліцу няма чаго выходзіць», — выказаў упэўненасць лідар дзяржавы.

Разам з тым Прэзідэнт запатрабаваў разабрацца з распаўсюджвальнікамі фэйкаў пра смерці з-за каранавіруса.

«Да людзей трэба вельмі сур’ёзна ставіцца па гэтых праблемах. Дзякуй богу, што неяк яшчэ больш-менш у гэты складаны час, калі ідзе пік захворванняў вострых рэспіраторных, мы неяк праходзім, трымаем жа на кантролі ўсё. Не, трэба раскруціць абстаноўку, дзесьці там стварыць, узарваць нешта... Так, у людзей ужо выпрацаваўся імунітэт і да гэтай балбатні ў інтэрнеце, але чаму мы міма праходзім такіх людзей, якія гэта робяць наўмысна?» — незадаволены Лукашэнка.

Пры тым ён адзначыў, што праца з пажылымі беларусамі знаходзіцца на кантролі старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталлі Качанавай.

«Тым, хто выехаў пасля нашага папярэджання, — ніякіх чартараў»

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што многія беларусы паляцелі на адпачынак, ігнаруючы тое, што ў свеце складаная абстаноўка з-за пандэміі і многія краіны закрываюць свае межы.

«Усё роўна пруць за гэтую мяжу. Тым, хто выехаў пасля нашага папярэджання, — ніякіх чартараў. Хай там і сядзяць, калі яны туды выехалі. Яны паехалі, ці бачыце, адпачываць ці яшчэ чаго... Я разумею, бываюць выпадкі, калі трэба выехаць, нейкія пытанні вырашыць, — але гэта адзінкавыя, іх амаль няма. З МЗС хай узгадняюць — тады мы за іх будзем адказваць», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Варвара Марозава

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.