Вы тут

Каб не забыцца, хто мы ёсць


Адсутнасць магчымасці змяніць сённяшняе выклікае жаданне аднаўляць і пераўтвараць даўняе, асабліва ў перыяд катастроф, разбурэння і канфліктаў, што самым непасрэдным чынам адбіваецца ў мастацкай літаратуры, атрымлівае ў ёй свае ацэнкі, абумоўленыя светапоглядам і эстэтычнымі пазіцыямі пісьменнікаў. Творы на гістарычную тэматыку з’яўляюцца выключэннем з «катастрафічнай» літаратурнай сістэмы пачатку ХХІ стагоддзя, бо грунтуюцца не на асэнсаванні і назапашванні страт, а, наадварот, на асэнсаванні і назапашванні набыткаў — вялікіх здзяйсненняў, перамог, на ўслаўленні нацыянальных герояў і ўсведамленні нацыянальнай унікальнасці. З адыходам ад непрывабнага сучаснага ў свет велічнага мінулага, аздобленага мастацкім вымыслам і фантазіяй, адраджаецца нацыянальны дух.


Як адзначае Іван Саверчанка, аўтар кнігі мастацкай прозы «Трон» (Мінск, Беларусь, 2019), якая ўключае ў сябе легенду «Скарб крывічаў» («Сокровище кривичей»), аповесць «Залаты амулет» («Золотой амулет») і містэрыю «Трон»,  — «менавіта літаратура, мова мастацкай творчасці, сінтэтычнай паводле сваёй прыроды, якраз і з’яўляецца тым адметным відам мастацтва, які дазваляе ўзнавіць максімальна поўную карціну жыцця, рэканструяваць эпоху і прадставіць сучаснаму чытачу выбітныя гістарычныя асобы мінулага». Такімі слаўнымі асобамі, чые вобразы леглі ў аснову кожнага з трох твораў кнігі, з’яўляюцца першы вядомы ўладар Полацкага княства Рагвалод («Скарб крывічаў»), легендарны полацкі князь Усяслаў Чарадзей («Залаты амулет»), заснавальнік і першы вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага, а таксама першы і апошні кароль літоўскі Міндоўг («Трон»).

Па словах аўтара кнігі, «яму было цікава раскрыць таямніцу паходжання першага полацкага князя, які кіраваў з  945 па 978 год, хацелася распавесці пра яго подзвігі і здзяйсненні». Да нашага часу дайшло вельмі мала гістарычных звестак пра паходжанне і  княжанне Рагвалода, а тыя, што ёсць, дастаткова супярэчлівыя. Так, з летапісаў вядома толькі, што князь Рагвалод удзельнічаў у міжусобнай барацьбе 975—980 гадоў, падчас якой быў забіты разам з двума сынамі ў выніку помсты наўгародскага князя Уладзіміра за адмову ў шлюбе з князёўнай Рагнедай. Наконт паходжання Рагвалода гісторыкі не прыйшлі да адзінага меркавання: адны сцвярджаюць, быццам гэты полацкі князь паходзіць з варагаў, бо імя Рагвалод утворана па тыпу скандынаўскага Ронгвальд; другія запэўніваюць, што імя ўтворана ад славянскіх слоў «рог» і «волод», а таму князь мае славянскае паходжанне.

Іван Саверчанка прытрымліваецца першай версіі паходжання князя Рагвалода і ў легендзе апісвае, як дваццацігадовы сын варажскага князя Любаміра Рагвалод быў запрошаны крывічамі на княжанне і атрымаў у якасці сімвалаў улады вялікі скарб — лук са стралой і  меч самога бога Перуна, «якія маюць вялікую сілу: той, хто стане іх уладаром, ніколі не будзе пераможаны ворагам. <…>Яны  — доказ велічы нашага народа! Ніколі не загінем, не забудзем, хто мы ёсць! Ніколі не страцім душы сваёй і сутнасці сваёй». Вылучаныя мною сказы выказваюць ідэю усёй кнігі «Трон», адрасаванай шырокаму колу чытачоў, настаўнікам і навучэнцам старшых класаў сярэдняй школы.

Празаік імкнецца нагадаць сучаснікам пра вялікія постаці мінулага і пра Каб не забыцца, хто мы ёсць зорныя часы нацыі, таму адлюстроўвае перыяды найбольшай магутнасці нашай дзяржавы, звяртаецца да вобразаў славутых асоб старажытнасці, скіроўвае чытачоў да асэнсавання выключнай ролі выбітных дзеячаў зямлі беларускай. І, безумоўна, дзеля таго, каб нагадаць, хто мы ёсць, пісьменнік аздабляе свае творы апісаннем народных абрадаў і звычаяў.

Аднак, паколькі мастацкая літаратура на гістарычную тэматыку не можа абысціся без пэўнай долі міфалагізацыі, калі рэальнае і прыдуманае суіснуюць у непарыўнай еднасці, вобразам гістарычных асоб заўсёды ўласціва міфалагічнасць, якая часта праяўляецца як легендарнасць. Іван Саверчанка пацвярджае гэта не толькі жанравым вызначэннем сваіх аповесцяў («Скарб крывічаў» — легенда, «Трон» — містэрыя), іх зместам, але і ўласным тлумачэннем: «Усе гістарычныя факты, вядомыя сучаснай навуцы, мною дэталёва вывучаныя і апрацаваныя. Але каб патлумачыць многія з’явы мінулага, спатрэбілася творчая фантазія і ўяўленне. Напісаныя аповесці — плод майго бачання гістарычных падзей і абставінаў, аўтарская канцэпцыя прычын і матываў паводзінаў герояў». Адзначанае добра заўважна на прыкладзе вобразаў Рагвалода і яго дачкі Рагнеды.

Недахоп дакументальных звестак пра жыццё князя Рагвалода і адсутнасць магчымасці зразумець яго характар, паводзіны, лад жыцця пісьменнік кампенсуе з дапамогай творчай фантазіі. Рагвалод паўстае мудрым і памяркоўным уладаром, верным мужам і клапатлівым бацькам, мужным ваяром. Паводле створанай І. Саверчанкам легенды, князь гераічна загінуў у баі падчас штурму Полацка войскам Уладзіміра. Гэта здарылася таму, што напярэдадні зніклі чароўныя меч і лук, якія гарантавалі іх гаспадару непераможнасць.

Рагнеда — адна з найбольш трагічных постацей старажытнай гісторыі Беларусі. Летапісныя звесткі даюць магчымасць меркаваць, што да палітычнага саюза з яе бацькам імкнуліся кіеўскі князь Яраполк Святаслававіч і яго незаконнанароджаны брат (сын князя Святаслава і ключніцы Малушы), прагны да ўлады, асабліва да кіеўскага пасада, наўгародскі князь Уладзімір. З  мэтай узмацнення сваёй магутнасці да Рагнеды першым пасватаўся Яраполк і атрымаў згоду. Пазней Уладзімір «посла ко Рогъволоду Полотьску, глаголя: “Хочю пояті дщерь твою собе жене”. Он же рече дщері своей: “Хочеші лі за Володімера?” Она же рече: “Не хочю розуті робічіча, но Ярополка хочю”» (Згодна са старажытным звычаем, падчас вяселля нявеста перад усімі гасцямі здымала з жаніха абутак і мыла яму ногі, што сімвалізавала адданасць і вернасць мужу.) Абражаны Уладзімір пайшоў вайной на Полацк, захапіў горад, згвалціў Рагнеду на вачах у бацькоў і двух братоў, пасля чаго загадаў забіць усіх, акрамя князёўны. Неўзабаве Уладзімір забіў і Яраполка, стаў кіеўскім князем і ажаніўся з Рагнедай. Праз нейкі час яна зрабіла замах на жыццё свайго мужа, аднак той выратаваўся. У адказ на гэта Уладзімір намерыўся забіць жонку, але нечакана за яе заступіўся маленькі сын Ізяслаў. У выніку Рагнеда з Ізяславам былі сасланыя жыць у паселішча, названае князем у гонар сына Ізяслаўлем (цяпер Заслаўе).

Вобраз Рагнеды ў творы «Скарб крывічаў» набыў нечаканую інтэрпрэтацыю: князёўна з дзяцінства любіла ткаць, вышываць, гатаваць мясныя стравы, печыва, збіваць масла і рабіць сыры, а  таксама паляваць, захаплялася ваярскай справай і страляла з лука не горш за дасведчаных лучнікаў. Падчас нападу князя Уладзіміра на Полацк «Рагнеда адмовілася пакідаць город. Яна засталася разам з бацькам і братамі біцца з ворагам. У кальчузе і шлеме, з уласным тугім лукам князёўна заняла месца на вежы каля адной з байніц». Рашучы характар ваяўнічай князёўны добра выяўляецца праз яе адмову князю Уладзіміру: «Я ніколі не разую сына рабыні. Хачу быць з законным кіеўскім князем Яраполкам. Толькі за Яраполка хочу і  нікога іншага не жадаю бачыць!» Пісьменнік не закранае гістарычных эпізодаў згвалтавання, прымусовага шлюбу, замаху Рагнеды на жыццё мужа, але, зыходзячы з яго абмалёўкі вобраза і інтэрпрэтацыі падзей, усяго гэтага не магло здарыцца ў жыцці Рагнеды-ваяркі, бо яна хутчэй бы загінула ў няроўным баі, як яе бацька, чым дазволіла б Уладзіміру ўчыніць над сабой гвалт.

Галоўны герой аповесці «Залаты амулет» — полацкі князь Усяслаў Чарадзей, праўнук Рагнеды — сам па сабе з’яўляецца легендарнай і незвычайнай постаццю ў гісторыі Беларусі, бо за ім трывала замацавалася «рэпутацыя» чараўніка. Іван Саверчанка мае цікавую ўласную міфалагічную версію чароўных уласцівасцей князя: «Усяслава, народжанага ад нябеснага Змея, выхоўвалі чараўнікі. Яны навучалі яго таемным ведам, тлумачылі юнаку, як упэўнена валадарыць над людзьмі і царстваваць над светам». Прытым падчас пасвячэння ў рыцары малады Усяслаў атрымаў ад галоўнага чараўніка залаты амулет з выявай Перуна, які служыў абярэгам ад варожай зброі, хвароб, бяды і даваў уладу над людзьмі.

Аднак пісьменнік выразна дае зразумець, што не чароўныя ўласцівасці князя Усяслава паўплывалі на ход гісторыі: «Усяслаў Чарадзей — легендарная, эпічная асоба. Ён зрабіў вялікі ўплыў на станаўленне Полацкай дзяржавы, фарміраванне інстытутаў улады — суда і рэгулярнай арміі. Усяслаў Брачыславіч (1044—1101) — выключна ўплывовы палітычны дзеяч, які зрабіў рашучы ўнёсак у развіццё дыпламатычных і  гандлёвых дачыненняў Полацкай зямлі с  суседнімі гарадамі і народамі». Аповесць прысвечана дзейнасці Усяслава Чарадзея як асветніка (адкрываў школы, заснаваў пры княжым двары Скрыпторый, збудаваў у Полацку Сафійскі сабор), дбайнага гаспадара (садзейнічаў развіццю рамёстваў і сельскай гаспадаркі, стварыў гандлёвы флот), дальнабачнага ваяра (для ўзвядзення абарончых збудаванняў стварыў будаўнічую арцель, умацоўваў і будаваў новыя гарады-замкі, правёў рэформу арміі), справядлівага суддзі (раз на месяц здзяйсняў княжы суд, правёў судовую рэформу), мудрага палітыка (садзейнічаў актыўнаму развіццю міжнародных стасункаў). Пры ўсім тым пісьменнік не ідэалізуе свайго героя і  паказвае, як сфарміраваная з цягам часу празмерная самаўпэўненасць і  ўсведамленне ўласнай выключнасці паслужылі падставай для ваенных няўдач князя і яго палону больш як на год. Разуменне ўласных памылак дазволіла змяніць сітуацыю да лепшага і адрадзіць разбуранае княства. У выніку полацкі ўладар Усяслаў «застаўся ў гісторыі як князь-рэфарматар, князь-стваральнік, князь-абаронца і князь-чараўнік».

Містэрыя «Трон», якая дала назву ўсёй кнізе, працягвае мастацкае адлюстраванне велічнай гісторыі Беларусі праз вобраз «караля Літвы» Міндоўга (1200—1263). Аўтар твора характарызуе гэтую асобу наступным чынам: «Выбітны ваеначальнік і бліскучы арганізатар шэрагу ваенных кампаній. Ён ажыццявіў цэнтралізацію разрозненых гарадоў і княстваў вакол Навагрудскай зямлі, заклаў фундамент магутнай еўрапейскай дзяржавы — Вялікага Княства Літоўскага. Менавіта Міндоўг закрыў шлях туменам Залатой Арды на землі Беларусі (сеча на рацэ Акунёўка ў 1240 годзе; разгром арміі Бурундая ў  1258 годзе), а таксама стрымаў агрэсію галіцка-валынскіх князёў. Ён перамог крыжакоў у бітвах пры Сауле (1236 год) і Дурбе (1260 год). На працягу ўсяго жыцця Міндоўг мужна змагаўся за суверэнітэт Айчыны, многае зрабіў для захавання яе незалежнасці ад знешніх ворагаў і заваёўнікаў».

У мастацкай абмалёўцы вобраза Міндоўга Іван Саверчанка прытрымліваецца гістарычнай праўды і «звярае» сюжэт аповесці з дакументальнымі крыніцамі, у выніку чаго доля вымыслу ў творы не пераважае над гістарычнай рэальнасцю, асабліва ў інтэрпрэтацыі падзей, рэчыўнага свету і ўстаноўленых дакументальна ўчынкаў гэтага гістарычнага персанажа. Пісьменнік падрабязна асвятляе асаблівасці і цяжкасці барацьбы за трон, дзяржаўнага кіравання і  шматлікіх ваенных кампаній. За вялікімі справамі дзяржаўнага дзеяча даволі цяжка разгледзець яго чалавечыя якасці, тым больш у далёкім мінулым. Характар Міндоўга паступова раскрываецца праз стасункі з паплечнікамі, ворагамі і жанчынамі: «кароль Літвы» спакойны і ўпэўнены з людзьмі, якім давяраў, жорсткі і бязлітасны ў дачыненні да ворагаў, летуценны і рамантычны ў каханні. Напрыклад, вялікі князь па душах размаўляў з сынам, у выніку дыпламатычных перамоў усталёўваў партнёрскія адносіны з Аляксандрам Неўскім, кіраваўся прынцыпам «Нельга дараваць ворагам!» і «быццам лунаў у нябёсах, быў з ёю (з другой жонкай Марфай. — Н. Я.) сапраўды шчаслівым. Яе пацалункі, дотыкі мяккіх рук прыносілі яму невыразную асалоду».

І ўсё ж відавочна, што не асабістыя якасці Міндоўга ды іншых гістарычных персанажаў, якім прысвечана кніга «Трон», у вялікай ступені цікавяць яе аўтара. Іван Саверчанка ставіцца да гістарычных асоб перш за ўсё як да нацыянальных герояў і да гістарычных падзей — як да духоўнага і культурнага апірышча народа, без якога ёсць небяспека страціць сябе і забыцца на тое, хто мы ёсць.

Наталля ЯКАВЕНКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.