Вы тут

Запрашэнне ў казку


Кніга вершаў і казак Уладзіміра Мазго «Вавёркі лушчаць зоркі», што нядаўна выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» ў традыцыйнай ужо серыі «Журавінка», — добры падарунак чытачам-пачаткоўцам. Упэўнены, што маленькім кнігалюбам будзе даспадобы гэты вобраз-дзея, які прачытваецца ўжо ў самой назве кнігі. Так і ўяўляеш вавёрак, што сядзяць сабе, як тыя арэхі, на ўмоўным дрэве і лушчаць зусім не арэхі, а зоркі. Паэт, вельмі ашчадны ў адносінах да слова, умее двума-трыма кароткімі радкамі стварыць малюнак і зацікавіць таго, хто яшчэ не навучыўся як след здзіўляцца і захапляцца ўбачаным, але ўжо верыць, што дзівосы ў свеце існуюць, хай сабе ў добрай прыдумцы дарослых:


Як арэшкі,

Лушчаць зоркі

У вершалінах

Вавёркі.

Цэлы вечар

Па-над пушчай —

Лушчаць, лушчаць,

Лушчаць, лушчаць…

Інтанацыйна лёгкі, нават хуткі рух верша надае добрага сэнсу і самому гучанню. Тэкст лёгка засвойваецца і запамінаецца. А чатырохразова паўторанае слова «лушчыць» нібыта прамаўляецца само па сабе, ланцуговы яго бег дазваляе чытачу быць і самому саўдзельнікам цікавай і  вясёлай дзеі. Аўтар графічна вымалёўвае сваю паэтычную задумку. Для яго галоўнае — прыцягнуць да саўдзелу чытача. Мы нібыта зрокава, хоць і падсвядома, бачым малюнак усяго, што творыцца на нашых вачах. Задача, якую ставіць перад сабой Уладзімір Мазго, не такая і простая. Для яго галоўнае — адцягнуць увагу маленькай асобы ад звышпрыцягальнага камп’ютара, які дзеці асвойваюць надта проста, і прывіць адчуванне асалоды ад чытання кнігі:

Не гуляйце,

Дзеці,

Доўга ў інтэрнэце

З дапамогай мышкі,

А чытайце — кніжкі.

Кніжка —

Адпачынак

І найлепшы ўчынак.

І ў вучобе фішка,

Безумоўна,

Кніжка.

Магчыма, для пераканання і малавата вось такой высновы. Але аўтар тут выйграе ў тым, што не ўзвышаецца над чытачом, а, пазбягаючы дыдактыкі, размаўляе з ім як роўны з роўным. Тут ёсць свая, як кажуць, педагагічная хітрынка, дзе давер часам куды важнейшы навязлівага павучання. Адразу згадваю сваю пасляваенную настаўніцу пачатковых класаў, якая на ўроках чыстапісання часта перапыняла наш занятак наступнымі радкамі:

Мы пісалі, мы пісалі,

Нашы пальчыкі завялі.

Раз, два, тры

Чатыры, пяць —

Перасталі мы пісаць…

Мы, паўтараючы гэта за настаўніцай, адкладвалі ўбок асадкі з пёрамі, і нібыта сама па сабе знікала стомленасць, з’яўляўся добры настрой, ахвота пісаць. Гэта была ўдалая хітрынка на размінку вучняў падчас даўгаватага для малалетак урока. Ці не такую паслугу маглі б зрабіць вышэйзгаданыя радкі паэта пра камп’ютарную мышку і кніжку.

Наогул, у мяне, чытача, ёсць адчуванне, што Уладзімір Мазго выбудоўвае кожны свой верш у форме своеасаблівага ўрока, дзе, заявіўшы тэму, сам задае пытанні і  тут жа скіроўвае і падводзіць чытачоў да патрэбных адказаў. Прычым робіцца гэта зацікаўлена і займальна, з  дапамогай пэўных мастацкіх прыёмаў. Часта свае паэтычныя заданні паэт вытлумачвае праз цікавыя дэталі, смелыя, нават вясёлыя параўнанні, выкарыстоўваючы форму загадкі, якую надта любяць дзеці. Па-свойму, з дапамогай прыкладаў, распавядаецца пра першадрукара Скарыну, пра скарб Напалеона, ад якога У. Мазго ладзіць нечаканы пераход да рукатворнага скарбу, што можна вырасціць на сваім гародзе. Ёсць у яго і «ўрок для сарок», і цікавы партрэт снежнага чалавека, і нават сваё вытлумачэнне казкі. Аўтар добра разумее, што вера ў рэаліі казак у яго чытача — рэч часовая. З казак людзі ўрэшце вырастаюць, як і са старых адзежын. Таму, запрашаючы маленькага чытача ў «казак каралеўства», заўсёды варта нагадаць, што казка,

Яна дабру, любові вучыць,

Яна не можа надакучыць.

У ёй спагада ёсць і ласка.

Нам у жыцці патрэбна казка.

І ў тэксце, а часта і ў падтэксце адчуваецца аўтарскае жаданне прыцягнуць увагу да яго вялікасці роднага слова. Толькі па гэтай самай прычыне ён змушае дзіка ісці да дзічкі, а вясёламу папугаю нагадвае, што ў яго імені ёсць слова «гай». Нават няблізкую экзатычную геаграфію паэт імкнецца зазямліць на роднай беларускай глебе. Таму яго Парыж лёгка прысуседжваецца да беларускіх Пружанаў, і беларуская пружанка зусім не горшая ад парыжанкі, вельмі прываблівыя «слонімскія сланы» і «кобрынскія кобры». Упэўнены, засвоіўшы гэтыя, з  вясёлай хітрынкай, аўтарскія паэтычныя ўрокі, чытач-пачатковец лёгка адшукае ў назвах сваіх вёсак і гарадоў даўно знаёмых птушак і звяроў, лёгка прымірыць і паяднае далёкае з блізкім, а чужое — з родным, беларускім.

Паэтычныя ўрокі Уладзіміра Мазго вясёлыя і дасціпныя, зусім не зацягнутыя. Паэт добра адчувае, калі павінен празвінець званок на новы перапынак. А перапынак у нашым выпадку будзе азначаць сустрэчу з новай кнігай вядомага аўтара. А сустрэча такая, вядома ж, павінна адбыцца. Хацелася б згадаць і яшчэ аднаго ўдзельніка гэтых цікавых паэтычных урокаў. Я маю на ўвазе ўдалае і суадпаведнае аўтарскай задуме мастацкае аздабленне тэксту Кацярынай Дасько. Добрай прыдумкі, фарбаў і каларыту дадала яна кнізе. Для дзіцячага выдання вельмі важна, калі мастак і паэт глядзяць на ўсё аднымі вачыма. Мы ўдзячны і аўтару, і ўсім, хто шчыраваў над кнігай, за іх запрашэнне ў цікавую казку. І хочам яшчэ раз засведчыць, што знаходзімся пад добрым уражаннем ад яе наведвання.

Казімір КАМЕЙША

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.