Вы тут

Як камунальнікі ўпрыгожваюць гарады і пасёлкі


Звычайна ў камунальных службаў рэгіёнаў хапае клопату — адно прадпрыемства можа займацца і водазабеспячэннем, і падачай цяпла, і тэхнічным абслугоўваннем дамоў, і вывазам адходаў, і нават лазнямі. Пры гэтым яны ніколі не забываюцца пра чысціню і прыгажосць на вуліцах, у грамадскіх месцах і на прыдамавых тэрыторыях.


Напрыклад, сёлета ва Уздзе добраўпарадкавалі парк Перамогі — аднавілі помнік, усталявалі новыя архітэктурныя формы, узяліся за дрэвы — зрабілі абрэзку і выдалілі аварыйныя.

— У асноўным у парку растуць ліпы, і іх абрэзку выконвалі па спецыяльнай тэхналогіі. Вядома, пакуль на іх няма крон, але налета тут стане значна прыгажэй. Упрыгожыла парк і новая алея са 120 туй, якія высадзілі супрацоўнікі нашай адміністрацыі райвыканкама падчас суботніка, — адзначае намеснік старшыні Уздзенскага райвыканкама Мікалай РАЦКЕВІЧ. — Усе работы па добраўпарадкаванні выконвала мясцовая жыллёва-камунальная гаспадарка за кошт уласных сродкаў і сродкаў бюджэту. Пэўны ўнёсак зрабілі супрацоўнікі і вучні сельскагаспадарчага ліцэя — наладзілі аркі для двух уваходаў у парк.

Цяпер непадалёк ад парку ідуць работы на адным з мастоў праз мясцовую рэчку Уздзянку — дарожныя службы пашыраюць пешаходную зону. У далейшым гэты аб'ект плануюць перадаць на абслугоўванне Уздзенскай ЖКГ. У райвыканкаме адзначылі, што сёлета ў горадзе яшчэ плануюць адрамантаваць дзіцячыя пляцоўкі, а ў некаторых частках раённага цэнтра зробяць новыя пешаходныя дарожкі і заасфальтуюць дзве вуліцы.

У Зэльве ж паспелі рэалізаваць маштабны праект — вуліца Карбышава цалкам пераўтварылася пасля капітальнага рамонту: раней гэта была звычайная грунтавая дарога, а цяпер тут не толькі новыя асфальт ды тратуары, але і сеткі. Менш чым за два месяцы на вуліцы абсталявалі ліўневую каналізацыю, пераклалі сеткі вода- і электразабеспячэння, мадэрнізавалі вулічнае асвятленне і зрабілі тратуары, дзе з'явілася тактыльная плітка для людзей, якія дрэнна бачаць.

Аднак гэта далёка не ўсё, што сёлета паспелі зрабіць камунальнікі гарадскога пасёлка на Гродзеншчыне. Не так даўно ў парадак прывялі мясцовы пляж — абследавалі і ачысцілі дно акваторыі, адрамантавалі лаўкі і раздзявальні, пафарбавалі урны, парасоны і буі на тэрыторыі пляжа. Акрамя гэтага, выраўнялі прыбярэжную паласу з прафілёўкай, абсталявалі пірс, зрабілі пляцоўкі для заняткаў спортам і дзіцячую купальню, усталявалі пірс для людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

У пасёлку з'явіліся новыя архітэктурныя формы: хаткі, альпійскія горкі і новыя дэкаратыўныя вулічныя сметніцы. Паспелі адрамантаваць камунальнікі і тры дзіцячыя пляцоўкі, дарожнае палатно на Вакзальнай вуліцы, а таксама зрабілі новую пешаходную сцяжынку на Чыгуначнай. У дадатак да ўсяго, падрадная арганізацыя выканае работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі квартала шматпавярховай забудовы на вуліцах Шапавалава і Чапаева. Не забываюцца ў Зэльве і пра людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, і пра веласіпедыстаў — спецыяльна для тых і другіх на тратуарах цэнтральнай часткі пасёлка хутка ўстановяць пандусы.

— Вельмі важным складнікам добраўпарадкавання з'яўляецца асобны збор смецця, і ў гэтым кірунку мы таксама праводзім шмат работы. Напрыклад, сёлета мы выйгралі конкурс у аператара другасных матэрыяльных рэсурсаў і за яго сродкі зможам набыць новыя кантэйнеры, — кажа дырэктар Зэльвенскай РУП ЖКГ Андрэй АСКІРКА. — Каля шматпавярховак пасёлка з'явіцца 60 новых еўракантэйнераў, а амаль 4000 атрымаюць жыхары індывідуальнай забудовы.

Шмат увагі мясцовыя камунальнікі ўдзяляюць і азеляненню. Толькі сёлета ў Зэльве высадзілі 884 дрэвы і 517 кустоў, напрыклад, такіх як клёны, рабіны, бярозы, бэз і гартэнзіі. Частку ж кветкавай расады камунальнікі вырошчваюць ва ўласнай цяпліцы. Дарэчы, зусім хутка яе плануюць мадэрнізаваць, каб цалкам забяспечыць сябе пасадачным матэрыялам. У гэтым сезоне ў Зэльве высадзілі ўжо больш за 60 тысяч кветак, сярод іх ёсць і петуніі, і бягоніі, і аксаміткі, і сальвіі, і партулак.

Валерыя КІСЛАЯ

Фота аўтара і з архіва газеты «Праца»

Загаловак у газеце: Камфортна. Бяспечна. Прыгожа.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.