28 кастрычніка, серада

Вы тут

«Першыя» падвядуць вынікі анлайн


Свае ідэі і праекты ў сферы тэхналогій, экалогіі, інклюзіі і культуры прадставяць 10 старшакласнікаў і першакурснікаў з усёй краіны. Усе спікеры будуць выступаць па-беларуску.


Канферэнцыя TEDxYouth@Minsk з’яўляецца часткай сусветнага руху TEDx у нашай краіне і адбудзецца ў Беларусі ўжо ў другі раз пры падтрымцы праекта «Першыя», які праводзіцца кампаніяй А1. Па традыцыі прамовы ўсіх спікераў будуць гучаць па-беларуску, бо адна з мэтаў «Першых» — пашырэнне выкарыстання беларускай мовы.

Спікеры TEDxYouth@Minsk прэзентуюць свае ідэі ў чатырох тэматычных кірунках — «Экалогія», «Тэхналогіі», «Інклюзія» і «Культура». Яны выйдуць у знакаміты чырвоны круг з дзесяціхвіліннай прамовай, якую рыхтуюць разам з ментарамі — прадстаўнікамі беларускай супольнасці TEDxMinsk. На анлайн-канферэнцыі збяруцца прадстаўнікі кожнага рэгіёна Беларусі.

Дзяніс Рабчук з Брэста разам з камандай робіць паэтычныя муралы. Ужо некалькі дзясяткаў вершаў беларускіх класікаў з'явіліся на вуліцах Брэста, а зараз хлопец плануе пашырыць свой праект і на іншыя гарады Беларусі. 

Ангеліна Себік з Гомеля прапанавала зрабіць серыю майстар-класаў для падлеткаў ад беларускамоўных блогераў: як стварыць і развіць свой Instagram ці Tik-Tok, колькі часу траціць на прасоўванне, як ствараць кантэнт па-беларуску.

Павел Ананіч з Магілёва прапануе вяртаць нашым старажытным гарадам страчаныя архітэктурныя шэдэўры з дапамогай тэхналогій дапоўненай рэальнасці. 

Канстанцін Муліца з Іўя ўпэўнены, што нашы думкі рэгулююць наша жыццё. І знайшоў гэтаму навуковое абгрунтаванне.

Вікторыя Сідарэнка з Гомеля распачала цэлы стартап па вырабе аднаразовага посуду з распаўсюджаных у Беларусі прыродных матэрыялаў і раскажа пра сваё бачанне паляпшэння экалагічнай сітуацыі ў краіне. 

Кацярына Янголь з Крэва раскажа, як экалогія яе роднага мястэчка звязана з Балтыйскім морам: у планах Кацярыны і яе аднадумцаў – ачысціць бераг мясцовай рачулкі, пабудаваць драўляны памост і праводзіць там танцавальныя майстар-класы пад жывую музыку. 

Настасся Кундзір з Віцебска распрацавала інтэрактыўны сэрвіс, які дапаможа скласці індывідуальны маршрут па музеях на аснове зацікаўленасцяў кожнага. 

Самуіл Алексін  з Мінска прапануе варыянт пераходу ад інфармацыйнай пісьменнасці да робататэхнічнай, якая становіцца неад’емнай часткай нашага жыцця, раскажа, і нават прадэманструе незвычайныя рабатызаваныя прылады.

Лізавета Грынюк са Слуцка ўсяго за тры крокі ад iдэi да рэальнасцi пераасэнсавала навуковую спадчыну Ніколы Тэслы. Яна распрацавала канцэпт універсальнай канструкцыі бесправадной зарадкі і прапаноўвае свой досвед у пытанні самаматывацыі падчас рэалізацыі асабістай задумкі.

Софія Федчанка з Мінска прапануе ўсталяваць спецыяльныя прылады ў вучэбных класах, каб дзеці з захворваннямі апорна-рухальнай сістэмы маглі пазбегнуць ізаляцыі і наведваць заняткі ў звычайных школах.​

Прамая бясплатная трансляцыя канферэнцыі TEDxYouth@Minsk распачнецца 19 верасня ў 13:00. Далучыцца да трансляцыі можна на сайце voka.tv і ў дадатку VOKA з любой кропкі Беларусі і свету. Рэгістрацыя на мерапрыемства па спасылцы.

Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» — гэта конкурс яскравых ідэй пакалення Z, абвешчаны ў кастрычніку 2019 года для вучняў 9-х, 10-х і 11-х класаў. Цягам навучальнага года школьнікі распрацоўвалі свае праекты ў чатырох тэматычных кірунках — «Экалогія», «Тэхналогіі», «Інклюзія» і «Культура», а таксама бралі ўдзел у крэатонах у Мінску, Віцебску, Магілёве, Гомелі і Гродне. Спецыяльна для канкурсантаў быў запушчаны першы беларускамоўны падкаст для моладзі, у якім прафесіяналы з розных сфер дзяліліся парадамі па запуску і прэзентацыі праектаў. Праект праводзіцца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцыі TEDxMinsk.

Больш падрабязнай інфармацыі – на сайце https://www.generation.a1.by/

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Дарогі Беларусі ацэняць у зорках. ​Сістэма дапамогі кіроўцу, «штучны зрок» і нулявыя выкіды СО2

Незалежны інстытут аўдытараў дарожнай бяспекі будзе створаны ў Беларусі.

Культура

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Прывіды беларускіх муроў. Балі ў разбураным замку

Бона Сфорца не была ў Белым Ковелі, але танцуе там у выглядзе прывіду.