Вы тут

Цікавінкі пра пісьменнікаў


Сёлета серыя «Бібліятэка Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі» папоўнілася выданнем, якое пабачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці». Гэта кніга Міколы Чарняўскага «Свая ёсць песня...» (Мінск, 2020). Яе склалі эсэ, літаратурныя партрэты, успаміны.


Многія з матэрыялаў я прачытаў раней у часопісе «Полымя» і ў некаторых іншых выданнях. Чытаю цяпер у кнізе — і зноў не адарвацца! Напісаныя майстрам роднага слова, яны адразу захапляюць праўдзівым паказам жыцця, павагай аўтара да сваіх герояў, любоўю да Радзімы. Мікола Чарняўскі шчыра і цікава расказвае пра вядомых паэтаў і празаікаў сучаснага пакалення. Большасць з іх — яго равеснікі, сябры па жыцці і творчасці: Мікола Маляўка, Казімір Камейша, Уладзімір Дзюба, Анатоль Зэкаў, Уладзімір Мацвеенка, Уладзімір Мазго, Васіль Ткачоў і іншыя. Творы пра іх, сабраныя пад адной вокладкай, сталі асновай кнігі, якая, несумненна, парадуе многіх чытачоў: настаўнікаў, студэнтаў і вучняў, літаратараў, краязнаўцаў, усіх, хто цікавіцца беларускай літаратурай, паважліва ставіцца да роднага слова.

Чытаючы кнігу, здзіўляешся і па-добраму зайздросціш аўтару: які ў яго багаты душэўны запас добразычлівасці, спагады, павагі да сваіх таварышаў па працы, да тых, пра каго піша! Колькі цікавінак ведае пра кожнага, як шчыра і тактоўна апісвае ўзаемаадносіны ў жыцці і творчасці! З асаблівым замілаваннем распавядае Мікола Чарняўскі пра малую радзіму — Будакашалёўшчыну, пра сваіх землякоў-пісьменнікаў.

Вось, напрыклад, літаратурны партрэт выдатнага паэта і журналіста, выпускніка філфака БДУ, ураджэнца вёскі Патапаўка Уладзіміра Дзюбы пад назвай «Сцвярджаць сябе ўсёй жыццёвай праўдай…» Аўтар усебакова паказаў творцу, сапраўднага грамадзяніна-патрыёта, яго адданасць роднаму слову, свайму народу. Дае характарыстыку паэзіі Уладзіміра Дзюбы, знаёміць з  яго кнігамі лірыкі, якія выйшлі з друку пры жыцці паэта і былі блаславёныя такім знакаміты мэтрам паэзіі, як Анатоль Вялюгін. Распавядае і пра драматычныя творы паэта, а таксама пра асобныя жыццёвыя сітуацыі, якія сведчаць аб тым, што Уладзімір Дзюба быў вельмі неардынарнай асобай. Гэтаму шчыраму і добразычліваму сябрутаварышу, удумліваму майстру пяра, які рана пайшоў з жыцця, Мікола Чарняўскі прысвяціў некалькі вершаў. Вось адзін з іх:

Жыў надзеяй, жартаваў, смяяўся,

Гонячы ад сэрца прэч тугу.

З келіхам, а то й праз не магу —

Жыў надзеяй, жартаваў, смяяўся.

Спутаны бядой, на ланцугу,

Ды ў палон да мыліц не здаваўся.

Жыў надзеяй, жартаваў, смяяўся,

Гонячы ад сэрца прэч тугу.

У пісьменніцкім коле многія ведаюць пра добразычліва-жартаўлівыя мянушкі «Мікалай Першы» і «Мікалай Другі» — так казалі пра Міколу Маляўку і Міколу Чарняўскага, якія працавалі разам у часопісе «Вясёлка» больш за трыццаць гадоў. Сталі шчырымі і надзейнымі сябрамі. Дык вось і пра гэта напісана ў кнізе. Мікола Чарняўскі ўспамінае: «Заходзячы ў рэдакцыю, сябрыпісьменнікі часта паджартоўвалі з нас, ахрысціўшы царскімі імёнамі — Мікалай Першы і Мікалай Другі. Прызнаюся: мне асабіста такое незвычайнае “ўшанаванне” падабалася. І мой сябар прымаў яго з усмешкай: хіба не дасціпна? Адно скажу: нягледзячы на такую “тытуляванасць”, і ён, і я былі памяркоўнымі “самадзержцамі”, заўсёды стараліся добразычліва і па-людску абыходзіцца з аўтарамі».

 У кнізе змешчаны літаратурны партрэт паэта Міколы Маляўкі — аўтара многіх кніг паэзіі, лаўрэата шматлікіх прэстыжных прэмій і ўзнагарод. Мікола Чарняўскі падрабязна прасочвае творчы шлях свайго сябра-паплечніка з маладых гадоў, калі вучань Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы Стаўбцоўскага раёна пачынаў сваю паэтычную дзейнасць. Падкрэслівае, што зямляк нашага песняра, Якуба Коласа, працягвае найлепшыя літаратурныя традыцыі, напісаў выдатную кнігу «Старая зямля», у якую ўвайшлі 450 санетаў і якая, па сутнасці, з’яўляецца працягам знакамітай энцыклапедыі сялянскага жыцця — паэмы «Новая зямля». Як адзначае Мікола Чарняўскі, санеты гэтыя «спавіты дзеразой» і, як ластавачкі ў падстрэшшы матчынай хаты, сагрэты любасцю і цеплынёй да родных мясцін, да людзей, да спрадвечнай красы Наднямоння. (Дарэчы, «Старая зямля» Міколы Маляўкі нядаўна пабачыла свет у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» накладам дзве тысячы асобнікаў.)

Шмат цёплых, добрых слоў знайшлося ў Міколы Чарняўскага і пра іншых пісьменнікаў, якімі можна ганарыцца. У кнізе змешчаны творчыя партрэты Уладзіміра Мазго «Пазычу колеры ў вясёлкі…», Уладзіміра Мацвіенкі «Хто ведаць жадае, хадзіце сюды…», Казіміра Камейшы «Свая ёсць песня ў кожным часе…», Расціслава Бензерука «Жыву на зямлі недарма…», Анатоля Зэкава «Ёсць і вяршынька ў слова, і камель…», Васіля Ткачова «Да людзей з любоўю ідучы…», Валерыя Калінічэнкі «Зямля бацькоў, тут лёсу карані…».

Прыгадвае аўтар кнігі і пра цяпер ужо далёкую пару свайго супрацоўніцтва з газетай «Піянер Беларусі», працу ў рэдакцыі часопіса «Бярозка». Узнаўляе таксама гісторыю са знакамітай паэмай «Сказ пра Лысую гару», расказвае пра сустрэчы з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам. Дзеліцца пісьменнік і ўспамінамі пра кнігу свайго маленства «Ніколі не забудзем». Прычым піша праўдзіва, з добрым веданнем таго, аб чым апавядае, з любоўю і пашанай да роднай мовы і літаратуры, да яе творцаў.

Міхась СЛІВА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.