Вы тут

Электроніка ці папера: хто каго?


Напрыканцы года многія падводзяць вынікі. Прадстаўнікі выдавецтваў сабраліся ў Доме прэсы, каб распавесці пра дасягненні 2020 года і планы ў галіне школьнай літаратуры.

Намеснік дырэктара па метадычнай рабоце Нацыянальнага інстытута адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Людміла Раманоўская паведаміла, што летась НІА выпусціла 52 вучэбныя, вучэбна-наглядныя і вучэбна-метадычныя дапоможнікі для сярэдняй школы. Дарэчы, для кожнага з іх распрацаваны электронныя дадаткі, якія знаходзяцца на profil.adu.by.

— Дасягненне 2020-га — распрацоўка рэсурсу lingvo.adu. by, дзе размешчаны дадаткі да падручнікаў па розных мовах, — адзначыла Людміла Раманоўская. — У гэтым кірунку мы супрацоўнічаем з выдавецтвам «Вышэйшая школа» ўжо не першы год.

Дзякуючы сумесным намаганням інстытута адукацыі, Паліграфкамбіната імя Я. Коласа і выдавецтваў «Народная асвета», «Адукацыя і выхаванне» выдадзены 7 дапаможнікаў па сістэме Брайля. У 2021-м інстытут адукацыі плануе пашырыць іх спіс і падрыхтаваць 40 падручнікаў і новы буквар для 1 класа на беларускай мове. У НІА спадзяюцца, што апошні стане годным унёскам у айчынную букварыстыку.

Дырэктар паліграфкамбіната Ігар Маланяк паведаміў пра ўсталяванне новай машыны, якая дазваляе друкаваць кнігі на ўзроўні сусветных стандартаў.

— Нельга навучыць, можна толькі навучыцца. З гэтага мы і зыходзім у апошнія гады: падручнік — толькі база, якая потым дапаўняецца дадатковымі матэрыяламі. У нас ёсць серыі, разлічаныя на розны ўзрост, — зазначыла дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Вольга Ваніна. — Для самых малодшых — «Таямніцы беларускай мовы», «Маленькі прафесар», для пачатковай школы — пазакласнае чытанне «Беларускія пісьменнікі — дзецям», «Кнігі нашага дзяцінства» і інш. Кнігі выдавецтва не толькі вучаць — яны таксама выхоўваюць. Тут імкнуцца, каб дзіця сфарміравала звычку па ўспрыманні інфармацыі, каб гэта перарасло ў запатрабаванне.

Для моладзі выдавецтва распрацавала серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя», «Гісторыя для школьнікаў», «Энцыклапедыя для школьнікаў і студэнтаў». Месяц таму свет пабачыла ўнікальнае выданне «Энцыклапедыя падатковай дасведчанасці».

Дырэктар выдавецтва «Аверсэв» Дзмітрый Дзямбоўскі адзначыў, што, магчыма, будучыня за электроннымі прыладамі, але папяровыя носьбіты па-ранейшаму карыстаюцца попытам. Летась яны запусцілі сайт «Аверсэв-медыя» media.aversev.by, каб моладзь мела большы доступ да ведаў.

У 2020 годзе выдавецтва «Народная асвета» распачало серыі «ШКАФ» для дашкольнікаў, «Бібліятэка Асвеціка» сумесна з СПБ для пачатковай школы, «Замежная класіка  — дзецям» на беларускай мове і «Тусоўка.by». У друк выйшлі юбілейныя выданні «Вайна. Юнацтва. Подзвіг» і «Мы не забудзем!». Дырэктар выдавецтва Вікторыя Калістратава лічыць, што папяровая кніга развівае логіку і творчыя здольнасці, аднак чытачам патрэбна даваць выбар, чым карыстацца: электроннай прыладай ці папяровым выданнем.

— Кнігавыдаўцы заўсёды імкнуцца адпавядаць высокім запатрабаванням, — падвёў вынікі начальнік упраўлення выдавецкай і паліграфічнай дзейнасці Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Андрыевіч. — Сярод крытэрыяў да кніг — не толькі непасрэдна напаўненне падручнікаў, але і іх аздабленне: якасць друку, паперы, фатаграфій, падбор ілюстрацый. Нягледзячы на складаны эпідэміялагічны і эканамічны час, міністэрства выканала ўсе абавязкі па дамоўленасцях з выдавецтвамі і НІА. Спадзяюся, мы і надалей будзем так якасна і адказна працаваць над падручнікамі, таксама выкарыстоўваючы новыя тэхналогіі.

Кнігавыдаўцы, аўтары і мастакі з нецярпеннем чакаюць паездак па Беларусі і новых сустрэч з чытачамі.

Аляксандра ГРАМЫКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.