Вы тут

Герой сваёй п’есы


Часам замест некалькіх соцень слоў крытыка лепей пра кнігу могуць сказаць толькі выбраныя з яе радкі, асабліва калі гутарка пра паэтычны зборнік. Адметнасці стылю, тэматычны абсяг, сістэма вобразаў — вытрымкі з вершаў могуць даць выразнае ўяўленне пра вынік працы таго ці іншага аўтара. На прыкладзе зборніка рускамоўнай паэзіі «Сузіральнік», другой па ліку кнігі мастака Валерыя Сямёнава, паспрабуем разгледзець некаторыя аспекты яго творчасці. Выданне пабачыла свет у выдавецтве «Каўчэг» у 2020 годзе.


— Что есть сей мир?..

Это — Я:

Я — этот дождь и снег,

И небеса;

Эти дивные места,

Где я иду, — так говорит Созерцатель.

Лірычны герой, ён жа сузіральнік, з’яўляецца на першай старонцы і пакідае чытача толькі на апошняй. Недзе прыхаваны, недзе на першым плане, ён шмат у чым уплывае на агульны настрой зборніка, ствараючы адчуванне адчужанасці, пэўнай дыстанцыі, відавочнай сканцэнтраванасці на сабе. З-за гэтага сэнс некаторых радкоў і нават цэлых вершаў застаецца даволі незразумелым: «А нам так хочется блистать, // Мы в поисках себя, // Мы говорим с самим собою. // — Жизнь — игра? Как знать? — // Можно ль жизнь назвать игрою?!.» Цалкам магчыма, што чытача можа заблытаць, напрыклад, гэтае «мы», але тут толькі імкненне мець прыналежнасць да пэўнай вялікай групы, а да якой — счытваецца не адразу. Нягледзячы на тое, што кніга прызначана для шырокага кола чытачоў, у анатацыі адзначаецца: «У зборніку прадстаўлены натхняльныя сентэнцыі, якія могуць быць карыснымі для равеснікаў паэта і чытачоў сярэдняга ўзросту, падахвоцяць заўважаць пазітыўнае і незвычайнае, часцей задумвацца над сур’ёзнымі пытаннямі, прыадкрыюць таямніцы філасофіі жыцця». Апошні пункт выклікае сумненні, калі не пераўтварыць яго ў «таямніцы філасофіі жыцця дзіўнага лірычнага героя»: «Я — СОЗЕРЦАТЕЛЬ. // Я, в тайне, мечтаю блистать, // Соблазнять… Я мудр за других, // Но я говорю сам с собой. // — Уверенно и просто; // Являя образ свой…» Пунктуацыя, дарэчы, яшчэ адна загадка зборніка «Сузіральнік».

Я восхищаюсь солнцем и его сияньем,

И месяцем, и звёзд мерцаньем золотых,

И днём, в котором проживаю я,

И отдыхом ночным своим,

И небом, необъятным, завораживающим,

И землёю, распростёртою под ним.

Відавочна, ніводны з пералічаных вобразаў не можа лічыцца арыгінальным ці хаця б нетрывіяльным, але ўсё гэта пэўным чынам адлюстроўвае вечнасць матываў, да якіх звяртаецца аўтар. Сюды ж — тры асноўныя крыніцы натхнення Валерыя Сямёнава: хараство прыроды, паняцце прыгажосці ды міфы Старажытнай Грэцыі. Але часам ён спрабуе здзівіць чытача, калі ў плыні традыцыйных і часам узнёслых разваг называе «путанамі» вясну і восень увогуле і бярозкі ў прыватнасці: «Злой мачехи — зимы угрозы // Не боятся больше “недотроги”, // Обнажили путаны-берёзы // Свои белые руки и ноги». Гэткі ж прыём чытач сустракае ў вершы «Загадка быцця», дзе, разважаючы пра прыгажосць прыроды, лірычны герой сутыкаецца з крапівой (яе азначэнне лірычны герой дае крыху іншае).

Хвалююць аўтара і сацыяльныя ды бытавыя праблемы. Так, верш пад назвай «Конкурс прыгажосці» расказвае пра неразумнасць прыгожых дзяўчат, якую мужчыны даруюць. Між тым паэт даволі пасрэдны стыліст, бо аб’яднаць у адзін сказ словы «благоухать» і «пиариться» без парушэння пэўных норм немагчыма: «Ах, эти милыя красавицы // Многим на беду // Благоухают и пиарятся, // Как в ботаническом саду».

Фантазия над миром

Меня на крыльях подняла,

Словам придала силу,

В мир поэзии ввела.

Развагі пра адчуванне сябе паэтам — вельмі частая з’ява ў зборніку Валерыя Сямёнава. Даволі складана прасачыць, хто з паэтаў паўплываў на аўтара «Сузіральніка» — не спрыяюць ні матывы, ні стыль, ні тэматыка (хоць у паэме «Сярэднявечча» бачна натхненне антываеннай паэзіяй, а ў творы «Ахвярапрынашэнне» — біблейскімі сюжэтамі). Не дапамагае ў гэтым і кампазіцыя вершаў. Да таго ж час ад часу аўтар вызваляецца ад неабходнасці прытрымлівання рытму, і вынікі атрымліваюцца самыя розныя. Магчыма, паэт аддае перавагу верлібру, што патлумачыла б некаторыя эксперыменты: «Я главный герой моей пьесы. // От начала и до конца // Шагами семимильными — // Шагаю, несу свои интересы… // Люблю детей, котов, собак // Со слезами в глазах умильными. // Соизмеряю жизнь // От срока до срока».

Увогуле ж Валерый Сямёнаў выступае «за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага», імкнучыся звярнуць увагу як на пазітыўныя, так і на негатыўныя бакі жыцця. Яго вершы не заклік да дзеяння і не бессэнсоўная роспач ад пражытага — гэта спроба выказаць свае думкі, не акцэнтуючы ўвагу на тым, як мала чалавек заўважае вакол сябе і як рэдка зазірае ў глыбіню сваёй свядомасці. Наадварот, лірычны герой у жыццёвай неабходнасці быць сузіральнікам імкнецца знайсці гармонію паміж знешнім і ўнутраным, спрабуе адказаць на пытанні, якія гэтага не прадугледжваюць, ці на тыя, дзе адказы даўно вядомыя, але іх па нейкіх прычынах не хочацца прымаць.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.