Вы тут

Крытыка. Паэтычны зборнік Маргарыты Аляшкевіч «Слоўныя ловы»


Летась выйшаў першы паэтычны зборнік Маргарыты Аляшкевіч «Слоўныя ловы». «У яго ўвайшлі вершы розных гадоў, як апранутыя ў паліто класічнай паэтычнай формы, так і вольныя ад гэтых умоўнасцей. Уважлівы чытач даведаецца, чым паэтка падобная да каровы і чым да Рапунцэль, што носіць у роце цішыня і што агульнага паміж каханнем і баабабам. Чытач няўважлівы проста парадуецца, што кніга такая маленькая», — паведамляецца ў анатацыі. Заінтрыгавала? Безумоўна.


З першага погляду здаецца, што кніга тоненькая, няважкая, а значыць, прачытаецца лёгка і хутка. Але так толькі здаецца. Ёсць і паэзія лагодная, лёгкая, мяккая, як песня, што стварае пэўны настрой і накіравана на імгненны эмацыянальны выбух. У процівагу існуе паэзія філасофская, інтэлектуальная. Вершы Маргарыты Аляшкевіч — на падумаць, паразважаць, адкрыць для сябе сэнс, закладзены аўтарам, а магчыма, адшукаць іншы. Смак паэзіі М. Аляшкевіч у тым, каб з кожным прачытаннем старанна зняць з верша ўсе абалонкі і дабрацца нарэшце да каштоўнага зярнятка — яго вялікасці сэнсу. І з кожным новым прачытаннем адкрываецца новы сэнс і складаецца поўны пазл. Нездарма першы раздзел зборніка называецца «Гульня».

Нізка пачынаецца з самага галоўнага верша «Карова». Ён з’яўляецца тлумачальным: напрыклад, адказвае на пытанне… чым паэтка падобная да каровы. Верш вызначае творчасць аўтаркі і з першага радка ўражвае насычанасцю арыгінальнымі моўнымі сродкамі. Сатканы з палатна метафар, сімвалаў і параўнанняў, якія ўдала характарызуюць аўтарскую манеру М. Аляшкевіч: «палатно рыфмы», «цёплы шалік сілабікі», «гузікі гукапісу», «карункі паўтораў», «прадрацца скрозь мяса валокны падслуханых думак», «выйсці са скуры чужых, падчытаных слоў», «здаць шкілет сэнсу ў музеі акамянеласцяў», «збіваць слоўнае малако ў сытнае вершаванае масла» і інш. А лейтматыў творчасці паэткі вызначаецца наступнымі словамі:

цяпер не дарэмна, магчыма,

 іду і гучыць маё муу

бо я ведаю, што нясу і каму

М. Аляшкевіч тонка і трапна падабрала назву для свайго зборніка — «Слоўныя ловы». Яна сапраўды ўмелы лавец: быццам сачком налавіла слоў, яркіх, рознакаляровых, апранула іх ва ўласна створаную вопратку, аздобіла «карункамі з паўтораў», «гузікамі гукапісу», і атрымалася цудоўнае палатно з «дызайнерскіх» вершаў, наватарскіх і глыбокіх. Аўтар наўмысна амаль не выкарыстоўвае знакі прыпынку. Напэўна, каб чытач сам расставіў акцэнты.

Маргарыта Аляшкевіч — свабодная ад рыфмы, законаў сілабікі. І вершы яе такія ж: свабодныя, словы рыфмуюцца, не падпарадкоўваючыся пэўным законам, а проста таму, што так атрымалася ў ходзе «гульні». На старонках кнігі вершы таксама размешчаны свабодна: некаторыя гарызантальна, некаторыя вертыкальна — быццам ім не хапае месца, як і палёту думак, падчас прачытання.

Аўтар няспынна здзіўляе вобразамі, якія стварае дзякуючы розным фігурам маўлення. Сярод іх — яркія ўвасабленні («выходзяць сны з сваёй нары», «цягнік пазяхнуў агнём твараў»), параўнанні («крадзецца да канапы белы кот (снег)», «дзе сонца звісае над небам выспелай чэры»), маляўнічыя эпітэты («ветрык слюдавы») і метафары («гузікі журавінаў»). Асаблівую ўвагу прыцягваюць узыходзячыя градацыйныя ланцужкі і ланцужкі сінонімаў, што скаланаюць як удары ў бубен: «выказаць выхапіць высветліць вымкнуць», «расчуліць, распець, расплакаць». Паўсюдна ў вершах сустракаецца алюзія, таму паэзія М. Аляшкевіч — для падрыхтаванага чытача, якому не трэба тлумачыць многія рэчы.

Асаблівы эфект ад прачытання вершаў дасягаецца дзякуючы ўдаламу гукапісу. Так, напрыклад, у вершы «Вандроўная» аўтар выкарыстоўвае гучную алітэрацыю (паўтор шыпячых), якая «выбухова» дзейнічае на чытача:

Так абрыдлі бяссільныя капяжы,

хоць бяжы і багаж пакідай на мяжы,

і на жоўтым аўтобусе ў тым кірунку...

У гэтым наватарства М. Аляшкевіч — у вышуканых фігурах маўлення. Самы банальны ў плане мастацкіх сродкаў на фоне іншых вершаў паэткі, — напэўна, верш «Старая гісторыя». У ім сустракаюцца больш-менш знаёмыя для інтымнай лірыкі спалучэнні слоў: «ты абарваў мае крылы», «ільдзінкай у сэрцы “не”», «ты — мае ногі» і інш. Аднак слова «банальны» знікае на фоне верша «Баабаб», дзе аўтар параўноўвае каханне з баабабам. Так, дарэчы, называецца другі раздзел зборніка, у якім сабраны творы пра каханне. У вершы «На краі свету» паэтка параўноўвае каханага з месяцам:

Свет апантаны церухой,

а я на краі свету

жыву ў вежы, пад страхой,

і муж мой ветах.

Вобраз вежы ў вершах Маргарыты Аляшкевіч сустракаецца даволі часта. Здаецца, нездарма. Таму што творчасць паэткі можна параўнаць з вежай, якая вылучаецца ў паэтычным асяроддзі сваім асаблівым «дызайнам». Праз «злоўленыя» словы М. Аляшкевіч ёсць шанс адчуць смакі, пахі, іншую грань рэальнасці, дзе вясёлка гушкае цябе на сваіх рагах, дзе намазваеш на хлеб густы вецер. А якія вобразы стварае аўтар пры апісанні прыродных з’яў! Напрыклад, у вершы «Лета» дзякуючы выкарыстаным вобразам ствараецца настрой лёгкасці, летуценнасці:

Вільготным ротам лес цалуе хмару —

яна, бязвольная, дрыжыць над ім;

пяе ад шчасця ля шчакі камарык,

між крыльцаў танчыць ветрык слюдавы.

Паэзія М. Аляшкевіч — гэта свежая сцежка ў сучаснай беларускай літаратуры. Творы паэткі шакуюць, здзіўляюць, уражваюць і ўлюбляюць у сябе спецыфікай сінтаксічных канструкцый і пышнай выразнасцю слоў. «Слоўныя ловы» накіраваны на тое, каб чытач сам адшукаў сэнс вершаў, а не ўзяў яго з паверхні, знайшоў і ператварыў у каштоўнасць. У гэтым і ёсць цікавасць і арыгінальнасць творчасці Маргарыты Аляшкевіч.

Дзіяна КАЗІМІРЧЫК

Загаловак у газеце: Гульня злоўленых слоў

Выбар рэдакцыі

Спорт

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Сяргей Кавальчук: У спорце вышэйшых дасягненняў адна мэта — быць лепшымі

Міністр спорту і турызму пра жыццё беларускага спорту. Шчыра і аб’ектыўна.

Грамадства

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

Хто рызыкуе захварэць на рак малочнай залозы?

На першым месцы — спадчынны фактар.  

Грамадства

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Чаму важна аднаўляць балотныя экасістэмы?

Балоты непарыўна звязаныя з культурай і гісторыяй беларускага народу. 

Здароўе

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Чаму беларусы не спяшаюцца прышчапляцца?

Праз які час праводзіць рэвакцынацыю ад COVІD-19 і ці патрэбна яна ўвогуле?