Вы тут

Як дапамагчы жывёлінам?


У пачатку кастрычніка на пасяджэнні шостай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу адбылося першае чытанне Закона Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні законаў па пытаннях жывёльнага свету і бяспекі генна-інжынернай дзейнасці». Падрабязнасці дакумента раскрыла кансультант аддзела біялагічнай разнастайнасці галоўнага ўпраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі, біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды Таццяна Жалязнова, якая адзначыла, што ў закон «Аб жывёльным свеце» ўносяцца тры важныя змяненні.


Фота Анатоля Клешчука

Драпежнікі пад забаронай

Будзе ўстаноўлены пералік жывёлін, забароненых да ўтрымання ў дамашніх умовах. З 2007 года ў краіне практыкуецца рэгістрацыя дзікіх жывёлін, якія ўтрымліваюцца ў няволі. Існуе некалькі такіх катэгорый жывёлін, якія могуць жыць дома ў грамадзян. Гэта знікаючыя, экзатычныя віды, якія трапляюць пад дзеянне Канвенцыі СІТЭС, — яны рэгіструюцца ў Мінпрыроды. Таксама прыродаахоўнае ведамства рэгіструе віды, уключаныя ў Чырвоную кнігу Беларусі. А з 2015—2016 гадоў — і прадстаўнікоў усіх відаў дзікіх жывёлін, якія жывуць на тэрыторыі краіны ў натуральным асяроддзі. Рэгістрацыяй апошняй катэгорыі займаюцца абласныя камітэты прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

— Як паказвае практыка, у асноўным у нас утрымліваюць у дамашніх умовах чарапах, птушак, змей, — кажа Таццяна Жалязнова. — Таксама ў Беларусі быў выпадак утрымання ў аднапакаёвай кватэры львяняці. І на той момант не было механізмаў, якія дазвалялі б забараніць гэта рабіць. Аднак цяпер у краіне ўстаноўлены нормы і патрабаванні ўтрымання дзікіх жывёлін. Калі яны не выконваюцца, то жывёліна не рэгіструецца, накладаюцца пэўныя штрафныя санкцыі на грамадзяніна або юрыдычную асобу — яе ўладальніка.

Па словах спецыяліста, надышоў час устанавіць пералік дзікіх жывёлін, якіх нельга будзе ўтрымліваць у няволі. Гэты спіс будзе распрацоўвацца Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Туды ўвойдуць усе ядавітыя змеі, буйныя драпежныя жывёліны, небяспечныя птушкі, ядавітыя насякомыя і г. д. Інакш кажучы, усе віды, якія могуць ствараць пагрозу здароўю і жыццю грамадзян.

Заапарк — без кантакту

Таксама ў праекце закона ўстаноўлены пералік жывёлін, якія дазволена ўтрымліваць у кантактных заапарках. У асноўным раней там можна было сустрэць сельскагаспадарчых і свойскіх жывёл: курэй, свіней, коз. Апошнім часам у кантактных заапарках сталі ўтрымліваць янотаў, ліс і іншых жывёлін, якія трапляюць пад катэгорыю дзікіх.

— Мы катэгарычна супраць такога ўтрымання, таму што дзікая жывёліна заўсёды будзе дзікай, яна стварае пагрозу для чалавека, прадбачыць яе паводзіны немагчыма, — кажа спецыяліст Мінпрыроды. — Акрамя таго, гэта велізарны стрэс для самой жывёліны. Гэта не кошка і не сабака, якія тысячы гадоў жылі побач з людзьмі і прывыклі да нашых паводзінскіх асаблівасцяў, адаптаваліся да сумеснага пражывання.

У пералік дазволеных да ўтрымання жывёлін увойдуць грызуны, невялікія жывёліны, якія не адчуваюць асаблівага дыскамфорту пры кантакце з чалавекам і не пагражаюць яго жыццю і здароўю.

У перасоўных звярынцаў шанцаў няма?

Уносяцца ў закон і змяненні, якія датычацца дзейнасці перасоўных звярынцаў. Вырашана было цалкам забараніць іх на нашай тэрыторыі. Па словах Таццяны Жалязновай, вывучыўшы вопыт іншых краін і ўласны, звязаны з дзейнасцю перасоўных звярынцаў, спецыялісты зразумелі, што нармальнае ўтрыманне жывёлін на такіх перасоўных платформах немагчымае. Бо іх нельга павялічыць, стварыць там дадатковыя памяшканні. У выніку жывёліна з нараджэння знаходзіцца ў зняволенні, а ўмовы яе ўтрымання не адпавядаюць патрабаванням, якія ўстаноўлены беларускім заканадаўствам і якія падыходзяць для відавых асаблівасцяў. Жывёліна не можа ні схавацца, ні паесці нармальна, яе нельга вывесці гуляць — так праходзіць усё яе жыццё.

— Гэта жорсткае абыходжанне з жывёлінамі, таму мы катэгарычна супраць дзейнасці перасоўных звярынцаў і выходзім з ініцыятывай аб забароне дзейнасці такіх арганізацый, — падсумавала кансультант Мінпрыроды.

Без штамаў

Новаўвядзенні ў закон «Аб бяспецы генна-інжынернай дзейнасці» будуць не такія глабальныя, як у закон «Аб жывёльным свеце». Апошняе звязана з тым, што нядаўна дазены дакумент пераглядаўся комплексна, засталося адно пытанне. Сёння рэгістрацыі падлягаюць пароды генна-інжынерных жывёл, сарты генна-інжынерных раслін і штамы генна-інжынерных мікраарганізмаў.

— Па вялікім рахунку, калі мы ствараем нейкі новы генна-інжынерны механізм, мы не ствараем нешта прынцыпова новае, уносяцца пэўныя карэкціроўкі, якія паляпшаюць якасць гэтага сорту, пароды або штама, — тлумачыць спецыяліст. — У выніку няма новай пароды, новага сорту і новага штама. Таму мы выключаем з тэрмінаў гэтыя назвы: «штам», «парода», «сорт» і пакідаем толькі «жывёлін», «расліна» і «мікраарганізмы».

Па словах Таццяны Жалязновай, дабрабыт дзікіх жывёлін — актуальнае пытанне, таму яна спадзяецца, што прыведзеныя новаўвядзенні прымуць.

Ангеліна ВАРАТЫНСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.