Вы тут

Пракурор: Гісторыя не ведала такога варварства


Вялікая Айчынная вайна нанесла Віцебскай вобласці вялікі ўрон. На аднаўленне спатрэбіліся гады. Але самай вялікай стратай была гібель соцень тысяч людзей. Загінуў кожны трэці жыхар Віцебшчыны, а даваенная колькасць насельніцтва не адноўлена і па сёння.

Аб рабоце па ўстанаўленні фактаў генацыду, якую праводзіць пракуратура Віцебшчыны, карэспандэнту «Звязды» расказаў пракурор вобласці Ігар Украінец.


— Ігар Уладзіміравіч, 5 студзеня 2022 года быў прыняты Закон Рэспублікі Беларусь «Аб генацыдзе беларускага народа». Што зроблена пракуратурай Віцебскай вобласці за апошні час па выяўленні фактаў генацыду?

— У рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе пракуратура Віцебскай вобласці вывучыла сотні архіўных дакументаў, пытала звыш 2,5 тысячы грамадзян, з якіх крыху менш за дзве тысячы — гэта вязні фашысцкіх лагераў і звыш за тры сотні — іх сваякі.

На Віцебшчыне ўжо знойдзена і агледжана больш за 508 раней не вядомых грамадскасці месцаў пахаванняў мірнага насельніцтва. Зроблена 239 аглядаў знішчаных фашыстамі населеных пунктаў. Сёлета плануецца правядзенне пошукавых мерапрыемстваў ва ўрочышчы Вараб'ёвы горы (Гарадоцкі раён) і на мясцовасці паблізу вёскі Слабада Бешанковіцкага раёна.

Работа пракуратуры па расследаванні крымінальнай справы аб генацыдзе накіравана, у першую чаргу, на захаванне гістарычнай справядлівасці. Асабліва важна, што ў адноўленай Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь таксама знайшла адлюстраванне тэма захавання гістарычнай памяці, патрыятызму як абавязку кожнага грамадзяніна нашай краіны.

Прывяду некаторыя прыклады. Так, у рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе ў вёсцы Забароўна Ушацкага раёна вызначана раней не вядомае пахаванне ахвяр мірных грамадзян часоў Вялікай Айчыннай вайны. Падчас апытання мясцовая жыхарка патлумачыла, што ў гэтую вёску яна прыехала ў 1946 годзе. Падзеі мая 1944 года ведае са слоў свайго памерлага мужа. Яна расказала, што праз дарогу ад яе дома размешчана пахаванне. Жыхары вёскі казалі, што там пахавана 12 чалавек — іх у пачатку мая 1944 года забілі фашысты. Гэтае месца раней не было пазначана, лічылася няўлічаным.

На ўчастку праведзены раскопкі і агляд месца здарэння, знойдзены і канфіскаваны астанкі 8 чалавек. Папярэднія вынікі пацвердзілі інфармацыю, якую паведаміла сведка пры апытанні. Астанкі перапахаваны 30 лістапада мінулага года на тэрыторыі могілак каля вёскі Роўбы Ушацкага раёна.

Дарэчы, усяго ва Ушацкім раёне ў час акупацыі былі знішчаны 53 населеныя пункты і звыш 3,5 тысячы мірных грамадзян. У Германію сагнана больш за 1,8 тысячы жыхароў.

Напрыклад, пракуратура Расонскага раёна падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе ўстанавіла тры раней не вядомыя месцы пахавання мірных грамадзян — ахвяр нацысцкіх злачынцаў.

У ходзе расследавання крымінальнай справы былі атрыманы архіўныя звесткі аб расстрэле ў 1943 годзе фашыстамі мірных жыхароў вёсак Байдзіна і Харлашы. Пры гэтым з дакументаў вынікала, што целы некаторых забітых пахавалі на цывільных могілках у вёсцы Дворышча. Пры абследаванні тэрыторыі гэтых могілак устаноўлены 2 памятныя знакі, размешчаныя на месцах пахавання пяці ахвяр з ліку мірнага насельніцтва. Аналагічнае пахаванне пракуратура раёна выявіла на ўскраіне грамадзянскіх могілак у вёсцы Мурагі, дзе, згодна з атрыманымі звесткамі, трое жыхароў вёскі былі забіты фашыстамі ў 1943 годзе, а затым пахаваны ў брацкай магіле. На выяўленых месцах пахаванняў пракуратура правяла агляды. Па даручэнні пракурора раёна Расонскім райвыканкамам праведзена работа па дзяржаўным уліку дадзеных пахаванняў (аформлены пашпарты пахаванняў і праводзіцца работа па ўстаноўцы дзяржаўных знакаў).

— Якія мерапрыемствы ажыццяўляюць супрацоўнікі пракуратуры ў рамках расследавання крымінальных спраў аб генацыдзе беларускага народа ў час вайны?

— Органы пракуратуры Рэспублікі Беларусь працягваюць расследаванне крымінальнай справы, узбуджанай Генеральным пракурорам у красавіку 2021 года па факце генацыду насельніцтва Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд. У аснову прынятага рашэння пакладзены звесткі аб гібелі мільёнаў беларусаў і іншых асоб ад рук фашысцкіх акупантаў і іх памагатых.

Крымінальны працэс па расследаванні фактаў генацыду, па-першае, накіраваны на ўстанаўленне канкрэтных асоб з ліку нацысцкіх злачынцаў, якім удалося пазбегнуць адказнасці за забойствы мірных жыхароў, здзекі і катаванні ў канцлагерах і гета. Па-другое, узбуджэнне крымінальнай справы па фактах злачынстваў у дачыненні да мірнага насельніцтва Беларусі — важны этап у супрацьдзеянні рэабілітацыі нацызму.

У рамках расследавання крымінальнай справы пракурорскія работнікі Віцебшчыны праводзяць значную работу: штодзённа вывучаюць і аналізуюць архіўныя справы на прадмет атрымання значнай інфармацыі; устанаўліваюць грамадзян, якія могуць мець інфармацыю аб фактах генацыду беларускага народа на тэрыторыі Віцебскай вобласці; правяраюць спісы былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, турмаў, гета, а таксама ўстанаўліваюць іх блізкіх сваякоў.

— У працэсе работы з дакументамі і са сведкамі вашым супрацоўнікам даволі часта даводзіцца сутыкацца з жудаснымі фактамі знішчэння савецкіх людзей, ці не так?

— Сапраўды. Калі чытаеш некаторыя матэрыялы, проста сэрца шчыміць! І такіх фактаў, на жаль, вельмі шмат.

2 ліпеня 1941 года фашысты сабралі каля 400 жанчын, старых і дзяцей і пагналі па дарозе да вёскі Вялікая Любшчына. За два кіламетры ад гарадскога пасёлка на беразе Заходняй Дзвіны калону спынілі. Спачатку ад яе аддзялілі каля 50 дзяцей. Іх фашысты кінулі ў яму, накрылі брызентам і падпалілі. Звар'яцелыя ад гора маці, дзяды і бабулі спрабавалі выцягнуць сваіх дзяцей з полымя, але іх тут жа расстрэльвалі з вінтовак. Калі з дзецьмі было скончана, прыняліся за астатніх. У некалькіх ямах ляжалі расстраляныя 350 чалавек. Целы не змяшчаліся там, і іх «утрамбоўвалі», кідаючы гранаты. Праз гады пасля гэтай страшнай трагедыі целы загінулых былі перапахаваны на яўрэйскіх могілках у гарадскім пасёлку Сураж.

А вось сведчанне Любові Івановай, якой аб злачынствах нямецка-фашысцкіх захопнікаў вядома са слоў маці. Яна расказала пра гібель Варвары Арлоўскай — жонкі партызана. Яе нямецкія каты павесілі на сцяне школы на жалезныя гакі. А пасля на вачах паміраючай маці здзекаваліся з яе гадавалага сыночка, праткнуўшы яго штыком. Жанчына памерла ў страшных пакутах, крычала ад болю і гора, а яе цела яшчэ доўга вісела на будынку школы. На месцы пахавання сям'і партызана ў вёсцы Котава Вымнянскага сельсавета быў устаноўлены абеліск.

Згадзіцеся, кроў стыне ў жылах ад падобных фактаў. Гісторыя не ведае такога масавага варварства і бесчалавечнасці, якія тварылі на нашай зямлі гітлераўскія акупанты і іх памагатыя...

— Ці ўдаецца ў працэсе вядзення следчых дзеянняў выяўляць ваенных злачынцаў, у прыватнасці нямецкіх памагатых?

— Вось адзін з прыкладаў. Да вайны Галіна Уладзіміраўна жыла з бацькамі і сястрой у Ленінградзе. Напярэдадні жахлівых падзей усёй сям'ёй пераехалі на матчыну радзіму ў вёску Гарадзішча Краслаўскага раёна Латвійскай ССР. Зімой 1941 года да іх прыехаў мясцовы жыхар Юзаф Жылінскі, які служыў у паліцыі. Ён загадаў сабрацца, узяць з сабой цёплыя рэчы і адвёз на возе на станцыю, дзе іх разам з іншымі мясцовымі жыхарамі пагрузілі ў таварны цягнік і адвезлі ў лагер смерці «Саласпілс». Галіне тады было ўсяго чатыры гады. У лагеры яна і сястра захварэлі, зусім аслаблі. Умовы былі невыносныя.

Апроч паліцаяў, падчас апытанняў сведкаў выкрыты і старасты вёсак, якія прыслужвалі фашысцкім захопнікам.

— Важна не толькі выявіць падобныя трагічныя факты, але і данесці іх да шырокай грамадскасці...

— Безумоўна, найважнейшае сёння — данесці ў тым ліку і да падрастаючага пакалення гістарычную праўду. Органы пракуратуры Віцебскай вобласці падчас расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе насельніцтва ў гады Вялікай Айчыннай вайны ўстанаўліваюць усё новыя і новыя страшныя падзеі, якія сведчаць аб мэтанакіраваным, зверскім і масавым знішчэнні нашага народа

Так, нядаўна ў Бешанковіцкім раённым гісторыка-краязнаўчым музеі адкрыта абноўленая экспазіцыя аб генацыдзе мірнага насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час. На мерапрыемстве прысутнічалі кіраўнікі раёна, калектыў музея, прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў, а таксама ўдзельнікі творчага праекта «Памяць пакаленняў». Мэта мерапрыемства — перадача пракуратурай раёна ў музей памятнага знака з нанесеным на яго QR-кодам, які змяшчае гіперспасылку на інтэрактыўную карту, размешчаную ў сетцы Інтэрнэт, а таксама перадача для напаўнення экспазіцыі музея матэрыялаў, якія сведчаць аб фактах злачынстваў супраць мірных жыхароў нямецка-фашысцкімі захопнікамі і іх памагатымі, атрыманых у рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе (стэнаграмы паказанняў сведкаў злачынстваў, інфармацыя аб месцах пахаванняў).

Важным таксама з'яўляецца прыцягненне да названай працы патрыятычнага маладзёжнага руху. «Памяць пакаленняў» — гэта сумесны творчы праект Ржаўскай дзіцячага сада — базавай школы і раённай пракуратуры, мэтай якога з'яўляецца стварэнне інтэрактыўнай карты раёна, на якой размешчаны аб'екты, што маюць гістарычнае значэнне (месцы пахаванняў і прымусовага ўтрымання, спаленыя населеныя пункты), як улічаныя, так і ня ўлічаныя, устаноўленыя пракуратурай у ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе.

Пры гэтым на інтэрактыўную карту нанесена інфармацыя, прадстаўленая пракуратурай раёна, якая ўключае дакладныя месцы размяшчэння аб'ектаў (па адзначаных каардынатах), фатаграфіі з названых месцаў, а таксама іх апісанне. Непасрэднымі складальнікамі інтэрактыўнай карты з'яўляюцца дзеці, якія выказалі жаданне паўдзельнічаць у творчай рабоце. Менавіта дзеці прапанавалі назваць творчы праект «Памяць пакаленняў».

Праект выходзіць на завяршальны, але не фінальны этап. У сувязі з гэтым з улікам устаноўленых абставін па справе, праведзенай работы ў рамках праекта пракуратурай раёна пры падтрымцы прадстаўнікоў сілавога блока зроблены новы памятны знак, які адлюстроўвае ўдакладненую інфармацыю аб зверствах акупантаў і іх памагатых. На знаку таксама ёсць QR-код, які дазваляе атрымаць доступ да інтэрактыўнай карты.

Акрамя таго, музею для папаўнення экспазіцыі пракуратура перадае асобныя матэрыялы крымінальнай справы, атрыманыя падчас папярэдняга расследавання.

2 лютага 2022 года ў музеі імя Міная Шмырова прадстаўлена экспазіцыя, прысвечаная генацыду беларускага народа на прыкладзе трагедыі сям'і Міная Філіповіча Шмырова, якая таксама асвятлялася і ў СМІ.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота з архіва пракуратуры Віцебскай вобласці

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.