Вы тут

Двое з перадавой Вялікай Айчыннай. Жыццё і творчасць Сяргея Крыўца і Генадзя Шведзіка


Перагортваючы старонкі біяграфій беларускіх паэтаў, якія загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, падабенства бачыш не толькі ў сцісласці жыццяпісаў, але і ў тым, што нітка іх лёсу абарвалася рана. Жыццё Сяргея Крыўца і Геннадзя Шведзіка — таксама гэтаму пацвярджэнне. Яны не ведалі адзін аднаго, а мы павінны ведаць пра іх. Гэта наш абавязак перад іх памяццю. Сёння, калі галаву ўзнялі прадаўжальнікі гітлераўскіх недабіткаў, а ў асобных выпадках і на- шчадкі іх, — тым больш.


Няскораны малады дубок

Сяргей Крывец нарадзіўся ў 1909 годзе ў вёсцы Сухінічы (па іншых звестках — у Дубне) цяперашняга Мастоўскага раёна. З братам гадаваўся без бацькі. Маці часта ездзіла ў заробкі, а іх пакідала з дзедам. Той хоць «універсітэтаў» не заканчваў, цаніў грамату. Дзякуючы яму Сяргейка рана авалодаў беларускай мовай. Начытаўшыся «Жыціяў святых», розных рэлігійных брашур, нават падаўся ў Жыровіцкі манастыр. Але хутка зразумеў, што гэта — не тое, да чаго ляжыць яго душа. Ды і калі дзед памёр, давялося дапамагаць маці. Быў пастухом, батрачыў. Аднак і з кнігамі не развітваўся. Узяўся і вершы пісаць. А ў чацвёртым нумары заходнебеларускага дзіцячага часопіса «Заранка» за 1928 год выступіў з вершам «***Моладзь, моладзь, надзея ўся…» Падпісаў яго С. Пастушок. Публікаваўся і пад псеўданімамі Сярожа Пастушок, Сымон Табала — Табалам у вёсцы называлі яго дзеда.

На той час ужо з’яўляўся сакратаром Таварыства беларускай школы. Цікавіўся тым, што адбывалася ў БССР. Нават тройчы спрабаваў перайсці дзяржаўную граніцу. Не маючы нейкага пэўнага занятку, сталярыў, цяслярыў, працаваў будаўніком. Заробку — кот наплакаў. Але ўсё адно выпісваў прагрэсіўныя беларускія газеты і часопісы. Захапіўшыся творчасцю Якуба Коласа, з задавальненнем перачытваў «Сымона-музыку».

У дасканаласці авалодаў рускай і польскай мовамі. Узяўся за вывучэнне нямецкай, каб прачытаць у арыгінале творы Гётэ і Шылера. У пошуку лепшай долі перабраўся ў Беласток, але і там жылося нясоладка. Гэта відаць з верша «Сыплюць думкі»:

Ночка чорным пакрывалам

Мне акно завесіла.

Ў хаце холад (дроў замала).

На душы нявесела.

<…>

Слініць дождж. На панадворку

Ноч ў гразі палошчацца.

Закурыць (была б махорка)

Неяк надта хочацца.

Ператрос усе кішэні,

Ціха, назбіраецца!

Пацягнуў (адны карэнні),

Чад клубком хістаецца.

Падобны стан можна ахарактарызаваць як ростані духу. Жыццё толькі пачынаецца, а перспектыва такая, што лёгка зняверыцца: «Цік-так… цік… — нясецца час. // Вось чутно — жыццё злятае, // А з ім моладасць святая — // Скарб адзін мой // Лёс я свой выразна бачу, // Чую, знаю, што заплачу […]». Паратунак ад безвыходнасці шукаў у грамадзе: «Я гукаю: // — Гэй, прыйдзі, душа жывая, // Ў мой закляты кут! «…» Я з надзеяй ў перамогу // Вечнасць выклічу на бой».

Завяршальная страфа прасякнута тым аптымізмам, якім і жыў лірычны герой паэта. Сам ён таксама, калі роспач і неўладкаванасць забываліся, праходзіў той душэўны крызіс, які і спарадзіў гэты адзін з найлепшых яго вершаў. Невыпадкова цудоўны знаўца паэзіі Алег Лойка поруч з яшчэ трыма творамі Сяргея Крыўца ўключыў у другі том трохтомнай «Анталогіі беларускай паэзіі» (1993), складальнікам якога быў, і верш «Крызіс»:

 

Стук…

              Ідзе…

Вецер дзверы адчыняе.

Ў хаце гоман, рогат, стук.

Чую, руку мне сціскае

Чарада мазольных рук:

— Не адзін ты, нас мільёны —

Не пайдзём к панам

                                   з паклонам!

 

У Сяргея Крыўца, як і ў іншых заходнебеларускіх паэтаў, напрыклад, у Валянціна Таўлая, пераважная большасць твораў — з матывамі барацьбы. Гэта тое, пра што Уладзімір Калеснік сказаў: лірычны «герой звычайна цягнецца да арганізаванага вызваленчага руху свайго народа, спадзеючыся знайсці там збавенне ад безнадзейнасці, адчуць сапраўдны сэнс жыцця». Пра каханне С. Крывец амаль не пісаў. Затое калі звяртаўся да гэтай тэмы, нараджаліся радкі пяшчотна-кранальныя, спавядальна-адкрытыя, як у гэтым безназоўным вершы:

Мы забылі, што можна любіць,

Эх ты, моладасць, наша суровая!

Але сёння ўжо, так і быць,

Пацалую цябе, чарнабровая.

Не судзі мяне, хто малады,

Правы сэрца не намі напісаны.

Па вясне пачынаюць сады

Разгарацца ружовымі вішнямі.

Дый хай будзе, што мае ўжо быць,

Покуль вішня красы не асыпала.

Покуль кроў маладая дыміць,

Я люблю.

                 Не магу не любіць,

Бачна, доля такая мне выпала.

У пасляваенны час вершы Сяргея Крыўца змяшчаліся ў калектыўных зборніках «Мы іх не забудзем» (1949), «Сцягі і паходні» (1965), «Крывёю сэрца» (1967). Найбольш поўна яго мастакоўская спадчына прадстаўлена ў кніжцы выбранага «Дубок» (1972), укладзенай Рыгорам Шырмам і выдадзенай пад рэдакцыяй Максіма Танка.

Такое суседства прозвішчаў — Крывец, Шырма, Танк — невыпадковае. Рыгор Раманавіч быў літаратурным настаўнікам Сяргея Крыўца. А з Яўгенам Іванавічам ён пазней перапісваўся, браў у яго ўрокі творчасці. Невыпадкова

і выбранае названа «Дубок». Аднаму са сваіх вершаў, напісаным у роднай вёсцы Дубна, ён, тады дваццацігадовы, даў менавіта такую назву. Як і той малады дубок, ён жыў нядоўга. Калі ў 1944 го-

дзе Беласток быў вызвалены ад нямецка-фашысціх захопнікаў, на мітынгу, які адбыўся 4 снежня, а гэта, як вядома, пярэдадзень Канстытуцыі, заявіў, што добраахвотна ідзе на фронт. Блізу канца красавіка 1945 года пры штурме Гдыні варожым снарадам яму адарвала нагу. Урачы не змаглі ўратаваць. 28 красавіка 1945 года ён памёр.

Лірык «паміж дзвюма паловамі свету»

Яшчэ карацейшы жыццёвы і творчы шлях Генадзя Шведзіка. Ён з’явіўся на свет 4 сакавіка 1914 года ў горадзе Бабруйску. У Мінску скончыў рабфак, а пасля — літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Адначасова працаваў у рэдакцыі яўрэйскай газеты «Юнгер арбайтэр» («Малады рабочы»). Пасля загадваў аддзелам у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі», выкладаў рускую мову і літаратуру ў адной са сталічных школ, быў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовы і літаратуры Акадэміі навук БССР.

Ёсць у яго біяграфіі і далёкаўсходняя старонка. Паехаў туды, дзе яўрэі ладзілі новае жыццё. Працаваў на будоўлях, шукаючы там, як і ўвогуле ў жыцці, сваю «песню запаветную». Разам быў з хлопцамі-камунарамі, якія «выходзілі ў завірушны снег»:

Халодныя аглоблі, абуджаныя коні —

Ім кідаць неахвота ў карытах авёс…

Заносяць хлопцы дугі,

Зацягваюць супоні,

Кажухі зашпільваюць — мацнее мароз.

 

Торгаю лейцы — і конік заклыпаў

У белыя пуховыя абшары зімы.

Санкі за санкам ім па дарозе рыпаюць, —

Па сена,

               па сена,

                             па сена едзем мы.

(Тут і далей пераклад Артура Вольскага)

Пісаў на ідыш, а тагачаснае жыццё ўспрымаў радасна. Іншыя яго творы, і не толькі з падборкі «Далёкі Усход», але і з нізкі «Бірабіджанскія вершы» — таксама светлыя, аптымістычныя. Уласныя думкі і пачуцці выказваў, але адначасова гэта былі думкі і пачуцці яго аднагодкаў, якія шчыра віталі новае жыццё, а многія, як і ён, ехалі і ў далёкія краі з упэўненасцю, што «Будзе надзейна служыць чалавеку // Раскарчаваная намі зямля. // Сіла юначая ўсё пераверне — // Што ёй тайга, балота і стэп… // Выспее ў пульхных разорынах зерне, // Ўзнімецца жыта — // Будучы хлеб».

Упершыню ж надрукаваўся ў 1929 годзе. На ідыш выдаў зборнікі «Старт» (1934) і «Вершы» (1939), паэму для дзяцей «Наш Джым» (1935). Для такога ўзросту нямала. Як відаць па кніжках «Лірыка» (1962) і «Матчына сляза» (1989), найлепшыя яго вершы — высокага мастакоўскага ўзроўню. Складальнік і перакладчык першай з іх Рыгор Барадулін невыпадкова так назваў яе. Генадзь Шведзік — найперш лірык, што асабліва відаць па гэтым цудоўным вершы:

Ці бачыў ты жыты густыя,

Як лёгка ліпеньская ноч

Галовы гладзіць каласам,

Калі за лесам сонца сядзе?

Глядзіш ты на жыты густыя —

Задумліва-ўрачыста ўсё!

Ды тут прахопіцца вятрэц

І каласы зашэпчуць шумна…

Ён і быў паэтам у душы, што добра відаць са «Слова пра друга» Рыгора Бярозкіна: «Па горадзе хадзіў надзіва прыгожы юнак: кучаравы, блакітнавокі, у паношанай скураной тужурцы.

Хлопец заўсёды спяшаўся і, прыціснуўшы да сцяны або ў кут любога, хто трапляўся пад руку, “душыў” яго вершамі: “Думай” Багрыцкага, лірыкай Гейнэ (маецца на ўвазе паэт Аркадзь Гейнэ. — А. М.), уступам да куляшоўскага “Аманала”».

Таму заўсёды і спяшаўся, бо хацелася як мага хутчэй усё зведаць і спазнаць. Магчыма, унутрана прадчуваў, што лёсам яму адведзены нядоўгі жыццёвы век. Перадусім жа вельмі любіў паэзію. Таму асабліва балюча ўспрымаў адыход тых, хто сваім талентам узнімаў яе на неабсяжныя вяршыні. Едучы на фронт, 4 ліпеня 1942 года пісаў жонцы: «Сёння прачытаў у газеце, што Янкі Купалы не стала. Здалося, што пасля такога месяц больш свяціць у небе не будзе. Мы ж усе так былі прывязаны да гэтага любімага, сапраўды беларускага чалавека» (тут і далей вытрымкі з лістоў у перакладзе Артура Вольскага).

Пісаў з Бухары, дзе праз дванаццаць дзён быў залічаны ў маршавую роту. Апынуўся на фронце пад Смаленскам. Апошні ліст жонцы адаслаў 7 кастрычніка 1942 года: «<…> сяджу ў “цырульні”, адкуль пайду ў лазню. Гэтыя мерапрыемствы на фронце вельмі рэдкія. Яшчэ большая рэдкасць сядзець на лаўцы ля стала ў вясковай хаце <…> Я знаходжуся за некалькі кіламетраў ад немцаў, а адчуванне ўжо зусім іншае — быццам я далёка ад фронту». Толькі гэтая далёкасць падманлівая: «Тут я чую гукі нямецкай мовы, што далятаюць з іх лініі фронту. Такім чынам, знаходжуся я на самай мяжы паміж дзвюма паловамі свету (выдзелена ім самім. — А. М.). Тут не запальваюць агонь, уначы не кураць, саграюцца толькі ўласным цяплом. Таму для мяне дзіўна, нязвыкла сядзець ля стала ў цёплай хаце…»

І просьба да жонкі, а ў гэтай просьбе тое, што таксама яму пастаянна не давала спакою: «Абавязкова паведамі, ці атрымала апошнія мае вершы. Цікава будзе, калі яны згубяцца. Учора я іх цярпліва перапісваў застылымі рукамі ў халодным бліндажы». Як падагульненне: «Як пісьменнік я шмат выйграў. Калі буду пісаць толькі добра. Гэта я магу з пэўнасцю сказаць. Бо я сёе-тое пабачыў і на ўласных плячах перанёс…» Куля чакала яго яшчэ чатыры дні, каб

11 кастрычніка 1942 года здзейсніць сваю чорную справу.

* * *

Леў Талстой быў перакананы: «Главное в жизни любовь. А любить нельзя ни в прошлом, ни в будущем. Любить можно только в настоящем, сейчас, сию минуту». Прамаўляючы гэта, Леў Мікалаевіч меў на ўвазе найперш такое светлае пачуццё, як каханне. Аднак пад гэта, безумоўна, патрапляе і любоў да Радзімы. Сяргей Крывец і Генадзь Шведзік горача і самаддана любілі. Калі навісла смяротная небяспека, не задумваючыся, узяліся за зброю. Як і іншыя паэты, якія «ушли, не долюбив, // Не докурив последней папиросы». Пра некаторых з іх наступным разам.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.