Вы тут

Дапамагла знайсці Атлантыду


Сапраўды, многія, як і аўтар гэтых радкоў, шмат чаго не ведалі, пакуль не прачыталі кнігу Алены Стэльмах «Слова за словам» (Мінск, Выдавецкі дом «Звязда», 2022). У прыватнасці, фактаў, выкладзеных у надзвычай цікавым і карысным матэрыяле пад назвай «Билет в обратную сторону» (трэба адразу сказаць, што творы ў гэтай кнізе падаюцца на мове арыгінала — па-руску і па-беларуску, у залежнасці ад таго, як напісаны ў свой час аўтарам). Дык вось вышэйназваны артыкул тым і цікавы, што раскрывае своеасаблівую Атлантыду — малавядомую гісторыю беларускай чыгуначнай станцыі Негарэлае. А тут у пачатку ХХ стагоддзя праходзіла мяжа паміж Савецкім Саюзам і буржуазнай Польшчай, усёй Заходняй Еўропай. Праз станцыю праязджалі многія знакамітыя асобы як нашай краіны, так і іншых. Матэрыял напісаны так захапляльна і ўтрымлівае такія цікавыя звесткі, што чытаеш — не адарвацца!


Прыцягвае ўвагу і эсэ пра нашага праслаўленага земляка Адольфа Янушкевіча, паэта, вучонага-этнографа, які вельмі шмат зрабіў для вывучэння Казахстана, жыцця і побыту яго народа. Вось як адгукаюцца самі казахі на яго працу «Дневники и письма из путешествия по казахским степям»: «Аўтарам фактычна створаны этнаграфічны партрэт народа, які выдатна вымалёўваецца на кожнай старонцы. Да таго ж прадстаўлены цудоўны зборнік хронік падзей, уражвае калекцыя антрапонімаў, прыцягваюць проста цікавыя гісторыі стэпавага жыцця. Гэта дазваляе еўрапейцам свет, у якім жывуць казахі, бачыць іншымі вачамі — поўнымі цікавасці і захаплення» (Амар Хакім). 

Сапраўдны гімн беларускаму лесу стварыла Алена Стэльмах у артыкуле «Лясныя дарогі подзвігу». Яна падкрэслівае: «У самай страшнай вайне мы перамаглі і таму, што ў Беларусі-партызанкі быў Лес-патрыёт». Слова, як кажуць, міма не ляціць. А разумнае — тым больш! Заклік пісьменніцы берагчы і шанаваць лясы пранікае чытачу ў сэрца, абуджае любоў і павагу да нашага зялёнага сябра, які быў надзейным абаронцам і памочнікам беларусаў у грозныя гады Вялікай Айчыннай вайны, ратаваў сем’і і цэлыя вёскі ад знішчэння фашысцкай нечысцю. Словы пісьменніцы западаюць у памяць і душу. 

У сваіх публіцыстычных творах Алена Стэльмах узнімае надзвычай важныя ў сучасных умовах пытанні: чаму ў гады вайны мы былі паміж сабой блізкія, а ў мірны час аддаліліся адно ад аднаго; што рабіць, каб не парушыць адзінства народаў былой вялікай дзяржавы, каб не забыць гераізм і подзвігі найлепшых сыноў і дачок нашых народаў? 

Значнае месца ў кнізе займаюць інтэрв’ю. На пытанні пісьменніцы адказваюць паэт, перакладчык, ганаровы прэзідэнт Клуба пісьменнікаў Каўказа Саліх Гуртуеў, сучасны казахскі пісьменнік Баянгалі Алімжанаў, доктар гістарычных навук, заслужаны дзеяч культуры Азербайджана Ляціфа Мамедава. Яны разважаюць аб развіцці нацыянальных літаратур, аб пісьменніцкім майстэрстве, аб адказнасці творцаў перад сваім народам і часам, аб лёсе папяровай кнігі, аб праблеме павышэння цікавасці дзяцей і моладзі да чытання, развіцці бібліятэк і ўзаемаперакладаў найлепшых твораў нацыянальных літаратур. 

Цікавы таксама раздзел «Постаці», у якім змешчаны матэрыялы пра выдатных дзеячаў культуры народаў Каўказа — шчырых сяброў Беларусі.

Без сумнення, спадабаюцца чытачам матэрыялы раздзела «Публіцыстычныя нататкі». У іх размова ідзе пра творчае майстэрства пісьменнікаў, пра стварэнне вобраза малой радзімы ў сучаснай беларускай літаратуры, пра ролю Саюза пісьменнікаў Беларусі ў фарміраванні нацыянальнай самасвядомасці, пра нацыянальныя традыцыі ў сучаснай дзіцячай літаратуры, значэнне чытання дзіцячых кніг на роднай мове. 

Завяршае зборнік падборка рэцэнзій і водгукаў на новыя кнігі беларускіх пісьменнікаў. 

Кніга «Слова за словам» засведчыла, што ў нас ёсць чым пахваліцца і на ніве мастацкай публіцыстыкі.

Міхась СЛІВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.