Вы тут

Таямніцы і адкрыцці


З гадзіннікам на руцэ

Дзеці і дарослыя па-рознаму ўспрымаюць час

Навукоўцы з Універсітэта Этвоша Ларана (Венгрыя) правялі даследаванне, каб даведацца, чаму ў дзяцей і дарослых адрозніваецца ўспрыманне часу. У эксперыменце прынялі ўдзел 138 чалавек рознага ўзросту. Як указваецца ў часопісе Scіentіfіc Reports, удзельнікам паказалі некалькі відэа працягласцю па хвіліне.


Так, у адным роліку паліцэйскі ратуе жывёл і арыштоўвае злачынцу, а ў іншым шэсць чалавек манатонна плывуць на лодцы. Затым у падыспытных спыталі, якое відэа даўжэйшае.

Дзве траціны дашкольнікаў палічылі відэа з паліцэйскім даўжэйшым, у той час як дарослым яно, наадварот, падалося карацейшым. Згодна з вынікамі эксперымента, пераключэнне з «дашкольнага» на «дарослае» ўспрыманне часу адбываецца ў дзяцей ва ўзросце прыкладна сямі гадоў.

На думку навукоўцаў, для дзіцяці даўжэйшым здаецца тое відэа, у якім адбылося больш падзей. Сталы чалавек знаёміцца з канцэпцыяй абсалютнага часу. Аднак тут уступае ў гульню ўспрыманне — сумныя заняткі і відэа здаюцца больш працяглымі, тады як пры праглядзе займальных серыялаў гадзіны праходзяць неўзаметку.

Даследчыкі прыйшлі да высновы, што знаёмства з паняццем абсалютнага часу, які цячэ ва ўласным тэмпе і які паддаецца вымярэнням, змяняе само ўспрыманне часу ў нашым мозгу. Дарослыя змушаныя перабудоўваць сваё ўспрыманне часу, бо не яны самі, а гадзіннік на іх руцэ вызначае працягласць той ці іншай падзеі.


Лазерам па маланцы

Навукоўцы навучыліся адводзіць яе ўдары

Эксперымент, праведзены ў Швейцарыі, даказаў такую магчымасць. Як паведамляе Scіence Alert, эксперымент па адводзе маланак правялі на вяршыні гары, дзе стаіць вялізная металічная тэлекамунікацыйная вежа.

На дадзены момант наша найлепшая абарона ад удараў маланкі — гэта стрыжань Франкліна, не што іншае, як металічны шпіль, вынайдзены яшчэ ў ХVІІІ стагоддзі. Фізікі ж з Парыжа вырашылі праверыць новы спосаб абароны крытычнай інфраструктуры ад маланак.

«Хоць гэтая галіна даследаванняў была вельмі актыўнай на працягу больш за 20 гадоў, гэта першы палявы вынік, які эксперыментальна дэманструе маланку, што кіруецца лазерамі», — пішуць даследчыкі.

Кароткія інтэнсіўныя лазерныя імпульсы накіроўвалі ў аблокі падчас навальніцы і паспяхова адхілялі чатыры разрады маланкі. Яшчэ 12 удараў маланкі трапілі ў вежу ў тыя перыяды, калі лазер не працаваў.

Як растлумачылі даследнікі, лазер, накіраваны ўверх, змяняе святлопраламляльныя ўласцівасці паветра, прымушаючы лазерны імпульс сціскацца і ўзмацняцца, пакуль ён не пачне іанізаваць малекулы паветра. Апошнія хутка награваюцца на шляху лазера, паглынаючы яго энергію, а затым выкідваюцца са звышгукавой хуткасцю. Гэта пакідае пасля сябе «доўгажывучыя» каналы менш шчыльнага паветра, якія забяспечваюць шлях для электрычных разрадаў.

«Гэтая работа пракладвае шлях да новых выкарыстанняў ультракароткіх лазераў і ўяўляе сабой важны крок наперад у распрацоўцы лазернай маланкааховы для аэрапортаў і буйных аб'ектаў інфраструктуры», — кажуць навукоўцы.


Гэта ён яшчэ малы...

Знялі рэдкія кадры з гіганцкім кальмарам

Каля заходняга ўзбярэжжа Японіі ўдалося засняць гіганцкага кальмара. Кадры з гэтымі марскімі істотамі — вялікая рэдкасць, паведамляе FoxNews.

Пара, якая займаецца дайвінгам у горадзе Тойоока, даведалася аб кальмары ад прадаўца рыбалоўнага рыштунку. Муж і жонка ўзялі лодку і адправіліся на пошукі істоты, прачэсваючы заліў. Праз некаторы час яны знайшлі гіганцкага кальмара памерам каля 2,5 метра.

«Я бачыў, як рухаюцца яго шчупальцы. Я падумаў, што было б небяспечна, калі б яны схапілі мяне і пацягнулі кудысьці. Яго шчупальцы і плаўнікі рухаліся вельмі марудна», — расказаў Ёсуке Танака. На кадрах відаць, як гіганцкі кальмар плавае каля паверхні вады, яго шчупальцы дрэйфуюць ззаду, а пара плавае паблізу. Кальмар або не падазрае, або не занепакоены прысутнасцю людзей.

Навукоўцы кажуць, што кальмару, мяркуючы па яго памеры, адзін ці два гады. Гіганцкі кальмар можа вырасці да 11-12 метраў.


Сакрэты Старажытнага Егіпта

Іх дапамагла раскрыць каменная пліта

Разбітая каменная пліта з надпісам, якую ў 1799 годзе знайшлі французскія салдаты, дала ключ да расшыфроўкі старажытнаегіпецкага пісьменства і дапамагла навукоўцам раскрыць сакрэты Старажытнага Егіпта. Пра гэта ідзе размова ў матэрыяле CNN.

Войска Напалеона знайшло яе, капаючы падмурак форта ў Разеце, цяпер Рашыд на поўначы краіны. Па словах егіптолага Ілоны Рэгульскі, салдаты адразу прызналі важнасць гэтай пліты і захавалі яе. Пасля паражэння Напалеона брытанскія войскі адправілі артэфакт у Вялікабрытанію.

З таго часу пліту, вядомую як Разецкі камень, выстаўляюць у Брытанскім музеі. Адзіны перапынак быў зроблены падчас Першай сусветнай вайны — тады артэфакт на два гады быў схаваны пад зямлёй у мэтах бяспекі.

У пачатку XІX стагоддзя, калі пліта была знойдзена, яшчэ ніхто не мог прачытаць знакі, намаляваныя на ёй, як на папірусных скрутках, выяўленых у храмах уздоўж Ніла. Над расшыфроўкай старажытнаегіпецкіх надпісаў працавалі навукоўцы па ўсёй Еўропе.

«На працягу двух гадоў пасля адкрыцця каменя кожная еўрапейская краіна валодала яго копіяй. І гэта быў свядомы працэс распаўсюджвання тэксту навукоўцамі, таму што ўсе хацелі паскорыць працэс расшыфроўкі надпісаў. Думаю, для многіх вучоных у той час не мела значэння, хто будзе першым... Была надзея, што гэта дасць так шмат звестак аб Старажытным Егіпце, і яна аказалася недарэмнай», — сказала Рэгульскі.

Каб распазнаць старажытныя пісьмёны, спецыялістам спатрэбілася два дзесяцігоддзі. Вялікі прарыў здзейсніў малады француз Жан-Франсуа Шампальён пасля неаднаразовых рашэнняў кінуць задуму: у верасні 1822 года ён змог зразумець прыроду надпісаў і даказаць, што гэта — фанетычная мова.

«Гэта не проста алфавітная, а гібрыдная або змешаная сістэма. Ёсць знакі, якія ўяўляюць сабой поўныя словы, а затым ёсць знакі, якія ўяўляюць сабой асобныя літары. І ўсё працуе як адзінае цэлае. Яму ўдалося гэта зразумець», — тлумачыць Рэгульскі.

Пазней навукоўцы зразумелі, што на пабітым камені змяшчалася масавая пастанова, прынятая саветам святароў у 196 годзе да нашай эры, напісаная на дзвюх мовах, — 14 радкоў фармальных іерогліфаў, 32 радкі на дэматычнай мове (спрошчаны паўсядзённы почырк, які выкарыстоўваўся ў Старажытным Егіпце), і 54 радкі на старажытнагрэчаскай.


Першы са змывам

Адкапалі найстарэйшы ў свеце «ўнітаз»

Рэшткі 2400-гадовага туалета, а таксама выгнутая зліўная труба былі знойдзены археолагамі мінулым летам сярод руін старажытнага палаца ў кітайскім горадзе Сіянь. Навукоўцы патрацілі некалькі месяцаў на тое, каб сабраць іх разам. Па інфармацыі дзяржаўнай газеты Chіna Daіly, «унітаз», названы даследчыкамі «прадметам раскошы», знаходзіўся ўнутры палаца, а труба ішла да вонкавай ямы.

Лю Руй, навуковы супрацоўнік Інстытута археалогіі Кітайскай акадэміі сацыяльных навук з групы даследчыкаў, якія ўдзельнічалі ў раскопках, сказаў, што «ўнітаз», хутчэй за ўсё, прызначаўся для высокапастаўленых чыноўнікаў у перыяд Царства, якое змагаецца (475—221 гг. да н. э.), і пазнейшай дынастыі Хань (206 г. да н. э. — 220 г. н. э.). Ён дадаў, што слугі, верагодна, налівалі ваду ва «ўнітаз» кожны раз, калі ім карысталіся.

«Унітаз са змывам з'яўляецца канкрэтным доказам таго значэння, якое старажытныя кітайцы надавалі санітарыі», — сказаў Лю. Археолагі аналізуюць узоры, узятыя з выяўленай знаходкі, у надзеі высветліць, што людзі елі ў той час.

Да таго як гэтае адкрыццё было зроблена, вынаходства першай прыбіральні са змывам прыпісвалася англійскаму прыдворнаму Джону Харынгтану, які, меркавана, устанавіў яго для каралевы Лізаветы ў XVІ стагоддзі.

Сяргей СТАРЫНАЎ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.