Вы тут

«Вечное время» Анатоля Аўруціна. Глыбокае пазнанне чалавека праз лірызм


Нечакана прыгадалася даўняе, калі 30 гадоў назад у выдавецтве «Мастацкая літаратура» выйшла новая кніга Уладзіміра Паўлава «Ад агню і мяча». Але не паэтычная, як іншыя ў яго, а празаічная. Так захапіла, што напісаў рэцэнзію «Паэт піша прозу», якая была змешчана ў часопісе «Маладосць» (1974, № 1). Магчыма, і забыўся б пра яе, калі б нядаўна не перажыў у нечым падобныя ўражанні. Яны з’явіліся, як толькі ўзяўся чытаць, як пазначана ў падзагалоўку, «выбраныя творы» Анатоля Аўруціна «Вечное время», што пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь». Анатоль Юр’евіч таксама адчувае сябе ўпэўненым у новым для яго творчым амплуа, нібы ў ім працаваў даўно. Праўда, падзеі ў іх адлюстроўваюцца розныя. Але аб’ядноўвае абодвух тое, што, ступіўшы на празаічную сцяжыну, застаючыся пераканальнымі ў лірычных адступленнях, характарыстыках унутранага свету персанажаў, гэтаксама чуйныя да праяўленняў іх душы, унутранага, што дазваляе лепш і глыбей спазнаць чалавека.


Каханні... Радзівона Раскольнікава 

У гэтым добра пераконвае нават пачатак аповесці «Цень лёсу», якой кніга адкрываецца. Каб перадаць большую ідэнтычнасць арыгіналу, абыдуся без перакладу на беларускую мову: «В последних числах июля изнурающее солнце неожиданно скрылось за серыми тучами, принесшими проливные дожди и непогоду, весьма напоминающую ноябрьскую. Длилось такое недолго, всего денька три, пока Ильин день, отморосив и отплакав, не уступил место дню новому. Солнце снова выкатилось из-за горизонта, но выглядело оно уже каким-то другим, побитым и устало-измученным, будто изболевшийся человек, которого, не долечив, выписали из мрачной районной больницы». 

У наступным абзацы аповеду ўжо не да лірызму. У ім паўстае суровая рэальнасць жыцця галоўнага героя, якая адразу гняце яго няпэўнасцю: «Все эти дни Родион не выходил из дому, старательно дорабатывая рукопись залежавшегося в столе романа, которым внезапно заинтересовалось одно престижное издательство. Больших гонораров не обещали, но, если за свои средства выпустят да еще дадут экземпляров пятьдесят авторских в качестве гонорара, — уже замечательно, не нужно думать, где добыть денег, чтобы унизительным способом, за свой счет, издать книгу, у которой все равно мало шансов встретиться с читателем — книготорговцы давно уже редко и неохотно ставят на полки подобны вещи». 

Чарговая гісторыя пра літаратараняўдачніка? Глыбока памыляецеся. Усё куды складаней і больш інтрыгоўна. У пісьменніка, якога завуць як аднаго з персанажаў Фёдара Дастаеўскага, да ўсяго і прозвішча Раскольнікаў. І ён знаёміцца з... Калі падумалі, што сустракаецца са старой, зноў памыліліся. Гэта Наталля Іванаўна, да ўсяго Ганчарова. «Праўда, — як прызнаецца яна, — прозвішча не маё, ад памерлага мужа дасталася...». Толькі ад гэта, так сказаць, сутнасць не мяняецца. Анатоль Аўруцін і ў далейшым, як цудоўны знаўца рускай класічнай літаратуры, прыгадвае каго-небудзь з персанажаў, кім захапляецца не адно пакаленне. І кожным разам як бы прыстасоўвае іх да сучасных умоў. 

«Выкарыстанне» ім Радзівона Раскольнікава як таго, хто па-свойму ўяўляе справядлівасць, — не адзінкавы выпадак. Адвакат Лучынін з апавядання «Над прорвай» — таксама з тых, хто цаной уласнага жыцця выратоўвае жанчыну, якая забіла гвалтаўніка. Хоць у ім, магчыма, я і памыляюся, хацелася б большай псіхалагічнай аргументацыі яго паводзін. А вось «Цень лёсу» — у многім узор таго, як трэба пісаць творы з элементамі дэтэктыву, каб праўда абставін з праўдай разгортвання характараў не заставалася толькі падначаленай элементам займальнасці, а сведчыла, што ў жыцці ўсякае надараецца і ад гэтага нікуды не дзенешся. Адным словамі — се ля ві. 

Змешчаны ў кнізе і іншыя апавяданні. Адно з іх «Дземенцыя» мае прысвячэнне «Светлай памяці бацькоў». Надзіва прывабнымі, прасветленымі атрымаліся воблікі яго герояў Юрыя Захаравіча і Веранікі Ільінічны. Гэта гісторыя ўзаемнага кахання з маленства на ўсё жыццё. Апавяданне «Апошняе сонца», што змешчана следам са згаданым, як бы працяг папярэдняга. У ім апошнія псіхалагічна вывераны пададзены апошнія гадзіны жыцця цяжка хворага чалавека. 

Як нараджаўся пісьменнік 

Тых, хто цікавіцца жыццём і творчасцю народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Чаргінца, безумоўна, не пакіне абыякавым аповед Анатоля Аўруціна «Чалавек з Кнігі Гінеса, або Аповесць аб Мікалаю Чаргінцу». У ім узнаўляюцца пачатковыя старонкі жыцця гэтага выдатнага чалавека, грамадскага дзеяча і... Прабачце, акурат пра яго як пісьменніка нічога не гаворыцца, бо ў аснове асэнсавання ляжаць толькі моманты яго маленства, юнацтва. Хоць няцяжка здагадацца, гэта якраз той перыяд, калі і пачынаецца фарміраванне чалавека як асобы. Асабліва, прыняўшы пад увагу тое, што самі ўмовы, тое, што адбываецца, надта і спрыялі таму, што таленавіты ад нараджэння чалавек дасягнуў так шмат. 

І не толькі тыя, якія пераконваюць, што ў сям’і, якая дала яму жыццё, інакш быць і не магло. Дружная, працавітая, у якой усе адзін за аднаго і кожны за ўсіх, і садзейнічалі таму, што дапытлівы хлапчук імкнуўся быць падобных на старэйшых. Ранняму сталенню яго паспрыяла і вайна, якую ён сустрэў у чатырохгадовым узросце. Анатоль Аўруцін не проста з прыязнасцю апавядае пра бацькоў Мікалая Чаргінца, блізкіх яму людзей, але і, не пабаюся гэтага слова, любуецца імі. Неаднаразова ўпэўніваешся, што ў гэтую цяжкую для савецкага народа гадзіну яны інакш паступіць не маглі. Кожны, як пяецца ў вядомай песні, прыбліжаў светлы дзень Перамогі як мог. Сваім дзіцячым розумам падлетак, несумненна, гэта разумеў, але, калі трэба было, ведаў, пра што можна гаварыць, а пра што неабходна маўчаць. 

Як і відаць, зыходзячы з назвы твора, гэта аповесць пра аднаго героя. Аднак, засяроджваючыся на ім, аўтар не абмінае іншых, з кім Мікалай Чаргінец у розных сітуацыях кантактуе. Аповесць — у пэўнай ступені і панарама тагачаснага жыцця, пачынаючы ад ваеннага і завяршаючы 60-мі гадамі мінулага стагоддзя. Праўдзівасцю ўражваюць старонкі пра ваеннае жыццё Мінска. Найперш пра тое, як зверствы акупантаў не маглі зламаць супраціўленне савецкіх людзей. Аповед жа пра гета — яшчэ адзін прысуд фашызму. А поруч радасныя старонкі, калі прыйшло чаканае вызваленне. 

Нядаўні хлапчук ваеннай пары сталее. Іншымі, больш шырокімі становяцца яго інтарэсы, з’яўляюцца новыя сябры. Літаратурны партрэт персанажа паступова становіцца ўсё больш аб’ёмным. Ды не з-за таго, што дагэтуль нешта замоўчвалася ці не дагаворвалася. Выклікана гэты тым, што герой аповеду стасуецца з усё большай колькасцю людзей. З’яўляецца магчымасць падрабязней расказаць пра гэта, калі... 

Калі, як і раней, кіравацца аб’ектыўнасцю, чаго Анатоль Юр’евіч нязменна і прытрымліваецца. Ён не баіцца, што, магчыма, сёй-той з чытачоў некаторыя звесткі ўспрыме нявартымі ўвагі, а то і палічыць выпадковымі. Ён упэўнены, што, паколькі тое, што ён прыводзіць у аповесці, — як бы штрыхі да таго, што трапляе пад вызначэнне маскоўскай серыі «Жизнь замечательных людей», то павінна быць праўда і толькі праўда. Гэта тычыцца розных перыядаў юнацтва Мікалая Чаргінца. У тым ліку і таго, што звязана з яго дзейнасцю футбаліста. 

Калі гаварыць аб перыядзе, калі ён быў накіраваны партыйнымі органамі на працу ў міліцыю, то гэтыя раздзелы, калі б дазваляў памер аповесці, можна было б і пашырыць, а то і напісаць новыя. Настолькі тое, чым займаўся Мікалай Іванавіч, а галоўнае як займаўся, сведчыць, якім высокім прафесіяналам ён быў, нягледзячы на свой яшчэ малады ўзрост. Чытачы, знаёмыя з яго кнігамі, застануцца ўдзячнымі Анатолю Юр’евічу, што прыадкрыў шмат якія старонкі жыцця любімага імі пісьменніка. Дарэчы, раманы Мікалая Чаргінца карыстаюцца вялікай папулярнасцю таму, што ўдала спалучаюць у сабе псіхалагічную дакладнасць, выверанасць у адлюстраванні персанажаў, характараў з дасканалым валоданнем законаў прыгодніцкага, дэтэктыўнага жанру. У асобных сваіх апавяданнях, як чытач заўважыў, дасягае гэтага і Анатоль Аўруцін. 

Не кожны талент заўважаны 

Ёсць у кнізе і раздзел «Літаратурнакрытычныя артыкулы, эсэ». Заінтрыгаваць чытача ў падобных матэрыялах наўрад ці магчыма. Толькі не Анатоля Аўруціна. У гэтым пераконвае артыкул «Хворы лічыць сябе паэтам...» Той, хто ведае творчыя схільнасці Анатоля Аўруціна, бадай, здагадаецца, пра каго пойдзе гаворка. Канешне ж, пра Веніяміна Блажэннага. Мне таксама неаднойчы даводзілася чуць ад Анатоля Юр’евіча, які гэта арыгінальны, хоць многім і невядомы, паэт. Што арыгінальны, ведаючы пра яго мастакоўскі густ, можна не сумнявацца. А што невядомы — лёгка здагадацца, ідучы ад першай высновы. 

Літаратараў, асабліва паэтаў, якія, як «не ўсе», рэдка звяртаюць на сябе ўвагу. Не толькі з-таго, што яны не ўмеюць прабіваць свае творы, не знаходзячы паразуменне з выдаўцамі. А, між іншым, на Веніяміна Блажэннага некалі звярнуў увагу Барыс Пастэрнак. Яго кніга «Возвращение к душе» была выдадзена дзякуючы падтрымцы не каго-небудзь, а Арсенія Таркоўскага. Публікаваўся в «Новом мире», «Замени», «Дружбе народов». У Мінску ж дабіўся ўсяго невялікага зборніка «Слух сердца». У Саюз пісьменнікаў прынялі толькі ў 70 гадоў, за пяць гадоў да смерці. Ды і то галасы падзяліліся «за» і «супраць» пароўну: «І толькі выступленне мудрага народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля выратавала Праўленне ад позняга сораму — Блажэннага ў СП прынялі. Каб, як высветлілася пазней, забыць аб яго існаванні на доўгія гады». 

Уражваюць і іншыя факты з жыццёвай біяграфіі Веніяміна Міхайлавіча, ураджэнца Копыся, сапраўднае прозвішча якога — Айзенштат. У публікацыях 1980-х гадоў падпісваўся і як Блажэнны. Яго жонка, «красавица-казачка, некогда напрочь разорвавшая все связи с родными, восставшими против его брака с полунищим евреем по фамилии Айзенштадт, все эти годы была ему женой, и нянькой, и секретарем, и защитницей от всех невзгод». На вайне страціла нагу, а «когда ее разбил инсульт, поэт окончательно утратил всякий интерес к существованию, даже не вышел на улицу вслед за гробом жены... Не от бессердечия, разумеется, — просто это было выше его истаявших сил. Он и до этого уже лет пятнадцать не выходил из дому по болезни, а тут окончательно впал в беспамятство, пережив свою страдалицу-супругу всего на двенадцать дней [...]». 

У якасці назвы гэтага артыкула-ўспаміну Анатоль Аўруцін невыпадкова узяў назву «Хворы лічыць сябе паэтам...». Такім дыягназ яму ставілі ўрачы. На жаль, і ў літаратурных колах стаўленне да яго неадэкватнае. Будзем справядлівымі: ён і сам некаторымі сваім паводзінамі і выклікаў далёка не лепшую рэакцыю. Даследчык гэтага і не хавае, стараючыся быць як мага больш аб’ектыўным, хоць, як відаць з тэксту, застаецца высокай думкі пра творчасць таго, каго згадвае. Але гэта не перашкаджае яму прытрымлівацца праўды. 

Прыводзіць цікавы выпадак, калі Веніямін Блажэнны, завітаўшы неяк у рэдакцыю «Нёмана», паказаў загадчыку аддзела паэзіі Рыгору Бярозкіну, які ўспрымаўся ці не асноўным дасведчаным знаўцам яе, не свае творы, а раннія вершы маладога Мікалая Аўсеева. Ён, ніколькі не сумняваючыся, разнёс усе іх у пух і прах. Пасля гэтага Веніямін Міхайлавіч папрасіў прабачэння, што памылкова прапанаваў не свае вершы. Ці трэба казаць, што пасля ўсяго яго шлях у гэты часопіс быў назаўсёды закрыты. А каму падабаюцца з’едлівыя і той жа час несправядлівыя эпіграмы? Ён жа нават Анатолю Юр’евічу прысвяціў не адну, а нават тры. І гэта пры тым, што незадоўга да гэтага выступіў у газеце «Советская Белоруссия» з вялікім артыкулам пра яго творчасць. 

Несумненна, гэты артыкул Анатоля Аўруціна можна ў многім успрымаць узорам таго, як трэба пісаць пра творчасць літаратараў, у дадзеным выпадку паэтаў, якіх высока цэніш. Такімі выглядаюць і развагі «Тры іпастасі і тры жонкі Мікалая Мінскага» пра ўраджэнца Глыбокага (сапраўднае прозвішча па прыёмным бацьку Віленкін), таксама незаслужана забытага. Свой роздум пра яго завяршае радкамі з вершамі Яўгена Еўтушэнкі, які неаднойчы звяртаўся да яго творчасці: 

Был поэт Николай Минский — 
Не ахти какой исполинский. 
.......................................... 
Как мечтал он читать хоть что-то, 
Словно с кафедры, с эшафота. 
И случались такие строчки, 
Что их можно читать в одиночке. 


Анатоль Юр’евіч заўважае: «Да гэтых слоў цяжка што-небудзь дадаць». Памойму, чытач упэўніўся ўжо, што няма неабходнасці нешта дадаваць і да разгляду кнігі «Вечное время». Значнасць яе яшчэ больш павялічваецца, калі прыняць пад увагу, што яна выдадзена для папаўнення бібліятэк. Дапытлівы чытач, дзякуючы ёй, атрымае для сябе яшчэ больш поўнае ўяўленне пра сучасную беларускую літаратуру. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.