Вы тут

Гісторыя жыцця пісьменніцы Эдзі Агняцвет


Сярод самых знакамітых беларускіх пісьменнікаў і Эдзі Агняцвет. Далёка не ўсе ведаюць, што яе сапраўднае прозвішча Эдзі Каган. Яшчэ менш здагадваюцца, чаму яна выбрала сабе такі псеўданім. Ды ў гэтым «вінаваты» Якуб Колас. Калі быць больш дакладным, яго паэма «Сымон-музыка». Хто добра знаёмы з гэтым неўміручым творам народнага песняра, памятае, як галоўны герой Сымон заначаваў у карчмара Шлёмы. Толькі не спіцца яму, «не йдзе сон». І раптам здагадваецца, у чым прычына:

Яркі светам,

Агняцветам

Свеціць штосьці, — 

То — яна!

«То — яна!» — дзяўчына, з якой некалі ён сустрэўся, а «яе імя — // Агняцвет!» Яна ў яго «душы // Заўжды міла і жадана». Эдзі Каган згаданы твор Якуба Коласа вельмі падабаўся. Не менш і імя дзяўчыны. Так у 1929 годзе і прыйшла ў беларускую літаратуру паэтэса Эдзі Агняцвет.


І Янкам Купалам заўважаная

Псеўданім Агняцвет адпавядаў яе настрою — жыць узнёсла, не забываючы, што новы свет могуць пабудаваць толькі людзі, рамантычна акрыленыя, адданыя справе рэвалюцыі. А яна (нарадзілася ў Мінску 11 кастрычніка 1913 года, пайшла ў вечнасць 17 ліпеня 2000-га) такой і была. Дзеці рабочых, рамеснікаў, а таксама сялян імкнуліся авалодаць ведамі. Назва першай кнігі Эдзі Агняцвет «Маё пакаленне» (1935) у гэтым сэнсе сімвалічная: пісала не толькі пра сябе, але і пра тых, хто знаходзіўся з ёй поруч.

Бацька Эдзі Сымонаўны працаваў прарабам на лесасплаве і лесанарыхтоўках, а маці была бібліятэкаркай. З аўтабіяграфіі Эдзі Агняцвет даведваемся: «Яна першай раскрыла перада мною хараство казак Пушкіна, вершаў Лермантава, твораў Талстога. У Пушкінскай бібліятэцы мне давялося упершыню ўбачыць беларускіх пісьменнікаў: там мая маці — вялікая аматарка паэзіі — часта арганізоўвала вечары беларускай літаратуры». Бацька ж вучыў дачку любіць прыроду. Гэтыя два захапленні — літаратурай і прыродай — паспрыялі таму, што дзяўчынка сама пачала пісаць. Першым суддзёй стаў настаўнік, выкладчык беларускай літаратуры. Ён параіў паказаць гэтыя пробы пяра самому Янку Купалу. 

На ўсё жыццё запомніла яна першую сустрэчу з Іванам Дамінікавічам. Затым былі і наступныя, ды тая — як далёкі сон, які ніколі не забываецца: «Да мяне выйшаў высокі светлы чалавек, паглядзеў добрымі, праўдзівымі вачыма і папросту запрасіў зайсці ў хату. Помню вялікі круглы стол, на якім ляжала мноства кніг і часопісаў. Янка Купала запытаўся, што чытаюць мае школьныя таварышы і я сама. Параіў вучыцца, чытаць творы Някрасава, Шаўчэнкі, Горкага, Багдановіча…» І, безумоўна, пазнаёміўся з вершамі госці. А затым было гэткае цёплае, як і сустрэча, развітанне: «[…] Янка Купала нарэзаў букет ружаў. Ніколі потым у жыцці я не бачыла такіх дзівосных ружаў. Калі вярталася дадому, мне здавалася, што кожны сустрэчны ведае: я нясу букет, падораны Янкам Купалам».

Аднак была і проза жыцця. Скончыўшы сямігодку, уладкавалася на мінскі завод «Камунар». Марыла аб прафесіі будаўніка, таму праз год паступіла ў бу-
даўнічую прафтэхшколу. Але правучылася ў ёй толькі год. Адбылося гэта дзякуючы пісьменніку Алесю Якімовічу, на той час выкладчыку беларускай мовы і літаратуры. Алесь Іванавіч ахвотна падтрымліваў маладых аўтараў. У школе праводзіліся чытацкія канферэнцыі, літаратурныя дыспуты. Па яго рэкамендацыі Эдзі Агняцвет прапаноўвала свае творы ў друк. Яны змяшчаліся ў газетах «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі», іншых выданнях. Алесь Якімовіч параіў атрымаць вышэйшую адукацыю. 

Творчае сяброўства з Якубам Коласам

Акурат у гэты час на літаратурным факультэце Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута адкрылася новае аддзяленне — крытычна-творчае. Сюды і паступіла Эдзі Агняцвет. Ды гэтым атрыманне вышэйшай адукацыі не абмежавалася. Скончыўшы вучобу ў 1934 годзе, адразу завочна паступіла на педагагічнае аддзяленне гэтага факультэта, а працавала рэдактарам на Рэспубліканскім радыё.

У 1939-м стала кансультантам у кабінеце маладога аўтара Саюза пісьменікаў Беларусі. У 1940—1941 гадах была супрацоўнікам аддзела паэзіі часопіса «Полымя рэвалюцыі». Да вайны выдала яшчэ дзве «дарослыя» кнігі — «Вершы» (1938) і «Вясновай раніцай» (1941). 
Але ўсё больш пераконвалася, што яе прызванне — дзіцячая літаратура.

Калі гітлераўцы акупавалі Беларусь, эвакуіравалася ва Узбекістан. Пісала вершы, у якіх асуджала фашызм, апявала мужнасць савецкіх людзей. Новае гучанне набылі і творы для дзяцей. У аўтабіграфіі сведчыла: «Найбольш хвалявала мяне тэма: нашы дзеці. На дарогах вайны бачыла я счарнелых, бяздомных дзяцей. Гэта не павінна паўтарыцца ніколі!»

У 1942 годзе напісала і лібрэта оперы-казкі «Джанат», якую паклаў на музыку кампазітар Леў Шварц. Прэм’ера адбылася ў 1944-м. Былі пастаноўкі ў 1947 годзе і ў 1974-м. У пасляваенны ўжо час яе паэмай «Песня пра піянерскі сцяг» зацікавіўся кампазітар Рыгор Пукст. У 1956 годзе ў тэатры оперы і балета ў Мінску з поспехам прайшла прэм’ера. Яна стала першай беларускай операй для дзяцей. Калі мець на ўвазе «Джанат», то другой у творчай біяграфіі Эдзі Сымонаўны. 

Жывучы ў Ташкенце, яна часта сустракалася з Якубам Коласам — розніца ў гадах не перашкаджала іх сяброўству. Выступала перад салдатамі ў шпіталях. На гэты час прыпадае і пачатак яе дружбы са знакамітай узбекскай паэтэсай Зульфіёй. Адсюль, з Узбекістана, вытокі ў яе творчасці, у тым ліку і ў творах для дзяцей, тэмы дружбы ўзбекскага і беларускага народаў.

Талент жа яе як дзіцячай паэтэсы па-сапраднаму раскрыўся якраз пасля вайны. Канешне, шмат пісалася і «дарослых» твораў, але ўсё часцей перавагу аддавала літаратуры для хлопчыкаў і дзяўчынак. Аб гэтым сведчаць кнігі «Васількі» (1947), «Ля піянерскага кастра» (1952), «Твае таварышы» (1957), «Госць з далёкай зямлі» (1958), «Незвычайныя канікулы» (1962), «Першы ліст» (1966), «Падарожнік» (1969), «Піянерская гама» (1970), «Мы сур’ёзныя, мы вясёлыя» (1976), «Ад зярнятка да вясёлкі» (1981), «Хто пачынае дзень?» (1982), «Рэчка, рэчанька» (1991) і іншыя.

Лекі жураўлінай крыніцы

Усе гэтыя выданні сваімі найлепшымі творамі засведчылі, што Эдзі Агняцвет — з творцаў, якія ў дзіцячай паэзіі дабіліся найбольш значных поспехаў. Асабліва ў асваенні эпічнага кірунку, пра што сведчаць паэмы «Будзем сябраваць», «Незвычайныя канікулы», у якіх гучыць і тэма Вялікай Айчыннай вайны. Праўда, у апошняй яна ўвязана з пасляваенным часам. Гарадская школьніца Галя ў час летніх канікул гасцюе ў свайго дзеда, былога партызана. Раней ён сам мог павадзіць дзяўчынку па месцах былых баёў. Цяпер хварэе, але хоча напіцца вады з Жураўлінай крыніцы.

Жураўліная крыніца!

Трэба досвіткам адной

Праз гушчар стары прабіцца!

Збан гліняны за спіной.

Прыносіць Галя ваду. Прытулілася шчакой да дзедавай шурпатай рукі, просіць, каб пачакаў, не паміраў: «Падрасту, знайду я лекі…» Завяршэнне пра тое, што добры ўчынак чалавек можа дапамагчы пераадолець смерць:

— Пачакай, жыві! — прасіла,

Пераконвала яна.

І стары набраўся сілы,

Павярнуўся да акна.

Зіхацела там калоссе,

Травы ў росах, белы гай.

Неба і зямля, здалося,

Паўтаралі:

Пачакай!

Маладымі галасамі

Клікаў добры, мілы край.

Чуўся пошчак:

Па-ча-кай!

І сінела даль без краю.

Ён шаптаў:

Я… пачакаю.

Гэтаму твору сугучная і паэма «Васіль Сяргеевіч». Герой яе — стары дзіцячы ўрач, які вывез дзяцей з лагера смерці, пераапрануўшыся ў форму нямецкага афіцэра. Захварэў ён, занядужаў. Здаецца, спадзявання на ўратаванне няма. Але з Запаляр’я прыязджае прыёмны сын і прывозіць з сабой белае медзведзяня — «самай першай чысціні». Як і Галін дзед, набіраецца Васіль Сяргеевіч сілы. Не лекі лечаць яго, а спагада, а, правільней, і тое, і другое:

Мабыць, лепшы памочнік лекаў

І надзейны чарадзей — 

Голас блізкага чалавека

І спагада родных людзей.

Гэтай спагадай, дабрынёй напоўнены сэрцы і юных герояў іншых твораў. Як у вершы «Міхеіч». Сюжэт (дарэчы, сюжэтныя ў сваёй аснове і многія вершы, у чым таксама сказваецца праяўленне эпічнасці яе таленту) узяты з паўсядзённасці. Дзеці пасябравалі з дворнікам, адзінокім і старым. І вось яны даведаліся, што Міхеіч захварэў, а дапамагчы няма каму. Адразу ж, не чакаючы падказкі дарослых, «пабеглі… у аптэку, пабеглі ў магазін»:

Прынеслі аспірыну:

Хутчэй, хутчэй прымай! —

Прыправілі малінай

Грузінскі смачны чай.

Не забыліся, што двор не падмецены. Тут за справу ўзяўся герой-апавядальнік: «Надзеў фартух я сіні, пайшоў з мятлой, з вядром». А праца па ахвоце, без прымусу заўсёды радасць прыносіць, таму маленькі дворнік не хавае свайго захаплення ад таго, што зрабіў карысць людзям: «Мне вокнамі ўсімі наш усміхнуўся дом». 

Доктар добры — Смех

Цудоўна ведала Эдзі Агняцвет псіхалогію дзяцей і таму, што часта сустракалася са сваімі чытачамі. І не толькі ў час прэзентацыі кніг, канферэнцый. Даўняе сяброўства было і з вучнямі Рэспубліканскай школы-інтэрната па музыцы і выяўленчым мастацтве. Плёнам яе стала кніга «Доктар Смех», якая ў 1977 годзе выйшла ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». Праілюстравалі яе самі дзеці. Юныя мастакі з гэтай школы пастараліся і афармляючы зборнік Эдзі Сымонаўны «Ад зярнятка да вясёлкі».

Што да смеху, дык яна сапраўды бачыла ў ім «доктара» ад шмат якіх заган. І ад гультайства, і ад зазнайства, і ад самаўпэўненасці. Часам гэты доктар у творах пра падзеі расказвае з іроніяй, а то і, адчуваючы, што дастаткова прафілактычных мер, — з усмешкай. Як у вершы «Параска і падказка», у якім дзяўчынка трапляе ў недарэчнае становішча. З-за таго гэта адбываецца, што не вучыць урокаў, а спадзяецца толькі на дапамогу аднакласнікаў. Акрамя таго, часта не разабраўшыся, што і да чаго, прамаўляе неўпапад. Не стрымалася настаўніца, запыталася неяк у дзяўчынкі: «Скажы нам, без якога слова пражыць не можаш ані дня?» Маўчала Параска, пакуль хтосьці не «дапамог» ёй:

Знайшоўся жартаўнік такі,

Што гучна прашаптаў:

                             Падказка.

— Падказка! — крыкнула Параска.

Прывабліваюць і творы, у якіх выкарыстана форма дзеяння, гульні. Дзіця трапляе ў родную яму стыхію, хоча да ўсяго дайсці самастойна. Таму і прызнаецца герой верша «Скорагаворкі»: «Я гуляў ля горкі і збіраў скорагаворкі». Збіранне аказалася плённым. Яны звязаны між сабой, тым самым утвараецца адзін твор з асобных раздзелаў, паміж якімі знаходзяцца свайго роду ўстаўкі: «Ці не лепшая — першая?», «Следам бяжыць другая — не благая!», «Я да рэчкі падышоў — раптам трэцюю знайшоў», «Вось табе, Рагатун Рыгорка, чацвёртая скорагаворка»…

Прэмія Андэрсена — адзнака высокая

Эдзі Агняцвет не толькі пісала для дзяцей арыгінальныя творы, але і перакладала найлепшае з іншых моў. У прыватнасці, дзякуючы ёй, да беларускай дзятвы прыйшлі на роднай мове зборнікі паэзіі Я. Османіса «Сабака з рагаткай», Г. Сулейманавай «Сорак косак», М. Джаліля «Я гляджу на зоры». У гэтым шэрагу адметнае месца займае «Краіна Паэмія» (1962). Гэта — свайго роду анталогія французскай паэзіі для дзяцей, складзеная ў Францыі ў 1928 годзе. Увогуле, з французскай мовы Эдзі Сымонаўна перакладала шмат, добра ведаючы яе. Па-беларуску пабачылі свет і «дарослыя» кнігі: «Выбраныя песні» П.-Ж. Беранжэ, «Маленькі прынц» А. Экзюперы, «Зямны акіян» Г. Апалінэра, «З табою» П. Элюара. 

Аднак, паўтаруся, усё ж найбольш значныя дасягненні Эдзі Агняцвет у галіне дзіцячай літаратуры. Пацвярджэнне таму і ўзнагароджанне яе ў 1986 годзе Міжнародным ганаровым дыпломам імя Х.-К. Андэрсена. Гэтай высокай сусветнай адзнакі была ўдастоена кніга «На двары алімпіяда».


Сімвалічна ўспрымаюцца ружы, падораныя некалі Эдзі Сымонаўне Янкам Купалам. Быццам прадчуваў Іван Дамінікавіч, што талент пачаткоўкі, якая завітала да яго, з цягам часу расквітнее, набярэцца сілы, як і гэтыя прыгожыя кветкі. 

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.