Вы тут

З Віцебска ў Хельсінкі. На самаробнай яхце


47-гадовы жыхар Віцебска Уладзімір Конараў на самаробнай яхце адправіўся ў воднае падарожжа па легендарным шляху "з варагаў у грэкі". Яму трэба будзе прыкладна за месяц пераадолець каля 2 тысяч кіламетраў: з Віцебска да Хельсінкі і назад.

Бераг Заходняй Дзвіны, гарадскі пляж за дзень да адплыцця... Калі на аўто нашага пазаштатнага фатографа Віктара Нікалаева яшчэ пераязджалі па мосце цераз раку, убачылі на беразе прыгожую яхту. Пакуль яхтсмен рыхтаваўся да адплыцця, пагутарыў з яго сябрам, старшынёй арганізацыйнага камітэта гэтага незвычайнага і вельмі смелага падарожжа. Гарый Сцяпанаў узначальвае Віцебскі спартыўны клуб "Скарпіён". Захапляецца віндсёрфінгам. Разам з Уладзімірам ён таксама планаваў прайсці шлях "з варагаў у грэкі", ды па стане здароўя не змог адправіцца ў складаны шлях на сваёй яхце — таксама самаробнай.

1372240186896_1

— Адкуль крыніца такой ідэі — адправіцца ў Хельсінкі з Віцебска? Мара аб далёкіх водных падарожжах нарадзілася ў нас яшчэ ў дзяцінстве. Памятаецца, збудавалі плыт і адправіліся ў першае ў жыцці маленькае воднае падарожжа. Яшчэ да развалу СССР мы стварылі гурток яхтсменаў, — расказвае Гарый Сцяпанаў. — Будавалі і вялікія лодкі. У прыватнасці, Валодзя Конараў тады пабудаваў вялікую яхту. На возеры Лосвіда яна хадзіла. Потым, у 1990-я, адышлі на час ад захаплення: бізнесам пачалі займацца...

Як расказаў мой суразмоўца, пры абласным спартыўным клубе "Сэсінкай" некалькі гадоў таму арганізавалі секцыю паруснага спорту — яхтынгу.

— У суседніх краінах — Расіі, ва Украіне — каб зарэгістраваць самаробную лодку, трэба вельмі шмат часу патраціць. А ў Віцебску людзі, адказныя за рэгістрацыю суднаў, з разуменнем адносяцца да нашага захаплення. Бо сваёй дзейнасцю мы агітуем за развіццё нацыянальнага паруснага спорту, — працягвае Гарый Сцяпанаў. — Колькі ўжо лодак, яхт мы зрабілі — не было праблем з рэгістрацыяй. Нам спрыяюць ва ўсім. Вось і цяпер, калі мы здавалі экзамен на права ажыццяўляць міжнародныя падарожжы, — вельмі нас у інспекцыі падтрымлівалі.

Карэспандэнту "Звязды" паказалі ўнікальны дакумент — міжнароднае пасведчанне на права кіравання прагулачным суднам. Такіх, як сцвярджаюць віцебскія энтузіясты, у Беларусі можна па пальцах адной рукі пералічыць.

1372240186601_2

Сам жа Уладзімір Конараў аказаўся вельмі сціплым чалавекам. Сказаў, што працуе менеджарам у фірме. Прадставіў жонку, якая на беразе назірала за падрыхтоўкай судна да адплыцця. А яна, у сваю чаргу, паведаміла аўтару гэтых радкоў, што назва судна "Вірго-2" у перакладзе адзначае "дзева". А пад № 2 таму, што ёсць і "сястра" яхты — пад № 1. Чаму "дзева"? Таму што Уладзімір па гараскопе дзева. Яшчэ цікава было пачуць, што іх дачка Аліна ў дзяцінстве двойчы спрабавала свае сілы... у нацыянальным адборачным туры дзіцячага "Еўрабачання". Зараз ёй 19 гадоў, вучыцца ў Віцебскім каледжы мастацтваў — будучы рэжысёр. Цяпер вось бацька вырашыў "пакарыць" Еўропу сваім смелым выпрабаваннем.

Уладзімір расказаў, што спачатку судна будзе ісці ў бок Полацка. Потым у Латвіі, спыніцца каля гарадка Краслава, далей — Рыга...

— Але цалкам прайсці па рацэ будзе немагчыма. Рыжане будуць перавозіць мяне цераз плаціну, бо ГЭС перашкаджае ў нашы дні паўтарыць знакаміты водны шлях. Таму адлегласць у 100 кіламетраў яхта пераадолее на трэйлеры. Потым буду рыхтавацца да марскога пераходу, пайду ў бок Таліна, а з Таліна ўжо на Хельсінкі. Адтуль мой шлях — у бок Ханка — гэта заходні порт Фінляндыі, далей уніз — на Сорына і ўздоўж заходняга ўзбярэжжа Фінскага заліва — зноў да Рыгі. Затым буду штурмаваць Заходнюю Дзвіну супраць плыні —- па дарозе ў Віцебск. Было жаданне з Таліна ісці на Піцер, але ёсць асаблівасці памежнага кантролю. Прыйшлося б каля 250 кіламетраў ісці адкрытым морам, што, у прынцыпе, для гэтай яхты складана.

Паводле слоў Уладзіміра, праблем з атрыманнем візы ў яго не было. Арганізатары цяпер ужо добра вядомага міжнароднага турыстычнага праекта "Бэла-Дзвіна-Даўгава" звязаліся з віцэ-консулам Латвіі ў Віцебску і без чаргі выдалі Уладзіміру дакументы — усяго праз 2 тыдні атрымаў гадавы "шэнген".

Запытаў я падарожніка і пра тое, якія сцягі будуць замацаваны над суднам? Аказалася, што спачатку толькі наш беларускі сцяг.

— Ёсць пэўныя правілы. Пайду ў водны паход згодна з традыцыямі і правіламі. Пры падыходзе ў іншую краіну вывешваюць і сцяг краіны, куды заходзяць — "гасцявы", але ён будзе знізу — пад нацыянальным — умацоўваецца. Ёсць на борце судна і надпіс, што яно з Віцебска. Рэкламаваць буду і наш спартыўны клуб — кажа Уладзімір. — Цяпер я, бадай, у стане як перад першым скачком з парашутам. Трэба адмовіцца ад дурных думак. Так, я буду першым, хто пройдзе ўвесь шлях да Балтыкі. Гэта — вялікая адказнасць. Наколькі ведаю, на плытах і раней хадзілі па Заходняй Дзвіне, але толькі да мяжы. Спадзяюся, што пад беларускім сцягам удала прайду праз 3 краіны.

1372240186717_3

Не мог не запытаць пра характарыстыкі яхты. Яна можа хадзіць пад ветразем і з выкарыстаннем матора. Даўжыня яхты — 5 метраў, 1,8 метра — шырыня, водазмяшчэнне — каля 500 кілаграмаў, калі яна цалкам загружана. "Пасадка" ў вадзе — да 40 сантыметраў. Хуткасць пры нармальным ветры — да 12 кіламетраў у гадзіну. А калі лічыць у "вузлах" — да 6, а нармальная хуткасць — 4-5 вузлоў.

Штодня Уладзіміру прыйдзецца пераадолець каля 100 кіламетраў. Гэта фактычна індывідуальная гонка, а не экскурсійнае плаванне. Спартсмен, дарэчы, сказаў, што ўзяў з сабой у дарогу. "Ёсць на судне невялікая газавая плітка, каб кухарыць — буду займацца гэтым у асноўным раніцай, перад чарговым этапам паходу, на беразе. Прыгатаваў страву — і ў тэрмас. На рыжскім узбярэжжы прасцей, бо там шмат яхт-клубаў, рыбалоўных гаспадарак, дзе заўсёды можна спыніцца. У нас жа пакуль што — рака ды і ўсё".

Хочацца шчыра пажадаць Уладзіміру добрага шляху!

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Фота Віктара Нікалаева.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.