Вы тут

"Праваслаўную моладзь вылучае глыбокая вера"


Заслаўе — адзін са старэйшых гарадоў Беларусі. Калі верыць летапісам, горад у самым канцы дзясятага стагоддзя пабудаваў сам кіеўскі князь Уладзімір для свайго сына Ізяслава і жонкі Рагнеды. Неўзабаве Рагнеда стала адной з першых манашак на ўсходнеславянскіх землях і ўзяла імя Анастасія. А Заслаўе зрабілася адным з першых цэнтраў хрысціянства ў Беларусі. 13 і 14 ліпеня тут у гонар 1025-годдзя Хрышчэння Русі праходзіў фестываль праваслаўнай моладзі.

1374153210697_1

Заслаўскае гарадзішча — своеасаблівы канцэнтрат гістарычных помнікаў Беларусі. Акрамя самога гарадскога вала і рэштак крапасных сцен, на яго тэрыторыі знаходзіцца Спаса-Праабражэнская царква, пабудаваная ў канцы ХVІ стагоддзя як кальвініскі збор, а праз тры стагоддзі пераасвечаная ў праваслаўны храм. Дарэчы, за колішнімі сценамі дзядзінца можна знайсці і памятны камень, на месцы, дзе падчас Вялікай Айчыннай немцы расстралялі савецкіх ваеннапалонных.

...Каля трох соцень маладых людзей ішлі сюды хрэсным ходам з трох месцаў: ад Свята-Петра-Паўлаўскага сабора ў Мінску, Свята-Праабражэнскай царквы ў Ракаве і Свята-Ільінскага храма ў Радашковічах. Ночылі — у палатачным гарадку на тэрыторыі заслаўскага гарадзішча, а таксама ў мясцовай школе.

1374153210220_2

...А 9 гадзіне раніцы ля сцен старажытнай царквы пачынаецца літургія пад адкрытым небам, якую праводзіць епіскап Барысаўскі Веніямін. Да моладзі, што ішла хрэсным ходам, далучаюцца мясцовыя вернікі. Яны прыходзяць цэлымі сем'ямі, з маленькімі дзецьмі. Праз гадзіну пасля пачатку літургіі людзей становіцца так шмат, што ім даводзіцца падымацца на валы.

Апостал і Евангелле чытаюцца на беларускай і рускай мовах. Вернікі разам спяваюць і чытаюць малітвы.

У той жа час непадалёк ад царквы адкрываецца імправізаваны кірмаш. На гарадзішчы з'яўляецца з дзясятак шапікаў, у кожным з якіх можна набыць нешта на памяць: саламяныя вырабы, драўляныя фігуркі і многае іншае. Толькі некалькі шапікаў гандлююць царкоўнымі таварамі.

1374153211241_3

— Я прыехала сюды са сваёй сям'й, з адзінаццацігадовай дачушкай і яе сябрамі, — расказвае Вераніка, прыхаджанка мінскага Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. — У хрэсным ходзе я не ўдзельнічала, а вось дзеці — з радасцю. Дождж — не праблема. Пасля заканчэння ходу ўсіх сагрэлі. Разумееце, праваслаўная вера гаворыць аб тым, што цела — другаснае. Галоўнае — дух. Калі дух моцны — цела вытрывае ўсё. Таму сваю дачку я са спакойным сумленнем давяраю Богу і адпускаю на любое мерапрыемства, што ладзіць царква. Як мне здаецца, мэта гэтага фестывалю — заявіць, што вера жыве ў маладых людзях таксама. А будучыня краіны павінна будавацца ў першую чаргу на духоўным выхаванні новага пакалення. Думаю, тое, што адбываецца зараз у Заслаўі, спрыяе гэтаму.

Пасля літургіі пачынаюцца споведзь і прычашчэнне. Ад будынка царквы аддзяляюцца тыя, хто прымае ўдзел у яшчэ адным хрэсным ходзе — да Чорнай Гары. Там раней знаходзіўся жаночы манастыр, які, па легендзе, заснавала сама Рагнеда-Анастасія. Удзельнікі хрэснага ходу ўсталёўваюць крыж на месцы будучай капліцы.

Непадалёку праходзіць выстава пад назвай "Вытокі духоўнасці". Выстаўляюцца абразы з фондаў музея-запаведніка "Заслаўе" і Мінскага абласнога краязнаўчага музея. Вялікая іх частка была ў апошні момант затрыманая на мяжы Беларусі пры спробе вывазу.

1374153211541_4

Пакуль наведнікі разглядаюць экспанаты, сваімі ўражаннямі з намі дзеліцца выканаўца абавязкаў сакратара Аб'яднання моладзі Беларускай Праваслаўнай Царквы Яўген Лабанаў:

— Хрэсны ход быў, скажам так, запамінальным. Хаця б таму, што ў Мінскім раёне выпала амаль палова месячнай нормы ападкаў. І пачынаючы ад "Мінск-Арэны" мы, у тым ліку і дзеці ва ўзросце 10-12 гадоў, з гадзіну ішлі пад сапраўднай залевай. Але адчуванні самыя пазітыўныя! Таму і самая важная частка фестывалю — літургія — прайшла проста цудоўна. Трохі пазней у нас плануецца канцэрт, выступіць на якім цікавы і вядомы гурт з Расіі "Комба БАКХ". Гэтыя хлопцы іграюць праваслаўны рэп. А чаму б і не? Цікавасці праваслаўнай моладзі не адрозніваюцца ад любой другой: яны таксама любяць свежае паветра і канцэрты. А вылучае толькі адно — глыбокая вера. На жаль, такой моладзі зараз не так шмат, як хацелася б, але з кожным годам яе становіцца ўсё болей і болей. Мэта ўсяго святкавання 1025-годдзя Хрышчэння Русі і нашага фестывалю ў прыватнасці — яшчэ раз нагадаць, як у 988 годзе адбылося тое, што сапраўды вызначыла лёсы трох дзяржаў: Беларусі, Расіі і Украіны. Духоўнае адзінства ў нашых народаў захавалася, нягледзячы на розныя, у тым ліку і палітычныя, праблемы.

1374153211299_5

Адразу па завяршэнні фестывалю многія пачынаюць сыходзіць. Але пляцоўка перад Спаса-Праабражэнскай царквой не пусцее — падцягваюцца ўсё новыя і новыя людзі. Адзін з іх, месціч Уладзімір — каталік.

— У некалькіх кроках ад гарадзішча знаходзіцца Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі, які быў у свае часы і праваслаўным храмам, — кажа ён. — Я ўпэўнены, што паміж каталіцкай і праваслаўнай канфесіямі няма істотнай розніцы, мы верым у аднаго Бога, я часта наведваю і касцёл, і царкву. Каталіком сябе лічу толькі таму, што мяне так хрысцілі. Не думаю, што беларусам зараз трэба дзяліцца... А фестываль мне вельмі спадабаўся, добра, што тут шмат моладзі і дзяцей.

Мы вяртаемся ў Мінск, а з галавы не выходзяць словы Уладзіміра. Цікава, а кім сябе лічылі Рагнеда і Ізяслаў? Сын перажыў сваю маці ўсяго на адзін год. Да Вялікага расколу хрысціянскай царквы тады заставалася трохі больш за паўвека. Магчыма, тое, што фестываль прайшоў менавіта ў Заслаўі, сімвалічна? Мінулае засталося далёка, а што будзе потым — вырашаць маладым. Магчыма, тым самым, што ў залеву і навальніцу пешшу ішлі ў старажытны горад, каб успомніць пра свае карані.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ.

Фота Надзеі БУЖАН.

Мінскі раён, г. Заслаўе

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.