Вы тут

Хачу купляць бяспечны тавар


Спрэчкі вакол тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці, шчыра кажучы, за апошні час добра надакучылі. Здавалася б, што там незразумелага: калі хочаш гандляваць, то гандлюй якасным таварам, выконваючы рэгламент, а не хочаш — займайся чымсьці іншым. Буйны і сярэдні бізнес успрыняў новыя патрабаванні таксама не з самым вялікім задавальненнем, але ж без вялікага напружання перайшоў да іх выканання. Асобным, вельмі балючым пытаннем стала прыняцце новага тэхрэгламенту для іпэшнікаў. Да гэтага дзяржава ўжо ішла некалькі разоў на паслабленні для індывідуальных прадпрымальнікаў. І вось зноў яны аказаліся не гатовымі да гульні па новых правілах. Дзяржава ў чарговы раз пайшла на перамовы. Вынік — тэрмін увядзення тэхрэгламенту перанесены да 1 ліпеня 2014 года. Аднак сітуацыю гэта не вырашыла. Іпэшнікі працягвалі чагосьці баяцца. Але страх, як вядома, часцей за ўсё з'яўляецца наступствам неразумення. Таму адбыўся дыялог (ва ўсіх сэнсах) уладных структур і прадстаўнікоў прадпрымальніцтва. Пасля таго, як паміж сабою яны высветлілі ўсе пытанні, Міністэрства гандлю паспяшыла растлумачыць тое самае "на пальцах" і прадстаўнікам СМІ. Намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч расказала, адкуль узяліся тэхрэгламенты, навошта яны патрэбны і як цяпер дзейнічаць прадпрымальнікам.

Раніцай абмеркаванне — увечары тэхрэгламент

"Тэхнічныя рэгламенты Мытнага саюза прымаюцца на ўзроўні Еўразійскай Эканамічнай камісіі. Гэта наднацыянальны орган. Але гэта не значыць, што рашэнні прымаюцца без абмеркавання з усімі бакамі. Абмеркаванне папярэднічае прыняццю тэхрэгламенту, — тлумачыць Ірына Наркевіч. — Спачатку на ўзроўні дзяржавы, потым краіны аб'ядноўваюцца і падчас перамоў выпрацоўваюць агульнае рашэнне, якое будзе прымальным для кожнага боку. І, як правіла, на гэтых перамовах бываюць эксперты з самых розных ведамстваў, каб улічыць усе інтарэсы".

1375448274604_16-42

Дзяржава заўсёды ідзе насустрач

Намеснік міністра ўпэўнена, што ўсе павінны аднолькава падпарадкоўвацца тэхнічнаму рэгламенту — і малы, і сярэдні, і буйны бізнес. У тым ліку і вытворцы. Індывідуальных прадпрымальнікаў, якія плацяць адзіны падатак, ніхто не абавязваў саміх даказваць якасць тавараў — можна карыстацца пратаколамі выпрабаванняў, што выдадзены іншымі асобамі. Галоўнае, каб быў гэты пратакол. Але нават на такія ўмовы згаджаюцца з цяжкасцю. "Вы павінны разумець, — звярнулася Ірына Наркевіч да журналістаў, — што ўрад быў азадачаны: прадпрымальнікі — гэта малы бізнес, якому патрэбна падтрымка дзяржавы. І гэтаму сегменту надаецца больш увагі. Таму і падоўжылі мы тэрмін на цэлы год. І дазволілі прадаваць самымі рознымі спосабамі — выбірай, які больш зручны". Тэхрэгламент вызначае адзіныя патрабаванні да прадукцыі лёгкай прамысловасці для забеспячэння яе вольнага перамяшчэння на рынку краін Мытнага саюза і для абароны жыцця і здароўя грамадзян. На яго падставе прадукцыя лёгкай прамысловасці, якая вырабляецца і рэалізуецца на тэрыторыі "тройкі", будзе кантралявацца па шэрагу паказчыкаў — у тым ліку механічным (разрыўная нагрузка, трываласць мацавання, гнуткасць, ударная трываласць), хімічным (гранічна дапушчальнае вылучэнне шкодных хімічных рэчываў у паветранае і (або) воднае асяроддзе), біялагічным (гіграскапічнасць, паветрапранікальнасць, напружанасць электрастатычнага поля, індэкс таксічнасці або раздражняльнае дзеянне, устойлівасць афарбоўкі). Для індывідуальных прадпрымальнікаў — плацельшчыкаў адзінага падатку, акрамя гэтых спосабаў пацвярджэння бяспекі тавараў лёгкай прамысловасці, прапанаваны і іншыя: наяўнасць нацыянальнага сертыфіката адпаведнасці (дэкларацыя аб адпаведнасці) дзяржаў МС або яго копія; наяўнасць на таварах і (або) іх спажывецкай тары нацыянальных знакаў адпаведнасці дзяржаў МС; указанне ў суправаджальных дакументах, якія пацвярджаюць набыццё тавараў, рэгістрацыйнага нумара сертыфіката адпаведнасці (дэкларацыі аб адпаведнасці), тэрміну яго дзеяння, назвы і адраса органа па сертыфікацыі, які выдаў сертыфікат адпаведнасці (зарэгістраваў дэкларацыю аб адпаведнасці); наяўнасць інфармацыі з Адзінага рэестра выдадзеных сертыфікатаў адпаведнасці і зарэгістраваных дэкларацый аб адпаведнасці Мытнага саюза аб сертыфікаце адпаведнасці (дэкларацыі аб адпаведнасці) на такія ж тавары тых жа вытворцаў.

Няма пацвярджэння якасці — скажы пра гэта спажыўцу

А калі нічога з пералічанага няма? "Тады паведамляйце пра гэта пакупнікам — на чэку ці іншымі спосабамі", — адказвае намеснік міністра гандлю. Гэта трэба рабіць, бо спажывец мае права ведаць, што ён купляе. "Галоўная мэта тэхрэгламентаў — бяспека. Для пацвярджэння адпаведнасці тэхрэгламенту прадукцыя лёгкай прамысловасці павінна прайсці працэдуру абавязковай сертыфікацыі (гаворка ідзе пра бялізнавыя, гарсэтныя, купальныя і аналагічныя вырабы; пасцельную бялізну; панчошна-шкарпэткавыя вырабы першага слоя) або абавязковага дэкларавання адпаведнасці і быць замаркіраванай адзіным знакам абарачэння прадукцыі на рынку Мытнага саюза (знак ЕАС), — пералічвае Ірына Наркевіч і дадае: — Тэхрэгламент прымаўся не з мэтай кагосьці "задушыць", запалохаць, заблытаць, а з мэтай абароны жыцця і здароўя чалавека. Я ж маю права на тое, каб ведаць, з чаго выраблена сарочка, якую я купляю: а раптам у мяне алергія на сінтэтычныя тканіны? Чаму мы не слухаем іншыя бакі? Вы папытайцеся ў арганізацыях аховы правоў спажыўцоў, колькі скаргаў на няякасны тавар, які прадаецца на рынку".

Калі ў прадпрымальніка ёсць хаця б пацвярджэнне таго, што тавар быў набыты на тэрыторыі Мытнага саюза, гэтага будзе пакуль дастаткова. "Бо мы адзін аднаму давяраем на тэрыторыі Мытнага саюза", — кажа намеснік міністра.

Чаго баяцца прадпрымальнікі?

Падчас абмеркаванняў высветлілася, што прадпрымальнікі баяцца канфіскацый і вялікіх штрафаў ад падатковай. Але ж гэта беспадстаўныя страхі, бо ніякіх "аблаў" і праверак ніхто рабіць не будзе. "Прадпрымальнік мае права па падатковым заканадаўстве выплаціць адзіны падатак у падвойным памеры, і тады не патрэбны дакументы аб пацвярджэнні якасці, паходжання тавару. І падатковая не пойдзе цябе правяраць. Ды ўвогуле яны не маюць права патрабаваць нейкі сертыфікат", — тлумачыць Ірына Наркевіч. Адзінае, што пасля 1 лістапада будзе праводзіцца маніторынг, "каб мы маглі разумець, што адбываецца на рынку: ці шмат тавару з тэрыторыі Мытнага саюза і гэтак далей".

Намеснік міністра гандлю ўвогуле лічыць, што ў іпэшнікаў няма ніякіх падстаў для панікі. Калі нават нарэшце трэба будзе кожны від тавару сертыфікаваць і выпрабоўваць, то гэта можна рабіць аб'яднана — некалькі прадаўцоў аднаго і таго ж тавару могуць аб'яднацца, каб атрымаць патрэбныя паперы. Яшчэ адно выйсце — каб сертыфікаты атрымлівалі аптавікі, для якіх гэта нашмат прасцей з-за вялікіх партый. "Зусім іншая справа, калі размова ідзе пра маленькія партыі і кантрафактны тавар. І, на жаль, на нашых рынках такога тавару больш за ўсё".

Ці хапае лабараторый?

Ірына Наркевіч адзначыла, што на 2 ліпеня бягучага года для забеспячэння правядзення працэдур ацэнкі адпаведнасці патрабаванням тэхнічных рэгламентаў МС аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці ў Адзіны рэестр органаў па сертыфікацыі і лабараторый Мытнага саюза ўключана 19 беларускіх органаў па сертыфікацыі і 29 даследчых лабараторый. "Большасць, вядома, знаходзіцца ў Мінску і Мінскай вобласці — 9 органаў па сертыфікацыі (ОС) і 11 даследчых лабараторый (ДЛ)", — сказала Ірына Наркевіч. У Брэсце і Брэсцкай вобласці, Гомелі і Гомельскай вобласці, Магілёве і Магілёўскай вобласці, а таксама Віцебску і Віцебскай вобласці, па стане на 2 ліпеня, было зарэгістравана па 2 органы па сертыфікацыі і па 4 лабараторыі. У Гродне і Гродзенскай вобласці — 2 ОС і 2 ДЛ. "Такім чынам, у рэспубліцы створана неабходная база для пацвярджэння адпаведнасці прадукцыі легпрама патрабаванням тэхрэгламенту". Для параўнання: у Расійскай Федэрацыі (па звестках Еўразійскай эканамічнай камісіі) зарэгістравана 82 ОС і 47 ДЛ, у Казахстане — 28 ОС і 41 ДЛ.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі. 

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.