Вы тут

Нацыянальны банк падлічыў звароты грамадзян


Сёлета ў першым паўгоддзі у Нацбанк краіны паступіла 1007 зваротаў грамадзян, што на 18,7 працэнта менш, чым за адпаведны перыяд летась, паведамляецца на сайце галоўнай фінансавай установы.

Памяншэнне адбылося ў асноўным за кошт зніжэння паступленняў зваротаў грамадзян у структурныя падраздзяленні Нацыянальнага банка. Усё большая колькасць зваротаў паступае ў Нацыянальны банк не традыцыйным спосабам (на папяровым носьбіце або вусна), а ў рубрыку "Электронны зварот" на афіцыйным інтэрнэт-сайце банка.

Найбольшая колькасць зваротаў па-ранейшаму закранала пытанні крэдытавання (216 або 21,4 працэнта ад іх агульнай колькасці). Пры гэтым у справаздачным перыядзе назіралася прыкметная тэндэнцыя зніжэння іх колькасці ў параўнанні з аналагічным перыядам летась.

Зменшылася колькасць зваротаў, звязаных з праблемай выканання грамадзянамі абавязацельстваў па крэдытных дагаворах і дагаворах паручыцельства. Практычна на 40 працэнтаў зменшылася колькасць зваротаў, звязаных з праблемамі крэдытавання будаўніцтва жылля з выкарыстаннем ільготных крэдытаў.

Адной з актуальных тэм зваротаў грамадзян па пытаннях крэдытавання з'яўляецца просьба абмежаваць у праве атрымання крэдытаў блізкіх сваякоў (дзяцей, жонак, мужоў), якія нядобрасумленна выконваюць свае абавязацельствы, у сувязі з чым заяўнікі вымушаны пагашаць запазычанасць па крэдытах за кошт уласных сродкаў.

Для вырашэння ўзнятай праблемы Нацыянальны банк рэкамендаваў банкам запытваць звесткі з сістэмы "Крэдытны рэгістр" у мэтах недапушчэння росту праблемнай запазычанасці і пры гэтым фарміраваць уласную інфармацыйную базу, у якой будуць назапашвацца звесткі пра такіх даўжнікоў. Разам з тым звароты грамадзян дазваляюць зрабіць выснову аб тым, што гэта работа праводзіцца ў банках не ў поўнай меры.

У першым паўгоддзі 2013 года знізілася колькасць зваротаў па пытанні кампенсацыі ўкладаў у сувязі з дэвальвацыяй беларускага рубля (13 зваротаў у параўнанні з 43 зваротамі ў першым паўгоддзі
2012 г.) і хадайніцтваў аб вяртанні і кампенсацыі ўкладаў савецкага перыяду.

Аналіз статыстыкі па выніках першага паўгоддзя паказвае тэндэнцыю росту зваротаў па пытаннях, што тычацца функцыянавання банкаматаў, інфакіёскаў, працы з банкаўскімі аплатнымі карткамі.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.