Вы тут

ФАКТЫ, ПАДЗЕІ, НАВІНЫ


Беларускі рубель пакуль адступіў...

Валюты, як заўсёды, вядуць сябе непрадказальна. Не спраўдзіліся чаканні некаторых аналітыкаў аб тым, што еўра і долар не змогуць расці далей. Вяртае свае пазіцыі і расійскі рубель.

Асноўныя гульцы сусветнай эканомікі, відаць, аб'явілі на гэтым тыдні спаборніцтва па пазітыўнасці сваіх прагнозаў і статыстык. Кожны даказваў, што з праблемамі хутка будзе скончана. У выніку давер да еўра і долара ўзмацніўся. Асабліва на вельмі спрыяльнай глебе росту імпарту ў Кітаі.

На беларускай валюце, якая зноў паслабла, сусветныя і ўнутраныя фактары адбіліся наступным чынам. Долар падаражэў на 10 рублёў (плюс 0,1%) да 8900. Еўра ўвогуле, можна лічыць, "пакрыўся тлушчам" — падаражэў на 160 рублёў (плюс 1,4%) да 11910. Расійскі рубель дадаў 2,5 беларускай грашовай адзінкі (плюс 0,9%) да 271.

Уладзіслаў КУЛЕЦКІ.

Новаўвядзенні для парушальнікаў

З 1 жніўня зменены парадак выдачы копій пастаноў аб прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці ўладальнікаў транспартных сродкаў за парушэнне хуткаснага рэжыму, што было зафіксавана спецыяльнай аўтаматычнай прыладай вымярэння хуткасці, паведамляе Дзяржаўтаінспекцыя УУС Мінаблвыканкама. Копію пастановы можна атрымаць па адрасе: г. Мінск, вул. Кальварыйская, 27, каб. №101. У панядзелак і чацвер гэта можна зрабіць з 16.00 да 20.00, у аўторак — з 08.00 да 10.00, у суботу — з 10.00 да 12.00. Пры сабе неабходна мець пашпарт ці іншы дакумент, які пацвярджае асобу.

Уладзіслаў СОЎПЕЛЬ.

Паўпрычэп канфіскавалі з-за цыгарэт

На рэспубліканскім пункце мытнага афармлення "Урбаны" канфіскавалі паўпрычэп-рэфрыжэратар (коштам 180 мільёнаў рублёў), у якім мытнікі знайшлі буйную партыю кантрабандных цыгарэт. Грамадзянін Латвіі збіраўся выехаць на грузавіку "Рэно" з прычэпам з Беларусі ў Латвію.

Падчас правядзення кантролю мытнікамі былі знойдзены ў падлозе і ў стольнай частцы паўпрычэпа-рэфрыжэратара па ўсёй яго даўжыні спецыяльна абсталяваныя тайнікі. У іх знаходзіліся 47 тысяч пачкаў цыгарэт "Фэст" (коштам больш як 249,1 мільёна рублёў) айчыннай вытворчасці з беларускімі акцызнымі маркамі. Зразумела, цыгарэты не былі заяўлены ў мытнай дэкларацыі, на тытунь не было дакументаў, якія пацвярджаюць легальнасць яго набыцця.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Прадукты харчавання ў ліпені падаражэлі на 0,6%

Увогуле інфляцыя па асноўных пазіцыях тавараў і паслуг за мінулы месяц склала каля 1%, паведамляе Нацыянальны статыстычны камітэт. А з пачатку года індэкс спажывецкіх цэн павялічыўся на 8%.

Больш за ўсё ў ліпені падаражэлі бульба (31%) і табачныя вырабы (15%). А вось іншая гародніна, ягады і садавіна нават патаннелі. Белстат паведамляе, што ў ліпені на 2,7% падаражэлі платныя паслугі, дзе цэннікі жыллёва-камунальных паслуг павялічыліся на 5,1%, а электрычнасць, у прыватнасці, — на 15,7%.

Экзамен аўтадарог у рэжыме анлайн

Міністэрства транспарту і камунікацый падтрымлівае ініцыятыву Міжурадавага савета дарожнікаў аб правядзенні аўтапрабегу "Заходняя Еўропа — Заходні Кітай" і плануе прыняць у ім самы актыўны ўдзел, паведамілі рэдакцыі ў прэс-службе Мінтранса.

Аўтапрабег пройдзе па тэрыторыі трох дзяржаў СНД — Беларусі, Расіі і Казахстана. Падчас яго плануецца надаць увагу не толькі стану і развіццю міжнародных аўтамабільных дарог, арганізацыі і стану прыдарожнага сэрвісу, бяспекі руху, але і пытанням аховы навакольнага асяроддзя пры будаўніцтве і эксплуатацыі аўтамабільных дарог у СНД.

Старт аўтапрабегу намечаны сёлета на 27 жніўня на мяжы Беларусі і Польшчы (г. Брэст), фініш — на 7 верасня на мяжы Казахстана і Кітая (г. Хоргас, Казахстан).

Аўтапрабег краін Мытнага саюза на ўчастку аўтамабільнай дарогі М-1/Е30 Брэст — Мінск — мяжа Расійскай Федэрацыі будзе адкрыты на выездзе з Брэста па аўтамабільнай дарозе М-1/Е30. Падчас яго руху плануецца правесці дыягностыку аўтадарогі. Удзельнікі таксама азнаёмяцца з працай сістэмы электроннага збору платы за праезд па асобных дарогах Беларусі.

Да старту аўтапрабегу прымеркавана правядзенне ў Брэсце міжнароднай канферэнцыі па праблемах экалагічнай бяспекі аўтамабільных дарог, якая пройдзе 26 жніўня.

Сёлета супраць грыпу запланавана прышчапіць больш за 670 тыс. жыхароў сталіцы

Загадчыца эпідэміялагічнага аддзела Мінскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Ірына Глінская паведаміла, што вакцынацыя супраць грыпу ў Мінску пачнецца ў канцы жніўня — пачатку верасня.

Прышчапіць супраць грыпу плануецца 673 тыс. чалавек — гэта 35% насельніцтва сталіцы. 573 тыс. будуць ахоплены вакцынацыяй за кошт бюджэтных крыніц фінансавання. Больш за 100 тысяч чалавек плануецца прышчапіць за кошт сродкаў прадпрыемстваў, а таксама за кошт асабістых сродкаў грамадзян, — адзначыла спадарыня Глінская.

На бюджэтныя сродкі будзе закуплена вакцына "Флюваксін" кітайскай вытворчасці. Прышчэпкі на платнай аснове будуць праводзіць вакцынамі французскіх, галандскіх і нямецкіх вытворцаў.

Вакцынацыя супраць грыпу, праведзеная летась, дазволіла папярэдзіць больш за 49 тысяч выпадкаў грыпу (у тым ліку каля 6 тыс. выпадкаў ускладненых формаў) і больш за 60 тысяч выпадкаў вострай рэспіраторнай інфекцыі негрыпознай этыялогіі.

Сяргей КУРКАЧ.

Горад па-за часам

Фотапраект са скарбонкі Вольгі Савіч

З ім прапануе пазнаёміцца Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, а праз яго па-іншаму паглядзець на Мінск (які стаў галоўным героем здымкаў).

Не будынкі тут важныя. Не архітэктура. Не вуліцы ці людзі. Хоць і адно, і другое, і трэцяе дазваляюць атрымаць карціну ўплываў і адбіткаў часу на вобраз горада. На той, што бачыць фотамастачка. Гэта горад не прыгладжаны і вычышчаны. Гэта горад, дзе пра будынкі можна меркаваць па іх ценях. А пра сведчанне жыцця некалькіх пакаленняў людзей — па расколінах і недасканаласцях. Можна не фіксаваць рэчаіснасць і атрымаць уяўленне пра яе. Можна адчуць дух жыцця, цеплыню дня, які прыйшоў на змену папярэдняму. Адны формы мяняюць іншыя — можа, таму, што мяняецца час? Ці, наадварот, ён не важны, а ёсць толькі ўяўленне пра яго — у кожнага сваё?

Як у кожнага сваё ўяўленне пра мастацтва. І нават калі яно створана камерай, фіксуе матэрыяльны свет, то вынік можа атрымацца абсалютна непрадказальны: цені пададуцца больш значнымі за людзей, а з'явы нібыта пазбавяцца сутнасці. Але гэта толькі выглядае так. Як часта выглядае нерэальным тое, чаго мы не бачым і не пражываем самі. Але пры гэтым жа ведаем, што былі папярэднія часы, папярэднія пакаленні, нават папярэднія мастакі, якія ўсё паказалі ў дакладнай адпаведнасці і маштабнасці. Але ёсць драбніцы, дэталі, з якіх можна стварыць новы вобраз горада, паклаўшы свой унёсак у "Скарбонку часу". Сваю выставу Вольга Савіч назвала менавіта так.

Ларыса ЦІМОШЫК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.