Вы тут

У Казахстане сабраны першы БелАЗ


Першы кар'ерны 45-тонны самазвал БелАЗ-7547 сабраны ў Карагандзе на сумесным прадпрыемстве "КазБелАЗ".

Паводле слоў кіраўніка Карагандзінскай вобласці Казахстана Баўржана Абдзішава ў вобласці рэалізуецца шэраг праектаў з удзелам беларускіх партнёраў, адзін з якіх — вытворчасць запасных частак і зборка тэхнікі пад маркай "КазБелАЗ". Казахстанскія партнёры спадзяюцца, што БелАЗаў будзе больш і па колькасці, і па грузападымальнасці.

Кіраўнік беларускай дэлегацыі таксама лічыць, што ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва будзе развівацца. "Сёння мы падводзім першапачатковы вынік нашай сумеснай дзейнасці, і гэты вынік абнадзейвае. Тыя дамоўленасці, якія ёсць, пачалі ўвасабляцца ў жыццё", — сказаў Барыс Батура.

Зборка першага самазвала зроблена з камплектуючых і па тэхналагічнай дакументацыі БелАЗа, атрымана дэкларацыя аб адпаведнасці патрабаванням тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза. Плануецца, што за год у Карагандзе будзе збірацца больш за 30 машын. Дарычы, пакупнікі першынца ўжо ёсць.

Як адзначыў генеральны дырэктар БелАЗа Пётр Пархомчык, прадпрыемства поўнасцю давярае казахстанскім партнёрам, якія прайшлі падрыхтоўку ў Жодзіне. Улічваючы, што толькі ў Карагандзінскай вобласці працуе больш за 220 аўтамабіляў БелАЗа, тут існуюць добрыя перспектывы для супрацоўніцтва.

У рамках візіту беларускай дэлегацыі таксама быў падпісаны дылерскі дагавор паміж мясцовай кампаніяй "ГеаМаш" і холдынгам "Амкадор" па сэрвісным абслугоўванні дарожна-будаўнічай і камунальнай тэхнікі беларускай вытворчасці. Акрамя таго, у Карагандзінскай вобласці з удзелам беларускіх партнёраў будзе наладжана вытворчасць даільнага абсталявання, вядуцца перамовы аб будаўніцтве малочнатаварных ферм і завода па перапрацоўцы малака.

Плануецца і яшчэ адзін цікавы сумесны праект: адзін з мясцовых конезаводаў збіраецца купіць у Беларусі жарабцоў пароды "савецкі цяжкавоз", каб шляхам скрыжавання з мяцовымі "жабэ" вывесці новую мясную пароду.

Пятро РАМАНЧУК.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.