Вы тут

Набылі першакласніку стол-трансформер? Адрэгулюйце вышыню!


99 тысяч першакласнікаў павінны сесці сёлета за парты. Самы час для бацькоў задумацца над тым, ці ўсё яны зрабілі правільна, згодна з прынцыпамі здаровага ладу жыцця іх дзіцяці падчас падрыхтоўкі да такой значнай падзеі.

Школьная форма

Адзенне павінна быць бяспечным для здароўя ў дачыненні да выкарыстаных тканін, забяспечваць стан цеплавога камфорту, быць лёгкім, мяккім, зручным па кроі, адпавядаць узросту і памерам дзіцяці, а таксама — устаноўленаму дзелавому стылю.

— Перад пачаткам навучальнага года многія бацькі прад'яўляюць прэтэнзіі адносна перавагі ў гандлёвай сетцы касцюмаў са 100-працэнтнай сінтэтыкі, — кажа ўрач-гігіеніст аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Алена ХМАРА. — Гэтыя скаргі цалкам абгрунтаваныя. У «сінтэтыцы» спякотна ў вясенне-летні час і холадна ў асенне-зімовы, яна здольная назапашваць статычную электрычнасць, прадукты абмену, якія выдзяляюцца з потам і змешваюцца з тлушчам, што на паверхні скуры. Гэта не стасуецца з паняццем камфорту. Адзенне для навучэнцаў агульнаадукацыйных устаноў прызначана для штодзённага, працяглага нашэння, у халодны і цёплы час года, а таму перавагу трэба аддаваць тканінам з натуральных матэрыялаў (лён, бавоўна, шэрсць). Са штучных тканін найбольш камфортнай з'яўляецца віскоза. У касцюмы для навучэнцаў рэкамендуецца дадаваць хімічныя валокны да 55 працэнтаў (але не больш за 67 працэнтаў), у блузкі і сарочкі — да 30 працэнтаў (але не больш за 40 працэнтаў). «Сінтэтыку» лепш пакінуць для непрацяглай носкі для ўрачыстых выпадкаў...

З мадэляў адзення варта аддаваць перавагу шматкампанентным касцюмам, якія складаюцца з пінжака, камізэлькі, спадніцы (штаноў), блузкі (гольфа), якія можна падбіраць у залежнасці ад тэмпературных умоў. Пакрой павінен быць досыць свабодны, не абмяжоўваць рухаў. Вузкія штаны, напрыклад, сціскаюць сасуды і органы брушной поласці, што можа прывесці да розных захворванняў.

Абутак павінен быць з натуральнай скуры, падэшва — гнуткай, каб рухі не былі скаванымі. Для дзяцей 6-7 гадоў абцас — не большы за 2 см. Варта таксама памятаць, што красоўкі — гэта ўсё ж спартыўны абутак, прызначаны для заняткаў фізкультурай і спортам.

Ранец

1377900674984_31-21

 

Як правіла, у першакласніка няма неабходнасці для штодзённага нашэння ў школу кніг, вучэбных прылад, зменнага адзення і абутку — умовы для іх захавання ствараюцца ў класах. Разам з тым, кожнае дзіця марыць быць дарослым і жадае ісці ў першы клас з партфелем, няхай і пустым. А таму трэба памятаць, што выкарыстанне ранцаў для пераноскі неабходных вучэбных прылад больш мэтазгоднае, чым розных сумак і партфеляў. Нашэнне ранца на спіне спрыяе раўнамернаму размеркаванню нагрузкі, фарміруе правільную постаць, вызваляе рукі. Матэрыял, з якога выраблены ранец, павінен быць трывалым, лёгкім, з воданепрымальным пакрыццём (або прапіткай), зручным для ачысткі. Рамяні павінны быць з эластычнага матэрыялу, мець прыстасаванне, якое дазваляе змяняць іх даўжыню ў адпаведнасці з ростам дзіцяці і характарам адзення. Адзін з рамянёў павінен мець раз'ём, які аблягчае здыманне і надзяванне ранца. Вага ранца — не больш за 700 г. Ранец школьніка павінен шчыльна прылягаць да спіны, яго шырыня — адпавядаць прыкладна шырыні плячэй, верхні край і плечы — быць на адным узроўні, а ніжні край — размяшчацца на ўзроўні пояса.

Працоўнае месца

Набываючы ручкі для пісьма, звярніце ўвагу на іх памер і вагу. Вялікая і цяжкая ручка спрыяе развіццю стомленасці мышцаў кісці.

— Нягледзячы на тое, што хатнія заданні на працягу першага года навучання не задаюць, кожнае дзіця малюе, лепіць, расфарбоўвае, а таму абсталюйце для яго працоўнае месца, — тлумачыць Алена Хмара. — Правільна арганізаванае працоўнае месца з'яўляецца важным фактарам прафілактыкі парушэння постаці і зроку. Гігіенічныя патрабаванні такія: пры росце 100-115 см вышыня стала — 46 см, пры росце 115-130 см — 52 см, 130-145 см — 58 см. У ідэале стол павінен «расці» разам з дзіцем. Лепш за ўсё набыць стол-трансформер з рэгулюемай вышынёй і вуглом нахілення. Стандартны стол, як правіла, мае вышыню 75 см, а першакласнік яшчэ «не дарос» да такой вышыні, і гэта можа нашкодзіць яго постаці...

Стальніца павінна знаходзіцца прыкладна на ўзроўні сонечнага спляцення. Калі папрасіць дзіця паставіць на стол локці, а далоні выцягнуць уверх так, нібы яно ўзняло руку для адказу, то пры ідэальнай пасадцы кончык вялікага пальца павінен знаходзіцца на адным узроўні з вачамі. Вышыня стала павінна быць на 2-3 см ніжэй за локаць дзіцяці ў становішчы стоячы.

На жаль, многія бацькі лічаць раскошай рэгулюемыя сталы-канторкі і набываюць звычайныя пісьмовыя сталы. Калі пісьмовы стол высокі, то для забеспячэння зручнай, рацыянальнай працоўнай позы купіце рэгулюемае крэсла з прадугледжаным пад'ёмам сядзення. І прадугледзьце падстаўку пад ногі, каб яны стаялі на цвёрдай паверхні і пад прамым вуглом. Пры правільнай пасадцы стопы павінны поўнасцю стаяць на падлозе ці падстаўцы. Калені пры гэтым павінны згінацца пад прамым вуглом. Спінка ў ідэале павінна рэгулявацца. Дзіця — сядзець прама, не адкідваючыся назад і не навальваючыся на стол. Адлегласць паміж стальніцай і грудной клеткай — прыкладна 10 см. Адлегласць ад вачэй да кнігі — не менш за 30 см. Адразу прывучайце ўсю працу, у тым ліку чытанне, выконваць за сталом.

Размясціць стол лепш ля акна, каб працоўнае месца было забяспечана нармальным натуральным святлом. Святло ад лямпы павінна падаць злева (для ляўшоў — справа), каб не было ценю ад рабочай рукі. Нельга дапускаць прамое дзеянне крыніцы святла на вочы, якія павінны ўспрымаць толькі адбітае ад працоўнай паверхні святло. Магутнасць лямпы падчас чытання — 80 Вт, а пры маляванні — і ўсе 100 Вт.

Нельга забывацца на зрокавую гімнастыку. З практыкаванняў для вачэй лепш за ўсё сябе зарэкамендавалі гімнастыка для знешніх мышцаў вачэй (варочанне вачамі), для ўнутраных мышцаў (перамяшчэнне фокусу зроку з блізкага аб'екта на аддалены і назад) і расслабленне пад заплюшчанымі вачамі.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.