Вы тут

Факты, падзеі, навіны.


Першы абаранкавы...

Смаргонь адваюе былую славу сталіцы абаранкаў. 28 верасня менавіта там адбудзецца першы ў гісторыі абаранкавы фэст.

І хоць за права лічыцца радзімай абаранкаў, акрамя Беларусі, змагаюцца і Польшча, і Украіна, даследчыкі ўжо вынеслі свой вердыкт: першапраходцы ў выпяканні абаранкаў — адназначна смаргонцы. А горад на Гродзеншчыне можна смела лічыць радзімай папулярнага вырабу. Трэба адзначыць, што гістарычную справядлівасць аднавіў Вільям Пахлёбкін, выдатны навуковец з Падмаскоўя. Ён, аўтар шматлікіх кулінарных бестселераў, замацаваў на паперы слова «абаранак», падкрэсліўшы дамінантную ролю дзеяслова «абварыць».

Ёсць легенды, што абаранкі (або, па-іншаму, абваранкі, баранкі) прыдумалі ў славутай мясцовай «цыганскай акадэміі», якая спецыялізавалася на дрэсіроўцы мядзведзяў яшчэ ў ХVІІ стагоддзі. Таму першапачаткова кулінарныя вырабы абварваліся выключна дзеля гэтага ляснога звера, а таксама для яго павадыроў. У міжваенны перыяд мясцовыя абаранкі грузілі ў вазы і адпраўлялі не толькі на Гродна і Мінск, але і на Вільню, Маскву. На той час мясцовыя жыхары трымалі 60 пякарняў. На адмысловы тавар попыт не знікаў ніколі.

Кулінарная тэхніка сапраўды мае адметнасці. Цеста павінна быць заварным. Далей робім то шырокія, то вузкія жгуцікі, якія накручваем на палец. Пасля колападобныя вырабы выпякаем.

28 верасня выпякаць абаранкі будуць не толькі смаргонскія хлебапёкі, але і суседзі з іншых раёнаў Гродзеншчыны. З Мінскай вобласці кухары прыедуць таксама.

Генадзь Бычко, намеснік старшыні Смаргонскага райвыканкама, гарантуе, што свята запомніцца надоўга. Як-ніяк гэты фэст — своеасаблівая даніна павагі беларускім традыцыям.

Маргарыта СІДАР.

Пабудавалі асабістыя кватэры за кошт дольшчыкаў

Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі.

Першыя скаргі забудоўшчыкаў аднаго з грамадскіх аб'яднанняў Мінска пачалі з'яўляцца больш як год таму. Людзям не падабаўся хуткі і беспрычынны рост цэн на кватэры. Міліцыя правяла адпаведную праверку, і высветлілася, што за 20 гадоў існавання аб'яднання ні адзін з яго кіраўнікоў не заплаціў ні капейкі ў якасці ўзносу. Больш таго, на пасяджэннях кіруючага органа неаднаразова прымаліся рашэнні аб аплаце аздараўленчых паслуг членам штаба аб'яднання, а таксама аб прадастаўленні «сваім» людзям беспрацэнтных пазык.

Паводле інфармацыі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Беларусі, пяць членаў штаба, атрымаўшы пазыкі ў памеры больш як Br1 млрд, пабудавалі асабістыя кватэры за кошт дольшчыкаў. На сёння ў дачыненні да іх узбуджаны крымінальныя справы па арт. 426 Крымінальнага кодэкса (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Ім пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Акрамя таго, гэтыя асобы абавязаны кампенсаваць суму ўрону дольшчыкам.

У МУС адзначылі, што многія злачынствы ў сферы будаўніцтва ўчыняюцца з-за неадрэгуляванай палітыкі цэнаўтварэння ў будаўнічай галіне, што дае магчымасць нядобрасумленным забудоўшчыкам атрымліваць звышпрыбытак за кошт дольшчыкаў.

Элітны корм не на карысць

Факты нерацыянальнага і безгаспадарчага выкарыстання насення сельскагаспадарчых культур высокіх рэпрадукцый выяўлены супрацоўнікамі камітэта дзяржкантролю Гомельскай вобласці, які правёў праверкі ў гаспадарках, што займаюцца вытворчасцю насення элітных гатункаў сельскагаспадарчых культур.

Высветлілася, што з-за недахопаў пры планаванні аб'ёмаў закупу насення на ўзроўні сельгасхарчаў, пры наяўнасці на Гомельшчыне насення высокіх рэпрадукцый, сельгазарганізацыі выкарыстоўвалі насенне, неадпаведнае стандарту, што ўрэшце негатыўна адбілася на ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур. У цэлым па вобласці на пасеў ураджаю 2013 года гаспадаркамі было выкарыстана амаль 813 тон некандыцыйнага насення збожжавых культур (0,7%), насення нізкіх рэпрадукцый — 6024 тоны (5,7%).

У той жа час эксперыментальная база «Уваравічы» Буда-Кашалёўскага раёна і эксперыментальная база «Крынічная» Мазырскага раёна насенне высокіх рэпрадукцый скормлівалі скаціне. Так, першае прадпрыемства летась скарміла жывёлам 77 тон насення эліты і суперэліты агульным коштам больш за 322 млн рублёў. Сёлета ў лютым на корм скаціне было выкарыстана 6,5 тоны насення лубіну першага года размнажэння коштам 35,4 млн рублёў. Акрамя таго, у студзені-лютым на Навабеліцкі камбінат хлебапрадуктаў для перапрацоўкі здадзена 102 тоны суперэліты азімай пшаніцы гатунку «Сюіта». Аналагічныя факты Камітэтам дзяржкантролю Гомельскай вобласці выяўлены і на эксперыментальнай базе «Крынічная». З ураджаю мінулага года на корм жывёле была выкарыстана 671 тона збожжа — эліты азімага трыцікале, жыта, яравога ячменю і аўса; здадзена на перапрацоўку хлебакамбінатам 1365 тон збожжа эліты азімага трыцікале гатунку «Вальтарыа».

Ірына АСТАШКЕВІЧ.

Не хапіла аргументаў — дастаў абрэз

У міліцыю паступіла паведамленне, што ў адным з прыватных дамоў у пасёлку Азярышча пад Мінскам грамадзяніну пагражалі абрэзам паляўнічай стрэльбы. На месца здарэння быў накіраваны аўтапатруль атрада міліцыі асаблівага прызначэння, які нёс службу ў Першамайскім раёне сталіцы.

Па прыбыцці ўсхваляваны мужчына патлумачыў: падчас «высвятлення адносін» са знаёмым дайшло да таго, што апошні прыставіў да яго галавы абрэз. Гэтага грамадзяніна тут жа затрымалі. Ён быў нападпітку і адразу ж пачаў сцвярджаць, што ніякай зброі ў яго няма. Аднак хутка памянёны абрэз быў знойдзены. Яго і пяць патронаў спрабавалі схаваць на агародзе.

У гэты ж дзень нараду АМАП, які ахоўваў правапарадак у Лошыцкім садова-паркавым комплексе, паступіла просьба аказаць дапамогу ваеннаслужачым унутраных войск, што неслі непадалёк службу. На месцы «амапаўцы» ўбачылі, як нецвярозы малады чалавек спрабуе нешта «даказаць» салдатам, размахваючы перад тварам апошніх нажом. Хутка на руках грамадзяніна ўжо былі наручнікі. Дарэчы, у кішэні 24-гадовага затрыманага быў знойдзены патрон калібру 7,62 мм.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Атрымала апёкі з-за... халадзільніка

У Мінску з-за ўспышкі газапаветранай сумесі на кухні пацярпела жанчына. Прычына здарэння высвятляецца, аднак, згодна з папярэдняй версіяй, віной траўміравання гаспадыні кватэры шматпавярховіка па вуліцы Варанянскага стаў... халадзільнік.

Як было ўстаноўлена, жанчына проста адчыніла дзверцы халадзільнага агрэгата імпартнай вытворчасці 2007 года выпуску. У гэты момант і адбылася ўспышка газапаветранай сумесі, у выніку якой гаспадыня двухпакаёвай кватэры атрымала апёкі твару, шыі, грудзей першай-другой ступені. Пасля агляду брыгадай хуткай медыцынскай дапамогі яе даставілі ў бальніцу. Мяркуецца, што адбылася ўспышка сумесі ізабутану (холадагенту халадзільніка) з паветрам.

Затрымалі гвалтаўніка

Увечары патрулю атрада міліцыі асаблівага прызначэння ГУУС Мінгарвыканкама перадалі трывожнае паведамленне: у кватэры па вуліцы Данілы Сердзіча прымусова ўтрымліваюць дзяўчыну...

На месцы «амапаўцы» былі ўжо праз пару хвілін. Увайсці ў кватэру ім дапамаглі работнікі МНС. Унутры жылля быў затрыманы 49-гадовы мужчына, які, як аказалася, пад пагрозай выкарыстання фізічнай сілы здзейсніў гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да пацярпелай. У самога затрыманага была рэзаная рана ў вобласці локця. Медыкі аказалі яму дапамогу, пасля чаго мужчыну даставілі ў дзяжурную часць Фрунзенскага РУУС.

Сяргей РАСОЛЬКА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.