Вы тут

На «велакухню» па... ізатонік


У размовах з сябрамі часта даводзіцца чуць, што ў Мінску не хапае «тэматычных» кавярняў. Вось ёсць, напрыклад, усім вядомая сетка, якая пазіцыянуе сябе як месца для адпачынку аўтамабілістаў. Здаецца, цікавы інтэр'ер: эксклюзіўная аэраграфія на сценах, замест звычайных крэслаў — «пасажырскія сядзенні», і паўсюль аўтамабільныя «прымочкі» — гаечныя ключы, пакрышкі, фары, дарожныя знакі. Але, акрамя перанасычанасці гэтымі «фішкамі», ніякага дачынення да транспартнай тэмы. Ні табе гоначных сімулятараў, ні крамкі хаця б з тымі ж самымі асвяжальнікамі для салонаў, ды і гаечныя ключы скарыстаць няма дзе. А ёсць месцы з зусім просценькім інтэр'ерам, пластыкавым посудам і звычайным меню, але там ты адчуваеш сябе ў сваёй талерцы.

Падсілкавацца, не злазячы з байка

Аднойчы падчас велапрагулкі ў сталічным арку Перамогі я натыкнулася на незвычайнае месца. На залітым сонцам лужку раскіданы мяккія крэслы-пуфы, побач — нізенькія столікі (такія бачыш на чайных цырымоніях), паміж дрэўцамі нацягнуты гамакі. Адным словам, поўны рэлакс. І ўсё гэта каля абсалютна звычайнай летняй кавярні, якіх у Мінску ў самую гарачую пару сотні. Але прызначэнне ў гэтай кавярні не зусім звычайнае: месца з'яўляецца астраўком адпачынку для стомленых веласіпедыстаў.

Абмінуць гэтае месца проста нерэальна: веладарожка ўздоўж набярэжнай Свіслачы абавязкова прывядзе вас сюды. Але на ўсялякі выпадак на асфальце, пад коламі, ёсць паказальнікі.

1378935558214_12-22

За бяспеку веласіпеда падчас адпачынку можна не хвалявацца. У велакавярні абсталявана стаянка, прыпаркаваць свой байк на якой можа любы ахвотны. Але колькасць месцаў тут пакуль абмежаваная. Кіраўнікі праекта абяцаюць пашырыць стаянку ў наступным веласезоне.

Пазней тут, магчыма, з'явяцца і спецыяльныя столікі для апантаных веласіпедыстаў, якія пажадаюць перакусіць, не злазячы са свайго «двухколавага каня». Спецыяльная бэлечная канструкцыя будзе фіксаваць пярэдняе кола транспартнага сродку, каб наведнік кавярні падчас ланчу незнарок не працягнуў сваю велапрагулку. Пакуль жа тут усталяваны раскладныя столікі — звычайныя і крыху вышэй... для экстрэмалаў.

Што гатуе «велакухня»?

Тутэйшае меню, дарэчы, не здзіўляе сваёй складанасцю. Фастфуд, шашлык, шырокі выбар напояў, дэсерты — торцікі, марозіва... Словам, звычайны асартымент летняй кавярні. Але нешта незвычайнае ў меню я ўсё ж такі заўважыла. Зрок зачапіўся за незнаёмае слова «ізатонік». Ветлівыя бармены тут жа патлумачылі: гэта спецыяльны напой, узбагачаны вугляводамі і электралітамі, для хуткага аднаўлення стомленага арганізма. Напэўна, вы неаднаразова заўважалі падчас спартыўных трансляцый, як атлеты адпіваюць маленькімі глыточкамі з бутэлек з рознакаляровай вадзічкай. Дык вось, гэта і ёсць ізатонік. Дарэчы, цудадзейны напой хутка прыйшоўся даспадобы мінскім веласіпедыстам, паведалі бармены кавярні.

Але галоўная ўнікальнасць гэтага месца заключаецца ў тым, што аматары двухколавага транспарту могуць заехаць сюды не толькі перавесці дух, падсілкавацца, але і каб падрамантаваць свой ровар. Пры кавярні працуе bіkе kіtсhеn (даслоўна з англійскай мовы — «велакухня». — Аўт.), дзе майстар гатовы дапамагчы «параненаму» веласіпеду.

Аднак звычайная майстэрня не мела б такую цікавую назву. Фішка bіkе kіtсhеn у тым, што калі наведнік велакавярні хоча самастойна «падлячыць» свой байк, ён можа скарыстацца падказкамі майстра і пад яго наглядам выправіць тыя ці іншыя хібы.

У гэтага варыянта ёсць несумненны плюс — стапрацэнтная эканомія. За сеансы па «велалячэнні» тут грошай не бяруць. Дарэчы, ідэя падобных «велакухняў» належыць Мінскаму веласіпеднаму таварыству. Што ні кажы, а задума больш чым вартая: уменне самастойна абслугоўваць «жалезнага каня» — важная якасць для «прасунутага» веласіпедыста.

Яшчэ адзін зручны момант — у велакавярні дзейнічае адзіны ў горадзе пункт сеткавага пракату. Веласіпед можна арандаваць у парку Перамогі, а вярнуць у антыкавярні «Дом Фішара». І амаль што ўвесь горад праедзеш, і галава не баліць, як апынуцца ў тым жа самым месцы.

З чаго ўсё пачыналася...

Першыя велакавярні пачалі з'яўляцца ў Вялікабрытаніі на пачатку 1990-х гадоў. Адно з першых падобных месцаў адчынілася ў 1994 г. у Брыстолі. Цяпер ужо амаль што ў кожным больш-менш буйным горадзе ёсць велакавярні з цэлым шэрагам самых незвычайных паслуг. Так, у Манчэстэры ёсць кавярня, дзе можна пазычыць інструменты для рамонту веласіпеда, а таксама паглядзець фільм на спартыўную тэматыку.

Падобны «велабум» дабраўся і да Швейцарыі. У краіне банкаў і гадзіннікаў сёння надзвычай хутка адчыняюцца велабістро. Мала таго, іх адкрыццё стымулюе дзяржава! Нядаўна тут запусцілі дваццацігадовую праграму, накіраваную на развіццё веласіпеднага руху, разгрузку гарадскіх дарог і ўсеагульнае аздараўленне нацыі.
Мабыць, і ў Мінску гэты працэс неўзабаве стане больш масавым. А пакуль спяшайцеся завітаць у адзіную сталічную велакавярню, каб сагрэцца восеньскім вечарам за кубкам гарбаты... Бо неўзабаве веласезон закрываецца.

Дарына ЗАПОЛЬСКАЯ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.