Вы тут

«Усё ёсць для таго, каб працаваць на вынік»


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў выбудаваць эфектыўную сістэму адбору і падрыхтоўкі таленавітых спартсменаў у розных відах спорту. Аб гэтым кіраўнік дзяржавы заявіў 12 верасня, наведваючы ў Мінску Гарадскі цэнтр алімпійскага рэзерву па тэнісе, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе беларускага лідара.

Тое, як трэба арганізаваць адбор перспектыўных спартсменаў, Прэзідэнт расказаў на прыкладзе тэніса. «Самае галоўнае — гэта сістэма. Нам трэба выбраць паўсотні перспектыўных талковых маладых людзей з тых, хто ёсць, і каб потым хаця б двое-трое змагаліся за самыя высокія месцы ў сусветным рэйтынгу. Мы можам гэта зрабіць, і для такіх маладых людзей і іх трэнераў трэба стварыць ідэальныя ўмовы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў гэты працэс павінны быць уключаны ўсе тэнісныя цэнтры, якія працуюць у Беларусі, не толькі дзяржаўныя, але і прыватныя. Апошнім Прэзідэнт паабяцаў падтрымку, калі яны будуць займацца падрыхтоўкай перспектыўных спартсменаў, у тым ліку на бясплатнай аснове, несучы пэўную сацыяльную нагрузку. «Вядома, падтрымаем, калі чалавек хоча працаваць, укладвае свае грошы. За гэтым справа не стане, мы ім таксама падставім плячо, — сказаў ён. — У нас у гэтым плане няма прыватных, дзяржаўных, усе павінны працаваць на вынік».

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што працэс адбору павінен быць выключна сумленным і грунтавацца менавіта на спартыўным патэнцыяле юных спартсменаў. А тым перспектыўным юнакам і дзяўчатам, чые бацькі не могуць аплачваць прафесійныя заняткі спортам, павінна быць аказана неабходная падтрымка. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і сам гатовы пры неабходнасці ў гэтым удзельнічаць. Ён, у прыватнасці, прапанаваў выкарыстоўваць для трэніровачнага працэсу корты, размешчаныя ў Драздах. «Я гатовы падключыцца, калі патрэбна. Вазьміце самых лепшых, няхай там трэніруюцца, асабліва зімой. У нас у краіне дастаткова інфраструктуры, каб рыхтавацца. Выкарыстоўвайце ўсе рэзервы», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прафесійны ўзровень тэніса ў свеце значна ўзрос, асабліва сярод лідараў у мужчынскім тэнісе. «З імі гуляць вельмі складана, але калі мы выхаваем пару такіх маладых людзей, якія будуць з імі гуляць, — гэта ўжо дасягненне. А ў жаночым тэнісе мы спакойна можам мець дзвюх-трох спартсменак, якія будуць змагацца на ўзроўні Марыі Шарапавай і Вікторыі Азаранка. Проста трэба выбудаваць сістэму», — лічыць Прэзідэнт.

Паводле яго слоў, адпаведны прынцып неабходна распаўсюдзіць і на іншыя віды спорту: «Усюды трэба з усёй масы выбіраць лепшых». «Усё ёсць для таго, каб працаваць. Адразу скажу, што шалёных грошай мы вам не дадзім, але за вынік заплацім», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама падкрэсліў, што калі дзяржава ўкладвае ў падрыхтоўку сродкі, то пэўныя абавязацельствы павінны звязваць і спартсмена. «Каму неабходна, таму трэба дапамагчы. Галоўнае, каб мы мелі з імі кантракты, як на Захадзе, каб яны помнілі, дзе рабілі першыя крокі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандру Лукашэнку далажылі аб стане і перспектывах развіцця тэніса ў Беларусі. Старшыня рэспубліканскага грамадскага аб'яднання «Беларуская тэнісная федэрацыя» Аляксандр Шакуцін і галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па тэнісе Уладзімір Валчкоў выказалі ўпэўненасць, што сярод маладых тэнісістаў у Беларусі ёсць тыя, хто ў будучым зможа змагацца за высокія месцы. Яны расказалі, што ўжо зроблена ў плане развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы існуючых цэнтраў і папрасілі садзейнічання ў далейшым іх развіцці. У прыватнасці, для арганізацыі паўнацэннага трэніровачнага працэсу трэба пабудаваць яшчэ некалькі крытых кортаў, а асноўныя тэнісныя цэнтры павінны паступова ператварыцца ў акадэміі, на базе якіх будзе наладжаны бесперапынны трэніровачны працэс.

Старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька расказаў аб планах будаўніцтва тэніснага цэнтра на тэрыторыі ФАК «Серабранка» па праспекце Ракасоўскага. Для гэтага неабходна $12-15 млн, акупнасць цэнтра складзе 8-10 гадоў. Плануецца, што ён будзе ўключаць 13 крытых тэнісных кортаў, трэнажорную залу і іншую інфраструктуру. Кіраўнік дзяржавы прапанаваў, каб і да гэтага праекта быў падключаны прыватны бізнес, якому дзяржава ў патрэбны момант можа падставіць плячо.

Мікалай Ладуцька таксама далажыў аб стварэнні ўмоў для заняткаў фізічнай культурай на паркавых і дваровых тэрыторыях Мінска ў цэлым.

Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай і ўмовамі работы Гарадскога цэнтра алімпійскага рэзерву па тэнісе, арганізацыяй трэніровачнага працэсу, паглядзеў гульню перспектыўных спартсменаў. Цэнтр уключае ў сябе цэнтральны грунтавы тэнісны корт з трыбунамі, шэсць грунтавых тэнісных кортаў, пяць тэнісных кортаў з пакрыццём «хард», міні-футбольнае поле з сінтэтычным пакрыццём, універсальную гульнявую пляцоўку для гульні ў валейбол і баскетбол, трэнажорны гарадок для агульнай фізічнай падрыхтоўкі, дапаможны корпус з адміністрацыйнымі памяшканнямі і трыбунамі.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

Дыета ад хандры. Што жаваць, каб не перажываць

«Сумныя» прадукты — прэч з халадзільніка!

Грамадства

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

«Сталінскі праспект мы называлі брадвеем». Як і чым жылі беларускія стылягі

Пасля смерці Сталіна «жалезная заслона», якая аддзяляла Савецкі Саюз ад навакольнага свету, прыадчынілася.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. Неабходна будзе сканцэнтраваць намаганні на рабоце.

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: Беларусы былі і будуць адным народам

Аляксандр Лукашэнка: Беларусы былі і будуць адным народам

Прэзідэнцкі прыём праходзіць у Нацыянальным выставачным цэнтры «БелЭкспа».