Вы тут

У жываце — і боль, і цяжар


(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 21 верасня.)

На пытанні чытачоў «Звязды» і карыстальнікаў сайта dоktоrа.bу адказалі дацэнты 2-й кафедры ўнутраных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, кандыдаты медыцынскіх навук, урачы-гастраэнтэролагі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі Мікалай КАПРАЛАЎ і Ірына ШАЛАМІЦКАЯ.

Сырая агародніна толькі нашкодзіць

— Мінск, Тамара Яўгенаўна. 60 гадоў. Ультрагукавое даследаванне: печань у памеры павялічана, памер правай долі 168 мм, левай — 60 мм. Структура аднародная. Эхагеннасць трохі павышаная. Жоўцевы пузыр дакладна бачны, з перацяжкай у галіне шыйкі, камянёў няма. Заключэнне: гепатамегалія, дыфузныя змяненні ў печані і падстраўнікавай залозе. Прыкметы халецыстыту. Ці патрабуе лячэння гепатамегалія? Што азначаюць дыфузныя змяненні ў печані і падстраўнікавай залозе? Што такое «прыкметы халецыстыту»?
Гепатамегалія — гэта не захворванне, а наступства нейкага захворвання печані. Гепатамегалія — павелічэнне печані ў памеры — характэрная для многіх захворванняў печані, у прыватнасці, для віруснага гепатыту, тлушчавага гепатозу і інш. Таксама яна часта ўзнікае пры застойнай сардэчнай недастатковасці. Асабліва значная гепатамегалія назіраецца пры лейкозах. Гепатамегалія можа назірацца пры хранічных інфекцыях, інтаксікацыях, у абясшкоджванні якіх печань іграе не апошнюю ролю, а таксама пры такіх інфекцыях, узбуджальнікі якіх могуць паразітаваць у печані, напрыклад, пры апістархозе. Гепатамегалія бывае і пры пухліннай інфільтрацыі печані — як пры пярвічным раку печані, так і пры метастазах злаякасных пухлін іншых органаў у печань.
Што датычыцца «дыфузных змяненняў печані, падстраўнікавай залозы» і «прыкмет халецыстыту», то гэта ні пра што канкрэтна не гаворыць, а толькі паказвае на выяўленне нейкіх змяненняў у тканках або органах. Само па сабе заключэнне не з'яўляецца дыягназам. Больш за тое, яно дакладна ўказвае на тое, што ў органах не выяўлены пухліна, камяні, кісты або ачагі кровазліцця. Падобныя «знаходкі» заўсёды апісваюцца асобна.
Аднак трэба разумець, што любыя дыфузныя змяненні могуць быць як у выніку зусім нязначных прычын (напрыклад, курэнне, ужыванне алкаголю, дрэннае харчаванне і г. д.), так і з за сур'ёзных захворванняў. У цэлым падобнае заключэнне гаворыць аб тым, што вам неабходна прайсці дадатковае, у тым ліку лабараторнае абследаванне.
— Мяне непакоіць кішэчнік. Жывот пастаянна ўспушвае, нешта там бурчыць, адчуванне перапоўненасці… Была ў гастраэнтэролага, зрабіла УГД, выявілі павялічаныя лімфавузлы ў кішэчніку. Піла два тыдні лінэкс, ела агародніну, піла больш вадкасці. Сімптомы нібыта спачатку адступілі, але потым зноў вярнуліся. Піла эспумізан. Пасля знаёмая параіла лацыдафіл. Ці варта яго прымаць? Дарэчы. гадоў пяць таму дыягнаставалі эразійны гастрыт, які лячыла дэ-нолам, і цяпер часам пакутую ад болю ў страўніку, пякоткі…
— Сімптомы захворвання кішэчніка, якія вы называеце — метэарызм, боль у жываце, бурчанне і пераліванне ў ім, пачуццё няпоўнага апаражнення кішэчніка — могуць быць уласцівымі для вялікай групы хвароб тонкай і тоўстай кішкі. Гэта, напрыклад, сіндром парушанага ўсмоктвання, які развіваецца пры запаленчых захворваннях тонкай кішкі, сіндром залішняга бактэрыяльнага росту ў тонкай кішцы, сіндром раздражнёнага кішэчніка і інш. Сырыя агародніна і садавіна пры гэтых захворваннях, як правіла, пагаршаюць клінічную сімптаматыку.
Дыферэнцыяльная дыягностыка гэтых захворванняў можа быць праве-
дзена толькі метадамі лабараторных і інструментальных даследаванняў: эндаскапічным даследаваннем кішэчніка, пасажам барыю па кішэчніку (рэнтгеналагічны метад), даследаваннем відавога і колькаснага складу мікробнай флоры, даследаваннем кала, у тым ліку на прасцейшыя, яйкі гельмінтаў і інш. На наш погляд, вам патрабуецца паўторны візіт да гастраэнтэролага для вырашэння пытанняў даабследавання і далейшага лячэння.

1379972122195_24-8

Тэрапія неабходна ў поўным аб'ёме

— Мне 46 гадоў. У дзяцінстве хварэла на Боткіна. Баліць шыя і аддае ў плячо. Фібрагастрадуадэнаскапія паказала: язва страўніка, хранічны антральны атрафічна-гіперпластычны гастрыт. Запаленне +++, актыўнасць -. У цыталогіі НР не выявілі, а ў гісталогіі НР +++. Лейкацыты, праліферацыя клетак эпітэлію слізістай абалонкі страўніка. Застойная дуадэнапатыя.
Постязвавая дуадэнальная дэфармацыя, эрытаматозная гастрапатыя 2–3 ст. Нязначная атрафія слізістай абалонкі страўніка. Прапанавалі правесці эрадыкацыю. Схема з амезам, дэ-нолам, клацыдам і трыхаполам. Тры дні піла амез і дэ-нол. Антыбіётыкі прапіла толькі 2 дні: з'явілася тахікардыя, узняўся ціск. Лекі піць перастала. Пасля адмены была кіслая сліна. Абследавалася. Кроў, мача, УГД — у норме. Паступова з'явілася слабасць, страціла некалькі кілаграмаў. Непрыемныя адчуванні ў страўніку і кішэчніку, адчуванне, што «забілі» кіслотнасць. Гастраэнтэролаг прапісаў пантасан, біфавал, крэон, дзюспаталін і мінеральную ваду «Баржомі». У мяне пэўныя сумненні адносна пантасану, які зніжае кіслотнасць. Як я зразумела, кіслотнасць у мяне пасля дэ-нолу і амезу знізілася. Куды ж болей? Адначасова па гінекалогіі прапісалі свечкі і біяфлор. Выпіла адзін раз біяфлор, і быў боль у страўніку. Ці трэба зніжаць кіслотнасць пантасанам пры атрафічным гастрыце? Ці можа мой стан кішэчніка даваць такі стан арганізма — слабасць, тэмпературу 37 градусаў, знясіленне?
— Атрафічны гастрыт — не прыкмета паніжанай кіслотнасці страўнікавага соку. Атрафію клетак можа выклікаць і інвазія бактэрый. Пры наяўнасці хелікабактарнай інфекцыі кіслотная прадукцыя страўніка, як правіла, павышаная. Галоўным прынцыпам лячэння хранічнага гастрыту, звязанага з хелікабактарнай інфекцыяй, з'яўляецца эрадыкацыя, або знішчэнне бактэрыі. Сапраўды, у часткі хворых падчас прыёму антыбактэрыяльных прэпаратаў адзначаюцца пабочныя эфекты, якія падчас лячэння паступова нівеліруюцца. Такім чынам, эрадыкацыйную тэрапію трыма прэпаратамі, рэкамендаваную вам, неабходна правесці ў поўным аб'ёме. Пры атрафічным гастрыце, асацыяваным з хелікабактарнай інфекцыяй, мы прызначаем антысакраторныя прэпараты, у тым ліку і лекавы сродак з групы пантапразолу.
Акрамя таго, каб абследаваць вас на выяўленне паталогіі кішэчніка, неабходна правесці шэраг лабараторных і інструментальных даследаванняў: эндаскапічнае даследаванне кішэчніка, пасаж барыю па кішэчніку (рэнтгеналагічны метад), даследаванне відавога і колькаснага складу мікробнай флоры, даследаванне кала, у тым ліку на прасцейшыя, яйкі гельмінтаў і інш.
Улічваючы боль у шыі з ірадыяцыяй у плячо, вам мэтазгодна выканаць рэнтгеналагічнае даследаванне шыйнага аддзела пазваночніка.
— Пакутую ад моцнага болю ў правым падрабрынні. Пройдзены курс лячэння: ліў-52, халензім, эсенцыяле, жоўцевы збор, панзінорм, дыета. Білірубін 12,6, АсАТ 28, АлАТ 20, халестэрын 4,92, глюкоза 4,59...
— Інтэнсіўны боль у правым падрабрынні можа быць звязаны з шэрагам захворванняў жоўцевага пузыра і жоўцевыводных шляхоў. Перш за ўсё, гэта жоўцекаменная хвароба, дысфункцыя жоўцевага пузыра па гіперкінетычным тыпе і г. д. Улічваючы вынікі біяхімічнага аналізу крыві, размовы пра пашкоджанне печані ісці не можа. Мэтазгодна ўважліва вывучыць характар болю (працягласць, правакуючы фактар, спосаб купіравання). Зрабіць ультрагукавое даследаванне з кантраставаннем жоўцевага пузыра, правесці гастрадуадэнаскапію. Варта памятаць, што болевыя адчуванні ў правым падрабрынні ў некаторых выпадках могуць быць звязаны з астэахандрозам пазваночніка ў грудным аддзеле.

Лячыце атлусценне комплексна

— 25 гадоў. Пакутую ад лішняй вагі. Хачу паставіць інтрагастральны балон. Хацелася б больш даведацца пра гэтую працэдуру. Што для гэтага патрэбна?
— Атлусценне развіваецца пры залішняй каларыйнасці ежы, галоўным чынам, за кошт жывёльнага тлушчу і вугляводаў, а таксама з за парушэння рэжыму харчавання — прыёму асноўнай долі сутачнага рацыёну ў вячэрнія гадзіны. Акрамя таго, лішняя вага фарміруецца пры значным абмежаванні фізічнай актыўнасці нават пры невысокай каларыйнасці ежы. Важнае значэнне мае і спадчынны фактар, нярэдка атлусценне носіць сямейны характар. З павелічэннем вагі з'яўляюцца стамляльнасць, слабасць, апатыя, задышка, санлівасць, павышаецца апетыт. Рана развіваюцца захворванні сэрца, атэрасклероз, хваробы печані, эндакрынныя расстройствы, паталогія суставаў і пазваночніка.
Лячэнне атлусцення заўсёды комплекснае. Яго мэта — стварэнне ў арганізме адмоўнага энергетычнага балансу шляхам рэзкага абмежавання каларыйнасці ежы, перш за ўсё, за кошт змяншэння паступлення жывёльнага тлушчу і вугляводаў, асабліва рафінаваных — цукар, мёд, кандытарскія вырабы.
Для зніжэння масы цела часцей за ўсё выкарыстоўваецца сутачны рацыён, энергетычная каштоўнасць якога роўная 1700–1800 ккал (у норме для здаровага чалавека — 3000–3200 ккал). Акрамя змяншэння тлушчу, вугляводаў, выдалення рафінаваных прадуктаў, абмяжоўваецца ўжыванне хлеба да 100–150 г у суткі. Ежу гатуюць без солі. Можна выкарыстоўваць толькі 3–6 г у суткі для падсольвання гатовых страў. Харчаванне павінна быць дробным, невялікімі порцыямі, 4–6 разоў у дзень. Паміж асноўнымі прыёмамі ежы можна ўжываць невялікую колькасць малакаларыйных прадуктаў — яблыкі, абястлушчаны тварог, салаты з гародніны без алею і інш. Зніжэнне масы цела павінна быць не хуткім і складаць 3–4 кг у месяц.
Лячэбнае галаданне, або разгрузачныя дні, пры атлусценні малаэфектыўныя, паколькі пасля галадання маса цела зноў хутка вяртаецца.
Фізічная актыўнасць, або лячэбная фізкультура — абавязковы складнік лячэбнага комплексу. Від фізічных практыкаванняў, іх аб'ём і тэмп, інтэнсіўнасць нагрузкі ў многім залежыць ад ступені атлусцення, спадарожных захворванняў, узросту, фізічнай падрыхтоўкі. Але ў любым выпадку фізічная нагрузка павінна быць актывізавана. Канкрэтнае рашэнне гэтага і іншых пытанняў, звязаных з лячэннем атлусцення, можна атрымаць у гарадской або раённай паліклініцы па месцы жыхарства ва ўрача-тэрапеўта.
Варта, аднак, памятаць, што атлусценне можа быць і другасным, звязаным з захворваннямі, перш за ўсё, эндакрыннай сістэмы. Таму абследаванне перад пачаткам лячэння атлусцення ва ўрача павінна быць абавязковым. Існуюць розныя метады аператыўнага лячэння атлусцення, у тым ліку ўвядзенне ў поласць страўніка чужароднага прадмета — інтрагастральнага балона. Пры завяршэнні курса лячэння балон неабходна выдаліць. Метад мае на ўвазе, вядома, дадатковыя матэрыяльныя затраты.
У гэтым адказе мы адлюстроўваем агульнапрынятыя, навукова абгрунтаваныя падыходы да вырашэння пытання лішняй вагі. Менавіта на іх мы і раім звярнуць увагу. Кожнаму пацыенту з атлусценнем неабходна праявіць падчас лячэння характар, волю і настойлівасць. Тады вынік будзе дасягнуты.

Пасля першага эфекту не адмаўляйцеся ад лекаў

— 22 гады. Гастрыт з 12 гадоў. Зараз моцнае пагаршэнне. Пастаянна ванітуе, перыядычна — пякотка, боль уверсе жывата. Вынік даследавання: дуадэнагастральны рэфлюкс, недастатковасць кардыі, эразіўная гастрапатыя, эрытыматозная дуадэнапатыя 1 ступені запалення. Ці можна гэта лячыць? Піла матыліум і амепразол. На той час ванітаванне знікла, аднак па завяршэнні прыёму вярнулася. Дыету вытрымліваю. Не куру, не ўжываю алкаголь.
— Сімптомы вашага захворвання — пякотка, боль у падлыжачнай частцы, ванітаванне і эндаскапічныя даныя ўказваюць на наяўнасць гастраэзафагеяльнай рэфлюкснай хваробы, дуадэнагастральнага рэфлюксу і хранічнага гастрыту з эрозіямі. Вы прымалі адэкватную медыкаментозную тэрапію. Даволі частая памылка пры лячэнні — хуткае адмаўленне ад антысакраторнай тэрапіі пры атрыманні першага эфекту. Лячэнне павінна быць працяглым — 2–4 месяцы з пераходам на падтрымальную, палавінную курсавой дозу амепразолу.
— У сына, яму 19 гадоў, год таму падчас эндаскапіі страўніка выявілі паліп 0,3х0,4 см страваводу ў раёне кардыі, узялі біяпсію, нічога анкалагічнага не знайшлі. Далі накіраванне ў Мінскую абласную бальніцу на кансультацыю. У бальніцы пацвердзілі дыягназ — паліп кардыі — і ў рэкамендацыях напісалі «назіранне ў гастраэнтэролага». Праз год сын зноў прайшоў абследаванне ў эндаскапіста: паліп застаўся тых жа памераў, што і быў. Ці ёсць небяспека перараджэння паліпа?
— Паліп — гэта пухліна, якая звісае са сценкі полага органа ў яго прасвет. Паліп адносіцца да групы перадракавых захворванняў. Лячэнне паліпаў стрававода аператыўнае. Гэта звязана як з магчымасцю перараджэння ў рак, з'яўленнем язвы на паліпе, небяспекай кровацячэння, так і з магчымасцю асфіксіі, асабліва пры наяўнасці доўгай ножкі ў паліпа, і абцяжарваннем праходжання цвёрдай ежы па страваводзе.
Апошнім часам сярод метадаў аператыўнага выдалення паліпаў стрававода найбольшае прызнанне атрымлівае электраэксцызія паліпа праз эндаскоп. Можна таксама выдаляць паліпы стрававода праз эзафагаскоп шляхам перасячэння ножкі паліпа спецыяльнымі нажніцамі або дротавай пятлёй. Пры гэтым неабходна памятаць аб магчымай перфарацыі (разрыве, пашкоджанні) стрававода, асабліва пры моцным нацяжэнні ножкі. Гэту маніпуляцыю трэба выконваць з вялікай асцярожнасцю. У выпадку немагчымасці паліпэктаміі праз эндаскоп і пры наяўнасці вялікіх паліпаў на шырокай аснове паказана эзафагатамія (рассяканне стрававода) пасля папярэдняй біяпсіі і выключэння злаякаснага характару пухліны. Паліп на шырокай аснове выдаляюць у межах здаровых тканак і зашываюць дэфект слізістай абалонкі.

Зніжайце каларыйнасць, павышайце актыўнасць

— 26 гадоў. Пасля двух родаў набрала 20 кг. Пакуль не магу іх скінуць. Дапамажыце скласці меню, па якім можна харчавацца, каб прывесці сябе ў форму. Падкажыце аптымальны рэжым харчавання, памер порцый. Ці можна дадаць разгрузачны дзень?
— Меню можа і павінна быць як мага больш разнастайным. Важна звярнуць увагу на іншыя моманты. Існуюць агульнапрынятыя, навукова абгрунтаваныя падыходы да вырашэння пытання лішняй вагі.
У першую чаргу неабходна істотна абмежаваць каларыйнасць ежы, зменшыць паступленне жывёльнага тлушчу і вугляводаў. Харчаванне павінна быць дробным, 4–6 разоў у дзень. Паміж асноўнымі прыёмамі ежы можна ўжываць невялікую колькасць малакаларыйных прадуктаў. Лячэбнае галаданне, разгрузачныя дні пры атлусценні малаэфектыўныя, паколькі пасля галадання маса цела зноў хутка вяртаецца.
Фізічная актыўнасць, або лячэбная фізкультура — абавязковы складнік лячэбнага комплексу.
— 39 гадоў. Паўтара года таму нарадзіла. З 18 да 37 гадоў мая вага не перавышала 50 кг. Калі зацяжарала, то ўжо за першыя два месяцы набрала каля 7 кг. Да родаў вага павялічылася на 22 кг. Зараз вага роўная 70 кг. Каля года спрабую зменшыць вагу, аднак нічога пакуль не атрымліваецца. Да родаў нічога, акрамя эразійнага гастрыту, у мяне не знаходзілі. З чаго трэба пачаць? Ці можна абследавацца ў раённай паліклініцы або з такімі праблемамі трэба звяртацца толькі ў спецыялізаваныя клінікі?
— Варта мець на ўвазе, што лішняя вага, праблема атлусцення можа быць звязана з іншым захворваннем, перш за ўсё, эндакрыннай сістэмы. Таму перад пачаткам вырашэння праблемы зніжэння вагі абавязкова трэба абследавацца. Канкрэтнае рашэнне пытанняў, звязаных з лячэннем атлусцення, можна атрымаць у гарадской або раённай паліклініцы па месцы жыхарства ва ўрача-тэрапеўта.
— Пасля тлустай ежы моцна ацякаюць вочы. Фібрагастра-
дуадэнаскапія і каланаскапія ніякай паталогіі не выявілі. Ультрагук брушной поласці, шчытападобнай залозы ў норме. Аналізы крыві добрыя. Пасля 18.00 есці наогул не магу, бо раніцай будзе ацёчнасць. Скінула 12 кг. Восенню становіцца так дрэнна, што ўвесь дзень магу ўжываць толькі аўсянку. Часта пасля ежы баліць злева пад рэбрамі. Што рабіць?
— Найбольш верагодна, што ў вас мае месца харчовая алергія на адзін ці некалькі прадуктаў. Так званы «алергічны параарбітальны ацёк» развіваецца хутка і раптоўна. Ацёк можа распаўсюджвацца пры гэтым на іншыя часткі твару і цела. Працягласць ацёку — ад некалькіх гадзін да 2–3 сутак. Акрамя таго, ацёкі на твары могуць з'яўляцца пры захворваннях нырак, эндакрынных расстройствах, хваробах злучальнай тканкі і інш. Вам неабходна звярнуцца ў паліклініку да тэрапеўта або алерголага.

Святлана БАРЫСЕНКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Чаму ў старасці псуецца характар, з'яўляюцца бяссонніца і трывожнасць

Аб праблемах старэння і тым, як заўважыць і, магчыма, прадухіліць розныя псіхалагічныя захворванні ў пажылых, мы паразмаўлялі з урачом-псіхатэрапеўтам Гарадскога клінічнага псіхіятрычнага дыспансера Марынай Шчаслянок.

Грамадства

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

«Беларусь у маіх вачах». Блогер Паліна Амяльянчык выбірае малавядомыя маршруты для падарожжаў і адкрывае нечакана цікавыя факты з гісторыі роднага краю

Акрамя фотаздымкаў храмаў і руін былых сядзіб, практычна кожны пост Паліны суправаджаецца яркімі біяграфіямі землякоў. 

Грамадства

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

Канфуцый «прапісаўся» ў Мінску. Гутарым з дырэктарам Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ, былым паслом Беларусі ў Кітаі Анатолем Тозікам

20 студзеня Беларусь і Кітай адзначаюць 29-ю гадавіну ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.