Вы тут

Заўтра ствараецца сёння


З дэпутатам, членам Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па міжнародных справах, членам камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па пытаннях знешняй палітыкі Міхаілам САВАНОВІЧАМ гутарыць наш карэспандэнт.

1381181758715_8-19

— Міхаіл Фёдаравіч, вы, так бы мовіць, пакуль яшчэ «малады» дэпутат. І такіх дэпутатаў, якія летась упершыню прыйшлі ў парламент — большасць у Палаце прадстаўнікоў. Што вам асабіста дапамагло адаптавацца на новым месцы, што садзейнічала хутчэйшаму ўваходжанню ў курс спраў?
— Пераемнасць у працы парламента. Мушу заўважыць, што мы, новыя дэпутаты, прыйшлі не на пустое месца, не пачыналі з нуля, а атрымалі добра падрыхтаваную і грунтоўна распрацаваную папярэднім складам Палаты прадстаўнікоў аснову, задзел на будучыню. Таму ў мяне перыяд адаптацыі ў камісіі быў кароткім. Дапамог сямігадовы досвед работы кіраўніком спраў Мінгарвыканкама, дзе я курыраваў аддзелы пратакола і міжнародных сувязяў. Потым на пасадзе старшыні Мінскага гарсавета таксама даводзілася ўдзельнічаць у зносінах з замежнымі краінамі.
З аднаго боку, напрацоўкі і здабыткі нашых папярэднікаў у парламенце істотна аблягчаюць задачы цяперашніх дэпутатаў, а з другога, адначасова і ўскладняюць іх выкананне. Бо жыццё вымушае нас ісці далей, паглыбляць і ўдасканальваць узаемадзеянне з парламентамі замежных дзяржаў.

— На вашу думку, што асабліва каштоўнае засталося ў спадчыну цяперашняму складу камісіі?
— Адным з беспярэчных дасягненняў парламента мінулага склікання ў міжнароднай сферы, безумоўна, з'яўляецца падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве Палаты прадстаўнікоў з Дзяржаўнай Думай Расіі. Можа, нехта спытае: якая была патрэба ў такім дакуменце? Ёсць жа Парламенцкі сход Беларусі і Расіі. Аднак ужо першае сумеснае пасяджэнне абедзвюх камісій паказала, што гэтая форма супрацоўніцтва адкрывае новыя перспектывы для ўдасканалення інтэграцыйнай дзейнасці на постсавецкай прасторы. Не сакрэт, што першыя гады існавання Мытнага саюза Беларусі, Расіі і Казахстана выявілі шэраг актуальных праблем, якія патрабуюць асэнсавання і пры магчымасці нават умяшання парламентаў краін «тройкі».
Нельга не сказаць пра падпісанне мемарандума з Кітаем аб супрацоўніцтве. Гэты важны дакумент надаў новы імпульс, у прыватнасці, дзелавому ўзаемадзеянню Беларусі з другой эканомікай свету.
Мы сёння выкарыстоўваем шматлікія сувязі і кантакты, набытыя дэпутатамі былых скліканняў у міжнародных парламенцкіх саюзах і структурах. Палата прадстаўнікоў, між іншым, удзельнічае ў рабоце 14 міжнародных парламенцкіх арганізацый. Сярод іх уплывовы і аўтарытэтны Міжнародны парламенцкі саюз (МПС), у які ўваходзяць 162 парламенты замежных дзяржаў.
Прызнаюся, для мяне ў пэўным сэнсе стала адкрыццём тое, якая вялікая, цікавая і змястоўная работа вядзецца ў дэпутацкіх групах па ўзаемадзеянні з парламентамі замежных дзяржаў. Сёння ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь дзейнічаюць 2 камісіі і 50 рабочых груп. Іх праца пракладвае шляхі для далейшага развіцця супрацоўніцтва дзелавых колаў Беларусі з патэнцыяльнымі партнёрамі за мяжой. Праз наладжванне сувязяў з парламентамі замежных дзяржаў, асабліва краін Паўднёва-Усходняй Азіі, Лацінскай Амерыкі ёсць неблагія шанцы для прасоўвання на іх рынкі айчынных тавараў. Працэс стварэння дэпутацкіх груп працягваецца, да нас паступаюць ад замежных калег новыя прапановы аб наладжванні кантактаў. У гэтым сэнсе можна сказаць, што дэпутаты сёння рыхтуюць глебу для заўтрашніх выгадных Беларусі дагавораў і праектаў.

— Міжнародная парламенцкая дзейнасць не заўсёды знаходзіцца навідавоку ў шырокай публікі. Чым канкрэтна займаюцца дэпутаты вашай профільнай камісіі?
— Зразумела, праз яе не так ужо і шмат праходзіць законапраектаў, але ў гэтым яе спецыфіка. Справа не ў колькасці, а ў значнасці і якасці будучых законаў, іх уплыве на паляпшэнне адносін з навакольным светам. Напрыклад, у парламенце неўзабаве пачнецца разгляд праекта Закона «Аб беларусах замежжа». Я думаю, што гэты заканадаўчы акт будзе спрыяць яшчэ большаму развіццю канструктыўных стасункаў, рознабаковых сувязяў з суайчыннікамі, у тым ліку іх прыцягненню да дзейнасці па адстойванні нацыянальных інтарэсаў этнічнай радзімы ў замежных краінах.
Акрамя законапраектаў, у камісіі шмат іншай працы. Возьмем ратыфікацыю міжнародных дакументаў. Калі пра гэта паведамляецца ў СМІ, то звычайна ў некалькіх словах, усяго толькі голы факт: ратыфікавана вось такое міжурадавае пагадненне. І ўся інфармацыя. Камусьці можа здацца, што гэтая працэдура адбываецца шляхам аўтаматычнага галасавання. На самой справе ёй папярэднічае даволі грунтоўная аналітычная работа над самім дакументам. Мы, члены камісіі, спрабуем па меры магчымасці зазірнуць у будучыню, спрагназаваць наступствы яго ратыфікацыі для нашай краіны. Ці не будуць яны насіць негатыўны характар праз 5, 10, 20 і больш гадоў?
Нагадаю, ратыфікацыя (ад лацінскага слова rаtіfісаtіо, што значыць «вырашаць, зацвярджаць») — працэс надання юрыдычнай сілы дакументу (у нашым выпадку, міжнароднаму пагадненню, дагавору) шляхам зацвярджэння яго адпаведным дзяржаўным органам кожным з бакоў. Да ратыфікацыі, звяртаю ўвагу, такі дакумент, як правіла, не мае юрыдычнай сілы і не з'яўляецца абавязковым для краіны, якая яго не ратыфікавала. Факт ратыфікацыі афармляецца спецыяльным дакументам — ратыфікацыйнай граматай. Ратыфікацыя міжнародных дагавораў з'яўляецца спосабам выказвання Беларуссю згоды на абавязковасць для яе міжнароднага пагаднення. Таму парламентарыі нясуць адказнасць, не пабаюся гучнага слова, перад народам за тое, што зацвярджаюць.

— Міжнародныя парламенцкія сувязі, зразумела, працуюць на карысць Беларусі, яе імідж за мяжой. Але вельмі многае залежыць і ад выніковасці нашай дыпламатыі ў канкрэтных краінах. Наколькі я ведаю, у кампетэнцыі вашай камісіі ўзгадненне кандыдатур кіраўнікоў замежных прадстаўніцтваў Беларусі. Каго вылучаюць на гэтыя пасады?
— Так, мы маем прамое дачыненне да прызначэння беларускіх паслоў у замежных дзяржавах. Хочацца адзначыць, што кандыдатамі рэкамендуюцца кваліфікаваныя, энергічныя, з вялікім досведам калі не дыпламатычнай, то плённай работы ў дзяржаўных органах, рэальнай эканоміцы. На апошняе мы звяртаем увагу, бо будучым паслам значную долю свайго часу давядзецца выдаткоўваць на развіццё дзелавых стасункаў, садзейнічаць стварэнню ўмоў для гандлю нашымі таварамі за мяжой.
Хачу заўважыць, што не ўсе кандыдаты ў паслы атрымліваюць адназначную згоду камісіі на прызначэнне. І гэта натуральна. Аб'ектыўна павышаюцца патрабаванніі да кандыдатаў у паслы. Члены камісіі маюць права адхіліць тую ці іншую кандыдатуру і не рэкамендаваць на высокую дыпламатычную пасаду. А без станоўчага рашэння камісіі кандыдат у паслы не можа быць зацверджаны. Радуе, што на размову ў камісію прыходзяць падрыхтаваныя людзі, гатовыя адразу і без прамаруджвання ўключыцца ў работу ў новай краіне. Яны валодаюць мовамі, разбіраюцца ў палітычных, эканамічных, культурных, нацыянальных і гістарычных асаблівасцях краіны, дзе неўзабаве будуць працаваць.

— Сябраваць, наладжваць сувязі, весці ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва варта па магчымасці з усім цывілізаваным светам, але ўсё ж ёсць прыярытэты. Якія яны, на ваш погляд, павінны быць?
— Вядома, нашы ўзаемаадносіны з суседнімі краінамі. Беларусь зацікаўлена ў інтэнсіфікацыі супрацоўніцтва з краінамі СНД на двухбаковым узроўні і ў рамках інтэграцыйных аб'яднанняў. Аднак суседзі за апошняе дзесяцігоддзе моцна змяніліся. Тры краіны ўжо ў Еўрапейскім саюзе. Імкнецца туды Украіна. Але суседзяў не выбіраюць, нам лёсам наканавана жыць побач, знаходзіць агульныя пункты ўзаемадзеяння. Я, напрыклад, задаволены тым, як наша дэпутацкая група працуе з калегамі літоўскага Сойма. Дарэчы, там 23 дэпутаты ўваходзяць у групу па супрацоўніцтве з Беларуссю. Нядаўна дэлегацыя Сойма наведала Беларусь, мы правялі перамовы. Не па ўсіх пытаннях у нас супадалі погляды, былі розныя ацэнкі, падыходы да іх вырашэння, але адчувалася жаданне літоўцаў працаваць з намі, выкарыстоўваць патэнцыял добрасуседства ў інтарэсах абодвух бакоў. Задзейнічаць яго па максімуме імкнецца пасол Беларусі ў Літве Уладзімір Дражын, які шмат намаганняў прыкладае для гэтага. Уладзіміра Несцеравіча ведаюць і паважаюць у Сойме, міністэрствах і ведамствах, увогуле ў краіне. Шмат працуе для ўмацавання добрасуседства і наш пасол у Латвіі Аляксандр Міхайлавіч Герасіменка.
Яшчэ я ўдзельнічаю ў рабоце дэпутацкіх груп па ўзаемадзеянні з парламентамі Грузіі, Эквадора, Ізраіля. З дэпутатамі ізраільскага Кнесета ў нас складваюцца дзелавыя і канструктыўныя стасункі. Я думаю, што ўзаемная адмена віз для грамадзян абедзвюх краін (гэтае рашэнне актыўна прасоўвае наша камісія) паспрыяе актывізацыі двухбаковых адносін.
Я ўжо казаў, што Беларусь мае ў Азіі і вялікія інтарэсы, і надзейных партнёраў. В'етнам адзін з іх. Я з цікавасцю і задавальненнем назіраю, як сёння развіваюцца нашы адносіны з гэтай краінай, як там пачынаюць рэалізоўвацца сумесныя праекты. У нас з гэтай краінай склаліся выдатныя палітычныя і дзелавыя адносіны ў многім дзякуючы таму, што ў свой час у Беларусі вучылася шмат в'етнамскіх студэнтаў. Сёння многія з іх займаюць адказныя пасады ў органах дзяржаўнага кіравання, парламенце, бізнесе. Яны не забылі маладосць у Беларусі, усяляк садзейнічаюць развіццю ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.

— Міхаіл Фёдаравіч, вы ўвесь час кажаце: «наша камісія», «нашы дэпутаты». А хто яны?
— Гэта сур'ёзныя, адказныя, з вялікім жыццёвым досведам людзі, якія дагэтуль шмат гадоў плённа працавалі ў розных сферах. Важная акалічнасць: большасць членаў камісіі дэпутаты, якія былі выбраны на другі тэрмін. Напрыклад, старшыня камісіі Мікалай Леанідавіч Самасейка. І што важна, многія дэпутаты і папярэдні тэрмін працавалі ў камісіі. А гэта вялікі плюс, бо яны не навічкі ў міжнародных справах. Скажам, цяперашні намеснік старшыні камісіі Віталь Леанідавіч Бусько, які раней пэўны час яе ўзначальваў. Валянціна Сцяпанаўна Лявоненка таксама добра ведае парламенцкую работу. Ды і новыя члены камісіі спрактыкаваныя ў вядзенні спраў з замежжам, у той жа актуальнай знешнеэканамічнай дзейнасці. Гэта і былыя дырэктары «Гомсельмаша» (Валерый Аляксеевіч Жмайлік), рэчыцкага завода метызаў (Адам Сямёнавіч Вашкоў); старшыня Аршанскага райвыканкама Уладзімір Міхайлавіч Дзедушкін і іншыя. На мой погляд, справа ўмацавання аўтарытэту нашай краіны і яе парламента ў свеце — у надзейных руках.

Гутарыў Леанід ЛАХМАНЕНКА

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.