Вы тут

Як падоўжыць ногі


Доўгія стройныя ногі — адзін з абавязковых складнікаў жаночай прывабнасці. Мабыць, таму многія з нас нярэдка жадаюць прыбавіць у росце, для чаго носяць высачэзныя абцасы. Аднак, калі вы думаеце, што справа тут толькі ў колькасці сантыметраў, дык памыляецеся. На вуліцах часта прыходзіцца бачыць дзяўчат на абцасах, але ад гэтага іх ногі не выглядаюць бясконца доўгімі, а ў дадатак некаторыя ходзяць так, што іх становіцца шчыра шкада. Дык вось, паколькі не ўсім нам пашанцавала мець «ногі ад вушэй», мы паспрабуем схітраваць і падоўжыць іх візуальна з дапамогай некалькіх дзейсных прыёмаў.

1383369298334_2-30

Пачнем з базы. База — гэта не абутак і не адзенне, гэта наша цела! Жанчына, якая горда і прама нясе сваё цела, здаецца вышэйшай і — што таксама важна — упэўненай у сабе. Менавіта таму ў мадэльных школах вялікую ўвагу надаюць дэфіле, г.зн. паходцы. І адно з практыкаванняў, якое будучых мадэляў прымушаюць рабіць да знямогі, заключаецца ў наступным: станьце ў профіль перад люстэркам і паглядзіце туды, дзе сцяна сыходзіцца са столлю прама перад вамі. Падыміце падбародак у кірунку позірку. Ён аказваецца пад прамым вуглом да цела. Услед за падбародкам уздымаем грудзі і выпростваем спіну, выцягваемся па струнцы. Плечы адводзім назад і апускаем уніз. Жывот уцягваем. Цяпер крэслім прамую лінію і «дэфілюем» уздоўж яе на абцасах аж да стомленасці — гэтае практыкаванне трэба давесці да «аўтамата». Вельмі важна бачыць сябе збоку, таму, зразумела, цудоўна трэніравацца перад вялікім люстэркам, у якім вы бачыце сябе ва ўвесь рост. Запомніўшы становішча, старайцеся хадзіць так заўсёды, пастаянна абрываючы сябе, калі вы пачынаеце сутуліцца, выпінаеце жывот або апускаеце падбародак.

А зараз пагаворым пра дэталі — адзенне і абутак

1. Ваша фігура не павінна «дзяліцца».

Выбірайце адзенне ў адной каляровай гаме. Асабліва варта пазбягаць кантрасных спалучэнняў: невысокую фігуру яны не проста дзеляць, а літаральна разрываюць на часткі (дарэчы, пра класічныя «белы верх — чорны ніз» таксама забудзьце).

Скажыце «не» і гарызантальным лініям у адзенні: яны нас «прызямляюць».

Забудзьцеся пра мадэлі туфляў, якія мацуюцца на шчыкалатках спражкамі, бантамі, стужкамі, шнуроўкай — усё роўна. Падобныя фасоны аўтаматычна «зразаюць» даўжыню ног.

2. Абутак не павінен рэзка кантраставаць з колерам калготак (ног) або з колерам адзення.

Напрыклад, чорныя туфлі з цялеснымі калготкамі, чорнай спадніцай і белай блузкай дзеляць фігуру на 4 «часткі», адпаведна, дзяўчына ў падобным «прыкідзе» калі і прыцягвае ўвагу, то яўна не даўжынёй ног.

Таму, калі вы выбралі чорны абутак і чорную спадніцу, то і калготы павінны быць чорнымі (або цёмнымі). Калі вы абулі светлыя замшавыя боты, то і панчохі выбірайце цялесныя, і спаднічку светлую (падыдуць любыя адценні бэжава-карычневых колераў, акрамя цёмнага шакаладу, які выглядае амаль чорным).

І яшчэ нюанс: паміж чорнымі туфлямі і чорнымі штанамі не павінна праглядваць ніякіх палосак цялеснага колеру.

Ідэальны колер абутку летам — бэжавы і ні ў якім разе не чорны. Для падаўжэння ног выбірайце максімальна адкрытыя басаножкі на абцасе.

3. Абцас робіць нагу стройнай, але не заўсёды.

І тут варта прытрымлівацца некаторых правіл. Калі лыткі ў вас паўнаватыя, не варта купляць вельмі тонкія «шпількі»: кантраст згуляе не на вашу карысць. Лепш выбраць што-небудзь больш устойлівае. Абутак з вострым носікам дадае росту, аднак калі вы нізенькая, у такім абутку будзеце выглядаць смешна. Закруглены носік — якраз для вас; да таго ж ён робіць ступню акуратнай.

Занадта высокі абцас вас проста «сагне»: вы не зможаце хадзіць на ім прама. Аптымальная вышыня — 6—7 сантыметраў. Не можаце насіць абцасы такой вышыні? Тады насіце хаця б 4—5 см, але не адмаўляйцеся ад абцаса наогул!

Выдатнае рашэнне для ахвотніц падоўжыць ногі — модная цяпер невялікая платформа, якая дапаўняе высокі абцас. Акрамя таго, што яна літаральна «выцягвае» ногі, на ёй яшчэ і хадзіць зручна!

4. Батфорты, як ні дзіўна, ногі ўкарочваюць. Боты павінны быць сярэдняй даўжыні або крыху вышэй за сярэднюю.

Яркія аднатонныя высокія боцікі зрокава падаўжаюць ногі. Праўда, падыходзяць яны толькі дзяўчатам з кідкай знешнасцю, якія не згубяцца на фоне саміх ботаў.

Да паўбоцікаў і батыльёнаў таксама трэба ставіцца асцярожна. Не насіце паўбоцікі з міні! Такі абутак носяць са штанамі ў абцяжку або з доўгай спадніцай, падол якой будзе закрываць верх паўбоцікаў.

Шматлікія дэкарацыі, аплікацыі і стразы на халявах ботаў таксама здольны ўкараціць вашы ножкі, паколькі, зноў жа, «дзеляць» фігуру. Лінія ботаў павінна быць доўгай, накіраванай увысь — і нішто не павінна гэтаму перашкаджаць!

5. Каб ногі выглядалі больш доўгімі, насіце прамыя штаны «ў падлогу».

Гэта значыць, ніз штаноў павінен практычна закрываць абцас. «Выцягваюць» ногі класічныя штаны са стрэлкай, а таксама штаны з лёгкім клёшам ад калена. Штаны з класічнай або завышанай таліяй таксама робяць фігуру больш стройнай і падцягнутай. Вузкія цёмныя штаны, якія моцна абцягваюць нагу? Калі вы можаце сабе такое дазволіць — насіце! Толькі выбірайце мадэлі без нашывак, паяскоў, стразаў і іншай мішуры. Брыджы ўкарочваюць нагу, а брыджы з кішэнямі па баках яшчэ і патаўшчаюць ногі і сцёгны.

6. Спадніца таксама не апошняя справа.

Прасцей за ўсё падоўжыць ногі з дапамогай міні, хоць, зразумела, не ўсе могуць сабе гэта дазволіць. Таму ваш выбар — спадніца даўжынёю да сярэдзіны калена.

Непрымальная для нас даўжыня, якая даходзіць да сярэдзіны лыткі — самага поўнага месца галёнкі. Спадніца-максі наогул «прыкоўвае» фігуру да зямлі.

Смела выкарыстоўвайце разрэзы — гэта дзёрзка, эратычна. Адзін глыбокі разрэз збоку — і захопленыя погляды мужчын вам забяспечаны!

Падрыхтавала Вольга ЦЫБУЛЬСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.