Што тут казаць, птушкі — выдатныя памочнікі на дачы. А значыць, пра іх трэба паклапаціцца, асабліва цяпер, узімку. Снягі, халады, есці хочацца. А мы тут як тут. Нам жа гэта няцяжка, ці не так? Усяго толькі зрабіць некалькі кармушак, ды не забывацца дадаваць туды ежы.
Шыкоўны птушыны рэстаран атрымаецца з ліста фанеры адвольных памераў (скажам, 25х25 см ці 20х30 см) і невялікіх брусочкаў даўжынёй 12—25 см. Спачатку падрыхтуем сам столік, затым да яго па кутах прымацуем чатыры вертыкальныя стойкі, а да іх — дзве (можна і чатыры) гарызантальныя перакладзіны, на якія лягуць скаты даху. Для даху спатрэбяцца абрэзкі бляхі, алюмінію, сайдынгу, тонкай фанеры..
А ёсць варыянты прасцей. Бяром звычайную кардонную скрынку. Калі барты занадта высокія, абразаем іх па перыметры да вышыні 2-3 см, прымацоўваем вяровачкі — усё, гатова! Ад старога пластмасавага вядра спатрэбіцца ніжняя частка з дном. Вышыня борціка таксама 2-3 см, астатнюю частку вядра адразаем.
Пойдзе ў справу і непатрэбная пластыкавая каністра. Кладзём яе плазам і разразаем пасярэдзіне. Калі ўдала разрэжам, можа атрымацца адразу дзве кармушкі.
Можна зрабіць птушынае «бістро» з вялікага папяровага пакета ад соку. Ва ўсіх чатырох баках праразаем вялікія праёмы, каб птушкі не баяліся і маглі вольна залятаць у кармушку.
Ну і самы просты варыянт падкарміць птушак узімку — гэта равесіць кавалачкі хлеба ці нясоленага сала на галінах. Так ласавацца асабліва любяць сінічкі.
Ірына Тамковіч
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?