Вы тут

Стварэнне эфектыўнай заканадаўчай базы — найважнейшы фактар стабільнага развіцця краіны ў сучасных умовах


Выступленне Старшыні Савета Рэспублікі Рубінава А.М. на закрыцці трэцяй сесіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь пятага склікання

1387611036571_21-22

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Паважаныя запрошаныя і журналісты!

Мы завяршаем работу трэцяй сесіі Савета Рэспублікі пятага склікання. Хоць асенняя сесія займае крыху больш як два з палавінай месяцы, гэты перыяд быў вельмі насычаным і для нашай з вамі дзейнасці, і для жыцця ўсёй краіны.

Завяршаецца год, завяршаецца нядрэнна, але ўсё ж не з тымі вынікамі, на якія мы разлічвалі. Шэраг паказчыкаў аказаўся ніжэйшым за планавыя, а дзесьці і ніжэйшым за мінулагоднія. І гэта прымусіла не толькі ўрад, але і асабіста Прэзідэнта заняцца вырашэннем шэрагу праблем. Жорсткая рэакцыя кіраўніка дзяржавы на зрыў планаў мадэрнізацыі ў дрэваапрацоўцы, крытычны аналіз работы кіраўнікоў усіх узроўняў пры падагульняючай справаздачы ўрада і Нацыянальнага банка, дэталёвы разбор сітуацыі ў будаўнічай галіне і праблем падрыхтоўкі кіруючых кадраў праведзены Прэзідэнтам на рэспубліканскай нарадзе прадстаўнікоў «вертыкалі», — усё гэта накіравана на радыкальнае паляпшэнне работы нашага грамадства і, перш за ўсё, работнікаў сферы кіравання.

Зробленыя вывады датычацца непасрэдна і нас з вамі. Вы, паважаныя калегі, жывяце ў розных рэгіёнах краіны, займаецеся канкрэтнымі справамі ў вытворчай і сацыяльнай сферах, і ад вас у многім залежыць тое, наколькі адказна і эфектыўна будзе арганізавана дзейнасць працоўнага калектыву. І не толькі ў той установе, у якой вы працуеце. Вы як сенатары павінны цікавіцца работай і іншых прадпрыемстваў у вашым рэгіёне.

Падводзячы вынікі дзейнасці Савета Рэспублікі за мінулы перыяд, можна з упэўненасцю сказаць, што разам з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў і ў цесным узаемадзеянні з зацікаўленымі намі была праведзена немалая работа па прывядзенні заканадаўчай базы ў адпаведнасць з актуальнымі патрэбамі грамадства і стратэгічнымі напрамкамі дзяржаўнай палітыкі краіны. Усяго за гэты перыяд у Савеце Рэспублікі было разгледжана 67 законапраектаў.

Як вы ведаеце, напярэдадні сесіі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка звярнуў асаблівую ўвагу на падрыхтоўку праекта Закона аб рэспубліканскім бюджэце на 2014 год. Ён даў наказ парламентарыям з крытычнага пункту гледжання падысці да прапаноў урада. Прычым не толькі па бюджэце, але і ў цэлым адносна прагнозу развіцця краіны на наступны год. Таму асноўны падыход дэпутатаў і сенатараў пры разглядзе гэтага законапраекта заключаўся ў тым, каб прааналізаваць эфектыўнасць запланаваных расходаў, маючы на ўвазе няўхільнае выкананне ўсіх сацыяльна-эканамічных задач, вызначаных кіраўніком дзяржавы, захаванне балансу інтарэсаў паміж цэнтрам і рэгіёнамі, паміж асноўнымі суб'ектамі гаспадарання.

Сёння мы зацвердзілі бюджэт і прынялі блок законаў, якія вызначаюць параметры сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны на 2014 год. Трэба адзначыць, што да гэтага была праведзена вялікая папярэдняя работа парламентарыяў, у тым ліку і членаў Савета Рэспублікі. Нашы сенатары і, перш за ўсё, члены Пастаяннай камісіі па эканоміцы, бюджэце і фінансах на чале з У.І. Панцюховым актыўна ўдзельнічалі ў абмеркаванні параметраў рэспубліканскага бюджэту і дзяржаўных пазабюджэтных фондаў, змяненняў падатковага заканадаўства. Шэраг унесеных імі заўваг і прапаноў знайшлі сваё адлюстраванне ў прынятых законах.

Актуальныя пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны двойчы абмяркоўваліся на сумесных пасяджэннях палат Нацыянальнага сходу з удзелам прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь М.У. Мясніковіча і членаў урада. Павінен сказаць, што ўсебаковае абмеркаванне праекта рэспубліканскага бюджэту з урадам і грамадскасцю ў значнай ступені аблегчыла нам работу над гэтымі найважнейшымі дакументамі.

Праведзеныя абмеркаванні і дыскусіі далі магчымасць не толькі больш узважана падысці да фарміравання бюджэту краіны на наступны год, але і ў цэлым прааналізаваць сітуацыю ў эканоміцы і задачы, якія стаяць перад грамадствам. А задачы гэтыя дакладна вызначаны кіраўніком нашай дзяржавы: мы павінны навучыцца жыць па сродках, правільна вызначаць прыярытэты і эфектыўна расходаваць бюджэтныя грошы. Нам трэба дабіцца ўстойлівага дадатнага сальда ў знешнім гандлі, што немагчыма без маштабнай мадэрнізацыі нацыянальнай эканомікі. Неабходна падтрымліваць малы і сярэдні бізнес, ствараць у краіне інвестыцыйны клімат і новыя рабочыя месцы. Вырашэнне гэтых няпростых задач патрабуе высокай кваліфікацыі і неабходнага псіхалагічнага настрою кіруючых кадраў, падрыхтоўцы якіх трэба ўдзяліць асаблівую ўвагу.

Не пералічваючы ўсе адобраныя Саветам Рэспублікі законы, адзначу найбольш важныя з іх. Несумненна, асаблівую значнасць маюць законапраекты ў сферы канстытуцыйнага заканадаўства, паколькі яны вызначаюць прававыя формы непасрэднага ўдзелу грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы.

Да гэтай катэгорыі адносяцца адобраныя намі змяненні і дапаўненні ў некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях правядзення выбараў і рэферэндумаў. Яны ўлічваюць набыты ў краіне вопыт выбарчых кампаній і даюць магчымасць значна ўдасканаліць працэдуру выбараў.

У мэтах найбольш поўнага забеспячэння канстытуцыйных правоў грамадзян унесены дапаўненні і змяненні ў некаторыя законы па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў.

Удасканалены прававы механізм падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскіх і мясцовых сходаў у нашай краіне. Сярод навацый у гэтай галіне можна адзначыць заканадаўчае замацаванне прынцыпаў адкрытасці і галоснасці пры іх падрыхтоўцы і правядзенні. Законапраектам забараняецца прамы або ўскосны ўдзел замежных дзяржаў і арганізацый у фінансаванні, падрыхтоўцы і правядзенні такіх сходаў.

Прыняты ў новай рэдакцыі Закон Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» накіраваны на паляпшэнне арганізацыі сістэмнай прафілактычнай работы, павышэнне эфектыўнасці дзейнасці па прадухіленні правапарушэнняў усімі ўпаўнаважанымі органамі і арганізацыямі.

Члены Савета Рэспублікі ўважліва аднесліся да разгляду пытанняў прававога забеспячэння развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымулявання дзелавой актыўнасці ў такіх сферах гаспадарчай дзейнасці, як гандаль і грамадскае харчаванне, аказанне паслуг паветранага транспарту і паштовай сувязі. Унесены папраўкі ў Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусь і заканадаўчыя акты па пытаннях рэгулявання зямельных адносін, удасканалення кантрольнай і нагляднай дзейнасці і іншыя.

З улікам міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў рамках Мытнага саюза прыняты дадатковыя заканадаўчыя меры па развіцці канкурэнцыі і процідзеянні манапалістычнай дзейнасці.

У мінулы перыяд мы ўдзялялі асаблівую ўвагу такім формам работы, як удзел у парламенцкіх слуханнях і сумесных пасяджэннях пастаянных камісій палат парламента, правядзенне семінараў і круглых сталоў. Так, напрыклад, па ініцыятыве Пастаяннай камісіі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве быў праведзены круглы стол, на якім абмяркоўваліся перспектывы развіцця натарыята ў Рэспубліцы Беларусь. Па выніках гэтага мерапрыемства выпрацаваны канкрэтныя прапановы, што былі ўлічаны пры падрыхтоўцы адпаведных законапраектаў.

Такім чынам, у перыяд трэцяй сесіі пятага склікання Саветам Рэспублікі быў ухвалены шэраг найважнейшых заканадаўчых актаў, якія рэгулююць эканамічныя, сацыяльныя і іншыя адносіны ў нашым грамадстве.

Паважаныя калегі!

У перыяд асенняй сесіі мы актыўна працавалі над развіццём дагаворна-прававой базы супрацоўніцтва з замежнымі краінамі і міжнароднымі арганізацыямі. Ратыфікаваны 32 міжнародныя дагаворы па шырокім коле пытанняў. Сярод іх асаблівую палітычную і сацыяльную значнасць маюць пагадненні з Турцыяй аб бязвізавых паездках грамадзян і рэадмісіі, якія даюць магчымасць значна пашырыць супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, асабліва ў сферы турызму і бізнесу.

Умацаванню ўсебаковага стратэгічнага партнёрства з Кітайскай Народнай Рэспублікай будзе садзейнічаць ратыфікацыя пагаднення аб статусе воінскіх фарміраванняў абедзвюх краін, якія накіроўваюцца для правядзення сумесных вучэнняў і трэніровак.

Сфарміравана сучасная дагаворна-прававая база ўзаемадзеяння ў сферах гандлёва-эканамічнага, навуковага і ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва з Інданезіяй, Лаосам, Сінгапурам, Бангладэш і Шры-Ланкой. Тым самым юрыдычна замацаваны дамоўленасці, дасягнутыя па выніках візітаў на вышэйшым і высокім узроўні ў краіны Паўднёва-Усходняй Азіі.

Вялікае значэнне для ўмацавання інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы маюць вынікі пасяджэнняў Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД, што прайшлі 24-25 кастрычніка ў Мінску.

Як вы ведаеце, Рэспубліка Беларусь у 2013 годзе ажыццяўляла старшынства ў Садружнасці Незалежных Дзяржаў. За гэты час наша краіна выканала ўсе ўзятыя на сябе абавязацельствы і поўнасцю рэалізавала намечаны план мерапрыемстваў па ўзмацненні інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы.

Як падкрэсліў на пасяджэнні Савета кіраўнікоў дзяржаў А.Р. Лукашэнка, СНД — гэта незаменная пляцоўка для кантактаў прадстаўнікоў постсавецкіх краін. Яна неабходна для прыціркі міждзяржаўных адносін, урэгулявання спрэчных пытанняў, абмену вопытам і ўстанаўлення шматбаковага супрацоўніцтва.

Неабходна адзначыць, што Рэспубліка Беларусь захоўвае лідарства сярод дзяржаў — удзельніц СНД у частцы своечасовага выканання ўнутрыдзяржаўных працэдур, неабходных для ўступлення ў сілу дагавораў, падпісаных краінамі Садружнасці.

Вялікую ўвагу за мінулы перыяд мы ўдзялялі таксама развіццю міжпарламенцкіх кантактаў.

Традыцыйна Савет Рэспублікі падтрымлівае актыўныя кантакты з Саветам Федэрацыі Расіі. У ходзе плённых сустрэч са Старшынёй Савета Федэрацыі Валянцінай Іванаўнай Мацвіенка, якія прайшлі ў Мінску і Санкт-Пецярбургу, былі дэталёва абмеркаваны пытанні, што датычацца як двухбаковага парадку дня, так і інтэнсіфікацыі інтэграцыйных працэсаў на ўсёй прасторы СНД.

Асабліва адзначу важнасць нашага ўдзелу ў 45-й сесіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, якая прайшла 18 снежня ў Маскве. Парламентарыі адобрылі бюджэт Саюзнай дзяржавы на 2014 год і прынялі шэраг рашэнняў, што садзейнічаюць больш цеснай інтэграцыі нашых дзяржаў. Члены Савета Рэспублікі ўдзельнічалі ў пасяджэннях камісій Парламенцкага Сходу і іншых мерапрыемствах, дзе разглядаліся пытанні, звязаныя з удасканаленнем прававых асноў Саюзнай дзяржавы, распрацоўкай і рэалізацыяй сумесных праграм, забеспячэннем правоў і гарантый грамадзян Саюзнай дзяржавы.

Прадстаўнікі Савета Рэспублікі прынялі таксама ўдзел у мерапрыемствах, прымеркаваных да 20-годдзя Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі.

Ажыццяўляліся парламенцкія кантакты і з іншымі дзяржавамі — членамі СНД. Нашы сенатары ўдзельнічалі ў рабоце парламенцкіх структур Садружнасці Незалежных Дзяржаў, АДКБ і іншых міжнародных арганізацый.

Так, парламенцкая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь на чале з намеснікам Старшыні Савета Рэспублікі А.М. Русецкім удзельнічала ў рабоце Міжпарламенцкай Асамблеі СНД і Парламенцкай Асамблеі АДКБ. Трэба адзначыць вельмі плённую заканатворчую дзейнасць МПА СНД. За 20 гадоў ёю прынята 385 мадэльных заканадаўчых актаў. Свой значны ўклад у гэту работу ўносяць і прадстаўнікі Савета Рэспублікі.

Пасля даволі працяглага перапынку ў Кіеве адбылося чацвёртае пасяджэнне Міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Вярхоўнай Рады Украіны. Абмеркаваны шляхі актывізацыі работы Міжурадавай беларуска-ўкраінскай змешанай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, пашырэнні міжпарламенцкіх кантактаў і ўдасканаленні прававой базы двухбаковага супрацоўніцтва.

Новы імпульс беларуска-турэцкаму міжпарламенцкаму ўзаемадзеянню надаў першы за апошнія 20 гадоў афіцыйны візіт у Мінск дэлегацыі Вялікага нацыянальнага сходу Турцыі на чале з яго Старшынёй Джэмілем Чычэкам. Праведзеныя перагаворы прадэманстравалі ўзаемную зацікаўленасць ва ўмацаванні партнёрскіх адносін, пашырэнні і паглыбленні супрацоўніцтва ў розных сферах, у тым ліку на міжнароднай арэне. Бакі сышліся на думцы аб неабходнасці інтэнсіфікацыі міжпарламенцкіх кантактаў, што знайшло адлюстраванне ў падпісанні Пратакола аб супрацоўніцтве паміж парламентамі Беларусі і Турцыі.

Умацаванню адносін дружбы і партнёрства паміж Беларуссю і В'етнамам садзейнічаў афіцыйны візіт у Мінск в'етнамскай парламенцкай дэлегацыі.

Па запрашэнні нашых парламентарыяў у снежні адбыўся візіт у нашу краіну дэлегацыі групы дружбы «Францыя — Беларусь» Нацыянальнага сходу Французскай Рэспублікі. Члены французскай дэлегацыі правялі ў Мінску шэраг сустрэч і па выніках свайго візіту канстатавалі наяўнасць значнага патэнцыялу развіцця ўзаемавыгадных адносін як у двухбаковым фармаце, так і па лініі Беларусь — Еўрапейскі саюз.

Трэба згадаць таксама сустрэчы членаў Савета Рэспублікі з прадстаўнікамі парламентаў Латвіі і Эстоніі, якія прайшлі ў добрым, дружалюбным ключы.

Як вы ведаеце, Беларусь актыўна ўдзельнічае ў рабоце Міжпарламенцкага саюза. У мінулы перыяд беларуская дэлегацыя на чале са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы У.Л. Сянько прыняла ўдзел у 129-й Асамблеі Міжпарламенцкага саюза ў Жэневе. У ходзе пасяджэнняў парламентарыі Беларусі агучылі пазіцыю нашай краіны па такіх глабальных праблемах, як стварэнне свету, свабоднага ад ядзернай зброі, дасягненне ўстойлівага развіцця, абарона правоў дзяцей.

Традыцыйна нашы прадстаўнікі прымалі ўдзел у рабоце міжнародных місій па назіранні за выбарамі ў краінах СНД. У справаздачны перыяд сенатары ўдзельнічалі ў назіранні за выбарамі Прэзідэнта Азербайджанскай Рэспублікі і дэпутатаў Меджліса Туркменістана.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Як заўсёды, у ліку асноўных нашых прыярытэтаў значыцца работа ў рэгіёнах, у каардынацыі якой вялікую ролю адыгрывае Савет па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі.

Члены Савета Рэспублікі наведвалі населеныя пункты, вытворчыя і навучальныя калектывы, удзельнічалі ў рабоце мясцовых органаў улады і кіравання.

У сувязі з Годам беражлівасці намі быў арганізаваны семінар-практыкум для кіраўнікоў гарадскіх Саветаў дэпутатаў, які адбыўся ў Бабруйску. Былі разгледжаны пытанні ўзаемадзеяння дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў і парламентарыяў з выканаўчымі і распарадчымі органамі горада па захаванні рэжыму эканоміі і беражлівасці. Асаблівая ўвага ўдзелена рабоце дэпутатаў усіх узроўняў і органаў мясцовага кіравання па ўкараненні найноўшых энергазберагальных тэхналогій у будаўніцтве, зніжэнні энерга- і матэрыялаёмістасці вытворчасці, змяншэнні страт сыравіны і матэрыялаў. Вопыт, набыты ў гэтай сферы ў Бабруйску, рэкамендавана выкарыстоўваць і ў іншых рэгіёнах краіны.

Работа органаў мясцовага самакіравання рэгулярна разглядаецца і аналізуецца членамі Савета Рэспублікі таксама падчас правядзення заняткаў са старшынямі мясцовых Саветаў дэпутатаў у Інстытуце дзяржаўнай службы Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У сесійны перыяд сенатары правялі восем такіх сустрэч, у цэнтры ўвагі якіх былі пытанні дзяржаўнай палітыкі Беларусі і задачы павышэння эфектыўнасці работы мясцовых Саветаў.

У лістападзе ў Савеце Рэспублікі прайшла сустрэча з дэпутатамі Лідскага раённага Савета дэпутатаў. Адбылася адкрытая і канструктыўная размова па многіх актуальных пытаннях сучаснага жыцця, абазначаны прыярытэты ў паўсядзённай рабоце мясцовых Саветаў.

Паважаныя калегі!

Самая пільная ўвага ў дзейнасці Савета Рэспублікі ўдзялялася рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб.

Членамі Савета Рэспублікі разгледжана больш як тысяча пісьмовых і вусных зваротаў, праведзена 230 асабістых прыёмаў грамадзян і прадстаўнікоў юрыдычных асоб, у час якіх прынята больш за 700 наведвальнікаў. Толькі ў адрас Савета Рэспублікі ў названы перыяд паступіла 105 зваротаў.

Грамадзяне па-ранейшаму звяртаюцца ў вышэйшыя інстанцыі па дапамогу ў вырашэнні сваіх асабістых праблем. Больш за ўсё людзей хвалююць пытанні, якія датычацца якасці работы жыллёва-камунальных службаў, будаўніцтва і прыватызацыі жылля, рамонту жылых памяшканняў, сацыяльнай абароны, аховы здароўя, сям'і, мацярынства і дзяцінства. Ёсць скаргі, звязаныя з забеспячэннем законнасці і аховы правапарадку, абскарджаннем судовых рашэнняў.

Аналіз паказвае, што амаль 30 працэнтаў зваротаў змяшчаюць цалкам абгрунтаваныя скаргі і просьбы. Такія звароты накіроўваюцца ад імя Савета Рэспублікі ў мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы і іншыя арганізацыі для разгляду і прыняцця адпаведных мер і знаходзяцца ў нас на кантролі аж да прыняцця па іх канчатковых рашэнняў.

Вопыт паказвае, што асабісты прыём грамадзян з'яўляецца найбольш эфектыўнай формай работы з насельніцтвам. Гэта дае магчымасць дэталёва вывучыць прычыны праблем грамадзян. За апошнія два з палавінай месяцы члены Прэзідыума Савета Рэспублікі правялі чатыры выязныя прыёмы грамадзян: у Краснапольскім, Смаргонскім, Чавускім раёнах і ў Першамайскім раёне г. Мінска. Непасрэдна ў Савеце Рэспублікі за гэты перыяд на асабістым прыёме пабывалі 30 наведвальнікаў.

Важным інструментам у ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі былі і застаюцца сродкі масавай інфармацыі. У сувязі з гэтым павінен адзначыць, што вы, паважаныя калегі, даволі актыўна ўзаемадзейнічаеце з прадстаўнікамі друкаваных і электронных СМІ. Дзякуючы гэтаму парламенцкая дзейнасць за перыяд асенняй сесіі знайшла адлюстраванне больш чым у 170 газетных публікацыях, 90 з якіх прадстаўлены рэгіянальнымі СМІ.

Павышэнню аўтарытэту вышэйшага заканадаўчага органа краіны садзейнічалі таксама выступленні сенатараў на тэлебачанні і радыё, дзе асвятляліся пытанні заканадаўчай і міжнароднай дзейнасці, узаемадзеяння з органамі кіравання і самакіравання, работа з насельніцтвам. Неабходна і ў далейшым у даступнай форме даводзіць з дапамогай СМІ да нашых грамадзян аб'ектыўную і дакладную інфармацыю па пытаннях унутранай і знешняй палітыкі, што праводзіцца кіраўніцтвам краіны, расказваць аб дзейнасці парламента. Гэта адзін з важных напрамкаў нашай работы.

Паважаныя калегі!

Маючы адбыцца міжсесійны перыяд з'яўляецца для нас асабліва адказным. 23 сакавіка 2014 года пройдуць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Гэта вельмі важная палітычная падзея. Па сутнасці — чарговы этап развіцця беларускай дзяржавы і грамадства. У гэты перыяд кожны з нас павінен праявіць у поўнай меры свае прафесійныя і асабістыя якасці як грамадзяніна і патрыёта сваёй Радзімы.

Вельмі важна, каб у мясцовыя Саветы дэпутатаў прыйшлі актыўныя людзі, маючыя жыццёвы вопыт, здольныя адстойваць свой пункт гледжання і дастойна прадстаўляць інтарэсы насельніцтва.

Вы, паважаныя калегі, як ніхто іншы ведаеце асаблівасці сваіх рэгіёнаў, настроі ў працоўных калектывах, надзённыя патрэбы выбаршчыкаў. Таму неабходна на ўсіх этапах правядзення выбараў цесна працаваць з мясцовай вертыкаллю ўлады, сродкамі масавай інфармацыі, грамадскімі арганізацыямі, сустракацца з людзьмі, адказваць на любыя, нават самыя складаныя іх пытанні.

Выбаршчыкі будуць глядзець з даверам толькі на тых кандыдатаў, якія гатовы несці адказнасць за лёс раёна, горада і краіны ў цэлым. Словам, наша задача — аказаць неабходную дапамогу ў рэгіёнах для таго, каб выбары прайшлі арганізавана і ў строгай адпаведнасці з нормамі выбарчага заканадаўства.

Паважаныя калегі!

Сёння перад нашай краінай стаяць вялікія па сваіх маштабах і глыбіні дзяржаўныя задачы, якія даводзіцца вырашаць у складаных геапалітычных і эканамічных умовах. Няма сумненняў, што ўсе існуючыя цяжкасці мы пераадолеем. Але для правільнай арганізацыі работы патрэбна своечасовая і якасная падрыхтоўка заканадаўчай базы. А гэта і ёсць наша з вамі галоўная функцыя і самая высокая адказнасць.

За мінулы год мы атрымалі нядрэнны вопыт парламенцкай работы, набралі, як кажуць, абароты, і я ўпэўнены, што мы і далей будзем паспяхова спраўляцца з пастаўленымі перад намі задачамі.

Паважаныя члены Савета Рэспублікі!

Напярэдадні калядных і навагодніх свят у краіне праводзіцца дабрачынная акцыя «Нашы дзеці». Звяртаюся да вас з просьбай — знайдзіце магчымасць наведаць школы, дзіцячыя дамы, інтэрнаты і павіншаваць дзяцей з навагоднімі святамі.

На заканчэнне дазвольце выказаць вам словы падзякі за плённую сумесную работу. Дзякую таксама супрацоўнікам Сакратарыята за эфектыўнае забеспячэнне дзейнасці рабочых органаў Савета Рэспублікі.

Выказваю ўдзячнасць усім акрэдытаваным у Савеце Рэспублікі журналістам за своечасовае і аб'ектыўнае асвятленне нашай парламенцкай дзейнасці.

Дарагія сябры! Толькі некалькі дзён аддзяляюць нас ад Новага года. Сардэчна віншую ўсіх вас з надыходзячым Новым 2014-м годам і Калядамі! Жадаю моцнага здароўя, новых поспехаў у парламенцкай і грамадскай дзейнасці, шчасця і дабрабыту вам і вашым сем'ям!

Дзякуй за ўвагу!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.