Вы тут

Вольга Талаева: «ШОРТ-ТРЭК У НАС УВЕСЬ ЧАС БЛЫТАЮЦЬ З ВЕЛАСПОРТАМ»


На пачатку снежня з'явілася прыемная навіна: Беларусь упершыню заваявала дзве алімпійскія ліцэнзіі ў шорт-трэку.

У мінулым сезоне беларускія майстры «кароткага лёду» ўпершыню ўвайшлі ў топ-100 сусветнага рэйтынгу. А сёлета на міжнародных спаборніцтвах устанавілі чатыры нацыянальныя рэкорды. Для параўнання: больш — толькі на рахунку плыўцоў і прадстаўнікоў кулявой стральбы. Істотны прагрэс не мог не заўважыць Міжнародны саюз канькабежцаў. І вось на руках у беларускіх шорт-трэкераў дзве пуцёўкі на Алімпіяду ў Сочы.

У жаночай праграме мусіць выступіць Вольга Талаева, якая сёлета ўварвалася ў топ-40 сусветнай класіфікацыі. «Алімпійцу» спартсменка паведаміла пра сваё хакейнае мінулае, юніёрскі этап кар'еры і асаблівасці падрыхтоўкі шорт-трэкераў.

Як спрынтар стаў стаерам...

—  Давай спачатку ўспомнім, як склаўся гэты сезон. На этапе Кубка свету ў Турыне ты ўпершыню ў кар'еры выйшла ў чвэрцьфінал. Лічыш гэтае выступленне лепшым у сезоне?

—  Так. Гэта алімпійскі кваліфікацыйны турнір, таму важна было выступіць добра. У Шанхаі, у самым пачатку сезона быў яшчэ адзін выдатны старт — этап Кубка свету, дзе я абнавіла нацыянальны рэкорд. Такое здараецца вельмі рэдка. Звычайна шорт-трэкеры свае лепшыя вынікі паказваюць у сярэдзіне сезона — калі ўжо раскатаешся, «рассмакуеш» лёд.

—  На другім кваліфікацыйным турніры ў Каломне не атрымалася выступіць гэтак жа выдатна. Чаму?

—  Не пашанцавала. Пасля трох этапаў я знаходзілася ў сярэдзіне заліку Кубка свету, а значыць, магла разлічваць на тое, што сапернікі па забегу ў мяне будуць не самыя моцныя. Атрымалася наадварот.

Напрыклад, лідар сезона на дыстанцыі 500 метраў кітаянка Ван Мэн (чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка. — Аўт.) дагэтуль не ўдзельнічала ў забегах на 1 500 м і, адпаведна, не мела рэйтынгу.

А ў Каломне заявілася і на доўгую дыстанцыю. Такім жа чынам у забег паставілі і моцную карэянку.

Вядома, мне цяжка было цягацца з такімі асамі.

—  На чэмпіянат свету ў венгерскім Дэбрэцэне ты паехала не ў лепшай форме...

—  Так. У мяне была аперацыя на нагах. Таму працяглы час не магла трэніравацца і на чэмпіянат свету паехала, па сутнасці, без падрыхтоўкі. Тым не менш, калі ўлічваць акалічнасці, выступіла няблага.

—  Напэўна, часта прыходзіцца мірыцца з траўмамі?

—  На жаль. Шорт-трэк уваходзіць у пяцёрку самых траўманебяспечных відаў спорту. Вельмі шмат падзенняў, пераломаў, расцяжэнняў... Напрыклад, у мінулым сезоне на турніры ў Беластоку я няўдала ўпала і моцна пацягнула звязкі галенастопа, з надрывамі.

Прыйшлося прапусціць азіяцкія этапы Кубка свету. Але гэта не самая сур'ёзная траўма ў маёй кар'еры. Яшчэ раней быў надрыў мышцы задняй паверхні сцягна левай нагі, на які часам і дагэтуль пакутую. З гэтай прычыны перастала бегаць спрынт і стала больш трэніравацца на доўгіх дыстанцыях — 1500 м, 3000 м... Нечакана пайшлі вынікі — так і змяніла спецыялізацыю.

Цягнуцца за лепшымі

—  Шорт-трэк — малады від спорту. Першыя чэмпіянаты свету сталі праводзіцца незадоўга да твайго нараджэння.

—  Здаецца, у 1981 годзе. А праз шэсць гадоў у горадзе Орша нарадзілася Воля (смяецца). Я рана прыйшла на лёд. Калі мне было тры гады, айчым падарыў канькі.

Ён займаўся хакеем, выкладаў у спартыўнай школе. Таму спачатку я навучылася катацца і махаць клюшкай. Потым была спартыўная гімнастыка... Маці марыла, каб я стала другой Вольгай Корбут. Два гады займалася гімнастыкай, пакуль мой трэнер не пераехаў у Амерыку. Разам з трэнерам зніклі і перспектывы. Успомніла пра канькі. Але спачатку гэта быў канькабежны спорт. Атрымлівалася някепска, нават выйгравала дзіцячыя рэспубліканскія спаборніцтвы. Але стадыён, на якім калісьці вырас Ігар Жалязоўскі (беларускі канькабежац, шматразовы чэмпіён свету, двухразовы прызёр Алімпійскіх гульняў. — Аўт.) і дзе трэніраваліся мы, неўзабаве закрылі.

Прыйшлося перайсці ў звычайную хакейную каробку і пазнаёміцца з шорт-трэкам.

—  Выпадкова вярнулася на лёд, выпадкова перайшла ў шорт-трэк...

—  Вось такое шанцаванне (усміхаецца). Шорт-трэк я палюбіла з першага позірку. Трэнер

запрасіў у Віцебск паглядзець, як праходзяць трэніроўкі. Спадабалася, пачала займацца. Пасля першых дзіцячых спаборніцтваў канчаткова зразумела, што гэта маё. Тым больш, што выступала я вельмі добра. На турнірах серыі Маріе Сф займала прызавыя месцы, абганяла прадстаўнікоў цяперашняй эліты. А потым — застой. Адэкватнага фінансавання не было, сістэматычных збораў таксама. Адпаведна, і па выніках не было станоўчай дынамікі. Пакуль у шорт-трэк не пачалі ўкладваць нармальныя сродкі...

—   Не пашкадавала, што выбрала від спорту, які ў нас не вельмі развіты?

—   Ні разу! Сапраўды, у Беларусі пакуль не склалася свая школа шорт-трэка, усе спартсмены займаюцца ў розных трэнераў і нават у розных краінах. Так, нашы хлопцы катаюцца ў Расіі, а я ўжо другі год трэніруюся з польскай зборнай, дзе ў мяне шыкоўныя ўмовы, выдатныя спарынг-партнёры... Дома, напрыклад, мне няма з кім трэніравацца. А ў шорт-трэку вельмі важна цягнуцца за лепшымі, працаваць над тактычнымі элементамі (старт, абгоны). Прыбраць усё гэ-

та — і шорт-трэк стане звычайным канькабежным спортам... Тым не менш нельга сказаць, што мы стаім на месцы. Паступова расцём у рэйтынгу. Вынікі ўвесь час паляпшаюцца, а ў хлопцаў яны ўвогуле набліжаюцца да сусветных паказчыкаў. Усё гэта дазволіла атрымаць алімпійскія ліцэнзіі. Ці гэта не прагрэс?

—  Звычайныя людзі ў нас знаёмы з шорт-трэкам?

—  З гэтым, насамрэч, бяда. Калі кажаш камусьці, маўляў, займаюся шорт-трэкам, першае пытанне, якое ўзнікае ў суразмоўцы: — «А што гэта такое?». А некаторыя думаюць, што гэта неяк звязана з веласіпедным спортам, бо чуюць слова «трэк». Вось і прыходзіцца тлумачыць, што шорт-трэк — гэта разнавіднасць канькабежнага спорту, якая мае пэўныя асаблівасці.

—  І напрыканцы... Якія старты запланаваны перад Алімпіядай?

—   Чэмпіянат Еўропы, які адбудзецца за месяц да Гульняў, з 16 па 19 студзеня. Спаборніцтвы будуць праходзіць з сур'ёзнымі нагрузкамі, так што папярэджваю адразу: завоблачных вынікаў чакаць не варта (усміхаецца). Усё самае лепшае я пакіну для Алімпіяды!

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.