Надзвычай цёплым і сонечным сакавіцкім днём у Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу адбылася ўрачыстасць. Дваццаць 14-гадовых мінчан — лепшых прадстаўнікоў адоранай моладзі, выдатнікаў вучобы, удзельнікаў навукова-практычных канферэнцый, прызёраў і пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд, фестываляў, конкурсаў, спаборніцтваў — атрымалі пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Гэтай падзеяй распачалася патрыятычная акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!», прысвечаная Дню Канстытуцыі. Сёлета 15 сакавіка адзначаецца дваццацігоддзе прыняцця Асноўнага Закона краіны.
Галоўны дакумент юнакам і дзяўчатам уручыў Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Анатоль Рубінаў.
«Для маладых людзей гэта важная падзея. Бо атрыманне пашпарта — першая прыступка ў дарослае жыццё. Цяпер яны не проста дзеці сваіх бацькоў, а грамадзяне, якія могуць у большай ступені, чым раней, прымаць рашэнні і несці адказнасць за іх», — сказаў кіраўнік верхняй палаты парламента.
Анатоль Рубінаў назваў падзею значнай не толькі для школьнікаў, але і для ўсёй краіны. Маладыя людзі нарадзіліся ў незалежнай Беларусі і з самага пачатку ўвабралі ў сябе гэта як данасць. Гэтаму пакаленню належыць будучыня, і cтаршыня савета Рэспублікі выразіў спадзяванне, што юныя грамадзяне звяжуць свой лёс менавіта з Радзімай.
Уручаючы дакументы, Анатоль Рубінаў цікавіўся ў школьнікаў сферай іх захапленняў, кожнаму казаў цёплыя віншавальныя словы. Старшыня Савета Рэспублікі пажадаў хлопцам і дзяўчатам паспяхова скончыць школу, вызначыцца з будучай прафесіяй і сустрэць светлае каханне ў жыцці. А яшчэ — быць шчаслівымі і любіць сваю краіну.
Першы сакратар ЦК БРСМ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ігар Бузоўскі нагадаў, што разам з пашпартамі маладыя грамадзяне атрымалі не толькі правы, але і абавязкі, а таксама адзначыў, што моладдзю Беларусі варта ганарыцца.
«Вельмі прыемна, што я маю гонар быць запрошанай на ўрачыстае ўручэнне пашпартоў. Для мяне гэтая падзея абсалютна новая, і я вельмі рада, што ў нашай краіне звяртаюць увагу не толькі на дарослых, але і на дзяцей», — падзялілася ўражаннямі са «Звяздой» вучаніца класа прававога кірунку сталічнай СШ № 68 Карына Машчанок. Дзяўчына, між іншым, з'яўляецца ўладальніцай дыпломаў 2 і 3 ступені раённых алімпіяд па рускай і беларускай мовах.
Патрыятычная акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!» праходзіць па ўсёй краіне па ініцыятыве Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі з 2004 года. Штогод з 10 да 15 сакавіка прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, вядомыя людзі, ветэраны вайны і працы ва ўрачыстых абставінах уручаюць юнакам і дзяўчатам пашпарты грамадзян Рэспублікі Беларусь.
Дзіяна СЕРАДЗЮК.
Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.
Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці
Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.