Вы тут

Жывыя традыцыі


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 4 красавіка 2014 г.

_________________________________________________________________________________

Такога аўтара, як Яўген Сахута, рады бачыць, бадай, у кожным айчынным выдавецтве. Яго кнігі выклікаюць нязменную цікавасць студэнтаў, аматараў беларускай традыцыйнай культуры, навукоўцаў. Гэтыя выданні не затрымліваюцца на паліцах кнігарняў, хутка знаходзяць месца ў хатніх бібліятэках чытачоў, стала займаюць самыя высокія пазіцыі ў рэйтынгах продажаў. Таму не дзіўна, што такі поспех прымушае даследчыка яшчэ больш старанна працаваць, рыхтаваць усё новыя даследаванні. Вось і сёння мы знаёмім чытачоў адразу з двюма новымі кнігамі Яўгена Міхайлавіча, якія фактычна адна за адной выйшлі ў розных выдавецтвах краіны.

Сахута

 

Яркае і самабытнае

Традыцыйнае народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва з’яўляецца і па сёння паўнавартасным складнікам нацыянальнай культуры Беларусі, вылучаецца яркай самабытнасцю, непаўторнасцю, захоўвае архаічныя ўяўленні народа пра Сусвет, навакольнае асяроддзе і яго ўпарадкаванне. Наша краіна захавала вялікі духоўна-творчы патэнцыял народнай мастацкай культуры, але пад уплывам глабалізацыі жыццё моцна змянілася ў характары і ладзе, што адмоўна паўплывала на сферу выкарыстання многіх самаробных прадметаў. Цяпер вырабы страцілі першаснае прызначэнне з-за незапатрабаванасці грамадствам, але працягваюць выконваць сваю мастацкую функцыю.

Яўген Сахута — вядомы беларускі даследчык у галіне сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і традыцыйных мастацкіх рамёстваў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар. У сваёй навуковай дзейнасці ён звяртаецца да праблематыкі захавання, адраджэння і далучэння народнага рукатворнага мастацтва да сучасных мастацкіх працэсаў. Аўтар каля дзясятка манаграфій, шматлікіх артыкулаў у перыядычных выданнях і энцыклапедыях, ён мэтанакіравана вывучае тэорыю, гісторыю і сучасны стан беларускага народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Так, у новай кнізе “Сучаснае народнае мастацтва Беларусі”

, што пабачыла свет у выдавецтве “Беларусь”, сабраны і прааналізаваны бытуючыя сёння віды дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, традыцыйныя мастацкія рамёствы і промыслы.

Вядома, жывая традыцыя існуе ў натуральным ландшафце, а не на паліцах музеяў. Таму пераважная большасць матэрыялу для кнігі сабрана Яўгенам Міхайлавічам падчас уласных экспедыцый па вёсках і гарадах Беларусі. Больш як за 30 год вывучэння традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў вандроўках аўтар фіксаваў дынаміку змянення форм, зместу і характару яго відаў за апошнія два стагоддзі. Разгледжаны заняпад мастацтва на працягу першай паловы ХХ ст. і адраджэнне ў апошнія два дзесяцігоддзі ХХ ст., стварэнне школ, майстэрняў, суполак мастакоў па аднаўленні такіх відаў мастацтва, як ткацтва, ганчарства, кавальства, апрацоўка дрэва. У многіх раёнах Беларусі традыцыя гэтых рамёстваў не перарывалася ці яшчэ былі людзі, якія маглі апісаць працэс стварэння артэфакта народнай культуры. І ўжо ў пачатку ХХІ ст. можна казаць пра пэўныя дасягненні ў галіне захавання і далейшага развіцця народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з рэгіянальнымі асаблівасцямі.

Якім дзіўным гэта ні падавалася б, але сённяшняе адраджэнне народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, як і іншых шматлікіх праяў нацыянальнай беларускай культуры, адбываецца ў гарадскім асяродку. Калісьці гэтае мастацтва насычала ўвесь народны побыт, майстры імкнуліся аздобіць свае вырабы згодна з традыцыяй, да якой былі далучаны. Сёння ў большасці выпадкаў творы страцілі ранейшае прызначэнне і месца ў традыцыйным побыце, архаічныя рысы губляюць колішні сакральны змест. Нават самы павярхоўны погляд на становішча і характар сучаснага мастацтва сведчыць, што яно далёка не заўсёды адпавядае “класічнаму”, як бы дакладна ні імкнуліся капіраваць форму і ўзоры твора.

Тут бачыцца актуальная праблема размежавання вызначэнняў “сучаснае народнае мастацтва” і “аматарская творчасць”. Вельмі важна не блытаць гэтыя паняцці, усведамляць, што непрафесійны падыход да ацэнкі твораў прыводзіць да падмены сэнсаў, у выніку чаго размываюцца межы паміж традыцыйнымі і нетрадыцыйнымі відамі мастацтва.

Нельга абысці ўвагай і другасныя формы сучаснага народнага мастацтва або творчасці па яго матывах. Сённяшняя практыка “асучаснівання” традыцыйных узораў, механічнае выкарыстанне форм і дэкору для масавага выпуску твораў утылітарна-дэкаратыўнага прызначэння цяпер распаўсюджана шырока. Прадукцыя прадпрыемстваў мастацкіх рамёстваў і многіх майстроў займае, бадай, вядучае месца сярод твораў сувенірнага прызначэння.

Кніга Яўгена Сахуты “Сучаснае народнае мастацтва Беларусі” багата аздобленая якаснымі фотаздымкамі, зробленымі самім аўтарам. Сярод іх — жывыя партрэты народных майстроў, творы сучасных відаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, фота з рэгіянальных выставак і свят. Народнае мастацтва сёння вельмі прыкметная, пашыраная і разам з гэтым складаная, шматаспектная, неадназначная з’ява нацыянальнай культуры, якая і ў нашы дні бытуе і развіваецца ў розных відах, формах і праявах. Традыцыйнае мастацтва вызначаецца сваёй цэласнасцю, сінкрэтычнасцю, арганічнай сувяззю з побытам і жыццём народа. Але аднаго ўсведамлення каштоўнасці традыцыйнай народнай творчасці недастаткова, трэба прымаць меры па яго зберажэнні, адраджэнні, уключэнні ў сучасны культурны кантэкст, захоўванні архаічных рысаў. І сённяшняя задача для яе захавання — стварэнне неабходных умоў для яе натуральнага бытавання ў грамадска-культурных рэаліях.

Самае старажытнае

Чарговая грунтоўная даследчая работа Яўгена Сахуты ў гэтай сферы ўвасобілася ў выданне “Беларускае народнае ганчарства”, што выйшла ў “Беларускай Энцыклапедыі імя П. Броўкі” і было ўпершыню прадстаўлена падчас ХХІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Кніга дае комплекснае ўяўленне пра гэты від традыцыйнага мастацтва, гісторыю яго развіцця на тэрыторыі Беларусі, тэхналогію рамяства, асартымент і характар вырабаў. Асобная ўвага надаецца дзейнасці найбольш значных ганчарскіх асяродкаў. У дадатку да выдання — тэрміналагічны слоўнік, які дапаможа “навічкам” лепей разабрацца са значэннямі спецыяльнай лексікі.

Выданне традыцыйна для аўтара выдатна праілюстравана, да кожнага фота ёсць подпіс, што дапамагае наглядна вызначыць рэгіянальныя адметнасці і агульныя рысы ганчарскіх вырабаў.

Ганчарства займае адно з прыкметных месцаў сярод шматлікіх традыцыйных беларускіх рамёстваў. Гэты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва мае багатую гісторыю, якая бярэ пачатак яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Дзякуючы залежам гліны на тэрыторыі Беларусі, яедаступнасці і таннасці ганчарства атрымала шырокае распаўсюджанне. З яе вырабляўся разнастайны посуд, арыгінальныя мастацкія рэчы з сакральнымі функцыямі, музычныя інструменты. Праз свае глыбокія карані ганчарства захавала найбольш архаічныя рысы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва, якія ў далейшым развіліся і паўплывалі на іншыя віды беларускага народнага мастацтва.

З цягам часу ўдасканальвалася тэхналогія вырабу твораў з гліны, ім надавалася аздабленне ў рэчышчы прыкметнай нацыянальнай своеасаблівасці праз сінтэз і ўзаемадзеянне з іншымі відамі дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Ганчарства шчыльна ўпісана ў агульную мастацкую сістэму беларусаў і разам з тым мае шмат агульных рыс з аналагічнымі вырабамі народаў, якія паўплывалі на фарміраванне нашага этнасу.

Працэсы ўрбанізацыі моцна падарвалі ўсе віды народнай культуры. Насычэнне рынку танным, практычным посудам прамысловай вытворчасці выклікала прыкметны заняпад ганчарнага рамяства. У выніку ў 1970-я гады засталося некалькі майстроў старэйшага пакалення. Сёння ганчарства разам з бачным адраджэннем мае пэўныя праблемы, звязаныя з перарываннем ганчарскай традыцыі, адсутнасцю спецыяльнай літаратуры і кампетэнтных майстроў-прафесіяналаў.

Вячка КРАСУЛІН

Выбар рэдакцыі

Жыллё

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Што змянілася ў парадку рэгістрацыіі жыллёвай нерухомасці?

Цяпер, каб аформіць дачу, не трэба ехаць туды, дзе яна знаходзіцца.  

Грамадства

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Старт акцыі «Нашы дзеці» будзе дадзены 16 снежня

Мерапрыемства пачнецца на Віцебшчыне.

Грамадства

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Навацыі сацыяльнай сферы ў 2025 годзе

Узмацненне адраснасці дзяржпадтрымкі і садзейнічання занятасці 

Грамадства

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Плацяжы за «камуналку»: ёсць нюансы

Карэкціроўкі па аплаце жыллёва-камунальных паслуг закрануць чатыры катэгорыі жыхароў.