Аляксандр Лукашэнка выступае за актыўны ўдзел царквы ў дзяржаўных справах.
Пра гэта Прэзідэнт Беларусі заявіў на сустрэчы з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў беларускім грамадстве царква адыграла каласальную ролю. «Царква фактычна не адхілена ад дзяржаўных пытанняў. Вы ведаеце мой пункт гледжання. Я не лічу, што царква — па-за дзяржавай. Я, наадварот, хачу, каб царква актыўна прымала ўдзел у дзяржаўных справах. Вядома, са сваёй далікатнасцю, асцярогай. Мы нават вучымся ў царквы такім чынам працаваць», — сказаў Прэзідэнт.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў Беларусі традыцыйна ўсталяваліся добрыя адносіны паміж дзяржавай і царквой. «Калі мы зможам дадаткова да таго, што ўжо спланавалі, дадаткова да той сістэмы, у якой мы працуем з нашай праваслаўнай царквой, чымсьці дапамагчы, мы з задавальненнем дапаможам», — запэўніў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што камуністычная ідэалогія, якая існавала ў савецкія гады, не заўсёды была эфектыўная, тым не менш яна існавала і задавала пэўны кірунак у мысленні людзей. «Пасля распаду Савецкага Саюза мы да гэтага часу спрабуем неяк выстраіцца ідэалагічна», — сказаў Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ў гэтых умовах было натуральным звярнуцца да традыцыйных праваслаўных і хрысціянскіх каштоўнасцяў, тым больш што і ў камуністычнай ідэалогіі многае выкарыстоўвалася з таго, што прапаведавалі святары. «І мы не сталі ні адкідваць нічога, ні гвалтаваць людзей. Мы проста прапанавалі сваю дарогу ў храм і выкарыстоўвалі астатнія пастулаты нашай царквы. Мы проста разам дзейнічалі (дзяржава і царква. — Заўвага БЕЛТА ), ні пра што не дамаўляючыся, ішлі ў патрэбным кірунку», — распавёў беларускі лідар.
Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што царква і ў далейшым, знайшоўшы сваё месца ў грамадстве, будзе адыгрываць актыўную ролю.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што ён рэгулярна ўдзельнічае ў вырашэнні пытанняў, звязаных з царквой, і ў цэлым у яе ўзаемаадносінах з дзяржавай наладжана вельмі цеснае супрацоўніцтва. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка адзначыў высокі ўзровень падтрымкі царквы ў беларускім грамадстве.
У сваю чаргу мітрапаліт Павел падзякаваў Прэзідэнту за разуменне і погляд на значэнне царквы для народа. «Я шчыра радуюся таму, што сёння тут, у гэтай квітнеючай краіне, стварыліся такія выдатныя ўзаемаадносіны паміж царквой і дзяржавай», — сказаў мітрапаліт Павел, адзначыўшы вялікую заслугу ў гэтым і свайго папярэдніка мітрапаліта Філарэта.
Паводле слоў уладыкі Паўла, сёння наладжана сумесная праца, «калі царква не ўмешваецца ў справы дзяржаўныя і дзяржава не ўмешваецца ў царкву. Але разам можна зрабіць вельмі шмат».
Цырымонія адкрыцця XXX Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад» прайшла 1 лістапада ў Палацы Рэспублікі.
Для Блізнятаў падзеі на гэтым тыдні складуцца на іх карысць.
Эксперты адказалі на распаўсюджаныя пытанні аб зменах у пенсіённым забеспячэнні.