Вы тут

Майстар перастварэнняў


Апублікавана ў газеце "Літаратура і мастацтва" 20.06.14 г.

____________________________________________________________________________

Творчая вечарына паэта і перакладчыка Уладзіміра Скарынкіна, арганізаваная сумесна з Мінскім гарадскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі і прымеркаваная да 75-годдзя творцы, адбылася днямі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы.

Скарынкін

На пачатку імпрэзы Уладзімір Максімавіч прыняў віншаванні ад супрацоўнікаў музея: Вольга Пархімовіч, загадчыца аддзела культурна-адукацыйнай работы гэтай установы, ад імя ўсяго калектыву ўручыла юбіляру дыплом сябра музея — за працяг паэтычных традыцый Янкі Купалы.

Вядучы вечарыны, галоўны дырэктар радыё “Беларусь”, паэт Навум Гальпяровіч згадаў праграму “Радыёфакт” Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, якая штораз пачынаецца з мелодыі песні “Белая Русь ты мая”, напісанай заснавальнікам і шматгадовым мастацкім кіраўніком ВІА “Песняры” Уладзімірам Мулявіным на верш У. Скарынкіна. Навум Якаўлевіч падкрэсліў, што імёны, якія існавалі ў нашай літаратуры, будуць пастаянна вяртацца да чытача, і зорка Уладзіміра Скарынкіна ў айчынным прыгожым пісьменстве — незгасальная, бо ўжо  сваімі першымі паэтычнымі зборнікамі ён заваяваў прыхільную ўвагу чытачоў.

Уладзімір Максімавіч — ураджэнец Віцебска, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы. Яго намаганнямі шэдэўры сусветнай класікі (у прыватнасці, радкі твораў Дантэ і Байрана) вельмі арганічна гучаць па-беларуску.

Старшыня МГА СПБ Міхась Пазнякоў назваў У. Скарынкіна цудоўным паэтам і сціплым, кранальным, далікатным чалавекам, адзначыўшы яго грамадскую і творчую актыўнасць ды ўменне выступаць перад чытачамі, раскрываючы сваю душу. Так, сваёй жонцы і музе, траюраднай пляменніцы Янкі Купалы Валянціне Скарынкінай (у дзявоцтве — Луцэвіч) творца прысвяціў паэму “Вачэй святлістыя паляны”. Міхась Паўлавіч уручыў віноўніку ўрачыстасці юбілейную грамату і дыплом  ганаровага члена СПБ.

Малодшы сын Якуба Коласа Міхась Міцкевіч у прамове згадаў свае сумесныя выступленні з Уладзімірам Максімавічам у школах, вершы з кнігі У. Скарынкіна “Дазвольце ўзлёт” прачытала народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.

Пісьменнік, галоўны рэдактар дзіцячых часопісаў “Вясёлка” і “Буся” Уладзімір Ліпскі падкрэсліў: трэба жыць так, каб было жыццё пасля жыцця. Менавіта так і жыве Уладзімір Максімавіч, які ўжо адбыўся як паэт, муж, бацька, дзед, сябар.Сапраўдным падарункам ад выдавецтва “Пачатковая школа” для У. Скарынкіна стала яго новая дзіцячая кніга вершаў “Дзе і як жыве Нептун?”, прадстаўленая рэдактарам Міхасём Шавыркіным.

Пра перакладчыцкую дзейнасць Уладзіміра Максімавіча распавялі прафесар кафедры замежнай літаратуры Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта Вольга Судлянкова і загадчык кафедры італьянскай мовы гэтай жа навучальнай установы Фёдар Міхасенка. Урывак першай главы перастворанай У. Скарынкіным па-беларуску паэмы Байрана  «Дон Жуан» прадэкламаваў артыст, рэжысёр Беларускага радыё Алег Вінярскі.

Разам з Валянцінай Скарынкінай, сваёй жонкай і колішняй аднакласніцай, былым журналістам і стыльрэдактарам газеты “Чырвоная змена”, Уладзімір Максімавіч разам ужо больш як 50 гадоў. Яны выгадавалі дваіх дзяцей: сына — вядомага паэта Андрэя Скарынкіна — і дачку Таццяну, маюць дзвюх унучак. А. Скарынкін прачытаў прысвечаны бацьку верш.

На вечарыне не абышлося і без музыкі: рамансы на словы Уладзіміра і Андрэя Скарынкіных выканалі артыстка ансамбля народнай музыкі "Бяседа" Валянціна Карэлікава і былы хормайстар НАВТ оперы і балета Беларусі, сястра жонкі юбіляра Галіна Луцэвіч.

Яна ЯВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.