Вы тут

І пройдзе «эпоха» ў парадных разліках…


Упершыню перад мінчанамі і гасцямі сталіцы пройдуць «партызаны», дзяўчаты і рэтратэхніка часоў яшчэ савецка-фінскай вайны!

Лічаныя дні застаюцца да галоўнага свята краіны. Падрыхтоўка да святкавання 70‑годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў вялася не адзін дзень. Амаль усё насельніцтва замірае ў чаканні цікавых культурных праграм, грандыёзных шоу, захапляльных феерверкаў і, безумоўна, парада.

Парад традыцыйна застаецца адным з найбольш папулярных аб'ектаў назірання падчас святкавання Дня Незалежнасці.

24-8

3 ліпеня перад мінчанамі і гасцямі сталіцы ў парадных разліках пройдзе больш як 3700 вайскоўцаў. Сярод іх выхаванцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, курсанты Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, вайскова-тэхнічнага факультэта Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, ваеннаслужачыя 120‑й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады, 38‑й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгады і 5‑й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння, а таксама прадстаўнікі злучэнняў і вайсковых часцей войскаў сувязі, роты ганаровай варты, зводнага аркестра Узброеных Сіл. Акрамя таго, у святочным шэсці прымуць удзел парадныя разлікі Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў і Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. У парадзе на Дзень Незалежнасці возьмуць удзел і вайскоўцы Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі.

—Удзел у парадзе нашых расійскіх калег стаў ужо добрай традыцыяй, — зазначыў вайсковы камендант Ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь палкоўнік Анатоль ГРЫЦАЎ. — Сёлета да нас прыехалі пскоўскія дэсантнікі, якія пройдуць у складзе пешай калоны. Акрамя таго, будзе прадстаўлена сучасная ваенная тэхніка Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі: самаходныя пускавыя ўстаноўкі аператыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр» і зенітнага ракетнага комплексу С‑400 «Трыумф», браніраваныя шматмэтавыя аўтамабілі «Тыгр».

Па традыцыі першымі адкрыюць парад самыя юныя яго ўдзельнікі — мінскія сувораўцы. У прыгожай чорнай форме з чырвонымі пагонамі і белымі папругамі яны не толькі будуць сінхронна ісці, трымаючы раўненне, а і адначасова біць у барабаны, чым зададуць тон усяму шэсцю.

Старшыя віцэ-сяржанты Віктар Агееў і Максім Голікаў у парадзе возьмуць удзел другі раз. Віця асабліва не хвалюецца, лічыць, што пэўны вопыт ужо ёсць, таму не так страшна. А вось Максім перажывае больш, чым у мінулы раз.

24-424-5

—Ужо ведаеш, што такое парад, як гэта адказна, — прызнаецца падлетак. — А мы — правафланговыя, лічы, ва ўсіх на вачах.

На рэпетыцыю Кірыл Тамкоў прыехаў з Брэста. 38‑я асобная гвардзейская мабільная брыгада, дзе праходзіць тэрміновую службу юнак, — традыцыйная ўдзельніца парада. З 12 мая вайскоўцы адточваюць страявую, вучацца трымаць дыстанцыю.

—Браць удзел у парадзе для мяне — вялікі гонар, — прызнаецца камандзір аддзялення. — Гэта захаванне традыцый, удзячнасць нашым продкам за Перамогу. Мае абодва дзяды ваявалі на фронце. Пётр Дайнэка (дзядуля па маці) — кулямётчык, удзельнічаў у Сталінградскай бітве, там жа яго паранілі. Дзед па бацьку, Уладзімір Тамкоў, быў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі за подзвігі ў тыле. На жаль, дзядоў ужо няма ў жывых. Але я ўпэўнены, яны б мной ганарыліся.

А вось курсанту 3‑га курса агульнавайсковага факультэта Ваеннай акадэміі Руслану Чаранкевічу пашанцавала больш: яго дзед, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, яшчэ, як той казаў, у страі. Парад будзе глядзець абавязкова, праўда, па тэлебачанні. І не ён адзін: усе суседзі ведаюць, што ўнук былога франтавіка ў парадзе будзе ўдзельнічаць ужо трэці раз.

24-19

—Вялікі гонар прайсці ва «франтавой» каробцы, якую прадстаўляе 150 курсантаў акадэміі, — расказвае Руслан. — Дзед ваяваў у складзе 2‑га Беларускага фронту, артылерыст. Атрымаў медалі «За адвагу», «За ўзяцце Берліна». Гледзячы на мяне, апранутага ў форму тых часоў, ён успомніць сябе маладога, сваіх таварышаў, якім не пашчасціла вярнуцца з вайны…

Знамя Перамогі і штандары 1‑га, 2‑га і 3‑га Беларускіх франтоў, а таксама 1‑га Прыбалтыйскага фронту, якія пранясуць перад трыбунамі, нагадаюць і пра Беларускую стратэгічную наступальную аперацыю «Баграціён», у ходзе якой была вызвалена беларуская сталіца.

24-7

Усяго ў парадзе прыме ўдзел 20 пешых калон. Кожная «каробка» адметная сваёй формай адзення. Упершыню на сталічным праспекце з'явіцца калона «партызанаў». У адпаведнай экіпіроўцы, з унікальнымі ўзорамі рарытэтнай зброі часоў Вялікай Айчыннай вайны яны пройдуць, як іх продкі 70 гадоў таму. Форму тых часоў арандавалі на «Беларусьфільме». Афіцэры Ваеннай акадэміі пройдуць, трымаючы ў руках вінтоўкі Мосіна, карабіны, ППШ, кулямёты Дзегцярова, трафейную зброю… У «партызанскай» каробцы можна будзе заўважыць і дзяўчат. І невыпадкова: колькі нашых маці, бабуль, прабабуль уступалі ва ўсенародную барацьбу! Дарэчы, дагэтуль прадстаўніцы лепшай паловы чалавецтва ў парадзе ніколі не ўдзельнічалі.

—Увогуле без жанчын на Зямлі цяжка, — пераканана выкладчыца кафедры інфармацыйна-вылічальных сістэм Ваеннай акадэміі, выпускніца ўстановы капітан Іна ГЕРМАНОВІЧ. — На фронце жанчыны ў асноўным былі сувязісткамі. А сувязь — кіраванне. Яны абаранялі сваю Радзіму, сваіх дзяцей. Нездарма кажуць, калі страшна, колькасць смельчакоў павялічваецца. Якраз страх, напэўна, і прымусіў забыць, што яны жанчыны. Многіх з іх ужо няма. А для тых, хто яшчэ жыве, наш удзел у парадзе будзе напамінам іх маладосці, удзячнасцю за іх неймаверныя подзвігі, часам непасільныя для некаторых мужчын.

Самае цікавае ў парадзе — ваенная тэхніка. Унікальная магчымасць ацаніць баявы патэнцыял беларускай арміі! Многія і прыходзяць на парад, каб пабачыць усё на свае вочы. Сёлета ў парадзе будзе задзейнічана каля 240 адзінак баявой тэхнікі. Беларускай і расійскай, сучаснай і рарытэтнай, знаёмай і той, якая будзе тут прадстаўлена ўпершыню. Агульная працягласць механізаванага параднага разліку — больш чым 1500 метраў.

Сёлета ў парадзе будзе задзейнічана каля 240 адзінак баявой тэхнікі. Беларускай і расійскай, сучаснай і рарытэтнай, знаёмай і той, якая будзе тут прадстаўлена ўпершыню. Агульная працягласць механізаванага параднага разліку — больш чым 1500 метраў.

—Цяперашні год з'яўляецца юбілейным, таму склад механізаванай калоны пашыраны, — паведаміў намеснік начальніка ўзбраення Узброеных Сіл Беларусі палкоўнік Андрэй ФЕДЗІН. — У яе ўваходзяць усе асноўныя ўзоры ўзбраення, якія знаходзяцца на аснашчэнні воінскіх часцей і злучэнняў Рэспублікі Беларусь, ваенная тэхніка Расійскай Федэрацыі. Машыны расстаўлены такім чынам, каб парад глядзеўся эстэтычна. Зыходзячы з іх габарытаў, вызначаецца, колькі іх будзе ў адной шарэнзе: тры ці дзве. Спачатку ідзе бранятанкавае ўзбраенне і тэхніка, затым тэхніка сіл спецыяльных аперацый, ракетных войскаў і артылерыі, замыкае калону тэхніка войскаў супрацьпаветранай абароны. Галоўнае, каб накіроўваючыя задалі тон і неабходную хуткасць руху, тады ўсё пройдзе выдатна.

Адкрые механізаваную калону тэхніка Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, рарытэтаў сёлета будзе надзвычай шмат. Тэхніка першага перыяду вайны — танкі Т‑37 і Т‑60 — ваявала яшчэ ў фінскай вайне. Іх прывезлі па дамоўленасці з прыватным музеем тэхнікі Вадзіма Задарожнага, які знаходзіцца ў Маскве.

—Т‑60 — машына, якая знаходзілася на ўзбраенні савецкіх войскаў у першы перыяд вайны, адзін з самых масавых танкаў у тыя гады, — расказаў супрацоўнік музея тэхнікі В. Задарожнага Андрэй ХРАПАЎ. — Гэтыя танкі суправаджалі пяхоту, падтрымліваючы яе бранёй і агнём. Экіпаж — два чалавекі: механік-кіроўца і камандзір танка, ён жа наводчык гарматы і зараджальнік. Па сутнасці, гэта невялікая, але дастаткова грозная машына для свайго часу. На ёй ваявалі нават пад Курскай дугой. Напрыклад, у складзе 1‑й танкавай арміі Катукова налічвалася 15 такіх танкаў. У нашым музеі іх шэсць, і ўсе яны ўдзельнічаюць у штогадовых парадах у Маскве.

Завершыцца ўрачыстае шэсце на Дзень Незалежнасці пляц-канцэртам зводнай роты ганаровай варты і выступленнем зводнага ваеннага аркестра. Больш за сотню чалавек прадэманструюць новыя элементы і перастраенні. Як расказаў камандзір зводнай роты ганаровай варты капітан Павел ШПАРЛА, іх выступленне будзе доўжыцца каля 7 хвілін. «Пляц-канцэрт пабудаваны такім чынам, што ў гледачоў з'явіцца магчымасць убачыць яго з абодвух бакоў, — раскрыў галоўны сакрэт юнак. — Дзеянне адбудзецца пад песні аб Беларусі, якія ведае амаль увесь свет. Можна смела казаць, што сёлета, ідучы на пляц-канцэрт, людзі трапяць на своеасаблівае шоу!»

Парад пройдзе і ў мінскім небе. Паветраны «эшалон» складуць асноўныя тыпы авіяцыйнай тэхнікі беларускай арміі. Увечары неба над Мінскам упрыгожыць святочны салют з 30 залпаў. Арганізатары запэўніваюць, што ён будзе дастаткова маляўнічым і асаблівым. А мы пажывём — паглядзім. Каму ўжо вельмі карціць, то ёсць магчымасць папрысутнічаць на генеральных рэпетыцыях парада, якія адбудуцца ў Мінску 26 і 28 чэрвеня.

Вераніка КАНЮТА.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА
і Любові БЯЛЯЕВАЙ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.