Вы тут

Родныя людзі?..


Гэтыя тры гісторыі аб'яднаны геаграфіяй. Іх героі жывуць альбо жылі ў адной з невялікіх вёсак, куды я з нядаўняга часу рэгулярна езджу. Некаторыя з іх, на першы погляд, звычайныя людзі, якія прыязджаюць сюды на выхадныя, апрацоўваюць агароды, прыязна вітаюцца адно з адным. І ніхто не здагадаўся б, што ў кагосьці за душой хаваецца «камень», прызначаны не для чужога, а для роднага чалавека. Хоць наўрад ці яны гэта ўсведамляюць. Кожны лічыць, што мае рацыю, а вінаваціць іншага.

...Карычневы дамок з белымі вокнамі адразу звяртае на сябе ўвагу. Бо выглядае ён ці не самым дагледжаным на ўсёй вуліцы. Трава на двары заўсёды бездакорна скошана, у агародчыку з кветкамі не паспявае вылезці пустазелле. Гаспадыня дома, былая заслужаная працаўніца, даярка з вялікім стажам, цяпер найбольш жыве ў гарадской кватэры сына. Здароўе моцна падводзіць, у горадзе — бліжэй да ўрачоў, а дапамога ёй патрабуецца часта. Двор і ўчастак даглядае сын пенсіянеркі. Раней частым госцем у доме была і дачка... Пакуль маці не перапісала хату. Варта сказаць, што дачка мае свой дом у абласным цэнтры, будуе кватэру для аднаго са старэйшых дзяцей. Жыве яна заможна, асабліва ў параўнанні з братам. Сям'я брата туліцца ў аднапакаёвай кватэры. Вось маці і вырашыла хоць сваю вясковую хацінку адпісаць яму.

Што пасля гэтага стала з яго заўсёды тактоўнай сястрой, усвядоміць складана. Найперш яна наняла мясцовых выпівох і выцягнула з хаты мэблю, якую раней прывозіла са свайго гарадскога дома, калі набывала новыя гарнітуры. За хлявом, на полі, шафы і канапы былі абліты саляркай і доўга гарэлі, нібы купальскія вогнішчы. Потым раззлаваная дачка ўспомніла, што клеіла шпалеры ў доме. Як вы здагадаліся, яны былі здзёрты са сцен і таксама спалены. З дымам пайшлі фіранкі і іншыя рэчы з мацярынскага дома, да якіх мела хоць нейкае дачыненне дачка. Здавалася, яна хутка пачне здзіраць фарбу з падлогі. Але жанчына пайшла яшчэ далей. За некалькі гадоў да таго маці папрасіла яе купіць сукенку, бялізну, туфлі — набор, які маюць усе сталыя сельскія жанчыны «на смерць»... Успомніўшы, што рэчы набывала яна, дачка і іх занесла ў агонь. Пра апошняе ўсе суседкі ў адзін голас сказалі: ёй Бог не даруе. Але ці даруе астатняе?

З той пары маці і дачка сталі ворагамі і добрага слова адна адной не сказалі, а мацярынскі праклён, людзі кажуць, самае страшнае, што можа быць. Няўжо гэтая жанчына думала ўзбагаціцца за кошт невялікай бацькоўскай хаты? Цяжка сказаць наогул, пра што яна думала, здзяйсняючы свае ўчынкі.

Яе аднавяскоўцы з суседняй вуліцы ні з кім не сварыліся і, магчыма, карыстаюцца рэпутацыяй станоўчых, памяркоўных, ва ўсіх сэнсах прыстойных людзей. Знешне яны такія і ёсць: пабудавалі дом у суседнім гарадку, выгадавалі дзяцей, працуюць, не п'юць. Тут, у вёсцы, жылі іх бацькі. І было ў бацькоў вялікае гора — малодшы сын, інвалід з дзяцінства, які не хадзіў. Самастойна не мог нават з ложка перасесці ў інвалідную каляску. Але бацькі годна неслі свой крыж, сына даглядалі. А калі старэйшы распачаў будаўніцтва дома, маці аддавала ўсе пенсіі, прыгаворваючы, што ў новым доме і для Сярожкі знойдзецца пакойчык. Старыя разам з інвалідам сядзелі амаль што на хлебе і бульбе, але дом у сына атрымаўся дыхтоўны. Першым памёр бацька. А маці незадоўга да смерці вельмі прасіла старэйшага забраць брата да сябе, калі яе не стане. Ён абяцаў, і маці адышла ў іншы свет спакойна.

Але Сярожку ніхто не забіраў, прыязджалі пакарміць, і то не кожны дзень. Як пачуваўся чалавек, які не можа сябе самастойна абслугоўваць, уявіць няцяжка. Ужо сталі заходзіць чужыя людзі, прыносілі якую міску супу. Суседзі тэлефанавалі ў сельсавет — нельга было мірыцца з тым, што хворага чалавека пакінулі ў бездапаможным стане. А яго родзічы запэўнівалі, што неўзабаве пытанне будзе вырашана. І сапраўды, месяцы праз два інваліда завезлі ў дом-інтэрнат за сто кіламетраў. Пражыў ён там нядоўга. А калі памёр, ніхто цела забіраць не стаў, каб пахаваць побач з маці, як яна прасіла. Пахавалі ў чужым горадзе. І з пачуццём выкананага абавязку вярнуліся ў свой дом, на будаўніцтва якога бацькі аддавалі не толькі свае пенсіі, але і пенсію інваліда.

Трэцяя гераіня сумнага аповеду жыве ў Расіі. Мае сям'ю, работу, жыллё. Ёй нават крыху спачуваюць у вёсцы: прыязджаць далёка, дорага, не было ніякай магчымасці даглядаць хворую маці. Прыязджала ў лепшым выпадку раз на год, нават калі старая цяжка захварэла. Забраць да сябе маці, якая выгадавала і вывучыла дачку адна, расіянцы, відаць, у галаву не прыходзіла. Вясковую жанчыну даглядала таксама адзінокая стрыечная пляменніца. Яна перабралася з суседняга сяла на гэты час жыць да цёткі. А калі гаспадыня дома памерла, дачка дабралася ў вёску за паўдня: у Мінск прыляцела самалётам, а са сталіцы гэтак жа хутка — на таксі. Пасля пахавання сваячцы замест падзякі быў адведзены дзень на збор рэчаў і ад'езд дадому. Дабротны, яшчэ дзедаўскі дом з пушчанскага бярвення яна прадала за бясцэнак і гэтак жа хутка, як прыехала, адбыла назад. У стрыечнай сястры, што даглядала яе маці, хата, як сказалі б спецыялісты, знаходзіцца ў аварыйным стане...

Такія вось родныя людзі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

На гэтым тыдні Цяльцы будуць проста незаменныя ўсюды, дзе іх ведаюць.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.