Вы тут

Лепшага кухара выбралі ў арміі


Традыцыйны агляд-конкурс на званне лепшага ваеннага кухара прайшоў у цэнтры тылавога забеспячэння 72‑га гвардзейскага АВЦ

Кухар у арміі — пасада не самая прыкметная, але адна з адказных. Няхай толькі не спадабаецца абед галодным саслужыўцам, якія вярнуліся з палявых заняткаў! Слова «халтуршчык» з усяго букета «цёплых» выразаў у яго адрас будзе, напэўна, самым ласкавым.

24-1

Менавіта ваенныя кухары стаяць на варце нашай «асабістай боегатоўнасці» і ўносяць свой пасільны ўклад на шляху да павышэння якасці вывучкі ваеннаслужачых, падраздзяленняў і воінскіх часцей у цэлым. А для гэтага самі майстры кухарскай справы павінны валодаць неабходнымі ведамі, кваліфікацыяй і вопытам.

Што ўсё гэта ў наяўнасці, пацвердзіў традыцыйны штогадовы агляд-конкурс «Лепшы ваенны кухар‑2014», які прайшоў у 72‑м гвардзейскім АВЦ. У конкурсе ўзялі ўдзел па два кухары ад кожнай з салдацкіх сталовых вучэбнага злучэння (па адным з ліку грамадзянскага персаналу і тых, хто носіць пагоны). Яшчэ напярэдадні сёлетняга планавага мерапрыемства ў кожным кухарскім калектыве былі адабраны лепшыя спецыялісты па прыгатаванні ежы.

З атрыманага асартыменту прадуктаў салдацкага рацыёну за дзве з паловай гадзіны кухары павінны былі прыгатаваць адны і тыя ж стравы. У меню ўваходзілі: вінегрэт з агародніны, на першае — расольнік «Ленінградскі», які гатуюць салдатам па зацверджанай рэцэптуры на працягу многіх гадоў, на другое — печань (ялавічная) па-строганаўску з макароннымі вырабамі адварнымі і ўсім вядомы кампот з сухафруктаў. Словам, ніякіх хатніх нарыхтовак і дадатковых інгрэдыентаў, акрамя таленту і прафесійнага майстэрства. Прычым паўнавартасны абед канкурсанты гатавалі не толькі для членаў журы, але і для ўзвода ваеннаслужачых рэзерву, якія праходзілі ў гэтыя дні планавы вучэбны збор. Па ўмовах конкурсу, адзнака, выстаўленая воінамі за смакавыя якасці прыгатаванага для іх абеду, у няменшай ступені ўплывала на выніковы паказчык «творчай» працы канкурсантаў.

Да якасці прыгатаванай ежы не было падстаў прычапіцца. Гэта пацвердзілі і рэзервісты, якія першымі прадэманстравалі конкурсны абед. Не ведаючы, хто з кухараў гатаваў тую або іншую страву, ваеннаслужачыя амаль аднагалосна выставілі ўсім канкурсантам максімальныя балы.

— У вучэбным цэнтры мы ўжо на другім зборы. Якасць і смак конкурсных страў амаль нічым не адрозніваецца ад будзённых абедаў. За выключэннем хіба што знешняга выгляду салатаў і сервіроўкі сталоў. Армейскія кухары заўсёды тут гатуюць смачна і сытна. За што ім гонар і хвала, — пракаментаваў узровень прафесійнай падрыхтоўкі тутэйшых спецыялістаў кухарскай справы радавы рэзерву Міхаіл Смурага.

А тым часам прыемны водар, які ішоў ад прыгатаванага абеду, яшчэ толькі наганяў у членаў журы апетыт і натхняў іх на нялёгкую працу. Усе яны — вопытныя спецыялісты ў сваёй справе. Менавіта ім трэба было вызначыць лепшага ваеннага кухара па арганалептычных паказчыках — гэта значыць, па колеры, паху, смаку і знешнім афармленні. Зрабіць гэта, як прызналіся пазней члены журы, было няпроста.

Практычна ўсе ўдзельнікі конкурсу — таленавітыя і вопытныя майстры, якія правялі каля салдацкага катла ўжо па дзесяць і больш гадоў. І сёння кожны з іх прадэманстраваў высокую прафесійную падрыхтоўку, выдатныя кулінарныя здольнасці. Тым не менш, лаўры пераможцы конкурсу павінны былі дастацца толькі аднаму з канкурсантаў. Больш за ўсіх балаў набрала Вера Бачыла — кухар чацвёртага разраду з ліку грамадзянскага персаналу салдацкай сталовай № 4. Пераможцам традыцыйнага конкурсу яна становіцца ўжо не ў першы раз. Цікава, што сваю цяперашнюю спецыяльнасць Вера Мікалаеўна атрымала ў 1995 годзе ў гэтым жа вучэбным цэнтры, калі выйшла замуж за вайскоўца. Вось ужо дзевятнаццаць гадоў яна паспяхова працуе ў салдацкай сталовай.

Годна праявіла сябе ў практычным прыгатаванні ежы і яфрэйтар кантрактнай службы Наталля Мурашка з 13‑гадовым стажам кухарскай працы ў арміі. Яе адставанне ад лідара конкурсу склала ўсяго толькі адзін бал, якога і не хапіла кухару пятага разраду салдацкай сталовай гарадка № 5 для заваявання тытула «Лепшы ваенны кухар‑2014». «Бронзу» ж заваявала яшчэ адзін вопытны кухар пятага разраду ў пагонах — яфрэйтар кантрактнай службы Аксана Ігнатовіч. Ва ўрачыстых абставінах пераможцам конкурсу ўручылі граматы і грашовыя прэміі. Асобных слоў падзякі за сваю працу і прафесіяналізм былі ўдастоены іншыя канкурсанты.

Мікалай МАКАРЭВІЧ, г. Барысаў.

Фота аўтара

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.