Грамадзяне з-за асабістай бесклапотнасці становяцца ахвярамі няшчасных выпадкаў
На чыгунцы з пачатку года назіраецца рост няшчасных выпадкаў. Міліцыя ўжо зафіксавала больш за 100 фактаў траўматызму і гібелі людзей пад коламі цягнікоў. Пры гэтым прагноз праваахоўнікаў несуцяшальны: у летні перыяд здарэнняў можа стаць больш. І звязана гэта, перш за ўсё, з павелічэннем пасажырапатоку ў дызелях і электрычках прыгарадных зносін з надыходам дачнага і адпускнога сезона, а таксама летніх школьных канікул.
— У першым паўгоддзі колькасць пацярпелых у выніку няшчасных выпадкаў вырасла амаль на 13% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, — канстатуе намеснік начальніка аддзела ўпраўлення арганізацыі забеспячэння грамадскай бяспекі на аб'ектах транспарту падпалкоўнік міліцыі Генадзь Ворса. — Пры гэтым 53 чалавекі загінулі, 37 траўмаваны і 6 скончылі жыццё самагубствам. Турбуе і тое, што амаль палова ўсіх пацярпелых і загінулых трапілі пад цягнік п'янымі.
Самымі распаўсюджанымі прычынамі невытворчага траўматызму з'яўляюцца перасячэнне чыгуначных шляхоў у неўстаноўленым месцы і парушэнне мер бяспекі пры пераходзе магістралі на пешаходных насцілах. Нярэдка трагедыі здараюцца і з тымі, хто ляжыць альбо сядзіць на рэйках. Дарэчы, часцей за ўсё няшчасныя выпадкі міліцыянеры фіксуюць у вячэрні і начны час.
У мэтах папярэджання здарэнняў транспартная міліцыя праводзіць розныя прафілактычныя мерапрыемствы. Найбольш маштабнае з іх — спецаперацыя «Бяспека».
— За пяць дзён у мінулым месяцы мы ўзмацнілі кантроль на 1061 аб'екце чыгуначнага транспарту, — працягвае Генадзь Ворса, — спынілі 536 парушэнняў ПДР, прыцягнулі нядбайных пешаходаў да адміністрацыйнай адказнасці, затрымалі больш за 200 чалавек у нецвярозым стане. Усяго за няправільны пераход сталёвых магістраляў пакарана амаль 6,5 тысячы грамадзян.
Яшчэ адна праблема на чыгунцы — дарожна-транспартныя здарэнні. За паўгода іх адбылося 11. У выніку аварый адзін грамадзянін загінуў і 4 атрымалі траўмы.
— Прычыны дарожна-транспартных здарэнняў банальныя, — кажа Генадзь Ворса. — У большасці выпадкаў вадзіцелі ігнаруюць правілы перасячэння пераездаў, у тым ліку рухаюцца на забараняльны сігнал светлагукавога святлафора.
За такія правапарушэнні ў гэтым годзе супрацоўнікі транспартнай міліцыі і ДАІ склалі каля 1000 (у 2013-м — 726) адміністрацыйных пратаколаў з наступным накладаннем штрафаў.
Аляксандр МАРЧАНКА
«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».
Што за таемнымі дзвярыма?