Вы тут

Дабрабыт людзей залежыць ад саміх людзей


У гэтым перакананы старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Аляксандр МІКАЛУЦКІ

BUZHAN2014_HR-1051

На працоўным стале кіраўніка раёна шмат востра заточаных алоўкаў. Калі звярнула на гэта ўвагу, Аляксандр Віктаравіч прызнаўся, што любіць, каб паўсюль быў парадак. Гэтым прынцыпам няўхільна кіруецца ўсе 30 гадоў, якія прысвяціў сельскай гаспадарцы (22 з якіх у якасці кіраўніка). Як вынік — у 2006-м атрымаў з рук Прэзідэнта медаль «За працоўную доблесць». Гэтую ганаровую ўзнагароду пацвярджае на справе цяпер ужо на пасадзе кіраўніка Жыткавіцкага раёна. І небеспаспяхова. «Сёлета маё 30-е жніво, — кажа кіраўнік. — І, што радуе, без хлеба не застанемся. Збожжа добрае. Гонар бярэ, колькі ўбралі!» Менавіта з такой аптымістычнай ноты і пачалася наша размова.

У цэнтры беларускага Палесся знаходзіцца самае буйное возера ў Гомельскай вобласці — Чырвонае (яго плошча — 43,6 кв.км).

«Нам трэба вучыцца сябе рэкламаваць!»

— Аляксандр Віктаравіч, вы ўзначальваеце вельмі прыцягальны для турыстаў рэгіён. Тут, у самым цэнтры беларускага Палесся, неверагодна прыгожая прырода. Але, як мне падаецца, аднымі рэкамі ды азёрамі патрабавальнага турыста не завабіш. Трэба, каб быў яшчэ і сэрвіс, прыдатны для камфортнага адпачынку. Што робіцца ў гэтым накірунку?

— На Прыпяці кожны сезон збіраецца шмат людзей. Прыязджаюць з Мінска, Брэста, Ганцавічаў, Салігорска, Слуцка, Бабруйска, Мікашэвічаў... Гасцей, вядома, у першую чаргу прыцягвае палеская прырода: больш, як 50% раёна займаюць вада і лясы. Расіяне, немцы, італьянцы прыязджаюць у беларускую Венецыю на паляванне і рыбалку, застаюцца тут на тыдзень-два. Каб прыцягнуць турыстаў, цесна супрацоўнічаем з турфірмамі, а ААТ «Тураўшчына» само стварае турыстычныя групы для палявання і рыбалкі. У іх ёсць напрацаваная гадамі кліенцкая база. Але, як вы правільна заўважылі, яе трэба пашыраць. Нам нельга расслабляцца ні на хвіліну, трэба паляпшаць ужо створаныя ўмовы, павялічваць колькасць цікавых прапаноў для адпачынку. Радуе, што ўладальнікі аб'ектаў аграэкатурызму, якіх на сёння ў раёне 28, не стаяць на месцы. Так, напрыклад, вядомы на ўсю краіну фермер Міхаіл Шруб вырашыў пашырыць свой бізнес: будуе новы турыстычны комплекс на рацэ Сцвізе. Каля жывапіснага возера Белае таксама расце як на дражджах комплекс для масавага турыста — там будзе не вельмі дарагое пражыванне. Актыўна ўкладае сродкі ў развіццё турызму ў раёне і Белаграпрамбанк. Плануецца пашырыць тураўскую базу адпачынку «Струмень»: пабудаваць кавярню, лазню, набярэжную прывесці ў парадак. Толькі на абсталяванне апошняй выдзяляецца 6 млрд рублёў.

— Не апасаецеся нездаровай канкурэнцыі паміж людзьмі, якія прадстаўляюць турыстычныя паслугі?

— Канкурэнцыя — рухавік прагрэсу. Яна ў нас, дзякуй Богу, здаровая. Я за тое, каб прадпрымальныя людзі мелі прыбытак. Гэта толькі на карысць раёну. Няма прынцыповай розніцы, хто прадстаўляе паслугі — той ці іншы прыватнік альбо дзяржаўная арганізацыя. Галоўнае, што ў інтэрнэце мільгае Жыткавіцкі раён, што людзі сюды едуць, пакідаюць свае грошы ў крамах, музеях. Мы, дарэчы, стараемся ўлічваць, што турыст турысту розніца, у кожнага з іх кашалёк рознай таўшчыні, і трэба будаваць базы адпачынку рознага коштавага ўзроўню.

— Аднымі ўражаннямі, вядома, сыты не будзеш. Як вы ацэньваеце стан кавярняў і рэстаранаў, у прыватнасці, у Тураве, куды з'язджаецца найбольшая колькасць турыстаў?

— 37 прадпрыемстваў грамадскага харчавання на 1508 пасадачных месцаў — гэта, пагадзіцеся, не мала для раёна. Але ёсць праблема: прыязджае, напрыклад, вялікі аўтобус турыстаў у той самы Тураў, а пакарміць адразу ў адным месцы столькі людзей мы не можам. Мы працуем над гэтым, і неўзабаве з'явіцца некалькі кавярняў, дзе можна будзе размясціць да 100 чалавек. Гэта пытанне губернатар трымае на асабістым кантролі. Ды і наогул, каб палепшыць сітуацыю ў сферы турызму, распрацавана цэлая праграма, комплекс мерапрыемстваў на ўзроўні аблвыканкама. Я згодны з Уладзімірам Андрэевічам, што на добраўпарадкаванне не трэба шкадаваць сродкаў, з часам выдаткі сябе акупяць. Толькі ў развіццё Турава за апошні час укладзена больш за 50 млрд бюджэтных сродкаў, каля 20 млрд з іх — толькі на добраўпарадкаванне. Здавалася б, маленькі гарадок, але ён прываблівае сёння людзей, што едуць падзівіцца на крыжы, якія растуць. Карыстаецца папулярнасцю і адзіная ў краіне плывучая гасцініца. Паглядзець тут ёсць што. Адзінае, што нам трэба яшчэ вучыцца сябе рэкламаваць. Неўзабаве на ўездзе ў раён на мяжы Брэсцкай вобласці з'явяцца стэнды з пералікам таго, што можна паглядзець на Тураўшчыне.

У раёне размешчаны Нацыянальны парк «Прыпяцкі», частка дзяржаўнага батанічнага заказніка «Нізоўе Случы», заказнік «Тураўскі луг», Жыткавіцкі батанічны заказнік лекавых раслін, а таксама насаджэнне пантыйскай азаліі — расліны, уключанай у Чырвоную кнігу Беларусі.

Інвестарам на заметку

— На свае вочы пераканаліся, што ў ААТ «Прыазёрскае-Агра» ўкладвае грошы Тураўскі малочны камбінат. Там цяпер узводзіцца сучасная малочнатаварная ферма. Якія яшчэ аб'екты з'яўляюцца прыцягальнымі для беларускіх і замежных інвестараў?

— Сёлета за першае паўгоддзе ўдалося прыцягнуць у раён 173 млрд рублёў інвестыцый. 47,4% з іх накіравалі на будаўніча-мантажныя работы, 28,9% — на набыццё машын, абсталявання. У прыватнасці, істотныя аб'ёмы інвестыцый запланаваны на развіццё ААТ «Тураўшчына»: будаўніцтва сховішча для агародніны і садавіны аб'ёмам 5 тыс. тон і тэхнічнае пераабсталяванне кансервавага завода. Вядзём рэканструкцыю каналізацыйных і водаправодных сетак у Тураве, каналізацыйнага калектара ў Жыткавічах. Плануем у бліжэйшы час завяршыць будаўніцтва сартавальнай станцыі цвёрдых камунальных адходаў у Жыткавічах. У маі для жыхароў Жыткавічаў і гасцей горада адчыніў дзверы новы ўніверсам. Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод у межах рэалізацыі інвестпраекта, накіраванага на імпартазамяшчэнне, набыў новае абсталяванне для мадэрнізацыі тэхналогіі вытворчасці алейных помпаў і прадукцыі авіяцыйнага прызначэння.

— Якія яшчэ інвестыцыйныя прапановы ёсць сёння ў рэгіёне?

— Рады будзем інвестарам, якія захочуць арганізаваць вытворчасці па здабычы і перапрацоўцы сапрапеляў на тэрыторыі Жыткавіцкага раёна альбо будаўніцтва мыйкі для аўтамабіляў. А таксама стварыць прадпрыемствы — па здабычы і перапрацоўцы кааліну; па перапрацоўцы рачной і сажалкавай рыбы, а таксама дзікарослай прадукцыі на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся. Акрамя таго, прапаноўваем інвестарам зямельныя ўчасткі і дзяржаўныя будынкі, якія выкарыстоўваюцца не эфектыўна. Поўную інфармацыю аб іх можна знайсці на афіцыйным сайце райвыканкама. З 8 аб'ектаў з аўкцыёну ўжо прадалі два: школу ў вёсцы Старажоўцы — прыватнаму гандлёва-вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству за 11 базавых велічынь пад дрэваапрацоўчую вытворчасць; дзіцячы сад і кацельню ў аграгарадку Ленін фізічнай асобе за 2 базавыя велічыні пад жыллё і вядзенне падсобнай гаспадаркі. Астатнія 6 (школа ў вёсцы Любавічы; будынак вучэбна-вытворчага камбіната ў Жыткавічах; сельскі клуб у вёсцы Перароўскі Млынок, сховішча для гародніны ў пасёлку Заходні; лазня ў вёсцы Найда; школа, майстэрня з кацельняй, сталовая з прыбудовай у вёсцы Ветчын) яшчэ шукаюць свайго гаспадара.

Ёсць тэхналогіі — ёсць зарплата

— Аляксандр Віктаравіч, вы працавалі старшынёй гаспадаркі, пасля кіраўніком Рэчыцкага камбіната хлебапрадуктаў. Увесь гэты час адбываліся працэсы аб'яднання. Як увогуле ставіцеся да аптымізацыі?

— Калі ўзначальваў гаспадарку «Абарона краіны», спачатку прыняў пад крыло былую дапаможную гаспадарку «Райаграхіміі», а затым і калгас «Камунар», які страціў і вытворчыя паказчыкі, і заработную плату. Калі ўзначаліў Рэчыцкі камбінат хлебапрадуктаў, таксама далучылі слабыя гаспадаркі Светлагорскага раёна. Доўг іх быў 26 млрд рублёў. Аднак я лічу, што далучэнне слабых да моцных — справа правільная. У першую чаргу зыходзячы з агульнадзяржаўных задач, калі моцны павінен дапамагчы слабаму. Тут, у Жыткавіцкім раёне, таксама практычна ўсе гаспадаркі аб'ядналіся ў буйныя. Зразумела, кіраваць вялікай гаспадаркай не так проста. Трэба, каб у старшыні былі моцныя намеснікі і галоўныя спецыялісты. Калі будзе каманда, то ніякая аптымізацыя не страшная.

— За час свайго кіраўніцтва Жыткавіцкім раёнам вы памянялі трох кіраўнікоў прадпрыемстваў. Чым кіруецеся пры прыняцці кадравых рашэнняў?

— Я ніколі не рублю з пляча. Там дзе дрэнна, я і кажу, што дрэнна. Але заўсёды даю тэрмін выправіцца, дапамагаю, падказваю... Калі чалавек не разумее, што ад яго хочуць, то ўсё дарэмна... Год таму ўпершыню, пасля таго, як мяне прызначылі кіраўніком раёна, прыехаў на ферму ў гаспадарку «Людзяневічы»... Тое, што ўбачыў, мяне не задаволіла. Даў тэрмін выправіць сітуацыю, прыняць меры, выдзеліў грошы на развіццё. Летась новы малочнатаварны комплекс там адкрылі. Цяпер там парадак — хоць сёння міністра туды вядзі. Зарплата паднялася ў людзей... Стаўку робім на зарплату і тэхналогіі. Там дзе тэхналогіі — ёсць і малако, і мяса, поле радуе коласам і клубнямі, і, як вынік, заработная плата добрая. А дзе зарплата — там і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Калі я толькі ўзначаліў гаспадарку, давялося прысутнічаць на адкрыцці першай у краіне імпартнай даільнай залы. Звярнуў увагу на тое, што жанчыны дояць кароў з прычоскамі, у чыстай форме, у вушах — залатыя завушніцы... Я сабе тады сказаў, што ў мяне будзе гэтаксама. Не трэба шкадаваць грошай для стварэння бытавых умоў работнікаў: на кожнай ферме павінен быць санвузел, душавыя кабіны, падлога з падагрэвам, каб жанчыны не працавалі цэлы дзень у сырасці. Вось да чаго трэба імкнуцца. Трэба ствараць цывілізаваныя ўмовы працы на вёсцы.

— У адным са сваіх інтэрв'ю вы падкрэслілі, што для таго, каб дабіцца поспехаў, трэба менш сядзець у кабінетах...

— Я і цяпер так лічу. Не люблю сядзець у кабінеце, для мяне гэта катастрофа. Кіраўнік павінен быць сярод людзей, ведаць, чым яны жывуць, якія ў іх праблемы. І ад сваіх намеснікаў гэтага патрабую. Перспектывы ў Жыткаўшчыны ёсць. Людзі хочуць працаваць і жыць багацей. Наша задача — дапамагчы ім гэта зрабіць. Думаю, што з дапамогай маіх талковых памочнікаў усё атрымаецца.

 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.