Вы тут

Прадаўцом у сталіцу


Чаканні і будні выпускніц каледжа

Пра ўдалае размеркаванне пасля ВНУ сёння прынята клапаціцца загадзя: або вучыцца на «выдатна»,  каб была магчымасць выбіраць з прапанаваных варыянтаў, або самому шукаць месца для адпрацоўкі, адкуль потым дашлюць запыт ва ўніверсітэт на тваё імя. Ні для каго не сакрэт, што невялікія гарады маюць патрэбу найперш у кадрах з вышэйшай адукацыяй. А ў Мінску, наадварот, не хапае рабочых рук. Тут патрабуюцца будаўнікі, кіроўцы, швачкі. Заваёўваць сталіцу прыехалі і выпускніцы Лунінецкага політэхнічнага прафесіянальна-тэхнічнага каледжа, з якімі мне давялося паразмаўляць.

26-21

Таццяна Дзямідчык і Ганна Гашчук былі аднагрупніцамі, вучыліся на прадаўцоў, а цяпер працуюць у адной з мінскіх прадуктовых крам.

— Не магу сказаць, што выбірала прафесію мэтанакіравана, — успамінае Таня. — Хутчэй проста не хацела заставацца ў школе, таму і пайшла вучыцца ў каледж пасля дзявятага класа.

Ганна сваё рашэнне атрымаць прафтэхадукацыю ўвогуле назвала выпадковым. Аднак падчас навучання ў каледжы дзяўчына зразумела, што веды лішнімі не будуць: спатрэбяцца і ў жыцці, і ўласна на працы.

На адпрацоўку ў Мінск дзяўчат пачалі запрашаць яшчэ на другім курсе. Прадстаўнікі розных гандлёвых сетак прыязджалі ў каледж і расказвалі пра плюсы працы ў іх, абяцалі нават прадаставіць жыллё.

На думку Таццяны, размеркаванне ў сталіцу было найлепшым варыянтам. Летам пасля выпуску яна прыехала ўладкоўвацца на працу: «У офісе аформіла дакументы, там мне далі адрас, дзе я павінна была жыць. Але на месцы мяне чакаў непрыемны сюрпрыз: высветлілася, што такіх, як я, дзяўчат з невялікіх гарадоў, на працу нанялі зашмат. Першы час мы жылі ў неверагоднай цеснаце, а праз некалькі месяцаў увогуле аказаліся літаральна на вуліцы. Некалькі дзён мы шукалі новае жыллё. Цяпер самі здымаем кватэру».

— А калі казаць пра саму працу, то я задаволена. Па сутнасці, выбрала гэтае месца размеркавання яшчэ падчас вытворчай практыкі, — прызнаецца Ганна. — У калектыве амаль адна моладзь. Наконт заробку магу сказаць: як працуеш, столькі і зарабляеш. Ёсць у нас і перспектывы кар'ернага росту: напрыклад, я пачынала са звычайнага кантралёра-касіра, а зараз займаю пасаду старшага касіра.

Таня працуе пекарам, хоць вучыцца гэтаму ёй давялося з нуля:

— Спачатку я працавала прадаўцом, але пасля мяне перавялі ў пякарню пры краме, растлумачыўшы, што там катастрафічна не хапае супрацоўнікаў. Але да ўсяго можна прызвычаіцца і многаму навучыцца. Напрыклад, пячы смачныя піражкі.

Крыху расчаравалася ў сваім размеркаванні Яна Станкевіч, аднагрупніца дзяўчат, якая працуе ў іншай краме гэтай жа сеткі. Размеркаваць яе маглі і ў вёску, але Яна разумела, што перспектыў развіцця там будзе мала ці не будзе ўвогуле. Таму сама знайшла месца для адпрацоўкі.

— Калі ўладкоўвалася ў краму, абяцалі шмат чаго, але ў рэальнасці ўсё аказалася па-іншаму. Ёсць у маёй працы і плюсы, напрыклад, хуткі кар'ерны рост (павышэнне разраду). З мінусаў — невысокі заробак. У цэлым грошай хапае, але жыццё ў сталіцы ўсё ж не таннае. Асабліва гэта тычыцца жылля, — робіць высновы Яна.

Расклад працы ў дзяўчат даволі напружаны — два дні па 12 гадзін, а пасля два дні адпачынку. Час яны бавяць па-рознаму. «У гэтым, безумоўна, наш родны Лунінец моцна прайграе Мінску», — прызнаецца Таццяна. І тлумачыць, што ёй падабаецца хадзіць у аквапарк, на канцэрты, у кавярні.

Неўзабаве год абавязковай адпрацоўкі скончыцца, і дзяўчатам трэба будзе рабіць выбар: заставацца на цяперашнім месцы ці шукаць іншае. Усе збіраюцца застацца ў Мінску. Кожная хоча паспрабаваць паступіць ва ўніверсітэт. Дарэчы, ніводная з гераінь матэрыялу не пашкадавала аб тым, што атрымала прафесійна-тэхнічную адукацыю.

Ганна Курак, студэнтка ІІІ курса Інстытута журналістыкі БДУ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.