Вы тут

На ахове правапарадку — «Страла»!


Супрацоўнікаў спецпадраздзялення дарожна-патрульнай службы «Страла» Міністэрства ўнутраных спраў мы звычайна бачымтады, калі яны суправаджаюць высокіх службовых асоб дзяржавы і эскартуюць кіраўнікоў замежных дэлегацый. Бліскучыяматацыклы і аўтамабілі едуць роўна, ім заўсёды саступаюць дарогу астатнія. Але ў «Стралы» ёсць і іншыя важныя функцыі: янакантралюе работу падраздзяленняў ДАІ, аказвае дапамогу ў забеспячэнні бяспекі дарожнага руху ў рэгіёнах. На гэты раз супрацоўнікі спецпадраздзялення разам з журналістамі адправіліся на ўскраіну Мінска выяўляць правапарушальнікаў на дарогах.
22-11

 «Ва­шы пра­вы, ка­лі лас­ка!»

 

Перад выездам мы паразмаўлялі з намеснікам начальніка спецпадраздзялення ДПС «Страла» МУС Беларусі па ідэалагічнай працы і кадравым забяспечэнні Анатолем Кукарцавым. Ён у спецпадраздзяленні ўжо 8 гадоў і ведае пра службу ўсё:

— Сёння «Страла» — гэта пяць службаў, у якіх працуе больш як 70 супрацоўнікаў. Праца вельмі складаная і адказная, таму, каб стаць часткай нашага калектыву, неабходна мець вышэйшую адукацыю і значны вопыт работы: як мінімум пяць гадоў у ДАІ ці дзесяць — у іншых падраздзяленнях міліцыі. Акрамя гэтага, кандыдаты павінны знаходзіцца ў выдатнай фізічнай форме і прайсці шматлікія псіхалагічныя тэсты на эмацыянальную ўстойлівасць.

Анатоль Кукарцаў правёў для нас невялікую экскурсію па службовых памяшканнях спецпадраздзялення. Увагу адразу прыцягнула незвычайная сцяна ў кабінеце службы эскартавання — тут у рамках вісяць выявы сцягоў і гербаў краін, імёны кіраўнікоў, якіх суправаджала «Страла». Побач у калідоры размешчаны стэнд са шматлікімі ўзнагародамі, якія прывезлі супрацоўнікі падраздзялення з міжнародных і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў, конкурсаў прафесійнага майстэрства.

...І вось мы накіроўваемся на выезд са сталіцы разам са старшымі інспектарамі ДПС службы эскартавання «Стралы» маёрам Станіславам Казаевым і капітанам Аляксеем Гаўрыленкам. Пакуль едзем па Мінску, я распытваю старшых інспектараў пра іх працу.

— Ехаць на матацыкле ў эскорце падчас суправаджэння высокіх службовых асоб хоць і надзвычай адказна, але вельмі прыемна. Толькі гэта бывае далёка не кожны дзень, — распавядае маёр Казаеў. — Куды часцей мы працуем, як і іншыя супрацоўнікі ДАІ, на дарозе, сочым за выкананнем кіроўцамі правілаў дарожнага руху. А спыняць на дарогах нецвярозых аўтамабілістаў — вось тут прыемнага мала, бо ніхто не хоча плаціць штраф у 18 мільёнаў і пазбаўляцца пасведчання кіроўцы на тры гады.

Працягваючы тэму парушэнняў, старшы інспектар адзначае, што перавышэнні хуткасці характэрныя для раніцы буднага дня, калі людзі спяшаюцца на працу. На жаль, не ўсе кіроўцы разумеюць, што некалькі сэканомленных хвілін могуць каштаваць ім здароўя ці нават жыцця. Між тым менавіта перавышэнне хуткасці — адна з самых распаўсюджаных прычын ДТЗ.

...Экіпаж «Стралы» выязджае за горад у вёску Шчомысліца. Машыны тут праязджаюць рэдка. Здаецца, ніякіх правілаў не парушаюць. Праз некалькі хвілін мы ўжо знаходзімся на дарозе, якая пралягае праз лес. Інспектар спыняе аўтамабіль, які першым трапіў нам на вочы, і просіць кіроўцу паказаць дакументы. З сабой у таго не ўсе патрэбныя паперы: не хапае сертыфіката на праходжанне тэхагляду. Пакуль Станіслаў Казаеў афармляе пратакол, яго калега Аляксей Гаўрыленка спыняе машыну, за рулём якой сядзіць мужчына, не прышпілены рэменем бяспекі. І першы, і другі парушальнікі сваю віну прызналі і штрафы заплацілі на месцы без лішніх слоў і эмоцый. Інспектары кажуць, што так бывае не заўсёды.
22-10

Дождж пра­цы не пе­ра­шко­да.

 

Далей мы перамяшчаемся на шашу. Тут усё па-іншаму: машын больш і парушэнні будуць у асноўным хуткаснымі. Таму капітан Гаўрыленка, нягледзячы на праліўны дождж, бярэ прыбор, які фіксуе хуткасць аўтамабіляў, і выходзіць на дарогу. На мокрым асфальце тармазны шлях машын значна павялічваецца, таму менавіта падчас дажджу аўтааматары павінны выбіраць больш стрыманы стыль кіравання, каб мець магчымасць своечасова спыніцца. Першы парушальнік трапляецца нам ужо праз некалькі хвілін. У спалоханых вачах маладога хлопца чытаецца нямое пытанне: што я зрабіў? Гэта яго першае парушэнне, ён нервуецца і блытаецца ў адказах пры запаўненні пратакола. Як высветлілася, хлопец па прафесіі кіроўца. І ў той момант ён якраз ехаў на працу ў Фаніпаль. Напэўна, сустрэча з супрацоўнікамі «Стралы» надоўга адаб'е ў яго жаданне перавышаць хуткасць.

Калі мужчыны-кіроўцы ў той дзень спыняліся па патрабаванні інспектараў адразу ж, то жанчына, якая перавысіла хуткасць, спачатку зрабіла выгляд, што ўвогуле не заўважыла інспектара, і працягвала рух. Метраў праз сто, аднак, усё ж прытармазіла, выйшла з аўтамабіля і пачала амаль што крычаць: маўляў, навошта спынілі — я ж нічога не зрабіла! Аляксей Гаўрыленка растлумачыў жанчыне, што яна перавысіла хуткасць, паказаў на экран прыбора, які ўсё зафіксаваў. Але тая і слухаць не хацела, махала рукамі ў бок знака «80».

— Гэты знак стаіць на ўездзе ў Мінск, а вы выязджалі з горада, правільна? На выездзе вам такія знакі сустрэліся? Не, — працягваў тлумачыць сітуацыю інспектар.

Жанчына, здавалася, прапускала словы міма вушэй і з кожнай фразай яе голас рабіўся гучнейшым. — Ужо і на 79-ці людзей ловіце? — не пераставала яна правакаваць канфлікт.

— Тут дапушчальная хуткасць — 60, — падключыўся да размовы Станіслаў Казаеў.

— А вось паглядзіце, як людзі едуць, чаму іх не спыняеце? — парушальніца нават не думала супакойвацца і працягвала нападаць на супрацоўнікаў «Стралы»: — Што вы мне там так шмат пішаце? Вы б лепш «джыпы» крутыя штрафавалі, а не звычайных людзей!

— Мы зараз працуем з вамі і не можам спыняць іншыя машыны, — спакойна адказаў інспектар.

Як толькі пратакол быў аформлены і жанчына паехала далей, капітан Гаўрыленка падзяліўся думкамі: «Вы, напэўна, заўважылі, што яна спрабавала справакаваць канфлікт усімі магчымымі спосабамі. Некаторыя кіроўцы неадэкватна сябе паводзяць і нават праяўляюць агрэсію. З такімі людзьмі трэба паводзіць сябе вельмі асцярожна: кожнае слова ў размове падбіраць, быць стрыманым і ветлівым і не паддавацца на правакацыі».

Вяртаючыся ў горад, мы напаткалі матацыклістаў. Маладыя хлопцы хуткасці не перавышалі, і з дакументамі ў іх усё было ў парадку.

— Гэта дысцыплінаваныя кіроўцы, з такімі рэдка праблемы бываюць, — кажа Станіслаў Казаеў. — А правілы звычайна парушае моладзь, што садзіцца на матацыкл «па прыколе», або гаспадары старэнькіх мадэляў двухколавай тэхнікі, на якой ездзіць увогуле небяспечна.

Ганна Курак, студэнтка ІV курса Інстытута журналістыкі БДУ

Фота Аліны КОБЕЦ.

Ліхачыць найперш моладзь. Яна ж і гіне ў першую чаргу…

Старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе спецыяльнага падраздзялення ДПС «Страла» МУС Вольга Амінава:

— Як паказвае аналіз аварыйнасці, дарожна-транспартныя здарэнні на мотатэхніцы часта здзяйсняе моладзь ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў. Яна ж у асноўным і гіне ў такіх аварыях. Для маладых кіроўцаў, якія яшчэ не маюць дастатковага вопыту ваджэння, характэрна грэбаванне элементарнымі правіламі бяспечных паводзін на дарозе. Да асноўных прычын дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам двухколавай тэхнікі можна аднесці кіраванне транспартам без права на кіраванне і навыкаў ваджэння; язду на няспраўным і тым, які не прайшоў тэхнічны агляд, «жалезным кані»; перавышэнне хуткасных рэжымаў.

За ваджэнне без правоў кіроўцы пагражае штраф ад 900 тысяч да 3,6 мільёна рублёў, а за паўторнае такое ж парушэнне закона цягам года можна пазбавіцца 9 мільёнаў рублёў. За кіраванне мотатранспартам і перавозку на ім пасажыраў без ці з незашпіленымі моташлемамі пагражае штраф да адной базавай велічыні (сёння 180 тысяч рублёў). Паўторнае такое ж парушэнне цягам года пацягне павелічэнне адказнасці — ад 2 да 5 базавых велічынь (ад 360 да 900 тысяч рублёў).

Толькі лічбы

Толькі за восем месяцаў года па віне кіроўцаў мотатранспарту адбылося 208 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх 31 чалавек загінуў і 212 атрымалі раненні. У 38 з гэтых выпадкаў матацыклісты знаходзіліся за рулём нападпітку.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.