Вы тут

Ударыў крызіс па аўтапраму!


Памятаеце, як Астап Бэндэр скандзіраваў вельмі карысны лозунг: «Ударым аўтапрабегам па бездарожжы»? Сёння ўсё змянілася. Тады «жалезны конь» быў сімвалам прагрэсу, сёння — гэта прыкмета сусветнага эканамічнага крызісу. Бездарожжа сёння амаль ужо не сустрэнеш, тым больш у Еўропе. І бегаць па еўрапейскіх дарогах ёсць чаму: цяперашні Жэнеўскі аўтасалон літаральна ломіцца, як стол ад ежы, ад аўтапрэм'ер. Толькі вось наведвальнікі ходзяць вакол стала, а «ўкусіць» баяцца. Праблема ў тым, што машыны еўрапейцы не надта купляюць. Адсюль і спад у сусветнай аўтапрамысловасці!

Амерыканцы таксама амаль перасталі хадзіць у аўтасалоны. «Тайм» нядаўна апублікаваў цікавае інтэрв'ю кіраўніка карэйскага аўтагіганта «Хёндай». Прайшлі тыя часы, калі японскія, а затым і іншыя «ціхаакіянскія тыгры» (можа, у сілу сваёй мянушкі) ціхай сапай, а дзе і на мяккіх лапах падбіраліся да гэтак прывабнага амерыканскага аўтамабільнага рынку. Дзе непадзельна панавалі калісьці сапраўдныя янкі, «Джэнерал мотарс», «Форд» ды «Крайслер», а імпартныя машыны — для смеху! — з'яўляліся хіба што ў тэлесерыялах, каб падкрэсліць напускную дзівакаватасць, напрыклад, камісара Каломба. І тое, заўважце, гаворка ішла пра еўрапейскага «саюзніка» — «Сітраэн». Ну, ці пра «Фальксваген»-жук — для хіпі або пачаткоўцаў-журналістаў.

Як Ціхі акіян аказаўся не вельмі ціхім, так і «ціхаакіянскія тыгры» аказаліся не такімі ўжо прасцякамі. І хай «Таёце» давялося маскіравацца пад «Лексус», а «Нісану» — пад «Інфініці», сваіх траянскіх аўтаконей яны ўмела запусцілі на сытныя асфальтавыя пашы Дзікага Захаду. Там цяпер пасвяцца яны самі ды іх малодшыя вузкавокія браты: «Мазда», «Кіа» і той жа «Хёндай». Так, і «Фальксваген» — ужо не скамарохавай «божай кароўкай», размаляванай кветкамі кахання ды галубкамі міру, а імклівымі «Пасатам», што дзьме ад Еўропы, — уварваўся і патрабуе сваёй долі. Тым больш «народны вагон» у мінулым годзе скінуў «Таёту» з трона першага аўтавытворцы ў свеце.

31-31

 

Што тычыцца гіганцкіх пражэрлівых «Кадылакаў» і «Лінкольнаў», яны літаральна загнаныя ў мотарэзервацыі! Гэта значыць, туды, дзе іх апетыт яшчэ гатова аплачваць дзяржаўная кішэня. Гэтыя лакіраваныя сухапутныя дрэдноўты кружаць выключна ў межах асобнай акругі Калумбія, па іроніі лёсу сугучнай імені камісара Каломба. І зараз ужо з іх пасмейваюцца амерыканцы, як калісьці над чужародным «Сітраэнам». Тым не менш «Лінкальн» і «Кадылак» упарта і горда возяць чыноўнікаў па Вашынгтоне, горадзе ва ўсіх адносінах рэспектабельным, які ад гэтага не перастаў быць «рэзервацыяй», хай і аўтамабільнай. Бо ад таго, што клетка залатая, яна ж не перастае быць клеткай!

Зрэшты, над прэрыямі сёння гуляюць не толькі вятры навукова-тэхнічнага прагрэсу і рынкавай канкурэнцыі, але і рыкае эканамічны тарнада. Прычым на ўсю моц! І ведаеце, да чаго гэта прывяло? Вось мы прывыклі думаць, што сярэдні амерыканец мяняе сваю машыну кожныя 3-5 гадоў. На гэтым пастулаце пабудаваны не толькі тэрміны эксплуатацыі японскіх аўто, амерыканская аўтамабільная прамысловасць, яе цыклы і пастаўшчыкі, але і пастаўшчыкі так званага «крэдытнага прадукту» — банкі. Ну, а ад банкаў, зразумелая справа, залежыць уся амерыканская эканоміка! А значыць, уся сусветная... Вось які ланцужок! І раптам гэты ланцужок разарваўся! Апошнія даследаванні паказалі: той самы сярэдні амерыканец, гэты слуп сусветнай гаспадаркі, здрадзіў сваім звычкам. Маркетолагі з жахам высветлілі: сёння сярэдні ўзрост машын, на якіх амерыканцы раз'язджаюць па «хай-вэях» — 9—11 гадоў!!!

Што гэта азначае? Па-першае, амерыканцы ў крызіс, як і ўсе нармальныя людзі, рэзка зацягнулі паясы і імкнуцца не рабіць буйных пакупак. Па-другое, амерыканцы больш не хочуць браць крэдыты: крэдыты ператвараюцца ў расцягнутую аплату тавару, які пакуль так і не стаў тваім. І ці стане, яшчэ не вядома. Прасцей кажучы, ты плаціш гіганцкія грошы банку і аўтасалону толькі за тое, што катаешся не на сваёй машыне. Танней кожны дзень заказваць таксі! Або ўзяць аўто ў пракат.

З іншага боку, амерыканец можа выплаціць амаль увесь аўтамабіль, амаль увесь доўг свайму банку і сарвацца на самым апошнім унёску — страціць працу або стаць банкрутам. І тады ён губляе не толькі аўтамабіль, які банк забярэ ў кошт доўгу, але і ўсе тыя грошы, што ўжо паспеў выплаціць.

Вось чаму я ўспомніў пра інтэрв'ю боса «Хёндай». Ён зрабіў нечувана шчодрую прапанову. Каб завабіць пакупніка, якога на вяроўцы не зацягнеш да аўтасалона з боязі вышэйапісанага «чорнага» сцэнарыя, карэйскі «тыгр» паабяцаў, што будзе прадаваць аўтамабілі не толькі з двухгадовай гарантыяй, але і з гарантыяй ад банкруцтва! Не, ён не стане засылаць у Штаты карэйскую мафію, каб тая пры дапамозе «кольта» або нунчакаў абараняла ўладальнікаў «Хёндай» ад іх начальнікаў або нядобранадзейнай рынкавай кан'юнктуры. Ён клятвенна паабяцаў іншае: у выпадку банкруцтва пакупніка новенькай лакіраванай «Хёндай», гэты самы пакупнік можа вярнуць машыну, колькі б ён на ёй ні катаўся, назад у аўтасалон, і яму будзе выплачаны яе поўны кошт.

Вось гэта я называю сумленнай гульнёй! І хоць зразумела, што пайсці на такі крок «Хёндай» прымусілі крызіс плацежаздольнасці амерыканцаў і рост беспрацоўя, усё ж матывы не так важныя, як вынік. Бо нездарма гаворыцца, добрымі намерамі выбрукавана дарога ў пекла. Дык чаму ж не наадварот — меркантыльнымі намерамі выбрукаваць дарогу ў крэдытны рай? А дакладней, да крэдытнай індульгенцыі!

Марыць, як той казаў, не шкодна... Тое, што яшчэ дапушчальна ў гандлі аўтамабілямі, абсалютна недапушчальна ў макраэканоміцы. Прамысловыя крэдыты, наадварот, толькі даражэюць, нягледзячы што і на іх пакупнікоў усё менш. А што зрабіць, крызіс — ён жа не толькі ў заходняй аўтапрамысловасці, а на ўсім Захадзе. А вось у каго Захаду прасіць індульгенцыі, зусім невядома.

Вадзім Ялфімаў

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.