Вы тут

Новы імпульс плённага сяброўства


атрымалі беларуска-кітайскія адносіны з падпісаннем лідарамі дзвюх краін важных дакументаў.

Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін прыбыў з дзяржаўным візітам у Беларусь учора раніцай. Гэта першае наведванне Старшынёй КНР Беларусі за апошнія 14 гадоў. Высокага госця ў Нацыянальным аэрапорце Мінск сустракаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

11-54

У другой палавіне дня ў Палацы незалежнасці адбыліся афіцыйныя перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з Сі Цзіньпінам у вузкім і пашыраным складах. Па іх выніках быў падпісаны шэраг міжнародных дакументаў. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін падпісалі дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве. У дакуменце адзначаецца, што паглыбленне дружалюбных сувязяў і ўмацаванне прававой асновы адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем адпавядаюць карэнным інтарэсам дзвюх дзяржаў і народаў, рэальным патрэбам сучаснага развіцця двухбаковых адносін і спрыяюць падтрыманню міру, бяспекі, стабільнасці ў рэгіёне Еўразіі.

Бакі дамовіліся ўсебакова ўмацоўваць узаемныя давер і стратэгічнае ўзаемадзеянне, падтрымліваць выбраныя кожным з іх у адпаведнасці са сваімі ўнутранымі ўмовамі шляхі і мадэлі развіцця, аказваць узаемную падтрымку пазіцый адзін аднаго па пытаннях, што тычацца іх карэнных інтарэсаў, падтрымліваць адзін адным ажыццяўляемую стратэгію эканамічнага развіцця.

Беларусь і Кітай на аснове ўзаемнай выгады і агульнай карысці дамовіліся сумесна прасоўваць стварэнне эканамічнага пояса Шаўковага шляху і пашыраць супрацоўніцтва ў гандлёва-эканамічнай, фінансавай, інвестыцыйнай, навукова-тэхнічнай, энергетычнай, касмічнай, транспартнай, інфармацыйна-тэхналагічнай, сельскагаспадарчай, гуманітарнай і іншых сферах.

«Дагаворныя бакі прымаюць сумесныя намаганні для захавання і ўмацавання міру і стабільнасці ў Еўразіі, ператварэння рэгіёна ў зону міру, бяспекі і ўстойлівага развіцця, сумеснага росквіту і гармоніі», — гаворыцца ў дакуменце. Падпісаны дагавор падлягае ратыфікацыі і ўступае ў сілу з даты абмену ратыфікацыйнымі граматамі.

«Гэта гістарычны дакумент. Ён яшчэ раз падкрэсліць наш узровень стратэгічнага партнёрства і вызначыць магістральныя вектары развіцця двухбаковых адносін», — сказаў на пачатку сустрэчы ў пашыраным складзе Прэзідэнт Беларусі. Лідары дзвюх краін падпісалі таксама сумесную дэкларацыю, у якой вызначаны канкрэтныя напрамкі па паглыбленні міждзяржаўных адносін.

На думку беларускага Прэзідэнта, падпісанне новага пакета дамоўленасцяў надасць магутны імпульс двухбаковаму ўзаемадзеянню ў самых розных сферах. У першую чаргу ў будаўніцтве і мадэрнізацыі інфраструктуры Беларусі, міжбанкаўскім узаемадзеянні, тэхніка-эканамічным і крэдытна-інвестыцыйным супрацоўніцтве.

«У гэтых дакументах прадугледжаны магчымасці нарошчвання ўзаемнага гандлю ў два разы, абмену тэхналогіямі і павелічэння долі навукова-тэхнічных інавацый. Плануецца стварэнне прававых умоў для турыстычных, адукацыйных і культурных абменаў. Умацаванне сувязяў у ваенна-тэхнічнай сферы. Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва Кітайскай Народнай Рэспублікі і Беларусі таксама атрымае дадатковы імпульс», — адзначыў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Беларусь і Кітай фарміруюць новы ўзровень сумеснага развіцця ў адносінах, у аснове якога знаходзіцца пераход ад крэдытнага да інвестыцыйнага супрацоўніцтва, заўважыў Аляксандр Лукашэнка. Ён звярнуў увагу, што вопыт такой работы ў бакоў ужо ёсць. У Беларусі рэалізуюцца два буйныя сумесныя праекты па вытворчасці легкавых аўтамабіляў з удзелам кітайскай кампаніі «Джылі» і будаўніцтве Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі Камень».

Узаемадзеянне дзвюх краін дынамічна развіваецца. У ліпені 2013 года Беларусь і Кітай устанавілі адносіны ўсебаковага стратэгічнага партнёрства. «Сёння мы вядзём даверны палітычны дыялог, узгадняем пазіцыі на міжнароднай арэне, усебакова развіваем узаемавыгаднае гандлёва-эканамічнае, крэдытна-інвестыцыйнае, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва. Мы таксама пашыраем абмены ў гуманітарнай сферы», — сказаў беларускі лідар.

«Дасягнуты ўзровень палітычных адносін і нашы з вамі асабістыя кантакты ствараюць спрыяльныя ўмовы для актыўнага развіцця двухбаковых эканамічных сувязяў», — лічыць кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што ўрады Беларусі і Кітая паспяхова рэалізуюць маштабную Праграму развіцця ўсебаковага стратэгічнага партнёрства на 2014—2018 гады.

Новы механізм міжурадавага камітэта па супрацоўніцтве нацэлены на паскарэнне прыняцця стратэгічных рашэнняў. «Мы, шчыра кажучы, сталі больш мабільнымі не толькі ў прыняцці рашэнняў, але і выкананні іх», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Беларускі лідар адзначыў, што наша краіна падтрымлівае вылучаныя Сі Цзіньпінам канцэпцыі «Эканамічны пояс Шаўковага шляху» і «Марскі шаўковы шлях ХХІ стагоддзя». «Вы неяк сказалі, што адносіны паміж краінамі залежаць ад блізкасці народаў. Упэўнены, што Беларусь стане вузлавой платформай у рэалізацыі гэтых маштабных праектаў у Еўразійскім рэгіёне і тым самым яшчэ больш зблізіць нашы народы і нашы дзяржавы», — сказаў беларускі лідар.

На яго думку, гэтаму паслужыць і адкрыццё прамых авіязносін паміж Мінскам і Пекінам.

Канструктыўным сяброўскім адносінам з Кітаем у Беларусі надаюць асаблівае значэнне. «Калі нас на Захадзе крытыкуюць за асобныя нашы пазіцыі, а дзе-нідзе гучыць голас аб ізаляцыі, я заўсёды прыводжу прыклад нашага супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай і кажу пра тое, што ніякай ізаляцыі дзяржавы быць не можа, калі ў гэтай дзяржавы добрыя і тым больш дружалюбныя адносіны з Кітайскай Народнай Рэспублікай», — сказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка асабліва падкрэсліў, што ў бакоў няма ніякіх праблем ва ўзаемаадносінах. «І наогул беларускі народ, наша дзяржава ганарыцца адносінамі з вялікім кітайскім народам», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі з найвялікшым задавальненнем чакалі візіт Сі Цзіньпіна і сур'ёзна да яго рыхтаваліся. «У ходзе візіту вы зможаце пераканацца ў тым, што ўсе нашы дамоўленасці няўхільна і выразна выконваюцца, — сказаў беларускі лідар. — Вы можаце разлічваць на гэтую зямлю і народ, які тут жыве». Аляксандр Лукашэнка падзякаваў Сі Цзіньпіну за ўвагу да пытанняў пашырэння двухбаковага супрацоўніцтва і ўмацавання дружбы паміж народамі.

У сваю чаргу Старшыня КНР падкрэсліў вялікі асабісты ўклад Аляксандра Лукашэнкі ў развіццё беларуска-кітайскай дружбы. «Я вельмі цаню ўстаноўленыя паміж намі цесныя дзелавыя сувязі і асабістае глыбокае сяброўства. Мы лічым, што цяперашні візіт мае вялікае значэнне для далейшага развіцця кітайска-беларускіх адносін», — сказаў Сі Цзіньпін.

Паводле яго слоў, за мінулыя гады ў міжнароднай абстаноўцы адбыліся вельмі глыбокія і складаныя перамены, аднак Кітай і Беларусь заўсёды давяраюць адно аднаму, аказваюць падтрымку і дапамогу. «Я гатовы з вамі падтрымліваць цесныя кантакты і сувязі, абмяркоўваць пытанні, звязаныя з развіццём двухбаковых адносін, каб разам з вамі адкрываць новую эпоху ў кітайска-беларускіх адносінах усебаковага стратэгічнага партнёрства», — падкрэсліў кітайскі лідар.

Сі Цзіньпін адзначыў, што за апошнія гады ў Беларусі пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі дасягнуты ўражальныя поспехі ў дзяржаўным будаўніцтве, у тым ліку захоўваецца палітычная стабільнасць, паступальна развіваецца эканоміка.

Старшыня КНР адзначыў важную ролю Беларусі ва ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне: «Вы актыўна пасярэднічалі ва ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу, стварылі мінскую пляцоўку для перамоў. У выніку вашых намаганняў бакі нарэшце дасягнулі двух мінскіх пагадненняў аб спыненні агню, што заваявала ўсеагульную высокую ацэнку ў міжнароднай супольнасці».

«Гэты факт паказвае, што пад вашым кіраўніцтвам беларускі народ стаў на шлях развіцця, які адпавядае рэальным умовам. Упэўнены, ідучы наперад па гэтым шляху, Беларусь абавязкова дасягне новых і больш бліскучых поспехаў у справе дзяржаўнага будаўніцтва, развіцця і росквіту», — сказаў Сі Цзіньпін.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін па выніках перамоў таксама прынялі сумесную дэкларацыю Беларусі і КНР аб далейшым развіцці і паглыбленні адносін усебаковага стратэгічнага партнёрства. У дакуменце дадзена высокая ацэнка поспехам, дасягнутым у двухбаковых адносінах і ва ўсіх сферах супрацоўніцтва пасля ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Кітаем.

У дэкларацыі гаворыцца і пра намер бакоў прасоўваць выкарыстанне нацыянальных валют у двухбаковым гандлі. Кітай гатовы і далей аказваць Беларусі садзейнічанне ў рэалізацыі важных сацыяльных праектаў. У дэкларацыі таксама замацавана, што Кітай будзе заахвочваць уваходжанне высокатэхналагічных кітайскіх прадпрыемстваў у Кітайска-беларускі індустрыяльны парк. У дакуменце таксама гаворыцца, што Кітай выступае супраць знешняга ўмяшальніцтва ва ўнутраную палітыку Беларусі з любой нагоды, а беларускі бок пацвердзіў прыхільнасць палітыцы «аднаго Кітая». Бакі пацвердзілі, што не ўдзельнічаюць у якіх-небудзь саюзах або блоках, накіраваных супраць суверэнітэту, бяспекі і тэрытарыяльнай цэласнасці іншага боку.

У прысутнасці лідараў дзвюх краін бакамі таксама былі падпісаны дакументы аб развіцці супрацоўніцтва ў эканоміцы, навуцы, адукацыі і культуры.

Падводзячы вынікі перагавораў, Аляксандр Лукашэнка сказаў, што Кітай быў і застаецца добрым і блізкім сябрам, надзейным таварышам і перспектыўным партнёрам Беларусі. Прэзідэнт падкрэсліў, што развіццё ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітая будуецца на прынцыпах узаемапавагі, падтрымкі і шматпланавага супрацоўніцтва. На яго думку, высокі ўзровень кантактаў і шчырасць намераў фарміруюць доўгатэрміновую палітыку сумеснага развіцця дзвюх краін. «Мэта ў нас толькі адна — дабрабыт нашых народаў. Мы ні ў якім разе не будуем нашы адносіны і нашу дружбу супраць кагосьці ці на шкоду каму б там ні было», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Беларусь і Кітай дамовіліся аб буйных сумесных праектах, новых крэдытных лініях, новых схемах і механізмах міжбанкаўскага супрацоўніцтва, паведаміў беларускі лідар. У прыватнасці, гаворка ідзе аб рэалізацыі праектаў будаўніцтва і мадэрнізацыі інфраструктуры Беларусі, стварэнні сучасных вытворчасцяў з удзелам буйных кітайскіх кампаній.

«Мы дамовіліся, што будзем працягваць цесна супрацоўнічаць на міжнароднай арэне і актыўна падтрымліваць адзін аднаго ў пытаннях, якія закранаюць нацыянальныя інтарэсы, нацыянальную бяспеку і суверэнітэт», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што дзякуючы Старшыні КНР Беларусь уключылася ў рэалізацыю ініцыятывы «Эканамічны пояс Шаўковага шляху» і напаўненне яе канкрэтным зместам ў выглядзе транспартных, лагістычных, інфраструктурных праектаў. «Канцэпцыя Старшыні Сі Цзіньпіна мае глабальнае вымярэнне і ўключае эканамічнае, інфармацыйнае, сацыяльнае і культурнае значэнне. Яе рэалізацыя дасць магчымасць устанавіць больш цесныя адносіны ў розных галінах паміж краінамі кантынента, што ў канчатковым выніку паслужыць справе ўзаемнай падтрымкі і паскоранага сацыяльна-эканамічнага развіцця краін Еўразіі і Еўропы», — лічыць беларускі лідар. Паводле яго слоў, Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень» з'яўляецца прыкладам сумеснага супрацоўніцтва дзвюх краін у рэалізацыі канцэпцыі «Пояс і Шлях» у цэнтры дзвюх інтэграцый — Еўразійскага эканамічнага саюза і Еўрапейскага саюза.

«Перспектыўнае напаўненне ўсебаковага стратэгічнага партнёрства будзе заснавана на нарошчванні ўзаемных прамых інвестыцый і сумесных вытворчых праектах, перш за ўсё ў высокатэхналагічных і інавацыйных галінах, якія фарміруюць эканоміку будучыні дзвюх краін», — падкрэсліў Прэзідэнт Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што сёння Беларусь і Кітай сумесна адзначаюць 70-годдзе Вялікай Перамогі над фашызмам і мілітарызмам. Ён адзначыў, што ў гісторыі ёсць паказальныя прыклады баявога братэрства прадстаўнікоў Беларусі і Кітая ў абароне Радзімы ад агрэсараў. На думку кіраўніка беларускай дзяржавы, гэта яшчэ адзін фактар, які аб'ядноўвае краіны.

У сваю чаргу Старшыня КНР заявіў: «Сёння кітайска-беларускія адносіны знаходзяцца на важным этапе свайго развіцця. Спадзяюся, што мой цяперашні візіт надасць новы імпульс далейшаму развіццю двухбаковых адносін на больш высокім узроўні. Мяркуючы па выніках плённых перамоў з Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам магу зрабіць выснову, што чаканыя вынікі візіту цалкам дасягнуты».

«Бакі будуць супрацоўнічаць на аснове
ўзаемапавагі і роўнасці, падтрымліваць адзін аднаго па пытаннях, што ўяўляюць ключавыя інтарэсы», — адзначыў Сі Цзіньпін, каментуючы падпісаныя лідарамі краін дакументы.

«Мы адзіныя ў тым, каб паглыбіць усебаковае практычнае супрацоўніцтва пры сумесным стварэнні эканамічнага пояса Шаўковага шляху. Мы павінны спалучаць стратэгіі развіцця дзвюх краін, грунтоўна планаваць і каардынаваць дзеянні па прасоўванні практычнага супрацоўніцтва. Мы таксама павінны павялічыць аб'ём двухбаковага гандлю, аптымізаваць яго структуру. Кітайскі бок будзе пашыраць імпарт якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі з Беларусі», — заявіў Старшыня КНР.

Паводле слоў Сі Цзіньпіна, неабходна з апорай на будаўніцтва Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка стварыць шэраг паказальных праектаў. Старшыня КНР таксама бачыць неабходнасць у актыўным умацаванні супрацоўніцтва ў частцы фінансавання праектаў, што, па яго словах, дапаможа надаць магутны імпульс сацыяльна-эканамічнаму развіццю ў Беларусі.

Старшыня КНР адзначыў таксама, што як Кітай, так і Беларусь уваходзяць у лік краін — пераможцаў у Другой сусветнай вайне. «Мы панеслі велізарныя нацыянальныя страты дзеля Перамогі. Кітайскі і беларускі народы крывёю і жыццём змацавалі непарушнае баявое сяброўства. Мы будзем з усімі міралюбнымі народамі свету цвёрда абараняць вынікі Другой сусветнай вайны», — заявіў Сі Цзіньпін.

«У сувязі з гэтым мы будзем умацоўваць каардынацыю дзеянняў і ўзаемадзеянняў у ААН і іншых міжнародных і рэгіянальных арганізацыях, разам спрыяць развіццю светапарадку ў больш справядлівым і рацыянальным напрамку, у інтарэсах доўгатэрміновага і трывалага міру для ўсяго чалавецтва», — дадаў Сі Цзіньпін.

Плануецца, што дзяржаўны візіт Сі Цзіньпіна будзе працягвацца да 12 мая.

Паводле БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Хаменка выбраны намеснікам старшыні Савета Рэспублікі восьмага склікання

Ён выбраны таемным галасаваннем з выкарыстаннем бюлетэняў. 

Адукацыя

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Ідэй шмат не бывае, альбо Якія маладзёжныя ініцыятывы атрымалі гранты?

Нагадаем, у трэцім сезоне заяўкі на ўдзел у конкурсе падалі 193 праекты.

Калейдаскоп

Выбіраем насенную бульбу

Выбіраем насенную бульбу

Агарод без бульбы не агарод. І цяпер час купляць бульбу на насенне.