Вы тут

Агульная Перамога — урок для будучыні


У Мінск на Х Беларускі міжнародны медыяфорум прыехалі госці як з блізкага, так і далёкага замежжа. З 20 краін свету. Адным з удзельнікаў мерапрыемства стаў і Арам Ананян, дырэктар найстарэйшага і найбуйнога інфармацыйнага агенцтва ў Арменіі «Арменпрэс». Ён паразважаў з карэспандэнтам «Звязды» пра тое, як Перамога аб'яднала народы, чаму важна перадаваць памяць аб ёй наступным пакаленням і якое значэнне Вайна мае для кожнай армянскай сям'і.

9-47

— Гэты форум вельмі важны для нашай будучыні. Мы жывём у свеце, які мяняецца з невядомымі раней турбулентнасцю і хуткасцю. Тут важней за ўсё не забывацца на тыя старонкі гісторыі, якія мы перажывалі разам, якія павянчаны славутай Перамогай. Мы павінны асэнсоўваць, што 70 гадоў таму нашы народы разам перамаглі зло сярэдзіны XX стагоддзя. Гэтую антыгуманную, антычалавечую ідэалогію фашызму, накіраваную на прыгнёт, знішчэнне народаў і культур. Яна мела адзін градыент у сабе — вынішчэнне.

— Ці цалкам гэту ідэалогію перамаглі ў 1945-м?

— Не, на жаль. Сёння мы бачым, што па ўсім свеце падобныя ідэалогіі вынішчэння таксама набіраюць абароты. Гэта сённяшняя сітуацыя на Блізкім Усходзе, дзе баевікі ІДІЛ вынішчаюць хрысціянскае насельніцтва і культурную спадчыну. Неафашысцкія ідэалогіі ў розных кутках свету часам атрымліваюць падтрымку мас. Такімі мерапрыемствамі, як медыяфорум, можна змагацца з гэтым злом.

— А што Вялікая Айчынная вайна значыць уласна для вас?

— Армяне адправілі на франты Вялікай Айчыннай вайны большую частку мужчынскага насельніцтва (каля 600 тысяч), палова з якіх не вярнулася. Ніхто не задаваўся пытаннем: змагацца ці не, ісці ці не ісці? Адказ быў адназначны: навалу трэба перамагчы. Мае дзяды ваявалі на тэрыторыі Беларусі. Адзін з іх быў дэмабілізаваны, таму што атрымаў вельмі цяжкае раненне. Другі ваяваў да апошняга дня вайны ў артылерыі. Брат майго дзеда па бацьку прапаў без звестак у жніўні 1943-га. Гэта гісторыя маёй сям'і, якая пераплецена з гісторыяй нашых народаў. І мая ўласная таксама. Бо, калі ты не ведаеш свае карані, твая кроў не будзе такой «здаровай». Калі ўявіць сям'ю чалавека як дрэва, мы жывімся з той спадчыны, якую карані даюць кроне — неабходную генетычную інфармацыю. Трэба разумець, што гэтая страшная вайна — перш за ўсё ўрок, які трэба ўвесь час пераасэнсоўваць. Семдзесят гадоў у разрэзе гісторыі — не такі ўжо вялікі тэрмін. Калі параўноўваць з тысячагоддзямі, якімі датуецца чалавецтва, гэта зусім няшмат. Зараз важна не паўтарыць мінулых памылак.

— І пры гэтым не забыцца на подзвіг...

— Сапраўды. Подзвіг, асабліва абарона Айчыны, — важная місія для кожнага чалавека. Калі ты абараняеш цэнасную сістэму, духоўныя святыні — Радзіму, гонар, гуманнасць — гэта падштурхоўвае на новыя подзвігі. І гэта натуральна для кожнага з нас. Але лепш, вядома, каб не было патрэбы выкараняць такія антычалавечыя з'явы, як фашызм у першай палове XX стагоддзя.

— Якім чынам «Арменпрэс» асвятляе знамянальную дату?

— Усяго ў нас 4 праекты. Адзін з іх — плакаты ваенных гадоў Арменіі. Поўнафарматныя, каляровыя, мы выпусцілі іх асобнай кнігай і аформілі ў выглядзе вандроўнай выставы, якую возім па ўсім свеце. Таксама зрабілі цыкл матэрыялаў «Генералы Перамогі», у якім публікуем эсэ аб гэтых выбітных людзях. Стварылі віртуальную фотавыставу, што можна бачыць на нашым сайце. Акрамя таго, мы рыхтуем вялікую фотавыставу да 70-годдзя Перамогі пад эгідай «Помніць вечна». Плануем размясціць яе на ўсіх вакзалах ды аэрапортах і афіцыйна адкрыем 24 чэрвеня, якраз у дзень, калі прайшоў Парад Перамогі ў 1945 годзе ў Маскве.

Вераніка ПУСТАВІТ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.